Данесці дар да адрасатаў

№ 43 (1482) 24.10.2020 - 31.10.2020 г

У ноч з нядзелі на панядзелак спаўняецца год з дня смерці выбітнага кампазітара Алега Молчана. Таму заўтра ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца вечарына яго памяці “Там, высока”, якая будзе суправаджацца выставай і прэзентацыяй альбома. А ў панядзелак на доме, дзе нарадзіўся славуты музыкант, уладальнік медаля Францыска Скарыны, адкрыюць мемарыяльную дошку.

/i/content/pi/cult/821/17571/23.jpgБольш падрабязна пра гэтыя падзеі расказвае ўдава Алега Молчана — вядомая спявачка Ірына Відава, якая шмат робіць для далейшай папулярызацыі творчай спадчыны майстра.

— Ірына, усім нам памятны тыя два тэлеканцэрты, што вы зладзілі ўвесну — да 55-годдзя з дня народзінаў Алега Молчана. Пэўна, цяперашні будзе паўторам той праграмы, толькі не ў анлайн-фармаце, а жыўцом?

— Вядома, не. Канешне, ёсць знакавыя кампазіцыі, без якіх не можа сёння адбыцца ніводная згадка самога імя гэтага кампазітара і музыканта. Найперш гэта “Малітва” на словы Янкі Купалы, якая справядліва лічыцца вяршыняй яго творчасці і ўспрымаецца як духоўны гімн Беларусі. Выкананая Уладзімірам Мулявіным, пазней яна атрымала шматлікія іншыя інтэрпрэтацыі, ініцыяваныя, аранжыраваныя, запісаныя аўтарам, і жыве ўжо больш за чвэрць стагоддзя. Але ж напісанага Алегам хопіць на некалькі рознажанравых прэзентацый. Ён адчуў сябе кампазітарам ужо ў 2-м класе школы, а музыкай займаўся літаральна з 3-х гадкоў, бо музыкантам быў ягоны бацька. 3 16-ці гадоў граў у джаз-рок ансамблях, з 18-ці — кіраваў маладзёжным ансамблем у Палацы культуры чыгуначнікаў. Працягваў сачыняць у арміі: менавіта там ён напісаў свой першы харавы цыкл — купалаўскі, “Я нясу вам дар”. Невыпадкова ў канцэрце возьмуць удзел хор Свята-Духава кафедральнага сабора, якім кіруе рэгент Віталь Сабалеўскі, і Дзяржаўны камерны хор Беларусі на чале з Наталляй Міхайлавай. Ужо адно гэта сведчыць, што ён быў не толькі песеннікам і ўдзельнікам ансамбля “Песняры” (дарэчы, яго праграма “Ave sole, альбо Слова Скарыны” на вершы Аляксандра Лягчылава была адразу ўключана ў юбілейныя канцэрты да 20-годдзя “Песняроў”, а пазней спецыяльна для Алега ў калектыве была ўзведзена пасада дырыжора-музычнага кіраўніка). Ён пісаў і акадэмічныя творы, быў выдатным піяністам-віртуозам. Тры яго фартэпіянныя п’есы выканае лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксандр Музыкантаў. Пачуем мы і музыку да спектакля “Ніначка”, які з 2007 года больш за 10-годдзе быў у рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага.

— Чакаць прэм’ер пасля смерці кампазітара звычайна не даводзіцца, а тут наадварот — і гэта пры тым, што пры жыцці ён за восем гадоў правёў пяць аўтарскіх канцэртаў.

— І ўсе — з аншлагамі, з прэм’ерамі! У цяперашняй вечарыне прэм’ер будзе ажно сем. Сярод іх — тры мае песні, прысвечаныя Алегу. Але прыходзіць на канцэрт пажадана за гадзіну да пачатку, бо ў фае разгарнецца выстава, зладжаная сумесна з Музеем Мулявіна. Там будуць сцэнічныя строі Алега, калі ён працаваў у “Песнярах”. А я прадастаўляю багата дакументаў з хатняга архіва. Гэта не толькі выдадзеныя ноты і кампакт-дыскі, але і ягоныя рукапісы, шматлікія фота, нават яго музычныя інструменты.

— Ведаю, што ўвесну прэзентаваліся і аўдыёвыданні з музыкай Молчана.

— Так, яны будуць прадстаўлены і на гэтай вечарыне. Прыхільнікі змогуць набыць падвойны альбом з яго песнямі і апрацоўкамі для “Песняроў” (дарэчы, ён зроблены таксама на вінілавых плытках, што апошнім часам стала вельмі запатрабавана тымі, хто цэніць якасць гучання) і наш сумесны CD “На адной хвалі”.

— Сама назва гэтага альбома сведчыць пра вашу творчую еднасць з мужам: як спявачка, вы шчыльна супрацоўнічалі з ім з сярэдзіны 1990-х, ён пазіцыянаваў сябе вашым прадзюсарам. Менавіта з яго песнямі вы дэбютавалі на тэлебачанні, рабілі канцэртныя шоу, перамагалі на конкурсах, атрымлівалі прэстыжныя ўзнагароды накшталт Нацыянальнай музычнай прэміі. Алег не ўтойваў, што мае ўласную студыю, абсталяваную ў кватэры. Але мемарыяльную дошку вырашана ўсталяваць не там, а на доме, дзе ён нарадзіўся. Таму, што гэта цэнтр горада? На Нямізе заўжды шматлюдна, больш увагі турыстаў.

— У гэтым таксама ёсць свой разлік, але не лічу гэта чымсьці дрэнным. Доўгія часы нам унушалі, што кампазітар павінен быць як мага больш “сціплым”, а папулярызацыяй яго творчасці могуць займацца адно дзяржаўныя структуры. Але ўсё даўно змянілася, і калі мы самі не будзем варушыцца, праяўляць ініцыятыву, выходзіць з творчымі ідэямі, прапановамі, нічога так і не адбудзецца. Алег нарадзіўся ў доме № 20 па вуліцы Ракаўскай — так званым доме “з мядузай”. Туды часта накіроўваюцца турыстычныя экскурсіі, што аглядаюць таксама плошчу Свабоды, Нямігу — усе тыя месцы, дзе прайшло дзяцінства Алега. Гэта, лічыце, яго “малая радзіма”, вяртанне да вытокаў. І менавіта праз родныя мясціны выяўляецца сувязь з усімі тымі сваякамі некалькіх пакаленняў, што яго выхавалі. Таму найперш гэта даніна памяці ўсім ім. Між іншым, ягоны прадзед па бацькоўскай лініі быў не больш не менш — графам. Пра тое, што ён “графскіх крывей”, Алег даведаўся ўжо літаральна перад смерцю, калі адна з яго сваячак знайшла пацверджанне ў архівах. Але гэтага прадзеда ён не ведаў, а вось прабабуля па матчынай лініі была яго, калі можна так сказаць, галоўнай выхавацелькай: употай вадзіла яго ў царкву, распавядала казкі. Дарэчы, гэта менавіта яна атрымала жытло ў доме па Ракаўскай. Ён быў пабудаваны ў канцы ХІХ стагоддзя, доўгі час быў нечым накшталт гатэля. Будаўніцтва замаўляла яўрэйская сям’я — з захаваннем усіх нацыянальных традыцый: на ўваходзе ў спецыяльным футарале (“мядузе”, як яго называлі) захоўваўся фрагмент Торы. А на першым паверсе калісьці была адкрыта пошта, там працавала прабабуля Алега — і атрымала там жа жытло. Вядома, гэта была камунальная кватэра, на яе месцы цяпер працуе Post bar — як напамін пра паштовае мінулае дома. А будзе яшчэ і наша шыльдачка — таксама частка гістарычнай памяці і гэтага дома, і ўсёй нацыянальнай культуры.

— Само па сабе стварэнне мемарыяльнай дошкі — справа нялёгкая і даволі працяглая, патрабуе нямала намаганняў.

— Я вельмі ўдзячна Міністэрству культуры і Мінгарвыканкаму, што ўсе дакументы былі падрыхтаваны і ўпарадкаваны дастаткова хутка. А стваралася дошка пры ўдзеле Нацыянальнага фонду падтрымкі праваўладальнікаў Расіі і арганізацыйнай дапамозе Беларускага саюза музычных дзеячаў. Справа ў тым, што Алег з’яўляўся старшынёй Аўтарскага савета Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай маёмасці, быў старшынёй Еўразійскай канфедэрацыі суполак праваўладальнікаў, быў узнагароджаны залатым медалём Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай маёмасці. А быў сёлета заснаваны на расійскім фестывалі “Чырвоны гваздзік імя Кабзона”. Так што сувязі і з Расіяй, і з іншымі краінамі ў Алега былі шчыльныя.

— Як склалася ваша супрацоўніцтва са скульптарамі, што рабілі дошку? Ці адразу было знойдзена паразуменне?

— Аўтарамі выступілі Вольга Нячай і Сяргей Арганаў, якія плённа працуюць у тандэме. Яны адразу вельмі глыбока ўніклі ў маю задуму, бо і раней былі знаёмы з творчасцю Алега Молчана. Я нават адчула нейкую нябачную еднасць, паралель паміж іх супрацоўніцтвам — і нашым з Алегам. Абодва яны заканчвалі нашу Акадэмію мастацтваў, разам стваралі мемарыял у Курапатах, помнік Гедыміну ў Лідзе, рабілі частку дэкору фасадаў Палаца Незалежнасці. Дый мемарыяльная дошка, зробленая сумесна, у іх мелася — Янку Купале, што была адкрыта ў Вільнюсе.

— Памяць пра кампазітара — гэта яшчэ і максімальная даступнасць нотных матэрыялаў. З беларускімі музычнымі творамі тут далёка не ўсё так ідэальна, як хацелася б.

— Гэта праца вядзецца: ноты будуць выдадзены ў Санкт-Пецярбургу. На сайце alegmolchan.com таксама можна будзе знайсці шмат цікавага. Хочацца зрабіць як мага больш, каб той дар, што Алег нёс людзям, знайшоў сваіх адрасатаў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"