Упартая
У сельскі клуб прыехала новая загадчыца, якая арганізавала гурток па класе баяна. Дзетак сабралася больш за дзясятак. Але ж працаваць кожны дзень па некалькі гадзін, как навучыцца іграць, аказалася па сілах не кожнаму. Хутка ў гуртку засталася адна Наташа. Кіраўнік сказала бацькам дзяўчынкі: “У Наташы надвычай добрыя музычныя здольнасці. Я змагу навучыць яе іграць для сябе. Каб навучыць дзяўчынку іграць на баяне прафесійна, трэба аддаць яе ў музычную школу.” Бацькі параіліся і вырашылі адправіць Наташу да цёткі ў гарадскі пасёлак Церахоўка. Там дзяўчынка пайшла ў шосты клас агульнаадукацыйнай школы і паступіла ў музычную школу. За год навучання здала іспыты за трэці клас музычнай школы. Наташы было цікава ўсё: і спортам займалася, у мастацкай самадзейнасці ўдзельнічала, гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва наведвала і ўрокі рабіць паспявала.
Не паспявала толькі часам паесці і добра выспацца. Скончылася такая актыўная дзейнасць сумна: пачаліся праблемы са здароўем, дзяўчынка амаль чатыры месяцы праляжала ў бальніцы. Лекары заявілі бацькам, што ў дзіцяці моцнае перастамленне, і ад заняткаў у музычнай школе трэба адмовіцца. Наташа, аднак, любімы баян не кінула, іграла для сябе, а падчас канікул — для сельскіх сябровак праводзіла конкурсы прыпевак.
Інкрустатар
Яшчэ ў адзінаццатым класе Наташа сустрэла сваё першае каханне, якое і стала каханнем усяго яе жыцця. Пасля заканчэння школы дзяўчына выйшла замуж за Пятра Вароніна і ўладкавалася працаваць на Гомельскі завод элекраапаратуры. Старэйшая сястра Наталлі ў той час жыла ў Светлагорску і працавала інкрустатарам на фабрыцы мастацкіх вырабаў. Пабывалі маладыя ў гасцях, ім вельмі спадабаўся малады чысты і светлы горад, а Наташа была проста зачараваная працай сястры, самой хацелася таксама заняцца творчасцю. Маладая сям’я пераехала ў Светлагорск, муж уладкаваўся на працу ў будаўнічы трэст № 20, а Наталля з радасцю занялася інкрустацыяй.
І ўсё ў іх складвалася добра. Адзін за адным нарадзіліся на радасць бацькам сынок і дачушка. Паспявала жанчына і хатнюю гаспадарку весці, і новую кватэру абжываць-уладкоўваць, і ў мастацкай самадзейнасці ўдзельнічаць, і завочна вучыцца ў Гомельскім політэхнічным тэхнікуме па спецыяльнасці тэхнік-тэхнолаг. Акрамя таго, Наталля Аляксееўна вяла яшчэ ў клубе “Зорка” гурток інкрустацыі з саломкі. Праца з дзецьмі адкрыла для жанчыны новую магчымасць: перадаваць сваё майстэрства, вучыць дзяцей бачыць прыгажосць свету і адлюстроўваць яе ў сваіх хай прасценькіх, але творчых вырабах.
Неўзабаве Наталля Аляксееўна стала замяняць майстра навучальна-вытворчага камбіната, якія дзейнічалі тады пры раённых аддзелах адукацыі. Так, педагагічнага досведу ў яе не было, але працаваць з дзецьмі ўмела.
Як сябе вырасціць
Спачатку Наталля Аляксееўна занялася самаадукацыяй: чытала кнігі па педагогіцы і псіхалогіі. Сустрэліся і нечаканыя цяжкасці ў арганізацыі курса па інкрустацыі. Справа ў тым, што тут іншым разам трэба ўжываць растваральнікі, а гэта для здароўя дзяцей шкодна. Наталля Аляксееўна папрасіла дырэктара НВК адправіць яе на навучанне саломапляценню ў Гомель, на мастацкую фабрыку “Любань”. Не сказаць, каб дырэктар фабрыкі сустрэў Вароніну з захапленнем, але дазволіў павучыцца ў рабочых.
Вельмі дапамагла і рэдкая кніга “Возьмем простую саломку”, якую расстаралася адшукаць для яе завуч Зінаіда Васільеўна Нявінская. Педагог самастойна склала праграму для спецыяльнасці “афарміцель сувеніраў з саломкі”, размеркавала вучэбныя гадзіны па тэорыі і практыцы. Затым зрабіла сама некалькі вырабаў з саломкі і ў пачатку навучальнага года пайшла па гарадскіх школах з запалам агітаваць старшакласніц выбіраць для навучання курс афарміцеля сувеніраў. Курс быў набраны, і новаспечаны майстар вытворчага навучання Н. А. Вароніна з велізарным жаданнем прыступіла да працы.
Неўзабаве “павукі”, скрыначкі, кошыкі і іншыя вырабы з саломкі сталі экспанавацца на гарадскіх і абласных выставах. З наборам на курс праблем не было. Аднойчы да Наталлі Аляксееўны прыбег з прэтэнзіямі калега — выкладчык НВК: “Вы так распісалі любату свайго саломапляцення, што мая дачка катэгарычна адмовілася ісці на курс вадзіцеляў! Заявіла, што пойдзе толькі на ваш курс і будзе займацца творчасцю!”
Гаспадыня Дома рамёстваў
Вароніну запрасіла на прыём Палавец, начальнік аддзела культуры, і прапанавала пасаду дырэктара Дома рамёстваў. “Але ў мяне ж няма вышэйшай адукацыі”, — разгублена запярэчыла Наталля Аляксееўна. “Затое ў вас ёсць арганізатарскія здольнасці, і вы разбіраецеся ў народных рамёствах. Падумайце, і заўтра дайце адказ”, — сказала Алена Мікалаеўна. Параілася Наталля Аляксееўна з мужам, дзецьмі і пагадзілася.
З тых часоў мінула васямнаццаць гадоў. Светлагорскі Дом рамёстваў стаў адным з лепшых у вобласці. Ні адно культурна-масавае мерапрыемства ў горадзе не абыходзіцца без выстаў народнай творчасці. У Доме рамёстваў працуе студыя-майстэрня, дзе дзеці і дарослыя займаюцца аплікацыяй саломкай, саломапляценнем, керамікай, роспісам па дрэве, мастацкай апрацоўкай скуры. Тут пастаянна праводзяцца выставы вырабаў народных майстроў, і мясцовых, і з іншых рэгіёнаў. Так, прывезла неяк свае цудоўныя вырабы са скуры вядомы майстар, член Саюза мастакоў Беларусі Таццяна Карчажкіна, правяла майстар-клас. Наталля Аляксееўна проста загарэлася жаданнем навучыцца гэтай справе. І цяпер ужо і яе карціны са скуры заваёўваюць дыпломы на выставах. Штогод праводзяцца ў Доме рамёстваў выставы дзіцячай творчасці. Працуе салон-магазін, у якім можна купіць вырабы народных майстроў.
Калектыў Дома рамёстваў дружны і згуртаваны, як адна вялікая сям’я. Усе васямнаццаць гадоў разам з Наталляй Аляксееўнай адраджаюць народныя рамёствы Яўгенія Блізнец (вышыўка), Марына Рубанава (роспіс па дрэве), Святлана Міранкова (аплікацыя саломкай), Віталіна Смолярова (кераміка). Нядаўна ўліліся ў дружны калектыў і выдатна сябе зарэкамендавалі Алена Міцура і Аляксандра Стральчонак.
Так становяцца жывапісцамі
Наталля паспяхова сумяшчае сваю асноўную работу з абавязкамі дэпутата Светлагорскага раённага Савета і з клопатамі пра сваіх двух дзяцей і чатырох унукаў. Дарэчы, дачка Варонінай працуе ў Цэнтры народнай творчасці, а старэйшы ўнук паступіў у Гомельскі каледж імя Сакалоўскага па класе акардэона. Аб паспяховай працы Дома рамёстваў сведчаць дыпломы фестываляў “Аўцюкі”, “Калядныя вечары”, “Вясновы букет” і іншыя. Ды і сама Наталля Аляксееўна ўзнагароджана шматлікімі граматамі і дыпломамі. А яшчэ Вароніна скончыла Светлагорскую студыю “Крэатыў” і ўжо мае дыпломы выстаў не толькі за вырабы з саломкі і скуры, але і за жывапісныя карціны.
Галіна КАПЕЦКАЯ
Фата з асабістага архіва Наталлі Варонінай