Яна ведае кожную травінку

№ 46 (1486) 14.11.2020 - 20.11.2020 г

З асакі, мячэўніка і сітніка, як з нітак, Вольга Вайтовіч пляце свае вазы і кошыкі. Гэтая таленавітая дзяўчына нарадзілася ў вёсцы Струбніца, Мастоўскага раёна. А старадаўнюю традыцыю травапляцення адкрыла для сябе выпадкова. Аднойчы на фестывалі рамёстваў пазнаёмілася з віцебскай майстрыхай Людмілай Гаравой, і стала вучыцца гэтаму старажытнаму віду народнага мастацтва анлайн.

/i/content/pi/cult/824/17610/13.jpg— Спачатку трэба нарыхтаваць розныя балотныя, лугавыя і палявыя расліны, — распавядае Вольга. — З прычыны іх далікатнасці, асабліва падчас восеньскага збору, нарыхтоўка вядзецца невялікімі пучкамі, а зрэзы павінны быць роўнымі і чыстымі.

Замест ніткі Вольга выкарыстоўвае лазовую стужку. Пучкі травы аднолькавай таўшчыні сшывае па спіралі. Пры сцягванні атрымліваюцца вельмі моцныя ў аснове вырабы. Далей лішняя трава прыбіраецца, а выраб дэкаруецца сухімі кветкамі, тасьмой або дэкаратыўным шнурам.

Кошыкі, скрыні, падносы, розныя бочачкі, падстаўкі пад гарачае атрымліваюцца ўнікальныя. Пляценне іншым разам сумяшчаецца з дрэвам, нават са скурай. Гэтыя вырабы вельмі арганічна выкарыстоўваюцца ў паўсядзённым жыцці.

Дадзенае рамяство пастаянна ўдасканальваецца, бо незвычайна папулярнае ў наш час. Вырабы з травы ўпрыгожваюць жыллё, выкарыстоўваюцца для захоўвання прадуктаў, яны зручныя і якасныя. Даўно вядома, што пах свежаскошанай травы супакойвае галаўны боль! Так што “зялёныя” дэталі інтэр’еру — карысныя ўдвая.

У Вольгі Вайтовіч маецца велізарны досвед працы ў гэтай сферы мастацтва! Пажадаем ёй творчых перамог, выдумкі і самавыяўлення, радасці і натхнення!

Алена САДАЎНІЧАЯ, дырэктар Мастоўскага раённага Цэнтра рамёстваў

Фота аўтара