Без мэты няма дасягнення

№ 45 (1484) 07.11.2020 - 13.11.2020 г

Усё правільна, галоўнае мэту перад сабой паставіць ды ісці да яе, ні на што не зважаючы. Як паказвае практыка, у тым ліку і творчая, пры строгім захаванні гэтых умоў любая мэта скараецца. Была мэта і ў жаночага вакальнага гурта “Песні над Дняпром” — стаць лаўрэатам міжнароднага фэсту. Дзейнічае калектыў пры аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў і грамадзян сталага ўзросту Брагінскага тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе ўваходзіць у клуб “У коле сяброў”. Пры гэтым мае гурт немалы аўтарытэт на Гомельшчыне, а вось з замежнымі калегамі сапернічаць пакуль не даводзілася. А вельмі хацелася сілы паспрабаваць. Вось нядаўна такі шанц у спявачак з’явіўся. Чаго вельмі жадаеш, тое пастаянна і здзяйсняецца.

/i/content/pi/cult/823/17600/16.jpgТак і здарылася. У Гомелі прайшоў першы міжнародны інтэрнэт-фестываль народных талентаў. “Песні над Дняпром” падрыхтавалі для гэтага аўтарытэтнага мерапрыемства два відэанумары. Хваляваліся, як распавядае кіраўнік гурта Ліна Пятніцкая, вельмі, бо апрача рускіх ды беларускіх калег прынялі ў фэсце ўдзел і самадзейныя артысты з Нідэрландаў. Аднак беларускі вакал па-брагінску так уразіў прысутных, што “Песні над Дняпром” па заслугах сталі лаўрэатам міжнароднага фэсту. Час ставіць чарговую мэту. Сёння здзейснілася і мая: урэшце “К” змясціла на сваіх старонках інфармацыю з Гомельскай вобласці. Справа, прызнацца, даволі рэдкая. Але начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брагінскага райвыканкама Сяргей Даўгулявец паабяцаў сітуацыю выправіць.

Пачаў згадваць, калі ж у мяне з’явіліся першыя маштабныя мэты. Атрымалася, што ў годзе 1975, калі быў я ў 8 класе. І аказаліся яны на той момант недасягальнымі. Тлумачу. Першая мэта (матэрыяльная), набыць сапраўдныя джынсы, каштавала тады роўна 220 рублёў — амаль дзве месячныя зарплаты маіх бацькаў-настаўнікаў. (Не, “джынсавую” мэту я рэалізаваў, але праз пару гадоў, калі ўладкаваўся летам слесарам у сельгастэхніку.) Другая мэта была духоўнай: знайсці і прачытаць “Момант ісціны” Уладзіміра Багамолава. Кніжка з’явілася, калі не памыляюся, у 1973 годзе і літаральна ўвобмірг здолела стаць бестселерам. Але і тут мне не пашчасціла: ні ў школьнай, ні ў раённай, тым больш — у дзіцячай бібліятэках гэтай кніжкі не было, бо “фарца” не спала ў шапку і перакуплівала ўсё на корані. Блаславёны час, калі добрая кніга была супердэфіцытам! Так што “Момант ісціны” я прачытаў у джынсах, тады, калі бацька аднакласніка, апантаны збіральнік добрай літаратуры, усё ж займеў запаветнага Багамолава. Дарэчы, прыкладна тым жа фінансавым шляхам, што і я джынсы. Так што варта вымяраць свае мэты-жаданні са сваімі грашовымі магчымасцямі.

Вельмі хачу, каб наступная мэта стала жаданай (і дасягальнай!) для ўсіх свядомых насельнікаў нашай любай краіны. Сутнасць мэты ўкладаецца ў нескладаны слоган: “Калі шануеш Беларусь, дык павінен ведаць пра яе ўсё!” Прынамсі, імкнуцца да гэтага трэба кожнаму. А канкрэтызаваць нашы жаданні заўжды дапамогуць спецыялісты. Да прыкладу, вядучы метадыст Шчучынскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Павел Войкель дае даволі слушную параду: “Аматарам незвычайнага варта наведаць наш раён, бо тут знаходзіцца вялікая колькасць аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Бадай самы цікавы можна паглядзець у вёсцы Ішчална. Менавіта тут знаходзіцца самы старадаўні гарызантальны сонечны гадзіннік у Гродзенскай вобласці. Аб’ект размешчаны ў двары Троіцкага касцёла, аднаго з самых велічных помнікаў культавай архітэктуры Шчучыншчыны. Сонечны гадзіннік быў зроблены ў Вільна вядомым майстрам Малецкім у сярэдзіне XVIII века. На круглым пастаменце з каменю вышынёй каля метра і дыяметрам у паўметра стальнымі стрыжнямі прымацавана круглая медная пласцінка. Гадзіннік быў адрэгуляваны з улікам дакладнага геаграфічнага становішча мясцовага касцёла. Унікальны аб’ект захаваўся вельмі добра. Не хапала толькі гномана — дэталі, якая адкідвае цень і такім чынам паказвае час. Сёлета супрацоўнікі раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці ўстанавілі новую дэталь пад вуглом, роўным геаграфічнай шыраце мясцовасці”. Так што жывіце сонечна і прыязджайце зверыць асабісты гадзіннік з часам вёскі Ішчална.

Тэма экалогіі ў нас абяцае быць пастаяннай. І цудоўна! На мой погляд, засмечванне планеты — адна з надзённых праблем сучаснасці. І жаданне тут ва ўсіх павінна быць адзіным: не крыўдзіць Зямлю і ставіцца да яе, як да жывой, добрай істоты. Менавіта пра гэта піша нам загадчык Свіслацкай дзіцячай бібліятэкі Тамара Янцэвіч. 28 кастрычніка чытачы ўстановы адправіліся ў эрудыт-круіз “Тайны нязведаных сцежак”. Яны адгадвалі загадкі старога дуба, знаёміліся з галасамі жывёл, спрабавалі сябраваць з птушкамі. А потым кожны павінен быў паказаць упадабаную істоту. Актыўныя ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі ў падарунак хатнія расліны. Гаворка ішла і пра кнігі, прысвечаныя прыродзе. На мой погляд, лепшым творам на гэтую тэматыку застаюцца “Палескія рабінзоны” Янкі Маўра. Супрацоўнкі Коласаўскага музея неяк расказвалі, што Янка Маўр вельмі любіў незвычайнае і на нелегальную настаўніцкую сходку (апісаную ў трылогіі Якуба Коласа “На ростанях”) прыехаў на ровары.

Тэму ўнікальнай беларускай прыроды працягвае Канстанцін Карнялюк з Віцебска. Гэтым разам ён піша пра наш лес, які займае ці не палову беларускай плошчы. Самы старажытны еўрапейскі лес — Белавежская пушча — нашы нацыянальны гонар і набытак. Нам, супрацоўнікам “К”, падчас выязной рэдакцыі на Брэстчыну, паказвалі самую высокую ў Еўропе яліну — жыхарку менавіта Белавежскай пушчы. Далей спадар Карнялюк піша пра Палессе і называе яго “Лясным раем”. Спасылкі на “Палескую хроніку” Івана Мележа падаюцца тут надзвычай дарэчнымі. Нагадвае аўтар і пра тое, што ў межах Беларускага Палесся размешчаны Прыпяцкі нацыянальны парк, Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік. І выснова дадзеных нататак наступная: “Лічу, што кожны беларус хоць раз у жыцці павінен здзейсніць падарожжа па Палессі, павінен убачыць, адчуць і зразумець гэты таямнічы і загадкавы край Бацькаўшчыны!” Як патомны паляшук не магу не далучыцца да такога цудоўнага пажадання. Хто яшчэ пасярод бясконцай дрыгвы не адчуваў сябе Рабінзонам? У вас ёсць шанец. Стаўце мэту і дасягайце яе.

Упершыню вельмі маштабна пазнаёміўся з інсітным мастацтвам гадоў дзесяць таму ў Нараўлянскім музеі. Потым было інсітнае мастацтва Віцебшчыны, якое прызнана на сёння гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Вось так паступова і зразумеў, што сіла наіву ў ягонай шчырасці. І такі мастацкі фармат самавукаў падаецца непераможным і пазаканкурэнтным. Паверце, гэта вельмі складана — не схлусіць у творчасці. Для чаго я ўсё гэта? 5 лістапада Віцебскі абласны краязнаўчы музей і Віцебскі абласны метадычны Цэнтр народнай творчасці адкрылі шостую Нацыянальную выставу інсітнага мастацтва “INSITUS — 2020”. Падзея прысвечана 380-годдзю з дня нараджэння разьбяра і друкара, стваральніка Бібліі ў карцінках для народа Васіля Кораня. Галоўная тэма выставы — арткніга, сінтэз візуальнага вобраза і слова ў непрафесійным выяўленчым мастацтве. У экспазіцыі — творы пра нашу гісторыю і культуру, пра асветнікаў, майстроў, мастакоў і літаратараў, пра прыродныя матывы і сюжэты паўсядзённага жыцця. На выставе прадстаўлены і рэтраспектыўны раздзел твораў інсітнага мастацтва канца XX  — пачатку XXI стагоддзя. Падчас адкрыцця мерапрыемства народны майстар з Глыбокага Віктар Дудкевіч прадэманстраваў старажытную тэхналогію друкавання на рэканструяваным варштаце. Запланавана прэзентацыя альбома наіўнай мастачкі Антаніны Маісеевай “Антаніна Маісеева. Жыццё ў карцінках: жывапіс, графіка, успаміны, вершы.” Інакш кажучы, у Віцебску вас чакае яшчэ адна мэта задавальнення духоўнай патрэбы: інсітнае мастацтва, якое вучыць шчырай любові да шчаслівага жыцця. Мэта, вартая дасягнення.

Апошняя на сёння навіна з Бабруйска. Мастацкі кіраўнік Палаца мастацтваў горада Наталля Шулікова піша пра канцэрт у санаторыі Светлагорскага раёна “Сярэбраныя крыніцы”. Там прайшоў традыцыйны выязны канцэрт, прысвечаны восені. Выступленні узорнага ансамбля танцаў “Фьюжн” (кіраўнік Вікторыя Крукава), студыі арабскага танца “Шахрызад” (Анжаліка Прахарэнка) і салісткі народнага эстраднага ансамбля “Саўнд” (Кацярына Каўрыжкіна) і склалі тым вечарам восеньскую музыку любові да жыцця.

Пішыце пра цікавае і беражыце сябе!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"