“Шчаўкунок” адрадзіцца змог

№ 44 (1483) 31.10.2020 - 06.11.2020 г

У сярэдзіне кастрычніка адбылася прэм’ера балета “Шчаўкунок” у новай аўтарскай рэдакцыі мастацкага кіраўніка нашага Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра, народнага артыста Беларусі і СССР Валянціна Елізар’ева.

/i/content/pi/cult/822/17581/Kultura 44 pages 8-9.jpgМожна лічыць, майстар сам сабе зрабіў падарунак да дня народзінаў, што адбыўся акурат учора. Але насамрэч гэта шыкоўны падарунак для ўсіх прыхільнікаў харэаграфічнага і, шырэй, музычна-тэатральнага мастацтва, прычым не толькі нашай краіны, але і многіх іншых. Менавіта “Шчаўкунок” яшчэ з часоў сваёй колішняй прэм’еры ў 1982-м быў адным з самых запатрабаваных гастрольных найменняў, ахапіўшы каля 20-ці краін: Аўстрыю, Бельгію, В’етнам, Вялікабрытанію, Германію, Егіпет, Іспанію, Кітай, у тым ліку Ганконг, Нідэрланды, Паўднёвую Карэю, Партугалію, Сінгапур, Сірыю, Таіланд, Францыю, Швейцарыю і іншыя. Трэба спадзявацца, не менш шчаслівы лёс чакае цяперашнюю версію спектакля. А тое, што падрыхтаваны чатыры склады салістаў (а на некаторыя партыі механічных цацак Драсельмеера ўвогуле заяўлены ажно па пяцёра артыстаў), дазволіць штораз бачыць спектакль іншым, з рознай расстаноўкай сіл, новымі сэнсавымі адгалінаваннямі.

/i/content/pi/cult/822/17581/12.jpgТакая разнастайнасць інтэрпрэтацый вызначылася ўжо на першых прэм’ерных праглядах, з якіх я патрапіла на другі. Дык якой жа паўстала вядомая казка? Калі сцісла — надзвычай прыгожай і даволі філасофскай. Бо ў ёй закрануты адразу некалькі актуальных тэм, якія кожны вольны “паварочваць” у свой бок, разглядаючы з розных сэнсавых ракурсаў.

Адна з вечных тэм — дзяцінства, якое незаўважна перарастае ў тынэйджарства, а там і юнацтва. Другая — свет фантазій, той “віртуальнасці”, што перагукаецца з рэальнасцю, адбіваецца ў ёй, фарміруе чалавечую асобу. Трэцяя — людзі і лялькі, дзе яны часам быццам змяняюцца месцамі. А разам з гэтым — магчымасці і праблемы сублімацыі, бо лялечны Шкаўкунок (Настасся Белаконь) замяняе Машы блізкага сябра. Яшчэ адна тэма — адзінота і пошук не столькі суразмоўцаў, колькі тых, хто цябе зразумее і тым самым дапаможа табе зразумець сябе самога. Повязь пакаленняў, калі старэйшае шукае спадкаемнікаў, а малодшае — мудрых дарадчыкаў. А над усім — тэма творчасці, прыгажосці і дабрыні ў самых шырокіх сэнсах гэтых слоў. Увесь спектакль — бы чароўнае фэнтазі, гімн творцу і майстру-прыдумшчыку: менавіта Драсельмеер часам “дырыжыруе” навакольнымі. Пры такім раскладзе сюіта другой дзеі, дзе замест “ажылых” прысмакаў паўстаюць лялькі розных народаў, становіцца размовай аб прыгажосці і бясконцасці яе нацыянальных увасабленняў: на іспанскі манер (Яна Штангей, Юрый Кавалёў), персіцкі (Таццяна Уласень, Ігар Мацкевіч), рускі (Аляксандра Чыжык, Антон Краўчанка), японскі (Ксенія Ржэўская, Такатошы Мачыяма), французскі (Дар’я Мядоўская, Тара Курачы).

Як бачым, пры ўсёй вядомасці сюжэта, яго галоўнай лініяй становіцца зусім не барацьба з мышамі і звыклы падзел герояў на “нашых” і “ворагаў”. Уласна кажучы, ворагаў тут папросту няма, бо Каралём мышэй, апрануўшы маску, становіцца майстар лялек. А вось шэры натоўп — ёсць. Калі замест мілай, хоць крыху дзіўнаватай у сваёй агрэсіі Карыны Малахоўскай у партыі Мышкі (бо маленькая, а хоча напужаць) пазней з’яўляецца суцэльнае мышынае войска, робіцца страшна: яно шырыцца, памнажаецца на нашых вачах, запаўняе ўсю сцэну. Узнікаюць паралелі з Сёмай сімфоніяй Д.Шастаковіча, дзе мелодыя, спачатку смешная ў сваёй “цацачнасці”, узрастае да тэмы “машынерыі”, жудаснага, няўмольнага механізму сталінскіх рэпрэсій (сёння ўжо шырока вядома, што менавіта так трактавалася самім кампазітарам тэма, названая музыказнаўцамі “фашысцкім нашэсцем”). Гэта надае абліччу Драсельмеера той дуалізм і “бінарнасць апазіцый”, што дазваляюць адштурхнуцца ад балета і рушыць у бок глыбокіх філасофскіх даследаванняў. У фінальным паядынку Шчаўкунка з Каралём мышэй выратоўвае простае зняцце маскі — і кожны паўстае самім сабой, а значыць, можа па-чалавечы дамовіцца з супрацьлеглым бокам, якога насамрэч, як аказваецца, увогуле няма: гэткая барацьба са сваім жа адбіткам у люстэрку.

На другім прэм’ерным паказе Драсельмеер (Эвен Капітэн) і Прынц (Арцём Банькоўскі) па сваім росце і агульнай постаці аказаліся амаль “клонамі” адзін аднаго. Гісторыя адразу набыла дадатковы паварот: пры аднолькавых знешніх параметрах Маша спыняе свой выбар не на жывым майстры, ад якога кожную хвіліну можна чакаць новых арыгінальных прыдумак, а на зробленай ім ляльцы-копіі — даволі прадказальнай, мала эмацыйнай, “паслухмянай”. Ці ж не проза жыцця? Такое апісанне літаральна некалькіх дэталяў дазваляе зразумець, што ў цяперашнім балеце закрануты найперш глыбінныя філасофскія рэчы, прычым яны “прапісаны” на мове пластыкі і харэаграфіі куды лепей, чым гэта можна было б зрабіць з дапамогай літаратуры і тым больш публіцыстыкі.

Падобных “маленькіх адкрыццяў”, пабудаваных на асацыятыўных шэрагах, у спектаклі — безліч. Прычым даволі вялікая іх частка была зададзена мастаком-пастаноўшчыкам Яўгеніем Лысікам, 90-годдзе з дня народзінаў якога шырока адзначалася тэатрам і пра якога неаднаразова пісала “К”.

Ружовая і блакітная лялькі на авансцэне, што глядзяць у залу нават пры зачыненай завесе, успрымаюцца як іншы сусвет, аддзелены ад нас мяжой-рампай. Калядная ёлка на задніку, да якой пракладзены шлях з лямпачных гірляндаў, — як “светлае далёка”. Маляваныя елкі ў іншых сцэнах — з адценнем барочнасці, бо падобны да гатычна-фантазійных замкаў-вежаў. Лялечны “іканастас” Драсельмеера — як падказка, на каго “моліцца” гэты герой, і адначасова — напамін пра моцныя біблейска-хрысціянскія матывы ў творчасці народнага мастака Украіны. Заднік у сцэне мышынай бойкі быццам “прадчувае” невядомыя ў нас на тае часы “Зорныя войны”. А сам Драсельмеер у пералічаным асяродку ўспрымаецца “правадніком” між двума сусветамі — рэальным і казачным. Невыпадкова тонкія стужачкі сцэнічнага строю Машы-прынцэсы, што лётаюць-лунаюць у яе за спінай, часам нагадваюць крылцы Сільфіды. І ўжо адно гэта надае гераіне ўзнёсласці, адухоўленасці, тонкай паэтычнасці. Робіць яе не проста дзяўчынкай, а яшчэ і гэткай “госцяй з будучыні” — іншымі словамі, прадстаўніцай маладога пакалення, якое аказваецца не такім дрэнным, як прынята лічыць.

Ідэалізацыя? Зусім не. Дастаткова зірнуць, як Маша (Людміла Уланцава), бы той месяцавы ці нават сонечны праменьчык, бяжыць-ляціць скрозь цемру ў пачатку спектакля — насустрач святу і святлу. Ці ж можна падмануць такую дзяўчынку? Ні ў якім разе. Ледзь яна прыбягае ў царства лялек, створанае майстрам, сцэна літаральна ўспыхвае буяннем фарбаў, радасным зіхаценнем. Фантазіі, мроі? Драсельмеер робіць усё, каб “казка ажыла”. Дый трэба бачыць, як і сама Маша з усёй дзіцячай непасрэднасцю, шчырым запалам імкнецца “ажывіць” лялек, зрабіць светлыя мроі рэальнасцю.

Знакаміты “Вальс сняжынак” геніяльны П.Чайкоўскі асвятляе гучаннем дзіцячага хору. Чуйны да музыкі В.Елізар’еў скіроўвае ў гэты момант сняжынак да Машы — і тыя збягаюцца да яе, бы да шматдзетнай маці ці выхавацелькі дзіцячага садочку. А пазней сімвалізуюць, амаль паводле М.Гогаля, легендарных “птушак-троек”, што суправаджаюць герояў у тое “цудоўнае далёка”, дзе не толькі лялькі, але і народы свету жывуць у міры і згодзе.

Многія згаданыя рэчы папросту не “чыталіся” б, калі б не ўдумлівы, дэталёва вывераны, асветлены натхненнем і музычнай выразнасцю падыход дырыжора-пастаноўшчыка Вячаслава Чарнухі-Воліча. Калі некаторым артыстам балету і можна было прад’явіць нейкія прэтэнзіі (той жа Вальс кветак яшчэ патрабуе працы над сінхронам), дык аркестру — не. Уверцюра, выкананая літаральна на адным дыханні, з самага пачатку стварыла атмасферу чараўніцтва, лёгкага хвалявання, прадчування шчасця. Тая ж высокая рэйка беражлівага стаўлення да партытуры і традыцый яе выканання, што не мае нічога агульнага з выканальніцкімі клішэ, захавалася і надалей: музыка была папраўдзе жывой, ніколькі не “стомленай” ад сваёй папулярнасці — наадварот, гучала шчыра, свежа, быццам ігралася ў першы і апошні раз.

Ну, а колькі раз яе слухаць і пры гэтым глядзець балет, публіка ўжо вырашыла: зала была аншлагавай. Упэўнена, такой яна будзе на кожным чарговым паказе гэтага спектакля, аднолькава цікавага дзецям і дарослым.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"