Народжаны пад промнямі Сонца

№ 44 (1483) 31.10.2020 - 06.11.2020 г

Якім будзе памятны знак, прысвечаны першабудаўнікам Светлагорска?
29 ліпеня 2021 года Светлагорск адзначыць сваё 60-годдзе. Менавіта ў гэты дзень у 1961 годзе з’явіўся Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР аб перайменаванні гарадскога пасёлка Шацілкі ў Светлагорск. Вядома, горад унаследаваў усю шматвяковую цікавую мінуўшчыну Вострава Шацілінскага, Шацілавіч, Шацілак — гістарычнага ядра цяперашняга Светлагорска. Таму ўвасобіць гэта — адно з абавязковых умоў канцэпцыі памятнага знака, які павінен быць сонечна-прасветленым, як само імя — Светлагорск. Не лішне нагадаць і пра тое, што ўзвядзенне горада стала тады Усесаюзнай ударнай камсамольскай будоўляй, а значыць, нягледзячы на старажытную гісторыю, ён нясе таксама і маладую энергетыку і па-сутнасці з’яўляецца моладзевым.

/i/content/pi/cult/822/17578/8.jpgПамятны знак, каб не застацца безназоўным, мусіць хоць бы ў барэльефах увасобіць самых знакавых людзей горада. А гэта Ганаровыя грамадзяне Светлагорска. Сярод іх: Аляксандр Мікалаевіч Завадскі — франтавік, першы дырэктар Васілевіцкай ДРЭС ад часу яе ўзвядзення. Іван Фёдаравіч Хмарун — таксама ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, брыгадзір дахаўшчыкаў будаўнічага трэста № 20, які ўзводзіў і горад, і завод штучнага валакна (зараз — вытворчае аб’яднанне “СветлогорскХімвалакно”). Васіль Сямёнавіч Глебаў — франтавік, Герой Сацыялістычнай Працы, арганізатар Светлагорскай канторы глыбокага разведачнага бурэння. Аляксандр Ільіч Чыж — генеральны дырэктар цэлюлозна-кардоннага камбіната. Ніна Мікітаўна Запясочная, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўзначальвала санэпідстанцыю ў Омску і Днепрапятроўску, а ў 1947-м урачом ваенна-аднаўленчага атрада прыбыла ў Шацілкі і ўжо ў Светлагорску стала Заслужаным урачом БССР. Валянціна Ільінічна Жалезная, якая працавала ў Шацілках з 1956 года, Заслужаная настаўніца БССР ды іншыя.

/i/content/pi/cult/822/17578/9.jpgПаўтара месяца, улічваючы тры асноўныя ўмовы гэтай канцэпцыі, працавалі вядомыя скульптары над эскізамі будучага памятнага знака. І вось прадставілі іх у карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава. Светлагорац, член Саюза мастакоў Беларусі Віктар Смоляр, таксама члены прафесійнага творчага аб’яднання, выкладчыкі Беларускай Акадэміі мастацтваў Валерый Малахаў і яго жонка Вольга Мельнік-Малахава экспанавалі чатыры распрацаваныя сумесна варыянты памятнага знака.

Асновай эскізнага праекта ў Віктара Смоляра з’яўляецца бетонная арка, якую вянчае сонца — гербавы знак Светлагорска. Унутрана яна аздоблена тэматычным рэльефам па гісторыі будаўніцтва горада. Рэльеф, па задуме аўтара, павінен адлюстроўваць стваральны рух Светлагорска ў часе ад Шацілак і суднаверфі да сучасных прамысловых прадпрыемстваў. Вышыня кампазіцыі складае 8 — 9 метраў, а шырыня - 11 — 12. Арка адаптавана пад мясцовы ландшафт. Матэрыял — таніраваны бетон. Сонца — аб’ёмная канструкцыя, выкананая з нітрыду тытана. Дзякуючы мікраліфтам і адбівалай здольнасці нітрыду тытана, пры трапленні святла сонца будзе выпускаць рэальныя прамяні. Уздоўж транзітнай пешаходнай часткі пад аркай размешчана Алея славы, дзе будуць партрэты Ганаровых грамадзян Светлагорска, — людзей, якія вызначыліся значным укладам у будаўніцтве горада, развіцці яго культуры, спорту, адукацыі, медыцыны і іншых сфер.

— Асноўная сэнсавая частка праекта павінна быць увасоблена ў бронзе, — лічыць Віктар Смоляр. — Гэта скульптурная кампазіцыя юнака і дзяўчыны пад аркай. Маладыя людзі сімвалізуюць усіх рамантыкаў і летуценнікаў, якія толькі што сышлі з цягніка, прыбыўшы на будаўніцтва новага горада — Светлагорска.

Вольга і Валерый Малахавы прадставілі чатыры варыянты свайго бачання памятнага знака. Кожны з іх мае нават уласную праектную назву. Стэла “Памкнёнасць”: па гэтай задуме помнік павінен уяўляць з сябе кампазіцыю, якая складаецца з сямі прамянёў, узнесеных увысь і падтрымліваючых сонца, якое сімвалізуе Светлагорск. Сем прамянёў — гэта таксама сімвалічныя выявы людзей, якія былі заснавальнікамі горада. У ніжняй частцы стэлы размешчана піраміда з тэкставай гістарычнай інфармацыяй. На вяршыні піраміды — герб Шацілак, што належаў роду шляхціца Манкевіча. Вакол стэлы размешчаны два дугападобныя фрызы з партрэтамі заснавальнікаў горада і групы маладых людзей. Пазначаны і сімвалы іх прафесій. Фрызавая кампазіцыя можа быць двух варыянтаў выканання: барэльефныя малюнкі звонку, а з унутранага боку — беларускі арнамент, ці ж наадварот: звонку арнамент, а барэльефныя малюнкі першабудаўнікоў — на ўнутраным баку.

— Могуць быць скарыстаны такія тэхнікі манументальнага мастацтва як мазаіка са шкляной смальты ў манахромнай палітры ці больш бюджэтнае сграфіта — разьбяная шматпластовая тынкоўка ў тры — чатыры колеры, а таксама скульптурная пластыка — невысокі рэльеф з бетону, — удакладняе Валерый Малахаў. — Вышыня стэлы — 12 метраў. Матэрыял — бетон.

Другая скульптурная кампазіцыя Малахавых завецца — “Энергія”. Уяўляе з сябе скульптурную групу з дзвюх постацяў дзяўчын, узнімаючых увысь герб Светлагорска, на другім баку якога — герб Шацілак. Постаці нібы лунаюць у паветры. Іх сукенкі і валасы раздзімаюцца на ветры. Дзяўчыны ўвасабляюць энергію і жыццёвую сілу прыгажосці. Паміж постацямі размешчаны шчыт з партрэтамі заснавальнікаў горада, а на адваротным баку — тэкставая інфармацыя пра іх. Колер кампазіцыі — белы. Матэрыял — бетон. Вышыня — 6 метраў. Арнамент у аснове і тэкставая інфармацыя могуць быць выкананы як мазаіка са шкляной смальты ў манахромнай палітры ці больш бюджэтнае сграфіта — разьбяная шматпластовая тынкоўка ў тры — чатыры колеры, як скульптурная пластыка, — невысокі рэльеф з бетону.

Трэці эскізны праект — скульптурная кампазіцыя “Маладосць”. Яна таксама ўяўляе з сябе выявы дзвюх дзяўчын, узнімаючых герб Светлагорска з аднаго боку і герб Шацілак — з другога. Постаці больш строгай формы выкананы ў дэкаратыўнай пластыцы беларускага нацыянальнага адзення, унізе аб’яднаныя арнаментам. Вянок — знак сонца і прыгажосці. Арнамент у аснове з партрэтамі першабудаўнікоў горада і групы маладых людзей, а таксама сімвалы іх прафесій могуць быць выкананы мазаікай са шкляной смальты, астатняе ўсё, — як у папярэднім варыянце. Вышыня — 6 метраў, матэрыял — бетон.

Чацвёрты варыянт — скульптурная кампазіцыя “Вікторыя”. У аснове ўяўляе з сябе бетонны блок, з якога імклівай вяззю зыходзяць прамяні, утвараючы знак Вікторыі (перамогі). Паміж прамянямі — герб Светлагорска з аднаго боку, а з другога — герб шляхціца Манкевіча. У аснове блоку размешчаны партрэты заснавальнікаў горада. Спосаб выканання такі ж, як у папярэдніх варыянтах. Матэрыял — бетон і трубы з нержавеючай сталі. Вышыня — 10 метраў.

Няцяжка заўважыць, што мінскія скульптары самі шукаюць нейкія лепшыя, больш вартыя варыянты. Ім і Віктару Смоляру давялося многае патлумачыць, адказваючы на пытанні наведвальнікаў галерэі, якія прыйшлі менавіта для знаёмства з эскізнымі праектамі, а дакладней, з ужо распрацаванымі макетамі, што маюць нават ландшафтныя ўвасабленні, прадстаўленыя на адмысловых планшэтах. Скульптары дзяліліся меркаваннямі, стваралі менавіта творчую атмасферу, якая нікога не магла пакінуць абыякавым. Тым больш, што першымі знаёміліся з іх праектамі тыя, ад каго шмат у чым залежыць узвядзенне памятнага знака. Сваімі ўражаннямі падзяляліся старшыня райвыканкама Д.В. Алейнікаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Л.Ф. Вялічка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі А.В. Манькевіч, галоўны рэдактар “Светлагорскіх навін” А.В. Шышкова, першы сакратар Светлагорскага раённага камітэта грамадскага аб’яднання БРСМ Н.А. Жызнеўская, прадстаўнікі моладзі, мясцовыя мастакі, ветэраны працы...

Адчувалася, што ідэя ўзвядзення памятнага знака ў гонар першабудаўнікоў Светлагорска зацікавіла ўсіх прысутных. І на маё пытанне, ці будзе ён узведзены да 60-годдзя нашага горада, старшыня райвыканкама Д.В. Алейнікаў адказаў сцвярджальна. Але наперадзе яшчэ шмат арганізацыйных і творчых праблем. У светлагорцаў і гасцей горада, а таксама мясцовых дэпутатаў яшчэ ёсць час, каб падзяліцца сваім успрыманнем памятных знакаў, якія плануюць усталяваць у гонар першабудаўнікоў Светлагорска.

Тым больш, што Светлагорск — горад з захаванай пямяццю. Тут ёсць і манумент “Паранены звон”, і “Шляхціц Шаціла”, і Алея Герояў, і мемарыяльны комплекс “Баграціён”. Нядаўна з’явіўся яшчэ адзін — “Ала”, у памяць пра жыхароў вёсак, спаленых гітлераўскімі акупантамі. І хочацца верыць, што натуральным працягам беражлівага стаўлення да мінулага будзе памятны знак у гонар першабудаўнікоў Светлагорска.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

г. Светлагорск