Хай будзе “Хайп”, ці У пошуках безбар’ернасці

№ 46 (1486) 14.11.2020 - 20.11.2020 г

У Маладзечне на сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра з’явіўся “Хайп” — спектакль мастацкага кіраўніка калектыву, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Валерыя Анісенкі паводле аднайменнай п’есы сучаснай беларускай пісьменніцы, драматурга, сцэнарыста Улады Альхоўскай.

/i/content/pi/cult/824/17612/15.jpgУ цэнтры — адна з найбольш актуальных праблем ХХІ стагоддзя, што тычыцца ўзаемаадносін чалавека і камп’ютара. Але справа не ў гульнявой залежнасці, а ў тым, што лічыць сваёй жыццёвай мэтай і каго — настаўнікам, аўтарытэтам, лідарам на гэтым шляху. Так што, як ні круці, дзеянне разгортваецца хай і на хвалі найноўшых тэхналогій асабістых сувязяў (не столькі рэальны чалавек + чалавек, колькі абязлічаны ці свядома падманны нік + нік), колькі вакол вечных каштоўнасцяў. І сям’я, сувязь пакаленняў, узаемаразуменне бацькоў і дзяцей, павага да навакольных, нарэшце, любоў — гэта і ёсць цаглінкі таго непарушнага падмурку, што складае ўзлётную паласу паспяховага самастойнага старту.

Лізі (Наталля Скарынка) — крыху больш за 20-ць. Здавалася б, узрост самастойнага дарослага чалавека. Але ў пагоні за хуткай славай і грашыма яна па загадзе невядомага Мобстара здзекваецца з абраных ім падлеткамі і выкладае тыя відэа ў інтэрнэт, збіраючы лайкі падпісчыкаў. Яе малодшая сястра Ната (Кацярына Шчэрбач) пагаджаецца на інтым, каб выйграць спрэчку, і пасля робіць аборт. Думаеце, дзяўчаты з сацыяльна-небяспечнай сям’і, якой павінны быць заклапочаны адпаведныя структуры? Зусім не. Але бацька (Андрыян Барткевіч) заняты бізнесам, маці (Таццяна Карпец) — пакутуе ад нястачы мужчынскай увагі і шукае яе на старонках сайтаў віртуальных знаёмстваў. Раптам бацька даведваецца пра ўсё гэта — спектакль пачынаецца яго выхадам у глядзельную залу са словамі: “Я думаў, у мяне дочкі-лапачкі”. Ён пачынае дзейнічаць. Праўда, даволі рызыкоўна. Бо ў выніку жаніх Лізі Антон (Мікіта Клютко) становіцца інвалідам, а яна з-за гора страчвае розум.

Дык што, ва ўсім вінаваты інтэрнэт? Хтосьці, магчыма, так і падумае, радасна знайшоўшы ў тым адказ на ўсе праблемы. Але сапраўдная формула выйсця — у трох апошніх словах, якімі спектакль завяршаецца: “Думаць, параўноўваць, адчуваць”. Менавіта гэтага не стае ўсім героям аповеду. І таму ўсе яны — ахвяры і каты адначасова, ніводнага станоўчага персанажа.

Сцэнаграфія Андрэя Жыгура — гэткі крыху “расквечаны” бар’ерамі чорны кабінет. Тая чорная багна зацягвае, бы чорныя дзіркі космасу. А спалучэнне з трывожным аранжавым, блізкім да рыжага, выклікае асацыяцыі з фарбамі Хэлаўіна, які так любіць адзначаць моладзь. Тыя ж колеры, касыя аранжавыя палосы на чорным — у сцэнічных строях. Ва ўсім — няўтульнасць, быццам паветра прасякнута нябачным надпісам: “Не ўваходзіць”. А дзеянне, між тым, не пакідае хатнія пакоі, дзе з мэблі — адзінае крэсла, вынесенае на авансцэну і ўсталяванае на “дырыжорскім” подыуме, бы гэткі трон. Адпаведна з гэтым будуюцца красамоўныя мізансцэны, якія часам “гавораць” больш за словы: бацька сядзіць “на ўзвышэнні”, маці — ці стаіць з ім побач, ці ўвогуле апускаецца на калені, ці нават разам з Лізі валяецца ў яго нагах. Ён пасадзіць жонку “на трон”, калі будзе ўнушаць, што тая не павінна быць дачкі — сяброўкай: гэткая “субардынацыя”, што распаўсюджваецца на сямейныя зносіны. У адсутнасць бацькі ўзбіраецца на крэсла і Лізі, выяўляючы сваю перавагу над малодшай сястрой і патаемныя мары пра хуткі ўзлёт віртуальнай “кар’еры”. Ніводнага дыялогу — твар у твар. Абстаноўка — бы на судзейскім пасяджэнні, дзе адказчык ці абвінавачаны знаходзяцца “за бар’ерам”. На відэа — не проста буйныя планы, а штосьці кшталту “падвойных выяў”, дзе мы бачым чалавека і быццам ягоны цень. А таксама — шматлікія спыненыя кадры, часам расплывістыя, няўцямныя. Скажаце, агрэхі апаратуры? А чаму б і не наўмысна, як спецыяльны прыём? Бо асацыяцыі з тым жа “Ценем” Шварца — безумоўныя.

Тэма інтэрнэт-кіравання падлеткамі не новая ў нашай драматургіі. Можна згадаць п’есу “І гэта ўсё яна” Андрэя Іванова, дзе маці пад абліччам “школьніцы” наладжвае стасункі з сынам (дарэчы, да шматлікіх сцэнічных увасабленняў нядаўна дадаўся спектакль Магілёўскага драмтэатра ў рэжысуры Уладзіміра Пятровіча). Сюжэтныя паралелі з “Хайпам” можна знайсці ў створаным летась расійскім мінітэлесерыяле “Там, дзе нас няма” (п’еса Улады Альхоўскай узнікла раней — у 2017-м). Але ж справа не адно ў тэме, але і ў яе распрацоўцы.

Зробленыя Валерыем Анісенкам скарачэнні (арыгінал і сапраўды надта шматслоўны) і, галоўнае, выдатны, па-беларуску сакавіты, пазбаўлены “калькі” пераклад Уладзіміра Ліпскага пайшлі толькі на карысць. А вось артыстам яшчэ трэба працаваць ды працаваць над натуральнасцю маўлення, пазбаўленнем ад акцёрскіх штампаў, тэатральнай “найгранасці” — усяго таго, з чым і змагаецца Валерый Данілавіч як рэжысёр і мастацкі кіраўнік, добра разумеючы, што гэта, на жаль, не можа быць дасягнута імгненна.

Упэўнена, з кожным наступным паказам спектакль будзе толькі набіраць усё большую шчырасць выказвання, давяральнасць інтанацыі, якія дадаткова справакуюць гледачоў на сямейныя прагляды і абмеркаванні. Абыякавым дакладна не застанецца ніхто!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"