Нарадзіўся Уладзімір Уладамірскі ў цяперашнім Каунасе, былым Коўне, у сялянскай сям’і. Яго бацька Іосіф Хведаравіч Малейка працаваў дзесятнікам плывучага разваднога моста на Нёмане, і таму самыя моцныя дзіцячыя ўражанні маленькага Валодзі былі, натуральна, звязаны з гэтай магутнай ракой. Ён часта прыходзіў да бацькі, знаходзіў утульную мясціну на беразе шырокай і хуткаплыннай ракі і, гледзячы, як яна нясе свае воды некуды ўдалячынь, з захапленнем слухаў беларускія песні. Іх спявалі нёманскія плытагоны. Гэтыя песні — сумныя і тужлівыя, вясёлыя і раздольныя, — якія раптам з’яўляліся з-за рачных паваротаў і знікалі недзе ўдалечыні, поўніліся нейкай невядомай, прывабнай сілай.
Сярод гульняў, звыклых для вясковых хлапчукоў, у Валодзі была адна забаўка, якой не мелі іншыя дзеці ў ягонай акрузе: нехта са знаёмых падарыў хлопчыку на дзень нараджэння кардонны дзіцячы тэатр, у якім прадстаўлялася опера Глінкі “Іван Сусанін”. Асаблівы інтарэс гэтай гульні дадавала тое, што хлопчык сам, адвольна, мог мяняць малюнкі, з’явы і нават персанажаў дзеі, перастаўляючы фігуркі выканаўцаў згодна з уласным жаданнем.
Сам жа тэатр быў як сапраўдны, нават заслона ўласная мелася. І Валодзя шторазу, збіраючы дамашніх і сяброў, ладзіў для іх спектаклі, заўсёды імкнучыся ўнесці ў дзею штосьці новае: ці то расстаўляючы па-іншаму фігуры, ці то выкарыстоўваючы “светлавыя эфекты”, усталяваўшы свечкі ў патрэбных, на яго погляд, месцах.
Але падобная “рэжысёрская дзейнасць” не да канца задавальняла зацікаўленняў хлапчука, і ў гадоў 7-8 ён вырашыў, што сам мусіць быць галоўным “удзельнікам” сваіх прадстаўленняў, без якіх, звычайна, не праходзіла і дня. Праўда, былі яны даволі няхітрыя: хлопчык вымазваў твар сажай з печы, выварочваў бацькаў кажух і, прытаіўшыся ў зацішным месцы, нечаканым сваім з’яўленнем палохаў хатніх. Натуральна, што за такі “тэатр” яму нярэдка даставалася на арэхі.
Затое калі бацькі аддалі Валодзю ў народнае вучылішча, а праз год — у гімназію, для хлопца адкрыліся цудоўныя магчымасці ў рэалізацыі ўласных тэатральных захапленняў. Ужо ў першым класе ён прыняў удзелу прадстаўленні “Мядзведзь і вартавы”, якое напісаў вучань старэйшага класа. Вось тут і прыдаліся хлопцу, якому была даручана роля Мядзведзя, бацькаў вывернуты кажух, вялікія валёнкі, футравая шапка, нацягнутая на самыя вочы, і “талент” нечакана з’яўляцца нібыта ніадкуль, палохаючы ўсіх прысутных.
Першая “сустрэча” з настаўнікам — у армііУ 1913 годзе, пасля заканчэння гімназіі, Уладамірскі трапляе вольназапісаным у армію, дзе, аднак, не пакідае свайго захаплення тэатрам. Ён бярэ актыўны ўдзел у армейскай самадзейнасці. У гэты час адным з улюбёных аўтараў маладога вайскоўца, у мініяцюрах якога ён з задавальненнем выступае, становіцца Еўсцігней Міровіч, будучы мастацкі кіраўнік Першага беларускага дзяржаўнага таэтра, а пакуль што — малады драматург з Пецярбурга. Асабліва палюбілася Уладамірскаму мініяцюра “Вова прыстасаваўся”, дзе ён іграў, вядома ж, галоўную ролю.
У 1919 годзе ён дабраахвотна ўступае ў Чырвоную армію, і калі праз год у Бабруйску арганізуецца гарнізонны тэатр, Уладамірскі, натуральна, трапляе туды, іграе там ролі ў п’есах Астроўскага “Свеціць, ды не грэе”, “На бойкім месцы”, “Не ўсё кату масленка”. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны Уладзімір Уладамірскі становіцца загадчыкам клуба пры вайсковым шпіталі ў Бабруйску, а па сумяшчальніцтве — акцёрам гарадскога Рускага драматычнага тэатра, што і вырашае канчаткова яго будучы лёс. У 1924 годзе ён едзе ў Мінск для таго, каб трапіць у трупу БДТ-1.
Ад салдата да…Прыехаўшы ў Мінск да Міровіча, Уладамірскі перш-наперш расказаў яму пра сваё захапленне не толькі тэатрам, але і ягонымі, Міровічавымі, п’есамі. Той, мудры кіраўнік, запытаўся: “А каго з маіх герояў вы б хацелі сыграць?” Уладамірскі задумаўся, а потым даў адказ, які здзівіў і зацікавіў Міровіча: “Дайце мне сыграць Маставога!” Роля салдата Маставога ў спектаклі “Кастусь Каліноўскі” — эпізадычная, і далёка не кожны малады амбіцыйны акцёр пагнаўся б за ёю. Але акурат гэта сцвердзіла ў вачах Міровіча сур’ёзнае стаўленне Уладамірскага да тэатра, і ўжо праз некаторы час глядач убачыў у спектаклі “Кастусь Каліноўскі” новага акцёра.
Але папраўдзе прафесійнае нараджэнне Уладамірскагаяк акцёра адбылося ў ролях Каўеля (“Мешчанін у шляхецтве”) і Блазна (“Каваль-ваявода”). Міровіч спыніў свой выбар на гэтымакцёры для ролі Каўеля найперш таму, што ўжо даўно звярнуў увагу на яго выключную лёгкасць і свабоду рухаў. Рэжысёр адзначыў: роля разумнага слугі, які спрытна зладжвае любоўныя справы свае і свайго пана і пры гэтым дасціпна ашуквае Журдэна, напісана быццам бы адмыслова для Уладамірскага.
Бліскучая віртуознасць ігры, яркі, запамінальны запал і неверагодны поспех акцёра ў гэтым вобразе прывялі да таго, што ўжо Блазна ў сваёй п’есе “Каваль-ваявода” Міровіч пісаў з адмысловым разлікам на Уладамірскага. Акцёр трывала ўваходзіць у “абойму” вядучых майстроў сцэны, і ролям, сыграным ім у гэты час, мог бы пазайздросціць любы з калег. Ён з’яўляецца перад гледачамі ў п’есах, прысвечаных рэвалюцыі, грамадзянскай вайне, першым гадам станаўлення маладой савецкай дзяржавы. Не абмяжоўваючыся адным-адзіным вузкім акцёрскім амплуа, Уладамірскі аднолькава паспяхова стварае вобразы як “станоўчых” герояў, так і “адмоўных”, і ў кожным выпадку яго персанажы здзіўляюць сваёй пераканаўчасцю. З самых знакамітых роляў таго часу варта ўзгадаць злачынцу-балахоўца ў “Перамозе”, дырэктара фабрыкі — у п’есе “Запяюць верацёны”, Брызгаліна ў спектаклі “Кар’ера таварыша Брызгаліна”, здрадніка Чэусава ў “Мецяжы”, кітайца Сін Бін-у ў “Браняпоездзе 14-69”, падхаліма і п’яніцу Мухіна ў “Мосце”…“
Старэйшы брат” Гарлахвацкага з “Хто смяецца апошнім”, з першых хвілін з’яўлення на сцэне Брызгалін усім сваім выглядам паказваў, што ён — асоба незвычайная, выключная: апрануты ў кавалерыйскія боты, карычневы фрэнч з мноствам начэпленых на грудзях значкоў, ён і адносін да сябе патрабаваў адпаведных. Аднак хвіліна за хвілінай акурат праз гэтую гіпертрафіраваную важнасць Уладамірскі раскрываў нам сапраўдную сутнасць махляра і прыстасаванца Брызгаліна.
Назіраў за гандляром шарыкамі
А побач з гэтым “мярзотным” персанажам — роля кітайца Сін Бін-у, які з першых хвілін знаёмства падаецца нам звыклым недалёкім прасцяком, але з кожнай сцэнай акцёр раскрывае нам другое “я” гэтага героя, паказваючы, што ў душы ягонай жывуць шчырыя, сапраўдныя і высакародныя пачуцці, за якія ён гатовы аддаць самае дарагое, што мае, — уласнае жыццё. Акцёр расказваў, што ў працы над гэтай роляй яму вельмі дапамаглі... назіранні за кітайцам, які на адной з мінскіх вуліц гандляваў паветранымі шарыкамі. Акцёр шмат разоў падыходзіў да яго, прыглядаўся так, каб не прыцягваць да сябе ўвагі, потым купляў у яго шарыкі (што, безумоўна, вельмі радавала яго чатырохгадовага сына, які шмат пазней прадоўжыў бацькаву справу і таксама стаў акцёрам Купалаўскага тэатра), доўга пры гэтым таргуючыся, а потым, прыйшоўшы дадому, “прымяраў” свае назіранні да ролі.
Цыганок у “Гуце”, Дыбаў у “Міжбур’і”, Леапольд Гушка ў “Бацькаўшчыне”, Абабурак у “Пагібелі воўка”, Даніла Дрыль у “Партызанах”, Язэп у “Салаўі” і, безумоўна, Гудовіч у спектаклі “З народам” — вось толькі некаторыя з роляў, сыграных Уладзімірам Уладамірскім у спектаклях па творах беларускіх драматургаў. Але не забываўся ён і яшчэ пра аднаго свайго любімага аўтара. У пастаноўках па п’есах Астроўскага Уладамірскі сыграў Апалона Мурзавецкага ў “Ваўках і авечках”, Юсава ў “Даходным месцы”, Шмагу ў “Без віны вінаватых”, Гразнова ў “Праўда добра, а шчасце лепш”…
Нельга не згадаць у выкананні Уладамірскага Івана Каламійцава ў горкаўскіх “Апошніх” 1937 года. Спектакль гэты стаўся этапным не толькі для акцёра, але і для самога Купалаўскага тэатра. Дастаткова толькі згадаць, што па вызначэнні Усерасійскага тэатральнага таварыства “першы і пакуль што адзіны сапраўдны спектакль “Апошнія”, выкананы з сілай і выразнасцю бязлітаснага горкаўскага выкрывання, ажыццявіў Беларускі драматычны тэатр”.
Пастаноўка М.Зорава і І.Раеўскага, бадай, як ніводзін іншы спектакль купалаўцаў, наблізіла тэатр да сістэмы Станіслаўскага, прадэманстраваўшы і дадатковыя творчыя “рэзервы” самога калектыву.
Уладзімір Уладамірскі ў ролі Івана Каламійцава агаліў самыя непрыглядныя бакі асобы, якая паважае ў жыцці адно толькі сілу. Жорсткі, цынічны тыран Каламійцаў, што ў першых сцэнах выклікае страх і жаданне схавацца ад яго, паступова выяўляе і іншыя свае “замаскіраваныя” рысы: панічную боязь адказнасці за свае ўчынкі, страх, што ўвесь яго важны і злавесны выгляд будзе раскрыты, і людзі нарэшце ўбачаць, што перад імі — нікчэмная, нявартая не тое што страху, але і ўвагі істота. І страх гэты кіруе Каламійцавым, ператвараючы яго ў ашчэранага воўка, загнанага ў кут…
* * *
Як часам бывае важна для таго, каб не губляць адчуванне акцёрскай прафесіі, час ад часу ўзгадваць тых, хто складаў славу айчыннага мастацтва ў мінулыя гады. Гэтым разам такое сталася магчымым дзякуючы эксклюзіўным здымкам, дасланым у рэдакцыю Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, за што яго супрацоўнікам вялікі дзякуй.
Таццяна КОМАНАВА