У Тураў — на святы, за фальклорам — у Пагост

№ 45 (1484) 07.11.2020 - 13.11.2020 г

На стыку раённых інтарэсаў
У аддзела культуры Гродзенскага райвыканкама добрыя сяброўскія сувязі з работнікамі культуры Жыткавіцкага раёна. Здаўна ездзілі з творчымі калектывамі адзін да аднаго ў госці, вучыліся спяваць і працаваць на ніве культуры. Але ў Дзяніса Балабуева, загадчыка Квасоўскага Цэнтра культуры, і народнага фальклорнага гурта “Жывіца” толькі цяпер споўнілася мара сустрэцца і паспяваць разам з 78-гадовай пагастчанкай, таленавітай палескай спявачкай і жартаўніцай, захавальніцай звыш ста песень і каля дваццаці абрадаў Кацярынай Панчэняй, ці як усе яе па-сямейнаму называюць, бабай Кацяй.

/i/content/pi/cult/823/17602/18.jpgРадзіма Тураўскага

Народный фальклорны калектыў “Жывіца” Квасоўскага Цэнтра культуры 23 — 24 кастрычніка быў запрошаны на святкаванне 1040-годдзя горада Турава — аднаго са старажытнейшых гарадоў Беларусі, і на раённыя Дажынкі, якія таксама святкавалі ў Тураве.

Наведалі з экскурсіяй аб’екты гісторыка-культурных каштоўнасцяў, якія здзівілі сваёй велічнасцю. Цікавым быў аповед пра гарадзішча старажытнага Турава, на тэрыторыі якога адбываліся ў гэтыя дні святочныя мерапрыемствы, і праваслаўны храм ХІІ стагоддзя, які быў разбураны падчас землятрусу ў 1230 годзе, а сёння — самае вялікае манументальнае збудаванне, дзе былі выяўлены пахаванні ў каменных саркафагах. Уразіў помнік паэту, філосафу і прапаведніку Кірылу Тураўскаму, які тут жыў, і дзіўная з’ява — два каменныя крыжы, якія растуць з зямлі.

/i/content/pi/cult/823/17602/19.jpgВясковы рэйтынг

Але ўсе чакалі сустрэчы з бабай Кацяй з Пагосту. Невялікая старая вёсачка ў Жыткавіцкім раёне — адно з лепшых месцаў для правядзення зімовых святаў. Менавіта так, некалькі гадоў таму палічылі складальнікі рэйтынгу з амерыканскай тэлекампаніі CNN. У Топ-10 беларускі населены пункт Пагост заняў 3-е месца, апярэдзіўшы нават такія буйныя гарады, як Зальцбург, Сіднэй і Нью-Ёрк. А ў канцы 2019 года веснавы абрад “Юраўскі карагод”, які тут захаваўся ў жывой традыцыі, быў уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Сёлета палеская вёска Пагост адзначыла 500 гадоў з дня першага згадвання ў гістарычных дакументах. Тут пражывае ўсяго каля 200 чалавек, а яшчэ ў 60-я гады было каля 1200.

Нас сустракаюць на парозе сельскага клуба-бібліятэкі — старога будынка 1946 года пабудовы — Ірына Торчык, кіраўнік народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву “Міжрэчча” і баба Каця, якая заснавала гэты калектыў 40 гадоў таму. Праз некаторы час забегла з усмешкай “я хуценька, пайшла народны касцюм апранаць” загадчыца клуба Ірына Юнчыц.

У клубе — вялікая музейная экспазіцыя, старыя рэчы: тканыя посцілкі, ручнікі, вышываныя сурвэткі, вязаныя абрусы, мэбля. Кожная рэч — са сваёй гісторыяй. Шмат чаго перадала баба Каця, шмат прынеслі са старых хат малодшыя захавальніцы старажытных абрадаў Ірына Юнчыц і Ірына Торчык.

І пачалася доўгая гутарка з песнямі, гісторыямі пра Пагост і яго жыхароў. Сяджу з калегамі ў клубнай зале, у якой напачатку было трохі холадна, і разам з імі хутка забываюся на гэтую акалічнасць: ад станоўчых эмоцый і энергетыкі бабы Каці і ўдзельніц калектыва становіцца цёпла, хораша, утульна ўсім! Вось што робіць сапраўднае мастацтва!

Колькі сябе памятае баба Каця — спявала з маленства, як і ўсе яе родныя, блізкія, суседзі. Цяжкае жыццё пражыла, распавядае, як сама і стагі клала, і ўсю мужчынскую работу рабіла, самой прыйшлося падымаць дзяцей, а потым, так распарадзіўся лёс, і ўнукаў, хоць “не заўсёды было да песень”. “Шэсць сыноў нарадзіла, — жартуе. — Нейкая жывучая я. Дзевяноста пяць буду жыць. А потым яшчэ пяць прыбаўлю, бо спяваць хачу і карагод весці!”

Нявеста коміна

А спяваць у Пагосце заўсёды спявалі: і на святыя святы, Раство і Пасху, і на Іванаў дзень, і на “жаніцьбу коміна”. Кацярына Панчэня з дзяцінства памятае, як дома яе бацькі жанілі коміна. Бацька бабы Каці быў гарманістам, таму ў госці да сям’і кожны год прыходзілі людзі, каб задобрыць сімвал хатняга ачага восеньскім абрадам. Таму ўдзельніцы группы “Міжрэчча” пра абрад не забываюць. Яны стварылі макет коміна і “жэняць”яго штогод, а калі едуць турысты — то і штодня. У ролі нявесты коміна выступае ўпрыгожаная печ. Вось і нам пашчаслівілася паўдзельнічаць у гэтым “вяселлі”. Баба Каця звяртаецца да коміна са словамі: “Згінь, нячысты дух! Каб Бог спас худобу, каб захаваў дзяток маленькіх і не забыў нас, старэнькіх!” Падчас абраду спявалі разам з бабай Кацяй песні, ухвалялі гаспадара дома, вадзілі карагоды, а ўжо падчас застолля, якім абавязкова заканчваецца абрад, запявалі бяседные песні і песні пра каханне.

У мясцовым клубе Кацярына Аляксееўна штодня, як і сорак гадоў таму, калі стварыла фальклорны калектыў “Міжрэчча”, працуе з чыстым сэрцам і душой, захоўвае традыцыі і абрады бацькоў, вучыць гэтаму моладзь, з задавальненнем сустракае гасцей, вядомых і невядомых, выпякае хлеб, пампушкі з хлебнага цеста. І мы за абрадавым сталом пачаставалі і калінаўнік, і кісель, і тушаную ў печы бульбу і галубцы па старадаўніх рацэптах. У краме такой смакаты не купіш!

Ганаровая грамадзянка

Ад’язджаць не хацелася. Наранку сустрэліся ўжо ў Тураве на святочных мерапрыемствах, прысвечаных 1040-годдзю Турава, і на раённых дажынках, дзе “Жывіца”, як заўсёды, парадавала сваім выступленнем і з задавальненнем далучыліся да віншаванняў Кацярыне Аляксееўне з нагоды прысваення ёй звання “Ганаровы грамадзянін Жыткавіцкага раёна”. І зноў гучалі песні і жарты ад бабы Каці, якую пазначыў Бог талентам, працавітасцю, энергічнасцю, настойлівасцю, верай у справядлівасць і дабро.

Скажу напрыканцы шчыра: з жывымі традыцыямі, як мне бачыцца, у нас ёсць праблемы. Два вядучых калектыва: народны тэатр народнай песні “Матуліна песня” Жытамлянскага дома фальклору (кіраўнік Тарэса Адамовіч) і народны фальклорны гурт “Жывіца” Квасоўскага Цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці (кіраўнік Людміла Касянчук) ды яшчэ дзясятак людзей з устаноў культуры раёна праводзяць змястоўную работу па захаванні і адраджэнні традыцый. Але ці дастаткова гэтага? А чаму б працу культработнікаў не ацэньваць яшчэ і па колькасці захаваных традыцый?

Наталля РАМАНОВІЧ, вядучы метадыст Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра