Любіць свой горад

№ 46 (1486) 14.11.2020 - 20.11.2020 г

Персанальная выстава ткачыхі Алены Шунейка працуе ў Гродне. Калі да працы ставіцца з любоўю, то яна перастае быць цяжкай. У гэтым Алена Феліксаўна пераканана. У красавіку яна адзначыла юбілей. А ў снежні юбілей — 80 гадоў — у Гродзенскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці, у якім Алена Феліксаўна працуе ўсё жыццё. Дзве святочныя падзеі сталі важкай нагодай для адкрыцця персанальнай выставы ўнікальнага майстра. А называецца выстава “Мой любы горад”.

/i/content/pi/cult/824/17611/14.jpgБацькава спадчына

Алене Шунейка ў жыцці выпала рэдкая ўдача — прафесійна займацца справай, якая прыносіць бясконцую асалоду. Не кожнаму так шанцуе. Адчуваць прыгожае навучыў бацька. Ягоная спадчына — адзіны на Беларусі вертыкальны ткацкі станок. Менавіта Фелікс Антонавіч у сярэдзіне мінулага стагоддзя заснаваў у метадычным Цэнтры творчую ткацкую лабараторыю, якая на працягу амаль 40 гадоў з’яўляецца для ягонай таленавітай дачкі адначасова і кабінетам, і майстэрняй.

Экспазіцыя выстаўкі “Мой любы горад” налічвае каля 50 аўтарскіх работ, сярод якіх — тканыя габелены, дэкаратыўныя пано і акварэльныя карціны. Трэба сказаць, што гэта далёка не поўная калекцыя твораў Алены Феліксаўны. Палотны майстрыхі сёння ўпрыгожваюць інтэр’еры храмаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў, з’яўляюцца каштоўнымі экспанатамі музеяў. Патомная ткачыха вельмі ганарыцца сваім габеленам “Святая Троіца”, які ў якасці харугвы выкарыстоўваецца падчас святочнай працэсіі ў сталічным касцёле Святога Роха. Некаторыя творы Алены Шунейка знайшлі свой прытулак у Польшчы, Расіі, Францыі, Эстоніі. Бацькава тэхніка падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва, якой валодае майстрыха, унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Намаляваная ніткамі гісторыя…

Крыніца натхнення для Алены Феліксаўны — гэта родны горад Гродна з яго архітэктурнымі і прыроднымі перлінамі.Алена Шунейка — бадай, адзіная ў вобласці майстрыха, якая настолькі дасканала валодае ўсімі “таямніцамі” габеленавай ніткі, што здолела віртуозна перадаць у творчасці энергетыку старажытных гродзенскіх храмаў! Вытканыя Фарны і Бернардынскі касцёлы яна па-мастацку ўдала аздобіла вобразнымі выявамі Святога Духа. Наогул, кожнае палатно — гэта гісторыя, напоўненая глыбокім ідэйным ды філасофскім зместам, творчай фантазіяй.

Па прызнанні Алены Феліксаўны, тканыя акварэлі, напэўна, не былі б такімі цэласнымі і гарманічнымі, каб у іх стварэнні не ўдзельнічаў яе брат, мастацтвазнаўца Яўген Шунейка. Менавіта ён малюе эксклюзіўныя эскізы для габеленаў. У творчым тандэме ствараюцца неверагодныя рэчы: у жывых вобразах паўстаюць гістарычнае мінулае Гродна, знакавыя постаці розных эпох…

Кожны наведвальнік выстаўкі “Мой любы горад” можа і палюбавацца экспанатамі, і самастойна папрацаваць за ткацкім станком. Майстар-клас для ўсіх ахвотных прапануюць Алена Феліксаўна і яе вучаніца Юлія Барадзіна. Дарэчы, работы маладой пераемніцы, метадыста Цэнтра народнай творчасці, сталі несумненным упрыгожваннем экспазіцыі. Падвойныя габелены, народныя лялькі, ажурныя карункі, выкананыя па старажытных узорах, уражваюць і кранаюць за жывое.

Жывыя акварэлі

Акварэльныя карціны Алены Шунейка, напісаныя ў тэхніцы “alaprima”, — гэта асобная размова. Усе без выключэння работы — пленэрныя. Ствараць “жывыя” акварэльныя замалёўкі з натуры — гэта таксама ўлюбёны занятак творчай сям’і. Нёман, кветкі, лес, Каложа — знаёмыя з маленства мясціны знайшлі сваё адлюстраванне на жывапісных палотнах. Кожная работа носіць глыбока асабісты характар, вабіць асаблівай колеравай вобразнасцю, выявай шчырай творчай душы…

Ала БЯЛЬКЕВІЧ, рэдактар Гродзенскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці

Фота аўтара