Паляванне на гукі ў “Грынфілдзе”

№ 40 (858) 04.10.2008 - 10.10.2008 г

На мінулым тыдні некаторыя мінчане маглі назіраць досыць дзіўную сцэну: малады чалавек у навушніках і з нейкай няўцямнай прыладай у руках бавіў час, седзячы на кукішках у пераходзе на Нямізе. Ён знаходзіўся тут зусім не ад няма чаго рабіць — пра гэта сведчыў хаця б ягоны сур’ёзны, засяроджаны выгляд. Непадалёк ад яго месціліся дзве калонкі, з якіх даносіліся... прыкладна тыя самыя гукі, як і навокал. Адорваючы гэтую сцэну здзіўленымі позіркамі, мінакі наўрад ці нават здагадваліся, што ім давялося стаць міжвольнымі сведкамі творчага працэсу Касіяна ТРОЕРА, італьянскага кампазітара, які па заканчэнні Венскага інстытута музыкі “асеў” у Берліне, але часта падарожнічае па розных гарадах, “палюючы” на цікавыя гукі.

Назва гэтага працэсу характарызуецца тэрмінам “field recording”: уключаеш дыктафон, запісваеш тое, што чуецца, а потым ствараеш на гэтай аснове ўласны опус. Касіяну Троеру ўжо даводзілася ладзіць падобныя “паляванні” ў гарадах Еўропы, і вось цяпер ён завітаў да нас. Вядома, нагодай даведацца пра тое, якім “пачуўся” яму Мінск, грэбаваць не выпадала.

 
У пошуках гукавых ландшафтаў— Паназіраў за вамі апошнія паўгадзіны: як вы засяроджана ўслухоўваецеся ў навакольныя гукі, часта мяняеце месца дыслакацыі, нібы нешта шукаеце. Што менавіта?

— Я шукаю адметныя гукавыя ландшафты. Мне нецікава запісваць бязладны гарадскі тлум, куламесу разнастайных шумаў, але часам у пэўных месцах можна сустрэць досыць цікавыя спалучэнні гукаў, якія нават утвараюць своеасаблівыя музычныя структуры. Як, напрыклад, тут, у гэтым тунэлі.

— І што ж вы тут пачулі адметнага?

— Падобныя тунэлі заўсёды валодаюць асаблівымі акустычнымі ўласцівасцямі. Банальныя гукі — скажам, шоргат падэшваў або ўрыўкі чыіхсьці размоў па мабільніку — спазнаюць тут

цікавыя скажэнні. Да таго ж, з дапамогай маёй апаратуры можна пачуць і рокат метро дзесьці ўнізе, які спараджае нязвыклы фон. Шмат руху, штосекунду нешта дзеецца...

— Цікава, а якія яшчэ месцы ў Мінску вы знайшлі вартымі ўвекавечвання ў запісе? І чаму? Ці ёсць тут увогуле нейкія крытэрыі?

— Выбар месца залежыць ад некалькіх фактараў. Перадусім, гэта яго “базавы гук” і тое, што там адбываецца: рух транспарту, пошум ракі, спевы птушак... Тыя месцы, дзе адбываецца толькі адзін працэс, падаюцца мне нуднаватымі, а вось нечаканыя спалучэнні розных крыніц гуку — наадварот.

У Мінску я выбраў тры месцы для працы. Апрача перахода на Нямізе, гэта досыць бязлюдная прастора на беразе ракі (баюся, не ўзгадаю яе назву), за вялікім стадыёнам (Гаворка, мусіць, пра Свіслач. — І.С.). Чыгуначны мост, вялізны будынак завода, што аблюбавалі крумкачы, вуліца, на якой раз на паўгадзіны чуваць шоргат падэшваў...

Усё гэта разам стварае своеасаблівае гукавое вымярэнне, паглыбіцца ў якое было для мяне вельмі цікава.

І трэцяе месца знаходзіцца за рысай горада, непадалёк ад мікрараёна, які па-англійску называецца “Greenfield” (“Зялёны луг”.— І.С.). Я меў намер трапіць у звычайны лес, але пачутае зусім не адпавядала маім чаканням. Паблізу там праходзіць вялікая аўтамабільная магістраль, па якой несупынна рухаецца транспарт. І вось, рокат матораў у нетрах гаю ператвараецца ў бадай непазнавальны гул, нібы створаны на старым сінтэзатары. Лес— гэта наогул вельмі складаная ў акустычнымплане прастора. Кожнае дрэва адлюстроўвае гук сваім адмысловым спосабам. Таму, трапляючы ў гэты лабірынт, ён неверагодна трансфармуецца, набывае зусім іншы “прысмак”.

Адрэдагаваць хрумсценне снегу
— А які лёс чакае зробленыя вамі ў Мінску запісы?

— Запісы практычна не апрацоўваю, толькі рэдагую. Мая мэта — адшукаць у “палявых запісах” пэўную структуру, якую можна адлюстраваць нават з дапамогай класічных музыказнаўчых тэрмінаў. І нярэдка гэта ўдаецца. Сутнасць праекта, над якім цяпер працую, вельмі простая: я запісваю гукі ў розных цікавых месцах, якія знаходзяцца ў розных гарадах, потым вяртаюся ў гэтыя месцы, стаўлю калонкі, уключаю зробленыя там раней запісы і з дапамогай дыктафона адсочваю эвалюцыю натуральнай гукавой прасторы, у якую я прыўнёс свой складнік. Вынікі гэтай працы планую паказаць налета ў выглядзе аўдыёінсталяцыі на адным з міжнародных фестываляў.

— Напэўна, такі досвед спарадзіў нямала цікавых адкрыццяў...

— Прыкладам, у Аўстрыі я рабіў запісы ў гарах, падымаючыся досыць высока. І тады я адкрыў для сябе, што снег на рознай вышыні хрумсціць пад нагамі па-рознаму. Для нас снег паўсюль аднолькавы, а вось навукоўцы ведаюць, што гэтае паняцце — зборнае: насамрэч, у свеце існуе мноства розных “снягоў”. Але тут я раптам пераканаўся, што гэтыя адрозненні тычацца не толькі хімічнага складу, але і акустыкі.

Іншыя цікавыя эпізоды ў маёй працы тычацца зваротнай рэакцыі людзей. Прыкладам, у Сербіі, у Новым Садзе, я запісаў уначы кваканне жаб у гарадскім парку. Потым прыцягнуў туды калонкі з узмацняльнікам, схаваў апаратуру пад намётам і ўключыў гэты начны запіс удзень. Людзі не ведалі, адкуль паходзіць гук, і былі вельмі здзіўлены, бо ўсе ведалі, што жабы тут квакаюць толькі ўначы.

На жаль, гэтыя інсталяцыі маюць часовы характар і працуюць нядоўга, але ў перспектыве мне хацелася б зрабіць іх стацыянарнымі — як свайго кшталту гукавыя скульптуры. Скажам, вось тут, на Нямізе.

Два гучанні аднаго перахода
— Даруйце за банальнае пытанне, але, думаецца, яно ўзнікне не толькі ў мяне: які ў гэтым сэнс? Тым болей, можна проста прыйсці ў пераход на Нямізе і пачуць на свае вушы ўсё, што там робіцца, — калі, вядома, у кагосьці ўзнікне такое дзіўнае жаданне.

— Многія людзі прамінаюць гэты пераход па некалькі разоў на дзень, для іх ён стаў звыклым атрыбутам будзённага жыцця. І ніякіх адметнасцей гэтага месца яны ўжо не заўважаць: усе адметнасці даўно “зацерліся” ў свядомасці. Мая задача — засяродзіць на іх увагу, прымусіць

людзей “пераадкрыць” тыя мясціны, якія, магчыма, даўно ўжо ім надакучылі, вярнуць навізну ўспрыняцця. Банальныя, здавалася б, рэчы могуць гучаць вельмі цікава — калі ўмець у іх услухоўвацца.

Дарэчы, у якасці эксперыменту вы можаце параўнаць свае ўражанні ад тых гукаў, якія чуваць у гэтым пераходзе, і іх запісу, зробленага мною толькі што,— зараз я вам яго ўключу... Ну, якія ўражанні?

— Тое, што я чую ў навушніках, моцна адрозніваецца ад таго, што чутно “няўзброеным вухам”. Патлумачыш тое хіба псіхалагічнымі асаблівасцямі ўспрыняцця...

— Я таксама не вазьмуся гэта тлумачыць. Адно зазначу, што чалавек надае недаравальна мала ўвагі гукам: як вядома, большасць інфармацыі трапляе ў свядомасць праз зрок. Хацелася б неяк зліквідаваць або, прынамсі, зменшыць гэтую дыскрымінацыю.

— Але ж сёння, калі тэхнічныя магчымасці дазваляюць ствараць любыя гукі штучна, ужо няма патрэбы здабываць іх такім складаным спосабам...

— Так, але натуральныя гукі ўсё адно адрозніваюцца ад створаных штучна — яны куды больш складаныя паводле сваёй прыроды. А спалучаючы сінтэзаваныя гукі і штучныя, можна дасягнуць папраўдзе цікавых вынікаў. Гэтае спалучэнне можна параўнаць з рукой, узброенай якойсьці тэхнічнай прыладай: рука мае свае магчымасці, якіх не мае ні адзін механізм, а прылада валодае магчымасцямі, якіх не стае чалавечай руцэ. І такая садружнасць вельмі плённая.

Дзе ў горадзе горы?
— На ваш погляд — ці, хутчэй, “на ваша вуха”, — што падалося вам гукавой адметнасцю Мінска?

— Думаю, гэта цоканне абцасаў. Яго тут чуваць паўсюль, асабліва тут, на Нямізе, дзе гэты гук спараджае гулкае рэха. У Берліне дзяўчаты маладога веку не маюць завядзёнкі насіць абутак на высокіх абцасах, а ў вас ён распаўсюджаны, мусіць, як нідзе ў Еўропе.

Таму я абавязкова адлюструю гэта ў сваім творы. Працуючы над зробленымі ўчора запісамі, я пераканаўся, што цоканне абцасаў здатнае ствараць цікавыя рытмічныя малюнкі.

У цэлым жа, гукавы фон Мінска досыць тыповы для еўрапейскіх мегаполісаў. Дарэчы, мне вельмі падабаецца, як гучаць маторы старых савецкіх машын: іх рокат здаецца мне больш “чалавечным” за роўны шум сучасных рухавікоў.

— А што наконт “негукавых” уражанняў?
— У Берліне даводзілася чуць вельмі шмат інфармацыі пра Беларусь. Скажам, сябры перасцерагалі мяне адносна праблем з міліцыяй, якія, на іх думку, непазбежна павінны былі ўзнікнуць пад час працы. Цяпер распавяду ім, што ўсё гэта глупства. Як вы самі толькі што маглі бачыць, вартаўнікі парадку ў пераходзе на Нямізе ўганаравалі мяне толькі адным позіркам, каб пераканацца, што я не раблю нічога супрацьзаконнага. Зрэшты, адзін са стэрэатыпаў усё ж аказаўся праўдзівым: персанал у маім гатэлі не вылучаецца ветлівасцю. Але ж гэта, хутчэй, выключэнне — іншыя людзі, якіх мне давялося сустракаць у Мінску, надзвычай шчырыя і прыязныя.

Спадабалася таксама і архітэктура, асабліва сучасныя яе ўзоры. Дзякуючы светлавому аздабленню некаторыя дамы падобны на горы, верхаліны якіх пакрыты талым снегам. Прыемна, што адметныя і прыгожыя будынкі ў вас можна сустрэць не толькі ў цэнтры, але і на ўскраінах, у тым жа “Грынфілдзе”.

Думаю, не буду першым, хто адзначыў чысціню мінскіх вуліц. Да нядаўняга часу ў мяне была завядзёнка кідаць недакурак сабе пад ногі — тым болей, у іншых гарадах Еўропы ўсе гэтак і робяць. Але ўбачыўшы, якая ў вас пануе чысціня і як людзі стараюцца яе захоўваць, падумаў, што ад гэтай звычкі пара адмаўляцца.


Сталіцу слухаў Ілля СВІРЫН
Фота аўтара