Хто будзе трэцім Рычардам?

№ 47 (1487) 21.11.2020 - 27.11.2020 г

Пастановак знакамітай хронікі “Рычард ІІІ” У.Шэкспіра паболела. 6 лістапада свой спектакль-інсталяцыю паказала малады рэжысёр Марыя Таніна. А праз некалькі дзён, 12 лістапада, адбылася прэм’ера ў Аляксандра Янушкевіча.

/i/content/pi/cult/825/17626/12.jpgУзгадаем і ранейшую версію — Лізаветы Машкоўскай, прэзентаваную ўлетку (гл. “К” № 34). На 12 снежня запланаваны спектакль Алены Медзяковай. Такая колькасць новых прачытанняў — плён леташняй творчай лабараторыі, а менавіта Школы TEART, усе ўдзельнікі якой працавалі над адной і той жа п’есай. Атрымалася нават штосьці накшталт гэткага спаборніцтва — хіба з абсалютна не ўласцівым для конкурсаў вынікам, бо вызначыць, хто на якім месцы апынуўся, немагчыма. Але ж насамрэч гэта чарговае пацверджанне, што ў сферы культуры не можа быць адзіна правільнага мастацкага варыянту — наадварот, чым іх больш, тым лепей: пры такой разгалінаванасці кожны творца можа знайсці сваю стылёва-жанравую нішу, а кожны глядач — атрымаць адказы на самыя набалелыя пытанні ягонай душы.

Цяперашні “Рычард” вырашаны як спектакль-інсталяцыя і ахоплівае не толькі гэтую, але і іншыя п’есы У.Шэкспіра. Прычым усё гэта — фрагментарна, быццам з нястачай многіх пазлаў, каб астатняе мы дадумалі і ўявілі самастойна, ведаючы агульны разгорт вядомага сюжэту. Звыклы постмадэрнісцкі падыход, што пярэсціць спасылкамі і цытатамі? Не зусім. Тэкст належыць Настассі Васілевіч, і даволі працяглыя, вельмі пазнавальныя фрагменты з “Гамлета”, “Рамэа і Джульеты” выкарыстаны зусім не дзеля іроніі: у спектаклі даследуецца прырода жорсткасці, агрэсіі, гвалту, тыраніі, і ахвярамі становяцца самыя безабаронныя, бязвінныя стварэнні.

Перад пачаткам публіку збіраюць у прасторы, дзе зладжана выстаўка знанага мастака Алеся Родзіна. Кідаючы позіркі на палотны азначаныя пазнавальным почыркам і стылем, далёка не ўсе здагадваюцца, што гэты майстар (і адзін з першых, хто ладзіў інсталяцыі яшчэ з 1970-х) паступова настройвае нас на спектакль, вымушаючы прайсці шлях ад “Дня народзінаў” праз “Мроі” да “Гадзіны пік”.

/i/content/pi/cult/825/17626/13.jpgРаптам з’яўляецца каталка з дзяўчынай (Ганна Пянькова), накрытай напаўпразрастай плёнкай. Той “катафалк” кацяць дзіўнаватыя хлопцы ў поўнай ахоўнай экіпіроўцы. Ахвяра “крывавага” тэатральнага Рычарда? Чарнобыль? Кавід? Думкі так і праносяцца ў галаве, пакуль усе прысутныя рушаць за той працэсіяй у глядзельную залу і займаюць месцы. Дарэчы, “партэр з амфітэатрам” атачаюць сцэнічную прастору з трох бакоў. З чацвёртай — вялізны экран, што выступіць не столькі галоўным элементам сцэнаграфіі, колькі адным з “каментатараў” падзей. Менавіта на ім мы ўбачым, як надзвычай прыгожа, рамантызавана, пад узнёслыя шэкспіраўскія радкі патанае Афелія  — у басейне, аздобленым блакітнай мазаікай (тут усе плітачкі на месцы, зразумела). Параўноўваючы тыя кадры з “матэрыялізаваным” дзявочым “трупам”, адчуем, як сэрца зашчыміць ад болю. А Рычард пачне распавядаць усё “з самага пачатку” — са свайго дзяцінства, што паўстане на экране праз сямейныя фота са смешнай дамаляванай анімацыяй (Ася Гарбунова, Раман Пугач). Пазней тыя мілыя фігуркі жывёлін, з якімі атаясамляў сябе герой, “дарастуць” да стварэння ім аватара “звышчалавека” і акрэслення ўласнай інтэрнет-прасторы — Richard.com. У тую небяспечную гульню акажуцца ўцягнутымі гледачы. Спачатку тым, хто сядзіць у першым шэрагу, нальюць у аднаразовыя папяровыя келіхі чырвонае віно. А неўзабаве раздадуць і мяшэчкі з фарбай таго ж колеру, каб кідаць іх на падлогу. Потым — пэндзлі, каб канчаткова выплюхнуць у малюнак усю сваю злосць (у тым ліку, дарэчы, і цалкам рэальную крыўду — ад запэцканага адзення, бо раздадзеныя накідкі не выратоўваюць ад плямаў). У фінале ж на расфарбаваную падлогу паляцяць акрываўленыя абрубкі. І мы адчуем сябе саўдзельнікамі жудасных злачынстваў. Невыпадкова ж музыка (Міхаіл Кляпец) прадракала дэтэктыў і нават хорар!

Задума — выдатная. Сама ідэя такога “міждысцыплінарнага” і адначасова інтэрактыўнага ўвасаблення неўміручых шэкспіраўскіх жарсцей вылучала праект Марыі Танінай яшчэ ў час леташняга паказу эскізаў. У рэалізацыю было ўкладзена шмат сіл. Чаго каштуе хаця б шыкоўны відэакантэнт у 3D, створаны Аляксандрам Нуво — знакавым дызайнерам і digital-мастаком, што працуе ў галіне лічбавага жывапісу. Ці ўдзел у сцэнічным дзеянні самога А.Родзіна, прычым адразу ў некалькіх ролях, ды яшчэ з выразнымі прамовамі. Але спектакль суправаджалі і працягваюць падсцерагаць складанасці. Багдан Хмяльніцкі, які быў першым Рычардам, паехаў на вучобу ў Лондан, не дачакаўшыся прэм’еры. Другога Рычарда — Кірылу Нікіціна (менавіта яго мы ўбачылі ў спектаклі) — забіраюць у войска. Хто будзе трэцім? Пытанне не марнае і пакуль са шматкроп’ем прыканцы.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"