Alma Mater Творчасці

№ 46 (1486) 14.11.2020 - 20.11.2020 г

“12 лістапада 1945 года пачаліся заняткі ў Беларускім дзяржаўным тэатральным інстытуце. Прайшло 75 гадоў… Віншуем калектыў студэнтаў і супрацоўнікаў з 75-годдзем нашай аlma mater — Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў! Акадэмія — унікальная ўстанова адукацыі нашай краіны, у якой атрымлівае творчую прафесію таленавітая моладзь з Беларусі, а таксама краін блізкага і далёкага замежжа. Шчыра жадаем здароўя Вам і вашым блізкім, новых творчых знаходак, поспехаў і дасягненняў!”

/i/content/pi/cult/824/17619/22.jpgЗ такімі словамі рэктарат звярнуўся да студэнтаў, выкладчыкаў і ўсіх, хто забяспечвае навучальны працэс у акадэміі. Але гэта свята не толькі тых, хто сёння вучыцца і вучыць у сценах галоўнай мастацкай ВНУ краіны.

Выпускнікі акадэміі ствараюць карціны, скульптуры, графічныя аркушы, вартыя музейных экспазіцый. Яны годна прэзентуюць нашу краіну за мяжой, ставяць спектаклі і фільмы, звяртаюцца да гледачоў са сцэны і экрана. Іх можна сустрэць і ў архітэктурных майстэрнях, у якіх займаюцца аздобай гарадскога асяроддзя, і ў канструктарскіх бюро, дзе ствараюцца нашы прамысловыя брэнды дня сённяшняга і заўтрашняга.

Толькі пералік прафесій і спецыялізацый, якім вучаць у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, заняў бы не адну старонку. Выпускнікоў БДАМ можна сустрэць паўсюль, дзе работа патрабуе творчага падыходу ў спалучэнні з мастакоўскімі навыкамі і эстэтычным мысленнем. Нават у рэдакцыі “Культуры” і сярод калектыву часопіса “Мастацтва” ёсць выпускнікі акадэміі. Таму юбілей БДАМ гэта таксама і наша свята. І, безумоўна, усіх спецыялістаў, згаданых вышэй.

Наша аlma mater — равеснік Перамогі. І гэта не проста прыгожыя словы, а факт біяграфіі ВНУ. Каб зразумець сэнс сказу “12 лістапада 1945 года пачаліся заняткі…”, трэба ўявіць Мінск пасля вызвалення ад акупантаў. Горада фактычна няма. Замест горада — велізарнае поле бітай цэглы. Мінчукі жывуць у намётах і зямлянках. І менавіта ў гэты час пачынаюцца заняткі ў Тэатральным інстытуце… Душа народа не скамянела ад нечалавечых пакут і прагне мастацтва. Пафасна, гераічна і кранальна.

Нават звычайная дзіцячая мастацкая ці танцавальная студыя з гісторыяй у некалькі дзясяткаў гадоў мае шанцы ганарыцца сваімі творчымі дасягненнямі. А тут гаворка ідзе пра юбілей галоўнай кузні кадраў для нашага выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дызайну, тэатра і кіно, віртуальных камунікацый — для ўсяго, што называюць ёмістым словам “культура”. Сярод выкладчыкаў і выпускнікоў акадэміі народныя мастакі і народныя артысты, лаўрэаты Дзяржаўных і іншых прэмій, прэстыжных конкурсаў, аўтары грунтоўных доследаў. Іх творчасць — люстэрка часу і здабытак нацыі. Нагадаю некаторых з іх: Анатоль Анікейчык, Марыя Захарэвіч, Арлен Кашкурэвіч, Барыс Луцэнка, Арнольд Памазан, Георгій Паплаўскі, Валерый Раеўскі, Віктар Тарасаў, Васіль Шаранговіч, Леанід Шчамялёў, Віктар Шматаў, Анатоль Бараноўскі, Аляксей Дудараў, Валерый Мазынскі, Уладзімір Савіч, Мікалай Селяшчук, Уладзімір Тоўсцік, Эльвіра Герасімовіч, Міхась Раманюк, Аляксей Ляляўскі, Сяргей Войчанка, Уладзімір Кожух…

Акадэмія пачыналася як тэатральны інстытут, а ўжо ў 1953 годзе быў створаны мастацкі факультэт. У 1961 годзе — набраны першы курс на аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якое з часам ператварылася ў мастацка-прамысловы факультэт. У сваю чаргу ён стаў факультэтам дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Па меры таго, як кіно і тэлебачанне пачынаюць сур’ёзна канкурыраваць з тэатрам, у акадэміі з’яўляецца факультэт экранных мастацтваў. А аддзяленне культурна-асветніцкай работы з цягам часу вылучылася з акадэміі ў самастойную ВНУ — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Дарэчы сказаць, што выпускнікі акадэміі выкладаюць сёння і на факультэтах дызайну, што па аналогіі з БДАМ створаны ў шэрагу вышэйшых навучальных устаноў краіны.

Час ад часу тэмай абмеркаванняў на дыскусійных пляцоўках становіцца і перспектыва вылучэння асобных факультэтаў акадэміі ў самастойныя ВНУ. Выказваюцца думкі, што пры такіх умовах студэнты розных прафесій і спецыялізацый маглі б канкурыраваць паміж сабой праз розныя творчыя ўстановы. Але пакуль гэта толькі развагі, мары і думкі.

/i/content/pi/cult/824/17619/23.jpgНа сёння відавочна, што Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў штогод пастаўляе краіне спецыялістаў сферы культуры, што дае магчымасць эстэтычна ўладкаваць наш побыт і ўнесці тоесны сэнс у грамадскія стасункі. То-бок такі моцны творчы асяродак як Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў — гэта яшчэ і чыннік суверэнітэту Беларусі. Бо наяўнасць уласнай культуры, мастацкай школы, нацыянальнай літаратуры і тэатра забяспечваюць развіццё і ўмацаванне нашай краіны. Таму юбілей акадэміі цалкам можна назваць святам нацыянальнага маштабу.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"