Exlibris — візітоўка бібліяфіла

№ 47 (1487) 21.11.2020 - 27.11.2020 г

З другой паловы кастрычніка па першую лістапада ў мінскай галерэі “Высокае месца” праходзіла выстава двух графікаў — Вольгі Крупянковай і Таццяны Сіплевіч. Прастора галерэі вельмі зручная для экспазіцый, якія называюць камернымі, для прадстаўлення твораў невялікага фармату. Манументалісту тут было б цесна, а графіку, для якога стандартны аркуш паперы гэта цэлы Космас, вельмі камфортна. Вось і гэтым разам гледачы мелі магчымасць азнаёміцца з творамі, для ўспрымання якіх патрэбны здольнасць углядацца і засяроджвацца. Выстава называлася “LITOgraphics exlibris”.

/i/content/pi/cult/825/17628/15.jpgЭкслібрыс, інакш кажучы, кніжны знак, які сведчыць пра прыналежнасць кнігі да пэўнай калекцыі — прыватнай, карпаратыўнай, дзяржаўнай. Звычайна клеіцца ці прастаўляецца пячаткай на левы фарзац. Праз наяўнасць гэтага функцыянальнага ўпрыгожвання друкаваная, а значыць тыражаваная кніга набывае ўнікальнасць. Згодна з традыцыяй, эклібрысам пазначаюцца кнігі асабліва дарагія бібліяфілу. Я дазволю сабе параўнаць экслібрыс з эксклюзіўнай сукенкай для каханай жанчыны. Калі я трымаю ў руках кнігу з экслібрысам, я нібыта ўзіраюся ў чужы жыццяпіс. Гэта візітоўка бібліяфіла. Бо ім не толькі пазначана найбольш дарагое і блізкае, але экслібрыс, які ўладальнік замаўляе мастаку, адлюстроўвае пэўныя рысы характару, сферу інтарэсаў і эстэтычныя перавагі канкрэтнага замоўцы. Разам з тым гэта яшчэ і своеасаблівая візітоўка мастака.

Варта ўдакладніць, што на выставе былі прадстаўлены не толькі ўласна экслібрысы, але і творы экслібрыснага фармату, да кнігі непасрэдна не прывязаныя. Падобна на тое, што яны літаратурай навеяныя, хаця зусім не абавязкова.

Таццяна Сіплевіч скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў у 1994 годзе, Вольга Крупянкова — годам пазней. Дыпломная работа спадарыні Таццяны называлася “Год. Рытуал. Міф”. А спадарыня Вольга на атрыманне прафесійнай кваліфікацыі акрэсліла сваю тэму “Людзі і дрэвы”. І, як сведчаць творчыя біяграфіі многіх мастакоў, якія б змены ў эстэтычных поглядах не адбываліся на працягу жыцця, як бы ні вабілі новыя далягляды, водгук дыпломнай работы — апошняй вучнёўскай і адначасова афіцыйна першай самастойнай працы — адчуваецца ва ўсім, што робіць сталы майстар.

Вось і ў творах гэтай выставы можна прасачыць напластаванні досведу, творчага і жыццёвага, адчуць тую метафарычнасць стылю і міфалагічнасць мыслення, што былі ўласцівыя мастачкам на самым пачатку творчага шляху. Мастак, як правіла, па натуры індывідуаліст, ладзіць з кімсьці сумесную творчую акцыю, рабіць сумесную выставу — здольны не кожны. Але ў дадзеным выпадку можна казаць, што Таццяна Сіплевіч і Вольга Крупянкова аднадумцы і іх творчыя методыкі цалкам сумяшчальныя, што, аднак, ніякім чынам не прыгнятае іхняй мастакоўскай самабытнасці і асабістай унікальнасці.

Легенды, міфы, казкі ўжо самі па сабе рэчаіснасць, трансфармаваная метафарай у віртуальнасць, якая ў сваю чаргу на тую рэчаіснасць уплывае. Мы жывем сярод легендаў і міфаў, самі таго не зважаючы. Мастаку, што працуе з экслібрысам ці ўвогуле ў графіцы малых форм, мо калі і хацелася б стварыць манументальнае палатно, але ён абмяжоўваецца фіксацыяй эмацыйных і разумовых рэфлексій на невялікім аркушыку паперы. А пры панарамным аглядзе творчасці такога майстра адкрываеш для сябе цэлы свет і ладную вобразную сістэму. Ілюстрацыяй да гэтай тэзы можа быць выстава, пра якую ідзе гаворка.

Зараз у нашай графіцы назіраюцца дзве супрацьлеглыя тэндэнцыі. Ёсць мастакі, якія імкнуцца выйсці за межы невялікага фармату, уласцівага гэтаму віду мастацтва, засвоіць прастору, паводле памераў блізкую жывапіснаму палатну. А іхнія антыподы спрабуюць паглыбіцца ў такую мініяцюрнасць, дзе для эфектыўнай працы не абыйсціся без мікраскопа. Гэта, для параўнання, як манументальны габелен, разгледзець дэталі якога можна толькі з дапамогай бінокля, і міні-габелен, што можна прыкрыць далонню. Спадарыні Вольга і Таццяна ў сваёй справе трымаюцца сярэдзіны. Іх пэўныя творы занадта вялікія для экслібрыстычнага фармату і занадта малыя для станковага аркуша. Але маштаб творчасці, як вядома, вызначаюць не памеры твора, а іх змест. Са зместам жа ў згаданых графікаў усё як мае быць.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"