У музеі Стаброўскага былі карціна Верашчагіна і аўтографы Талстога ды Пушкіна…

№ 47 (1487) 21.11.2020 - 27.11.2020 г

(Заканчэнне. Пачатак у № 46)

/i/content/pi/cult/825/17621/1.jpgСкарына, Сапега, Агінскі...

Як падае часопіс “Новы шлях” у нумары дзевятнаццатым за той жа год, у першай і другой залах была змешчана багатая калекцыя каменных прыладаў першабытнага чалавека эпохі неаліту на Слонімшчыне: каменныя малаткі, скрэблы, нажы, пілкі, свярдзёлкі, шылы, сякеры, наканечнікі стрэлаў. У асобных вітрынах месціліся калекцыі мінералаў і метэарытаў, пясчанікаў Юрскага перыяду са слядамі марскіх хваляў, якія сведчылі аб тым, што Слонімшчына была калісьці залітая вадой.

На сценах першых дзвюх залаў віселі карціны, якія адлюстроўвалі жыццё старажытных людзей ад незапомных часоў да навейшых. Былі ў экспазіцыі прадметы рэлігійных культаў розных народаў, напрыклад, “Свяшчэнны сікль” — срэбная манета 138 года нараджэння Хрыста і бронзавы знак з яго выявай, які служыў пропускам у катакомбы першых хрысціян.

У трэцяй зале — этнаграфічныя і гістарычныя экспанаты, многа рукапісных матэрыялаў, дакументаў з аўтографамі каралёў. Сярод іх — складзеныя па-беларуску і з “Пагоняй” на пячатках, з якіх найстарэйшы датуецца 1506 годам. Тут жа — папскія булы і аўтографы выдатнейшых гістарычных асобаў, рэдкія кнігі: Статут Вялікага Княства Літоўскага, Энцыклапедыя часоў Пятра І, Вексельнае права Кацярыны ІІ ды іншыя. З ваенных экспанатаў захаваліся шлемы, панцыры, кальчугі XVI — XVII стагоддзяў, “гізарма” (сякач XIII — VIV стагоддзяў), крамянёвая стрэльба, гарматныя ядры, турэцкія барабаны-літаўры ад 1683 года. Асобная вітрына была прысвечана беларускаму першадрукару Францішку Скарыне. Сярод выданняў пра яго жыццё і дзейнасць — партрэт вялікага асветніка, выкананы слонімскай мастачкай Р. Бялецкай.

Быў у музеі і гістарычны партрэт беларускага дзяржаўнага мужа, слонімскага старосты Льва Сапегі. У экспазіцыі, яму прысвечанай, — шахматная дошка князя, віды яго палацаў у Дзярэчыне і Ружанах, Статут, рэдактарам якога быў сам Сапега. У гонар заслугі вялікага князя Слонім у 1591 годзе атрымаў Магдэбургскае права і герб — залатога льва з каронай на сінім полі, які стаіць на задніх лапах, а ў пярэдняй трымае срэбную стралу з падвойным крыжам.

Далей у музеі Стаброўскага мы маглі б убачыць куток, прысвечаны Міхалу Агінскаму, вялікі партрэт, напісаны алеем, — “Кастусь Каліноўскі заклікае сялян да паўстання”. Апошні — копія з арыгінала П. Сергіевіча, выкананая Р. Бялецкай. Другі вялікі партрэт -“Абаронцы Св. Тройца-Сергіевай Лаўры ў 1608 годзе”, работы В. П. Верашчагіна. Была і карціна “Лірнік” мастака Якуба Кучара.

Не апошняй вартасці арыгінальныя вышыўкі жаночых блузак, мужчынскіх кашуляў, ручнікоў былі ахвяраваны музею мастаком Алесем Асіпчыкам. Ён вышываў нацыянальныя строі для Слонімскага гуртка пры Беларускім Народным доме. Быў у музеі пояс далікатнейшай работы, скіданы з афарбаванага ў розныя колеры конскага валосся. Яго аўтар — Міхал Галоўка, родам з Мацкалеўшчыны Слонімскага павета, які адсядзеў адзінаццаць гадоў у польскім астрозе, дзе, дарэчы, і вырабіў сваю цудоўную рэч.

Чацвёртая зала была прысвечана адраджэнню Беларусі. Упрыгожвалі экспазіцыю партрэты К. Каліноўскага, Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча, маляваныя мастачкай Р. Бялецкай, а таксама гістарычныя партрэты В. Дуніна-Марцінкевіча і Цёткі, выкананыя слонімскай мастачкай Клаўдзіяй Хруцкай, ды шмат чаго яшчэ.

Зніклыя экспанаты

Шмат чаго маглі б мы ўбачыць у Слонімскім музеі Стаброўскага ў ваеннае ліхалецце. Але вайна ёсць вайна, а акупанты заўсёды застаюцца акупантамі. Многае з музейнай маёмасці стала ахвярай грабежнікаў-фашыстаў і іх прыслужнікаў. Аднак Язэпу Стаброўскаму ўдалося частку экспанатаў схаваць, хаця былі моманты, якія ледзь не каштавалі яму жыцця.

...Гітлераўскі афіцэр зайшоў у музей у той самы момант, калі Язэп Язэпавіч здымаў са сцяны адну з рэдкіх карцін Верашчагіна. Фашыст насмешліва тыцнуў пальцам у жывот сівому чалавеку і сказаў:

— Рус гэта не разумель... Верашчагін месца ў Дрэздан...

Стаброўскі паказаў фашысту фігуру з трох пальцаў...

Пасля гэтага толькі праз два дні Язэп Язэпавіч ачуняў. Цудам ён пазбегнуў смерці.

Другім прыкладам смеласці нашага земляка могуць служыць радкі з газеты “Советская Белоруссия” за 1944 год (№ 141): “Калі ў горад уварваліся гітлераўцы, перад Язэпам Іосіфавічам паўстала пытанне — што рабіць з экспанатамі? Варвары ж могуць знішчыць усё, чаму аддадзена столькі гадоў жыцця... Трэба схаваць экспанаты. Але куды? Закапаць у зямлю — сапсуюцца... І ўсё найбольш дарагое было схавана ў закрытыя шафы... Шафы Іосіф Іосіфавіч засунуў у далёкі кут пакоя і закідаў рыззём. Аднойчы ён выйшаў на гарадскую плошчу. У гэты час гітлераўцы прывезлі на грузавіках і скінулі на брук тысячы кніг. “Спаліць!”, — загадаў камендант. Уначы, не адчуваючы стомы, Стаброўскі цягаў мяшкамі кнігі дадому. Тады яму ўдалося схаваць у надзейным месцы тысячы тамоў, якія пазней былі перададзены раённай бібліятэцы”.

На жаль, большая палова каштоўных экспанатаў, якія сабраў Стаброўскі, да сённяшняга дня бясследна знікла са Слонімскага музея.

Пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Язэп Стаброўскі зноў пачаў збіраць калекцыі, прыводзіць у належны стан рукапісы, кнігі, фатаграфіі і займацца абсталяваннем музейных пакояў... І кожны, хто яго ведаў, здзіўляўся працаздольнасці і настойлівасці гэтага чалавека, якому ўжо тады ішоў восьмы дзясятак гадоў.

Язэп Стаброўскі быў не толькі выдатным археолагам і краязнаўцам, але і таленавітым гісторыкам і вынаходнікам. Ім даследавана больш за 150 курганоў на Гродзеншчыне, напісаны і надрукаваны дзясяткі артыкулаў па краязнаўству і гісторыі. Дарэчы, першы артыкул быў надрукаваны аж у 1899 годзе ў сакавіцкім нумары часопіса “Исторический вестник”. Ён меў назву “К вопросу об ископаемых стеклянных шарах”.

Няпросты час чакаў яго

Слонімцам Стаброўскім былі напісаны дзясяткі навуковых прац. Адны назвы гавораць самі за сябе. Гэта “Састаў і абсягі Сусвету”, “Сутнасць жыцця і яго з’яўленне на Зямлі”, “Праваслаўе, каталіцызм і унія. Іх узаемаадносіны на Слонімшчыне”, “Каменны век (неаліт) на Слонімшчыне і ў суседніх рэгіёнах”, “Норавы і звычаі ў Заходняй Беларусі ў XVI і XVII стагоддзях”, “Сіметрыя і хараство ў прыродзе”, “Крывавым следам”, успаміны з вайны 1914 года, альбом, у якім налічваецца 300 здымкаў, мемуары і многія іншыя.

Што датычыць вынаходлівасці, то трэба адзначыць, што і яна была ў Стаброўскага. Асабліва знайшлі ў свой час прымяненне шрампель удасканаленага ўзору (зацверджаны ў 1907 годзе Галоўным артылерыйскім упраўленнем) і тэлефон-прыёмнік удасканаленай канструкцыі (польскі патэнт № 18728).

Шмат перажыў на сваім вяку гэты мужны, шчыры і здольны чалавек. Няпросты час чакаў яго і ў пасляваенныя гады. Відаць, тады і выратаваў Стаброўскага яго васьмідзясяцігадовы ўзрост. А калі б ён быў на гадоў 20 — 30 маладзейшы, зведаў бы і ён ГУЛАГ. Але і тут, на роднай Слонімшчыне, да апошніх сваіх дзён (памёр Язэп Стаброўскі на 99-м годзе жыцця ў 1968 годзе) жыў ён у беднасці і забыты мясцовымі ўладамі. Журналіст Аляксандр Шлег у газеце “Звязда” за 21 студзеня 1964 года пісаў: “Колькі вам гадоў, Іосіф Іосіфавіч? Стары няспешна сцягнуў з рукі пальчатку, зняў акуляры і спакойна сказаў:

— Дзевяноста чатыры.

Аглядаю невялікі пакой. Два вакны. Адно забіта знадворку. Уздоўж сцяны—кніжная паліца. На стале — шматлікія рукапісы. Тут жа — бутэлька з лекамі. Перахапіўшы мой позірк, стары ціха сказаў:

— Хварэю. Левая рука ў апошні час адказвае.

— Чаму не ляжыце?

— Мне, голубе, за сталом сядзець трэба. Шмат спраў незакончанных. Трэба запісы свае ў парадак прывесці...

— Халаднавата ў вас.

— Комін пачысціць трэба. Два разы пісаў у пажарную ахову. Не адказвалі...”

Так, не адказалі, не дапамаглі... Відаць, такі загад мелі...

Тры кіламетры неслі па снезе труну з целам славутага сына зямлі слонімскай яго слаўныя сябры і землякі. Пахавалі Язэпа Стаброўскага на могілках у вёсцы Орлавічы, побач з яго бацькамі...

Аднойчы з рэжысёрам Беларускага тэлебачання Аляксандрам Сухоцкім, які здымаў дакументальны фільм пра Стаброўскага, я наведаў Орлавіцкі пагост. Апісаць убачанае было проста немагчыма. Здаецца, мы трапілі ў трапічны непраходны хмызняк, дзе сотні гадоў не ступала нага чалавека. Магілы Стаброўскіх зраўняліся з зямлёй, крыжы пагнілі і валяліся пад сухім, чорным лісцем, Мы ледзь-ледзь адшукалі і вялікі каменны чатырохярусны помнік, які рабіў і ставіў Язэп Стаброўскі разам з Піліпам Курыловічам. Орлавіцкія “джунглі” за сялом Аляксандр Сухоцкі зняў на відэастужку.

Набліжаліся Дзяды — памінальны абрад нашых продкаў. І каб неяк выратаваць ад поўнага знішчэння магілы знакамітых Стаброўскіх, невялікая група слонімскіх энтузіястаў завітала ў Орлавічы. Дзякаваць Богу, жыла яшчэ і Ганна Кузьмінічна Курыловіч, якая нам падказала, дзе хто ляжыць са Стаброўскіх, дзе які крыж трэба ставіць, расказала нам і пра Язэпа Стаброўскага, які ў свой час перадаў орлавіцкім сялянам у вечнае карыстанне 65 гектараў уласнай зямлі... Праўда, цяпер магілы Стаброўскіх у Орлавічах даглядаюцца. Там штогод праводзяць суботнікі супрацоўнікі музея, слонімскія кадзеты, творчая інтэлігенцыя…

У верасні 2002 года на будынку музея была ўстаноўлена мемарыяльная дошка (аўтар Леанід Богдан), прысвечаная Язэпу Стаброўскаму — заснавальніку музея. А крыху пазней яго імем назвалі і сам Слонімскі раённы краязнаўчы музей.

Сяргей ЧЫГРЫН

Фотаздымкі з архіва аўтара