Адкрытая партытура і ейныя адкрыцці

№ 43 (1482) 24.10.2020 - 31.10.2020 г

Нянудная музычная навука
29-я Міжнародныя навуковыя чытанні памяці Лідзіі Мухарынскай, што традыцыйна ладзяцца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ўвесну, з-за каранавіруса былі перанесены на восень. Але выступленняў не стала меней — наадварот, іх паболела: хтосьці не пабаяўся прыехаць, іншыя даклады чыталіся анлайн ці былі прадстаўлены як стэндавыя. Прэзентавалася як ніколі многа музычных выданняў, дый твораў беларускіх кампазітараў прагучала багата.

/i/content/pi/cult/821/17563/010.jpgПогляд з-за мяжы

Асаблівую ўвагу выклікалі даследаванні нашай нацыянальнай культуры замежнымі навукоўцамі. Калі такое было, каб з’явы беларускай музыкі траплялі ў поле зроку не толькі айчынных даследчыкаў, але і, да прыкладу, прадстаўнікоў Аўстрыі, у якіх сваіх моцартаў-бетховенаў хапае. А між тым, анлайн-выступленне доктара мастацтвазнаўства, прафесара Венскага ўніверсітэта музыкі і выканальніцкага мастацтва Ульрыха Маргенштэрна зрабіла сапраўдны фурор. Ён непрадузята зірнуў на музычныя інструменты і, у тым ліку, на беларускія цымбалы, прасачыўшы іх распаўсюджанне з сярэдзіны ХVII стагоддзя ў яўрэйскім асяродку. Стаўленне ж да іх як да “выключна” беларускага народнага інструмента прыйшло толькі ў савецкі час і было выклікана ідэалагічнымі памкненнямі — гэтак жа, як і “спрадвек руская народная” балалайка, што раней лічылася татарскім інструментам.

Тэма народнага інструментарыя была працягнута дэканам Даўгаўпілскага ўніверсітэта Эвалдсам Даўгулісам, які зрабіў класіфікацыю стылёвых пластоў народнай музыкі і вылучыў аўтэнтыку як частку рытуалу, стылізаваную аўтэнтычнасць, апрацоўкі ў розных стылях, уключаючы класіка-рамантычны, так званую World Music, арыгінальныя творы для прафесійных і аматарскіх складаў. Гэты расклад тычыўся Латвіі другой паловы ХХ стагоддзя, але можа быць цалкам скарыстаны ў нас. А кандыдат мастацтвазнаўства Галіна Кутырова-Чубаля з Польшчы, што займаецца беларускай песеннасцю, выступіла не толькі з дакладам, але і з лекцыяй, прэзентавала свой Атлас беларускай песні і актыўна ўдзельнічала ў круглым стале, прысвечаным фальклорным экспедыцыям. У прыватнасці, згадала выпадкі, калі таленавітыя носьбіты нацыянальных музычных традыцый знаходзіліся не толькі сярод прызнаных народных спевакоў, але і ў асяроддзі люпменаў. Некаторыя з іх захоўвалі старадаўнія напевы нават у складаных умовах, скіраваных адно на выжыванне, бо тыя песні дапамагалі ім заставацца людзьмі, не страчваць у сабе чалавечы пачатак.

Увогуле ж, пытанні традыцыйнай музычнай культуры разглядаліся сёлета як ніколі шырока. А вось жывое выступленне вясковых бабулек са сваімі песнямі, як гэта рабілася штогод, было заменена відэатрансляцыяй.

Вайна і мір па-кампазітарску

Затое жыўцом прагучаў канцэрт студэнцкага духавога аркестра — “Вобразы вайны і міру ў творчасці беларускіх кампазітараў”. Над гэтым праектам, адзначаным грантам Прэзідэнта Беларусі на 2020 год, працаваў найперш мастацкі кіраўнік і дырыжор калектыву Максім Расоха (гл. “К” № 20 за 2020 г.). Прычым пачыналася тая праца з архіўных пошукаў самога нотнага матэрыялу: многія творы аказаліся забытымі, некаторыя ўвогуле, як можна ўявіць, прагучалі ледзь не ўпершыню, хаця і былі датаваны ранейшымі дзесяцігоддзямі. У выніку атрымалася суцэльная анталогія не проста пералажэнняў для духавых аркестраў, а менавіта арыгінальнай беларускай музыкі для гэтага інструментальнага складу.

Выканаўцы падрыхтавалі значна больш твораў, але ў цяперашні канцэрт увайшлі партытуры найперш кампазітараў-юбіляраў. Музыканты імкнуліся дакладна данесці ўсё напісанае, і калі двое аркестрантаў захварэлі, іх замянілі сёлетнія выпускнікі, якія пачыналі рэпетыраваць яшчэ ў мінулым навучальным годзе, у часы студэнцтва. А тое, што Максім Расоха самастойна вёў вечарыну, знаёмячы слухачоў з дэталямі стварэння асобных нумароў, толькі надало ёй імпэту і адчування, што ўсе мы прысутнічаем на археалагічных раскопах (айчынная музыка першых пасляваенных гадоў — таксама ўжо даўніна) і адначасова ў сучаснай творчай лабараторыі (любая прэм’ера — заўжды крок у нязведанае). Атрымалася столькі адкрыццяў запар!

У Варыяцыях з дзіўнаватай, дагэтуль невытлумачанай назвай “Чаго хочаш, таго просіш” перад намі паўстаў знаёмы-незнаёмы Мікалай Аладаў: з вельмі прафесійнай кампазітарскай работай, частымі сола драўляных духавых. Тэма, блізкая народным, нараджае шэраг варыяцый: вальсавую — у духу Чайкоўскага, плясавую — на манер Рымскага-Корсакава, а яшчэ апавядальную з перазовамі флейт і валторн, такатна-тарантэльную, нарэшце, гімнічную — у стылі сімфанічнага фіналу.

“Канцэрт-вальс” Эдзі Рознэра аказаўся фантазіяй паводле “Казак Венскага лесу” І.Штрауса, дзе класіка і джаз уступалі ў раўнапраўныя партнёрскія перамовы — ажно да паралеляў вальса з танга і боса-новай, а штраусаўскіх інтанацый — з “Караванам” Дзюка Элінгтона. У ролі Рознэра-трубача выступіў другакурснік Ілья Рагальчук, а піяністка Ганна Горбач удала імітавала арфавыя разлівы.

Дыялог айчынных і сусветных традыцый, адметнасць аўтарскіх почыркаў добра адчуваліся і ў іншых творах. “Маленькая ўверцюра” Сяргея Картэса ўтрымлівала жартоўны намёк на беларускую народную песню “Саўка ды Грышка”. У двух маршах Пятра Падкавырава немагчыма было не звярнуць увагу на незвычайнасць гармоній, меладычных ходаў. “Беларускія скокі” Льва Муранава, што завяршаюцца “Лявоніхай”, так і прасілі харэаграфічнага ўвасаблення. А яго ж апрацоўка беларускага танца “Мікіта” дадала гумарыстычных эфектаў.

Завяршалі канцэрт дзве кампазіцыі ХХІ стагоддзя. Фінал сюіты “Жавароначкі” Сяргея Янковіча, створанай у 2009 годзе, вылучаўся сучаснай вертыкаллю і амаль паўсюдным туці. А “Вакханалія” Вячаслава Кузняцова стала своеасаблівым жанрава-часавым скрыжаваннем, сувяззю з мінулым ХХ стагоддзем. Бо гэта мелодыя ўпершыню была напісана кампазітарам у 1986-м для прыгодніцкай вандроўкі Чырвонага Каптурыка ў аднайменным спектаклі сталічнага тэатра лялек (цікава, што тая пастаноўка захавана ў рэпертуары і дагэтуль, прычым ідзе з нязменнымі аншлагамі). У 1997-м тая ж музычная тэма нарадзіла “Падарожжа ў краіну цудаў” для народнага аркестра. Нарэшце, атрымала новае развіццё ў згаданай “Вакханаліі” для аркестра духавога. І — прадэманстравала свае дадатковыя магчымасці. Бо на біс музыканты сыгралі не ўсю п’есу цалкам, а толькі частку — і зусім іначай. Узяўшы тэмп ледзь не ўдвая хутчэй, пры пераходзе да чарговага раздзелу пачалі запавольваць рух, пакуль не спыніліся зусім — быццам на шматкроп’і так званага “адкрытага фіналу”.

Ці ж не сімвалічна? Бо ў музыкантаў у запасе яшчэ многа твораў. Дый кампазітары, узрушаныя цудоўным выкананнем, натхняцца, трэба спадзявацца, на стварэнне новых партытур для духавога аркестра.

Наша музычная гісторыя

Вечарына падкрэсліла ролю выканаўцаў у фарміраванні як мага больш шырокіх уяўленняў пра гісторыю айчыннай музыкі і культуры. Апошнім часам само слова “выканаўцы” становіцца далёка не поўным для азначэння ўсяго таго, што робяць музыканты. Бо любое “выкананне” напісанага кампазітарамі-творцамі пачынаецца хай з невялічкага, але даследавання нотнага тэксту. Таму так важна рабіць аўдыё-відэазапісы канцэртных выступленняў і захоўваць іх для сучаснікаў і наступных пакаленняў.

У час цяперашніх навуковых чытанняў, дарэчы, адбылося як ніколі многа прэзентацый новых выданняў. Сярод іх былі нотныя — “Фартэпіянныя ансамблі беларускіх кампазітараў у рэпертуары дзіцячых музычных школ”, падрыхтаваныя Наталляй Кароцінай. Былі, як ужо згадвалася, фальклорныя, навуковыя — у тым ліку, “Каляндарна-песенная традыцыя Днепра-Друцка-Бярэзінскага міжрэчча”, “Выбраныя працы па беларускім музычным фальклоры” Ларысы Касцюкавец, якая некалькі гадоў таму пайшла з жыцця.

Ну, а пра кнігу Вольгі Царык “Музычная культура малых гарадоў Мінскай вобласці: гісторыя і сучаснасць” трэба расказваць асобна. І не толькі таму, что пры падтрымцы Мінаблвыканкама яе прэзентацыі будуць зладжаны ў Мар’інай Горцы, іншых закранутых у даследаванні малых гарадах. Сама пастаноўка праблемы сведчыць пра тое, што ў культуры не бывае “малога”: любая, здавалася б дробязь можа вырасці як у вялікія дасягненні, так і страты.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"