Слухаць блізкае, чуць рознае

№ 46 (1486) 14.11.2020 - 20.11.2020 г

Нагадаем, што напрыканцы кастрычніка ў анлайн-фармаце прайшоў VI фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін “Паўночнае ззянне”. У праграме кінафестывалю было 28 фільмаў, сярод якіх — стужкі з Паўночнай Еўропы і Балтыі. Знакавай падзеяй было і тое, што ў асобнай беларускай праграме прадстаўлялася 8 стужак, больш за палову з якіх склалі рэжысёрскія дэбюты.

/i/content/pi/cult/824/17613/16.jpgВядома, асабліва для пакалення маладых кінематаграфістаў, якое шукае новую мову і новыя гісторыі ў зменлівым беларускім грамадстве, такое стаўленне можна разглядаць як падтрымку айчыннага кіно.

Амаль усе фільмы дакументальныя. Ёсць на іх і попыт. Не магу не адзначыць і тое, што на анлайн-прагляды было набыта амаль тры тысячы квіткоў! Гэта першы эксперымент у практыцы кінафестывалю ў нас у краіне, які мае безумоўны поспех.

Азіраючыся назад

Зрэшты, эйджызма (дыскрымінацыі па ўзросце — рэд.) на кінафэсце не было. Член Еўрапейскай кінаакадэміі, дасведчаны Віктар Аслюк прадставіў дакументальную “Эпітафію”, кароткаметражную хроніку назіранняў за невялікімі сельскімі могілкамі. У гэтай тэме рэжысёр знайшоў новую, на мой погляд, інтанацыю — гэта візуальны, унутраны дыялог, які вядуць нябожчыкі з жывымі нашчадкамі.

Ёсць на могілках старадаўнія пахаванні з класічнымі партрэтамі на фотаздымках, ёсць больш сучасныя, дзе людзі ўсміхаюцца. Плюс дзеці, плюс прыбраныя сямейныя пары і традыцыйныя для некаторых рэгіёнаў фатаграфіі на магілах — свайго роду публічны архіў і чарада людзей, якія глядзяць на нас, цяперашніх...

Могілкі ў Аслюка — зусім не ціхае месца: гудзе дарога, побач новыя і старыя жыллёвыя забудовы, шумяць ветракі. У Радаўніцу і Дзяды тут наогул поўны збор: людзі сядзяць за сталамі, памінаюць свае сем’і, хтосьці ўспамінае вайну, Сібір і Курапаты. Самотны пажылы чалавек не ўдзельнічае ў размовах, ён абыходзіць родных і знаёмых, ідзе каля помнікаў, агароджаў і дрэў. У звычайныя дні могілкі таксама не пустыя, Андрэй Бурдзянкоў і Віктар Каралевіч фатаграфуюць пахаванні, косяць траву. Гэта адзіныя героі фільма, названыя па імёнах; у астатнім і аўтар маўчыць, і жыхары вёскі вядуць павольныя гутаркі, не прадстаўляючыся.

Дыялог праз фатаграфіі красамоўны, праз яго рэжысёр вяртае мінулае ў паўсядзённае жыццё, у натуральны ход падзей. Хоць і сумны, але сумленны і не табуяваны.

Збольшага ў мінулае звернуты і погляд Дар’і Юркевіч у стужцы “Страчаны рай”. На працягу ўсяго фільма мы назіраем вясковае жыццё сям’і, дзе сёстры ходзяць у школу, маці займаецца хатняй гаспадаркай, і ўсё б ішло сваёй чаргой, калі б паступова, з асобных рэплік, не паўстала постчарнобыльская тэма. Аказваецца, гэта Брагінскі раён, і ў жыхароў вёскі ёсць права з’ехаць у новы дом. Маша, Юля і Оля Палявыя застаюцца ў разважаннях, а вакол падворка — цудоўныя прыпяцкія краявіды, у лесе жывуць алені і нават зубр выходзіць на дарогу. У сям’і пакуль што няма рашэння, але ёсць размовы пра шпіталі, і пра тое, што “карову на балконе не паставіш”... Страчаны рай не адпускае, як нас не адпускаюць продкі, і працягласць доўгага кадра, падрабязнага назірання ў сённяшнім дні аб’ядноўвае падыходы Віктара Аслюка і Дар’і Юркевіч.

Героі і ахвяры

Андрэй Куціла ў кароткаметражнай стужцы “Мне трэба поціскаў” яшчэ больш паглыбляецца ў даследаванне рэчаіснасці. Але яго фільм не пра абставіны, а пра сапраўдных герояў, дакладней, гераінь. Валянціна, 92-гадовая гаспадыня дома, прысвяціла сябе догляду за паралізаванай з дзяцінства дачкой Таццянай. Дзіўная справа — дачка навучылася маляваць і пісаць вершы, і гэта той прарыў духу, які падымае сямейную гісторыю на экзістэнцыяльную вяршыню.

Самаахвяраванне даўжынёю ў жыццё, і творчасць там, дзе яе магло б і не быць, але нейкім цудам яна ёсць... Сведчанне таму — той факт, што вершы Таццяны нават друкаваліся і да яе лёсу праяўлялі цікавасць СМІ. Фільм называюць прыгожым, але гэта невідавочная прыгажосць, таму што бачым мы рэальную немач і беднасць, каб не сказаць закінутасць. Жыццё, у якім акцэнт даўно можна зрабіць на выжыванне. Але мастацтва, сам яго вобраз, штодзённая мара пра яго абмежаванай у сваіх фізічных праявах дачкі трымаюць гэтую маленькую сям’ю на плыву, даюць сілы маці.

Андрэй Куціла, уладальнік цэлага букета ўзнагарод на міжнародных кінафэстах, у чарговы раз здзіўляе гледача і сюжэтам, і ўменнем аб’яднаць разам трагедыю, адзіноту і душэўны подзвіг. Фільм стаў самым папулярным сярод гледачоў беларускай праграмы.

Фільм “Шлях дадому” дэбютанта Арцёма Лобача пра яшчэ аднаго сучаснага героя — дзівакаватага, схільнага да авантур Паўла, які з’ехаў з Крыму, купіў закінуты дамок ва ўкраінскай вёсцы, і застаецца на новым месцы ва ўсвядомленай самотнасці.

Па яго ўласных словах, ён спрабуе сабраць сваю ідэнтычнасць, пераасэнсаваць роднасныя сувязі. Бацькі, дзядуля, цётка — усе апынуліся раскіданымі на новай геаграфічнай карце. Герой то едзе ў Кіеў, то пашырае ўчастак зямлі, то аглядае з сябрамі пустыя дамы ў акрузе. Рытм у фільма — адрывісты, хуткі. У “Шляху дадому” ёсць украінская вітальнасць, дакладней, рэжысёр вельмі чула ўспрымае энергію самабытнасці, пошуку новага ладу жыцця, неабходнасці выбіраць і рызыкаваць у зносінах з чужымі людзьмі. Яго Павел — пацешны, але толькі вонкава, на самой справе ён чалавек удумлівы, і ён сапраўды абраў шлях, які патрабуе асабістых рашэнняў.

Здольнасць чуць

Нарэшце, “Межы” Юлі Шатун — стужка маладой, але добра вядомай беларускай рэжысёркі. Юля — заўсёды эксперыментатар, і хоць пасля ўзнагароды “Заўтра” (лепшы фільм Нацыянальнага конкурсу МКФ “Лістапад-2017”) яе почырк вядомы, усё роўна ёсць адчуванне дэбютнай свежасці, паэзіі ў кадры, у маналогу гераіні. Межы блізкага свету, межы нязведанага, свае і чужыя, у руху, у адкрыцці — пераказаць гэта кінаэсэ немагчыма, у ім няма сюжэта. Гэта свайго роду кінатэкст, дзе вярбальны шэраг значыць не меньш за візуальны.

Дадатковая оптыка з’яўляецца, калі глядзіш замежную і беларускую праграмы фестывалю паралельна. Напэўна, пра стан нашага кіно нельга судзіць па некалькіх фільмах апошніх гадоў. Але іх адрозненне ад дакументалістыкі балтыйскіх суседзяў (таксама восем стужак) відавочныя: у беларусаў значна больш назіранняў, удумлівых адносін да часу, да свайго месца ў жыцці. У адрозненне ад калег, у стужках чыіх заўсёды ёсць навізна сюжэтаў і актуальная позва. Такія, напрыклад, “Арктычныя вярблюды”, “Брусэль”, “Феміністарка”. На мяжы дакументальнага і мастацкага кіно існуюць “Дані” і “Джамала” з праграмы шведскіх кароткаметражных фільмаў. Рэжысёры працуюць з маленькімі эпізодамі, але кожны з іх як крышталь: гэта тыя лічаныя хвіліны, калі гераіні трапляюць у драматычныя сітуацыі, моманты ісціны, якія вырашаюць лёс. Няма часу паглыбляцца ў кантэкст, успамінаць мінулае. Квінтэсенцыя гэтага падыходу — ісландская “Рэха”: 56 фрагментаў, асобных поглядаў вакол сябе, нічым не звязаных, акрамя таго, што хутка Каляды. Там, дзе беларусы паказалі б горыч і натуральную прыгажосць кожнага жэста, скандынавы прапанавалі мазаіку грамадскіх праблем і радасцяў кожнага дня. І ў гэтых кантрастах кінамоў крыецца самае важнае, бо нездарма дэвіз фестывалю “слухаць і чуць. Мы вучымся рабіць гэта кожны дзень праз спачуванне, дараванне, клопат”.

Любоў ГАЎРЫЛЮК,
арт-журналіст