Не пад караоке, а ўжывую

№ 44 (1483) 31.10.2020 - 06.11.2020 г

Вось якая падзея адбылася днямі ў Бераставіцкім раёне: ткачыхі Марыя Кажанеўская ды Алена Марцэвіч атрымалі пасведчанні народных майстроў і першыя на Бераставіччыне займелі гэтае званне. Падзея маштабная не толькі для раёна. Чым больш дасведчаных носьбітаў традыцыйнага беларускага мастацтва, тым мацней гэтае мастацтва ўплывае на нашы светапогляд, густ і духоўнасць. Інакш кажучы, дробязей у сферы рэгіянальнай культуры не бывае. Нават цвік, своечасова і правільна забіты ў новую падлогу танцавальнай залы, робіць гонар работнікам сельскага клуба і рабочым раённай гаспадарчай групы. Іншая справа, што і пра гэтыя працоўныя будні пісаць трэба дасведчана і з вялікім натхненнем. Але не буду аналізаваць якасць нашай пошты, а вярнуся да нашых ткачых з Бераставіцкага раёна.

/i/content/pi/cult/822/17579/10.jpgМарыя Кажанеўская і Алена Барцэвіч — з вёскі Плябанаўцы. Я ўяўляю, як адзначылі свята ў гэтым паселішчы. Нашы вяскоўцы не толькі бяду могуць раздзяліць з суседзямі, але і радасць. Як паказвае практыка, другое зрабіць значна цяжэй, чым першае. Але мяне зноў пацягнула ў бок. Ліст пра нашых ткачых напісала Святлана Ганчарова. І невыпадкова пры гэтым згадала асаблівасці статусу звання “народны майстар”. А яно надаецца майстру народных мастацкіх рамёстваў, вырабы якога “характарызуюцца арганічным увасабленнем калектыўнага мастацкага вопыту беларускага народа, маюць выразную нацыянальную самабытнасць і мастацкую вартасць”… Хто ж такія Кажанеўская і Барцэвіч? Як здолелі дасягнуць у сваіх творах яскравай самабытнасці і немалой вартасці? Ткалі ўсё жыццё, не лічылі, што займаюцца архаікай, бо сапраўднае мастацтва заўжды па-над часам, захавалі і рэканструявалі звыш 60 узораў пераборнага і закладнога ткацтва, распаўсюджанага на Прынёманні. І ў кожнай рэчы прыгожа спявае ды бязмежна радуецца беларуская душа. Аўтарка Святлана Ганчарова робіць выснову: наш традыцыйны, вясковага паходжання арнамент даўно займеў прапіску “гараджаніна”, стаў элементам прамысловых лагатыпаў, рэкламы, кніжных выданняў, адзення, прадметаў быту, інтэр’ераў і аб’ектаў гарадской архітэктуры. Будзем спадзявацца, што неўзабаве слова “нацыянальны” стане сінонімам слову “дзяржаўны”… А сённяшняя мая ўвага звернута да шчырасці лістоў. Менавіта гэтым адрозніваецца эмацыянальная інфармацыя ад пустой ды фармальнай.

Чарговая навіна — з Воранава. Гродзенская вобласць увогуле трымае першынство не толькі ў падпісцы на “К”, але і ў актыўнасці перапіскі з нашай рэдакцыяй. Таму і складваецца ўражанне, што самае цікавае ды перадавое адбываецца менавіта на Гродзеншчыне. І ўражанне гэтае, трэба сказаць, правільнае. Дык вось, інфармацыяй з Воранава падзялілася дырэктар Воранаўскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Камінская. Інфармацыя — пра глыбінку, пра яе песні ды іх спевакоў. Зазначу, што ў Ірыны Вітольдаўны сапраўдны гімн аматарскаму аб’яднанню “Падзітвяначка” атрымаўся. У аб’яднанні — спявачкі з вёсак Подзітва і Друскенікі Больцішскага сельсавета. А дзейнічае аб’яднанне пры Больцішскім Цэнтры культуры і вольнага часу. Варта назваць пайменна ўвесь квартэт: Уладзіслава Амбражук, Марыяна Юргевіч, Уладзіслава Комінч і Ванда Міндзюль. Рэпертуар (больш за 80 твораў), натуральна, ад бабуль і мам, якія не проста пелі, а пралі, ткалі ды жыта жалі, вяселлі ладзілі, жартавалі і рабілі гэта на беларускай, літоўскай, беларускай мовах. У 2015 годзе на абласным фэсце рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы гурт стаў лаўрэатам першай ступені… Ірына Камінская, відаць, піша вершы, бо расповед свой закончыла вельмі лірычна: “Народная прымаўка кажа: “Не я спяваю, душа спявае”. Песня — гэта ежа душы. А душа вечная! І вялікая раскоша — спяваць не пад караоке, а ўжывую ды ў сяброўскім коле. Тады песня, як гаючая крыніца. Так што ў спявачак з вёсак Подзітва і Друскенікі крынічныя душы”.

Інфармацыю даслала загадчык аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Шчучынскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Галіна Петушок. Ва ўстанове шанаваліся і шануюцца маці. Для іх паслуг — сямейныя вечары, забаўляльныя праграмы, выставы творчых работ, святочныя канцэрты. Я так разумею, што дадзены кірунак дзейнасці ў РЦК — адзін з галоўных. Ухвальна!

Дырэктар Слонімскага раённага краязнаўчага музея Алена Сухарукава распавяла пра Іосіфа Стаброўскага, афіцэра, археолага, даследчыка роднага краю, якому 2 лістапада споўнілася б 150 гадоў з дня нараджэння. А яшчэ Іосіф Іосіфавіч заснаваў Слонімскі музей. Патомны дваранін нарадзіўся ў сям’і прафесійнага ваеннага. Бацька валодаў у Слонімскім павеце маёнткам Орлавічы. Іосіф скончыў Полацкі кадэцкі корпус і Аляксандраўскае артылерыйскае вучылішча. Падчас Першай сусветнай атрымаў званне палкоўніка. Пасля вольным слухачом скончыў Маскоўскі археалагічны інстытут. Служыў у Чырвонай Арміі, потым вярнуўся на радзіму, займаўся археалогіяй. Ягоныя калекцыі і сталі асновай першай экспазіцыі, якая адкрылася 20 верасня 1929 года. Між іншым, на ўрачыстасцях з тае нагоды прысутнічаў прэзідэнт Польшчы Ігнацій Масціцкі. Пэўны час Іосіф Стаброўскі працаваў дырэктарам музея. Пахаваны ў родных Орлавічах.

Метадысты Свіслацкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці пішуць: “У Грынкоўскім сектары культуры і вольнага часу адкрыўся музей культуры і творчасці. Ініцыятар — Надзея Карпюк. Экспазіцыя дапамагае даведацца пра шчыраванні мінулых пакаленняў работнікаў культуры, пра здабыткі ўстановы ў справе развіцця мастацкай самадзейнасці, народнай творчасці і рамёстваў Свіслацкага краю. Музей складаецца з трох залаў: гісторыя культурнага руху, творчасць работнікаў культуры і экспазіцыя касцюмаў харавых калектываў раёна. Натуральна, што экскурсіі ладзіць Надзея Карпюк”. Не пабаюся сцвярджаць, што такі музейшчык культуры ў краіне — адзіны. Быць першымі — прывілея сапраўдных талентаў.

Чарговая падзея адбылася ў Ашмянах (Гродзеншчына працягвае ўражваць феерычнасцю і надзённасцю сваіх лістоў). Ашмянская гарадская бібліятэка, як паведамляе яе загадчык Людміла Зарэцкая, правяла дзень рэлігійнай кнігі “Да душы сваёй знайсці дарогу”. З гэтай нагоды адбылося пасяджэнне круглага стала, дзе гаворка ішла пра перспектывы “разумнага” чытання. Такія мерапрыемствы, як мне падаецца, ладзіць варта ў кожнай бібліятэцы рэспублікі. У кожнай і штодня. Інакш колькасць чытачоў будзе няўхільна змяншацца.

Аказваецца, жыццё віруе не толькі на Гродзеншчыне. Метадыст аддзела мастацкай творчасці Палаца мастацтваў Бабруйска Алеся Сівец напісала пра штогадовае этнасвята “Пакроўскі абярэг”. У ім бралі ўдзел 15 майстроў і рамеснікаў горада. Як вядома, менавіта з Пакравоў пачыналіся вячоркі, на якіх пралі, ткалі, вышывалі. На свяце гэтым разам сабраліся і керамісты, пляцельшчыкі, майстры па дэкупажы.

Яшчэ адна навіна з Магілёўскай вобласці. У Магілёўскім дзяржаўным абласным ліцэі № 1 прайшоў тэлемост “Магілёў — Тула: я хачу сябраваць!” у рамках рэалізацыі грантавага праекта цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Карла Маркса “Гарады-пабрацімы Магілёва з Расійскай Федэрацыі: культура нас аб’ядноўвае” з удзелам прадстаўнікоў Тулы і Магілёва. Дыялог, як кажуць, адбыўся на высокім ўзроўні.

Сенненскія бібліятэкары распавядаюць. У цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла гульнявая праграма “Гасцінныя гаспадыні”. Супрацоўнікі бібліятэк раёна спаборнічалі між сабой, так бы мовіць, на полі гастранамічных інтарэсаў. Паказалі дзяўчаты сваё кулінарнае майстэрства, потым узяліся рэалізоўваць немагчымае: паказалі інсцэніроўкі песень пра ежу. Чытачы былі ўражаны нечакана раскрытымі талентамі… Другая навіна звязана з конкурсам малюнкаў і плакатаў “Жыццё без наркотыкаў”, які прайшоў у Сенненскай ЦБС з 20 па 25 кастрычніка.

Апошні на сёння ліст — таксама з Віцебска. Наш часты пазаштатны аўтар Канстанцін Карнялюк піша пра сваю радзіму, з гонарам удакладняе, што Беларусь, як і Віцебшчына, славіцца безліччу азёраў з чысцюткай вадой. Піша Карнялюк і пра Нарач са Свіцяззю, пра азёры Асвейскае, Чырвонае, Лукомскае, Дрывяты, пра вадаёмы Браслаўшчыны…

Пішыце пра цікавае і шчыра!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"