Юбілейная дата і пазачасавы кантэкст

№ 44 (1483) 31.10.2020 - 06.11.2020 г

31 кастрычніка Льву Мікалаевічу Гумілеўскаму спаўняецца 90 гадоў. Зробленае ім — здабытак нацыі, а сам ён належыць да кагорты вялікіх мастакоў савецкай эпохі, якія і ў незалежнай Беларусі не згубілі творчы імпэт і па-ранейшаму плённа працуюць дзеля культурніцкага суверэнітэту нашай краіны. У гэтым няцяжка пераканацца, паглядзеўшы ягоную выставу ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Яе назва “Мой кліч векавы”.

/i/content/pi/cult/822/17583/14.jpgНекаторыя творы на выставе, выкананыя мэтрам у суаўтарстве с сынам. Леў і Сяргей Гумілеўскія ў творчым сэнсе аднадумцы, таму ім лёгка працаваць разам. Выстава невялікая. На экспазіцыйных плошчах Купалавага дома можна ладзіць толькі камерныя мастацкія імпрэзы. Але, як гавораць, добрая песня можа быць і не шматслоўнай. Да таго ж месца намоленае і, што надзвычай важна, для Льва Мікалаевіча гэтая геалакацыя мае сімвалічны сэнс. Менавіта на Купалаўскай тэме ён узняўся як творца. Ягонае ўзыходжанне да славы фактычна распачалося з працы над помнікам Песняру, які разам з музеем і Купалаўскім паркам увогуле з’яўляюцца мемарыяльным комплексам у гонар генія нашай літаратуры.

Згаданы помнік знакавы не толькі ў творчасці Льва Мікалаевіча, але і для ўсёй гісторыі мастацкай культуры нашай краіны. Ён паўстаў у 1972 годзе, калі Беларусь святкавала 90-годдзе з дня нараджання Песняра. Дакладней, Песняроў, бо Купала і Колас з аднаго года. Ушанаваць помнікам аднаго і праігнараваць другога было б надта ж некарэктным. Таму паводле ўрадавай пастановы ў адзін год у сталіцы рэспублікі паўсталі адначасова два велізарныя помнікі дзеячам нацыянальнай культуры. Гэта падзея, асабліва па тым часе, можа ў пэўным сэнсе лічыцца надзвычайнай, бо нацыянальны чыннік у сацыяльным кантэксце дазіраваўся, і калі даваўся дазвол на стварэнне нейкага мемарыяльнага знака ў гонар нацыянальнай гісторыі і культуры, дык ён мусіў быць “ураўнаважаным” нейкім грунтоўным камуністычна-савецкім мемарыялам. І вось з’яўляюцца ў Мінску ў адзін год два нацыянальных помніка, якія па значнасці для гарадскога асяроддзя і ментальнага настрою мінчукоў сталі ў адзін шэраг з помнікам Леніну перад Домам урада і абеліскам на Плошчы Перамогі. Без перабольшвання для нашай сталіцы гэта падзея рэвалюцыйнага характару.

Цікава яшчэ і тое, што ў 1972 годзе ў сталічнай прасторы сутыкнуліся, сышліся ў творчым спаборніцтве эпоха, што адыходзіла — яна ўвасоблена ў помніку Коласу аўтарства Заіра Азгура — і новая эпоха. Яе вестунамі сталі адносна маладыя тады Гумілеўскі, Анікейчык, Заспіцкі, што стварылі помнік Купалу. Сышліся артадаксальны сацрэалізм і нацыянальная рамантыка. Кожны з аўтараў гэтага помніка зрабіў свой унёсак у стварэнне шэдэўра. Мне ж падабаецца шляхетнасць у вобразе Песняра ад Льва Гумілеўскага. Удакладню, шляхетнаць у спалучэнні з дэмакратызмам. Бо сапраўдная шляхетнасць — гэта і ёсць найвышэйшае ўвасабленне народнасці.

Потым Купала, ягоная паэзія, узнёслая і роспачная, Купалавы аптымізм і пакутлівыя развагі пра лёс Айчыны, драматычны жыццяпіс і трагічная смерць сталі ўжо вызначальнымі ў творчасці Льва Гумілеўскага. Нават у тых выпадках, калі звяртаўся да тэм, наўпрост з Песняром не звязаных. Гэта таму што Купала і Беларусь — сінонімы.

Леў Гумілеўскі ўвасабляе ў нашым мастацтве традыцыю. Я з вялікай павагай стаўлюся да новых павеваў, да пошуку новых сродкаў выразнасці, але ўпэўнены, што будаваць можна толькі на трывалым грунце. Гаворка не толькі пра стылістыку, пра пластыку, якую ў супрацьвагу акадэмічнай называюць “сучаснай”. Так, за апошнім часам назіраюцца цікавыя тэндэнцыі ў пластыцы, найперш дэкаратыўнай. І фармальны пошук, на жаль, часта ўяўляе рэфлексію нават без намёку на канцэптуальнасць. Калі яно для жытла ці офіса, дык і хай сабе. Але скульптура здольная на большыя справы, чым проста эстэтычная аздоба побыту. Яна можа арганізоўваць грамадскую прастору і спрыяць удасканальванню соцыума. Бо помнік на плошчы — гэта сярод іншага яшчэ і маральны арыенцір для грамады.

/i/content/pi/cult/822/17583/15.jpgЗ іншага боку, трэба сказаць і пра тое, што ў сталіцы краіны, якая больш як чвэрць стагоддзя мае суверэнны статус, пакуль няма манумента Незалежнасці. Тут мы не спяшаемся даганяць краіны постсавецкай і посткамуністычнай прасторы. І ў Льва Мікалаевіча ёсць цікавыя думкі, наконт таго, якім мусіць быць такі манумент і дзе ў Мінску для яго найлепшае месца.

Адзначу яшчэ тое, што творы Льва Гумілеўскага, і станковыя, і манументальныя, хоць і з’яўляюцца мастацкімі дакументамі гісторыі, бо ў іх выразна выяўлена ўласцівая канкрэтнаму часу эстэтыка і стан грамадскай думкі, звернутыя яны ўсё ж у гістарычную перспектыву. Бо з гадамі ў іх прачытваецца глыбінны сэнс. Ягоны помнік у Магілёве, што мае ў аснове станковую скульптуру “Крылатая”, паводле замовы рабіўся як манумент у гонар барацьбітоў за савецкую ўладу. Сёння ўлада іншая, і высветлілася, што ў ім няма ні каліва “савецкасці”, калі пад ёй разумець артадаксальны камунізм і звязаную з ім сацыяльную практыку. Гэта проста вельмі ўдалы манумент, якія распавядае ў форме пафаснай, але шчырай, пра гісторыю важнага перыяду ў жыцці беларускай нацыі. Гэта свайго роду прататып будучага манумента Незалежнасці, дзе ніжні ярус — аповед пра найбольш яскравыя падзеі нацыянальнай гісторыі, а на вяршыні — сімвалічная постаць, што ўвасабляе Беларусь.

І зноў пра Купалу… “Падымайся з нізін, сакаліна сям’я, над крыжамі бацькоў, над нягодамі; занімай, Беларусь, маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!”

Мастак, які здолеў перакласці на візуальную мову гэтыя геніяльныя словы, малады заўсёды. Незалежна ад узросту. Леў Гумілеўскі гэта зрабіў.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"