Фільматэка беларускіх фантомаў, або Дзе наша палічка ў сусветнай краме кінематографа?

№ 40 (858) 04.10.2008 - 10.10.2008 г

Гэты матэрыял пачаўся з банальнага жыццёвага выпадку. Карэспандэнт «К» прапусціла кінапаказы аднаго з найноўшых беларускіх фільмаў, але ж прапускаць саму стужку ёй дужа не хацелася. Звычайна ў такім выпадку ўпадабаны фільм можна знайсці на DVD або відэакасеце — зацікаўленыя ў атрыманні максімальнага прыбытку праваўладальнікі не марудзячы штампуюць наклады адразу па здыманні “вяршкоў” у кінатэатрах.

Ды ўласны досвед засведчыў, што гэта тычыцца заходняга кіно і расійскага, але… не беларускага. Пошукі на паліцах крамаў, якія гандлююць відэапрадукцыяй, жаданага плёну не прынеслі.

 
Парадоксы для кінагурманаў

Сітуацыя на відэарынку Беларусі досыць парадаксальная. Слова “дэфіцыт” у нас добра-такі прызабылася: пры жаданні, падаецца, можна знайсці фактычна ўсё, што заўгодна, — у вялікіх крамах з прыстойным і разнастайным асартыментам, на спецыялізаваных “кропках” для кінагурманаў ці, прынамсі, “развалах” калекцыянераў. За выключэннем хіба што фільмаў айчынных кінематаграфістаў.

“Альпійская балада” сёння — рарытэт куды большы за 80-гадовай даўніны стужкі мала каму ў нас вядомага К.Т. Дрэера або нават узоры кіно азіяцкіх краін. Прынамсі, досвед пошукаў гэтага класічнага беларускага фільма, які калісьці прагучаў, не раўнуючы, на ўвесь свет, плёну таксама не прынёс: усёведны Інтэрнет пра яго выданні на DVD нічога “не чуў”, не кажучы ўжо аб гандлярах на “відэакропках”. Лішне казаць, што падобная сітуацыя тычыцца і многіх іншых кінашэдэўраў мінуўшчыны.

 /i/content/pi/cult/177/1756/Paradoksy.jpg
Адсюль і заканамерная сітуацыя: старэйшае пакаленне памятае “слаўныя часіны” айчыннага кіно, а вось моладзь, з якой даводзілася гутарыць на гэты конт, не ведае нават, хто такі Віктар Тураў. І тлумачэнні тут зразумелыя: на шырокім экране і па тэлебачанні яго фільмы ідуць вельмі рэдка, а ў зручным і бадай самым папулярным сёння фармаце “home video” іх не знайсці.

Яшчэ горшая сітуацыя з айчыннымі дакументалістамі і мультыплікатарамі. Ім увогуле не пазайздросціш: у кінафармат іх прадукцыя не надта ўпісваецца (за выключэннем хіба рэдкіх фестывальных паказаў), на тэлебачанні яна таксама не часты госць, і транслюецца далёка не ў прайм-тайм. Таму пераконваць сваіх сучаснікаў у тым, што іх жыццёвы даробак нечага варты, гэтым творцам даводзіцца хіба на словах — і з дапамогай дыпломаў прэстыжных міжнародных фестываляў. Прозвішчы Аслюк і Адамовіч ведаюць многія, але дзе можна паглядзець іх творы, пра якія так хораша адгукаліся паважныя замежныя крытыкі? Мусіць, адказ на гэтае пытанне будзе несуцяшальны.

Без усялякага сумневу, спадзявацца на павелічэнне попыту на беларускае кіно (і, адпаведна, рост яго прэстыжу) пры фактычна поўнай адсутнасці айчынных стужак на відэарынку досыць праблематычна. Таму пошукі вырашэння праблемы таго, калі ж знойдзем беларускія фільмы на паліцах нашых жа крамаў, нам падаліся справай, вартай часу і высілкаў.

Вырашэнне ў фільм-канеры?

Вядома, яшчэ да таго, як дыск з фільмам будзе растыражаваны і апынецца на паліцах ці не ўсіх крамаў, яго вытворцам належыць вырашыць адну немалаважную задачу — зрабіць лічбавую версію прадукту, які захоўваецца на кінаплёнцы. Да нядаўняга часу апаратуры для прафесійнай алічбоўкі інфармацыі з такіх носьбітаў на Беларусі не было. Але ўжо пад час ліпеньскай прэс-канферэнцыі Уладзімір Замяталін, генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, паведаміў пра закупку сучаснай лабараторыі для названага працэсу (пра гэта “К” падрабязна пісала ў № 29 за 2008 г.). Цяпер жа ранейшая праблема, падаецца, сапраўды пачынае вырашацца: сучаснае абсталяванне ўжо працуе на “Беларусьфільме”. Як паведамілі карэспандэнтам “К” у цэху спецыяльных кінавідэатэхналогій “Тэлекіно” кінастудыі, у канцы ліпеня атрымалі апарат тэлекінапраекцыі, які забяспечвае перавод кінавыявы ў відэафармат стандартнай выразнасці. Рыхтуецца да запуску фільм-сканер, прызначаны для сканіравання кінавыявы “в высоком разрешении”.

А гэта значыць, што, дзякуючы сваім узмоцненым вытворчым магчымасцям, кінастудыя здолее прапанаваць новыя работы айчынных творцаў зацікаўленым фірмам у якасным лічбавым фармаце.

“Вытворчасць — “Беларусьфільм”, Расія”?

Пад час працы над артыкулам выявіўся яшчэ адзін, прычым, бадай, самы галоўны парадокс сітуацыі. Ён заключаецца ў тым, што на расійскім рынку беларускае кіно прадстаўлена нават лепей, чым, на ўласна беларускім. Паблукаўшы па старонках адной з найвялікшых інтэрнет-крамаў Расіі, мы адшукалі там не менш за сотню рэлізаў фільмаў “Беларусьфільма”, траціну якіх кожны жыхар суседняй краіны можа замовіць хоць зараз. Самае адметнае, што прадстаўлены там не толькі класічныя стужкі савецкіх часоў, але і фільмы, прэм’еры якіх прайшлі адносна нядаўна: “Яшчэ раз пра вайну”, “Спакуса”, “Чаклун і Румба”, які са згоды аўтарскага калектыву быў “пераахрышчаны” дыстрыб’ютарамі ў “Другую памылку сапёра”… Выпускам гэтых стужак займаюцца некалькі расійскіх кампаній, якія спецыялізуюцца на савецкім і постсавецкім кіно.

У выходных даных на сайце часам можна пабачыць “забаўную” інфармацыю: “Вытворчасць — “Беларусьфільм”, Расія”.

Не трэба быць вялікім знаўцам аўтарскага права, каб пераканацца нават з паведамленняў на ліцэнзійных дысках: многія айчынныя фільмы былі набыты расійскімі кампаніямі без права дыстрыб’юцыі на тэрыторыі Беларусі — краіны-вытворцы.

А што ж нашы дыстрыб’ютары? На Беларусі прэцэдэнты выпуску айчыннага кіно ўжо былі. Некалі гэтай справай занялася адна з магілёўскіх фірм — яна ўпершыню выпусціла на DVD “Белыя Росы”, прычым, як сцвярджаюць прафесіяналы, у някепскай якасці. Амбітныя планы калісьці былі і ў аднаго з лідэраў рынку — кампаніі “Відэамакс”. У 2003 годзе яе кіраўніцтва гучна абвясціла аб заснаванні серыі “Наша кіно”, якую запачаткавала відэаверсія “Анастасіі Слуцкай”. “Насуперак чаканням кіраўнікоў фірмы, — піша ў навуковым выданні “Гісторыі кінамастацтва Беларусі” дырэктар Музея гісторыі беларускага кіно Ігар Аўдзееў у артыкуле “Кіно ва ўмовах рынку”, — якая ў якасці эксперыменту выпусціла “Анастасію Слуцкую” на відэакасетах, першы наклад у некалькі тысяч экзэмпляраў разышоўся так хутка, што яны неўзабаве прадубліравалі яго, а таксама зрабілі наклад беларускамоўнай версіі фільма і актывізавалі падрыхтоўку яго выпуску на DVD-дысках, што спачатку і не меркавалася”.

Ды, не зважаючы на гэтыя акалічнасці, праект аказаўся “адзіночным стрэлам”. Чаму? Далёка не рытарычныя пытанні, дасланыя ў пісьмовым выглядзе на адрас кампаніі два месяцы таму, і на момант выхаду матэрыялу ў свет засталіся без адказаў.

На наша кіно ёсць попыт

І паколькі камерцыйныя структуры, якія ўсур’ёз заняліся б насычэннем відэарынку айчынным прадуктам, праяўляюць ініцыятыву вельмі асцярожна, непазбежна ўзнікае пытанне: ці не павінна кінастудыя ў гэтых варунках змяніць сваю пасіўную пазіцыю на больш дзейсную? Па прынцыпе “Калі не мы, дык хто?”. Набытае сучаснае абсталяванне для алічбоўкі кінаплёнкі не можа не надаваць аптымістычных фарбаў сітуацыі з айчынным “home video”.

Але, падаецца, асноўная прычына, якая перашкаджае справе зрушыцца з нулявой адзнакі, цалкам вытлумачальная, і сфармуляваць яе можна без усялякіх эўфемізмаў: многія прыватнікі папросту не вераць у тое, што беларускае кіно на DVD здатнае прынесці значны прыбытак і годна вытрымліваць канкурэнцыю з заходнім і расійскім.

Без сумневу, калі абмежавацца адно выпускам дыскаў, яны так і застануцца на паліцах крамаў. Або нават да іх не дойдуць, бо паразумецца з іх уладальнікамі— таксама ладны кавалак працы. Такі новы прадукт, як DVD з беларускімі фільмамі, патрабуе сур’ёзнай піар-кампаніі. Але з тым, што патэнцыйны попыт ён мае, цяжка не пагадзіцца. Нават калі браць пад увагу не абстрактнага “шырокага гледача”, а канкрэтныя мэтавыя групы.

Звярнуўшыся ў Музей гісторыі беларускага кіно, карэспандэнты “К“ пераканаліся, што попыт якраз такіх мэтавых груп існуе. “Альпійская балада”, “Знак бяды”, “Людзі на балоце” — экранізацыі гэтых класічных твораў нацыянальнай літаратуры карыстаюцца нязменнай папулярнасцю ў школьнікаў. Таксама дзеці любяць глядзець “Прыгоды Бураціна”, “Пра Чырвоны Каптурок” рэжысёра Леаніда Нячаева, “Дзяўчынка шукае бацьку” ў пастаноўцы Льва Голуба ды іншыя стужкі, створаныя ў розныя гады на “Беларусьфільме”, — адзначае Таццяна Коктыш, навуковы супрацоўнік музея.

Здавалася б, выпадкі адзінкавыя: хтосьці з дбайных настаўнікаў спрабуе разнастаіць свае ўрокі. Але...

Магчымасць наведаць Музей гісторыі беларускага кіно і прагледзець фільм, што неабходны па праграме, ёсць толькі ў мінскіх школьнікаў. Аднак, калі такі ўжо зусім не экзатычны прыбор, як DVD-прайгравальнік, сёння маецца практычна ў кожнай школе, многіх бібліятэках, патэнцыйныя лічбы накладаў экранізацый класічных літаратурных твораў могуць быць даволі ўражальныя.

На DVD-развалах часам можна бачыць досыць кранальныя ўзоры відэапірацтва — запісаныя з тэлеэфіру дакументальныя фільмы па гісторыі беларускай культуры ці, скажам, алічбаваныя стужкі, якія з’яўляюцца піянерамі айчыннай кінавытворчасці.

Вядома, такой справай займаюцца пераважна энтузіясты, і мільённых даходаў яна не прыносіць. Але... значыць, які-ніякі попыт на гэтыя рэчы ўсё ж такі ёсць! Пірат “у стол” працаваць не будзе. А тое, што гэтыя “народныя ўмельцы” здатныя вырашаць розныя праблемныя моманты куды хутчэй за вялікія структуры — гэта ўжо іншае пытанне...

Вытворца і пакупнік шукаюць пасярэдніка

Вядома, погляд на праблему быў бы няпоўны без пазіцыі Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Намеснік дырэктара — начальнік упраўлення кінавідэамастацтва гэтай установы, а таксама кінарэжысёр Людміла ДУБРОЎСКАЯ прапанавала сваю версію выпраўлення цяперашняй сітуацыі — і, разам з тым, засяродзіла ўвагу на яшчэ адным яе аспекце.

— Мяркую, што корань усёй праблемы ў тым, што ў нас няма адпаведнай дыстрыб’ютарскай арганізацыі, якая выконвала б функцыі пасярэдніка паміж вытворцам і пакупніком, займаючыся продажам беларускага кіно на глабальным узроўні. У яе асноўныя абавязкі павінна ўваходзіць распаўсюджванне кінапрадукту як на тэрыторыі Беларусі, Расіі, так і Еўропы, Амерыкі, Лацінскай Амерыкі — усяго свету. Гэта павінна быць асобная структура, але арганічна злучаная з кінастудыяй.
 /i/content/pi/cult/177/1756/Paradoksy2.jpg

Магчыма, гэтыя функцыі павінен быў выконваць, па задумцы генеральнага дырэктара Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, прадзюсерскі цэнтр. Але пакуль што добрая ідэя знаходзіцца ў стадыі станаўлення. Толькі пры камерцыйным падыходзе наша кіно будзе прадавацца. Калі арганізацыя сама зацікаўлена ў выніках і мае з кожнага продажу пэўны працэнт, яна будзе працаваць з аддачайі шукаць выхады на новыя рынкі, пашыраць аўдыторыю. Аддзел маркетынгу і продажу кінастудыі, які займаецца продажам прадукцыі цяпер, — гэта толькі пачатак, невялікая крыха той структуры, яна павінна быць куды больш маштабнай.

Як адзначыла Людміла Дуброўская, цяпер на кінастудыі “Беларусьфільм” праводзіцца рэканструкцыя. Мэтай яе з’яўляецца вытворчасць новага, сучаснага і камерцыйна паспяховага кіно. Калектыў кінастудыі цяпер працуе ў складаных умовах. Таму падтрымка дзяржавы і ўліванне сродкаў — неабходная мера рэанімацыі беларускай кінавытворчасці, але далей яе трэба са стопрацэнтных дзяржаўных датацый паступова пераводзіць на камерцыйныя рэйкі, на самаакупляльнасць, інакш мы нікуды не зрушым.

Але ж напрошваецца пытанне: ці не павінен Дэпартамент па кінематаграфіі садзейнічаць папулярызацыі айчыннага кінапрадукту?

— Дэпартамент — гэта дзяржаўная структура, якая садзейнічае і кантралюе працэс кінавытворчасці і пракату. Безумоўна, мы не пакідаем без увагі распаўсюджванне беларускага кіно, але ў першую чаргу Дэпартамент зарыентаваны на ідэалагічныя і прававыя складнікі кінематаграфіі. Дэпартамент зацікаўлены ў вытворчасці кіно ў першую чаргу як ідэалагічнага прадукту, а ўжо потым — як камерцыйнага. Менавіта таму садзейнічаць гэтаму працэсу злучэння прадаўца і пакупніка павінна “трэцяя асоба” — дыстрыб’ютарская арганізацыя, якая сваёй мэтай ставіць атрыманне прыбытку, альбо магутны прадзюсерскі цэнтр.

Што да прававых аспектаў, дык менавіта цяпер, напрыклад, Дэпартамент спрабуе вырашыць даўно набалелае пытанне вяртання зыходных матэрыялаў кінастудыі “Беларусьфільм”, якія знаходзяцца ў Дзяржфільмафондзе Расіі ў Белых Сталбах. Пасля распаду Савецкага Саюза зыходнікі ўсіх стужак, якія былі зняты за ўвесь перыяд існавання беларускай кінастудыі і якія, паводле правілаў савецкага часу, адпраўляліся ў Маскву, так і не былі вернуты назад кінастудыі-вытворцы. Негатывы ўсіх вядомых беларускіх савецкіх хітоў “Чалавек у футарале”, “Міколка-паравоз”, “Дзяўчынка шукае бацьку”, “Людзі на балоце” і іншых знаходзяцца ў Дзяржфільмафондзе, у той час як праваўладальнікамі гэтых карцін з’яўляецца “Беларусьфільм”. Сёння, каб рэалізоўваць свае аўтарскія правы, мы павінны заказваць і рабіць копію свайго ж кіно ў названай структуры, аддаючы за гэта вялікія грошы — кожная копія стужкі абыходзіцца каля 20 тысяч долараў.

Адсюль “растуць ногі” многіх праблем — і, у першую чаргу, складанасцяў рэалізацыі права на “хатняе відэа”.

Па сутнасці, мы не бачым наша старое кіно на DVD не толькі таму, што ў нас няма моцнай дыстрыб’ютарскай кампаніі, але і таму, што нярэдка не маем зыходных носьбітаў, з якіх было б магчыма рабіць добрыя копіі многіх старых фільмаў. Вось гэтай праблемай і шэрагам іншых, не менш складаных, павінен займацца Дэпартамент. Пытанне вельмі складанае, набалелае, але яго магчыма вырашыць, калі зноў і зноў прыцягваць да яго ўвагу.

На адну палічку з “Альпійскай баладай”

Вядома, наладзіць паўнавартасны працэс выпуску “home video” — справа, якая вымагае эканамічных высілкаў. Ды тым не менш... Мусіць, у дадзеным выпадку ўсё ж не толькі эканамічны аспект трэба браць пад увагу. І можа нават не ён павінен становіцца кутнім каменем.

Выпускаючы творы класікаў нашай літаратуры, дзяржаўныя выдавецтвы дбаюць перадусім не пра прыбытак (нявыключана, што кніжная прадукцыя іншага кшталту прынесла б куды болей грошай): перш-наперш імі кіруе ўсведамленне таго, што шэдэўры нашага пі ьменства павінны быць прадстаўлены на кніжных паліцах, бо гэта важны фактар нацыянальнага прэстыжу.

У беларускім кіно таксама ёсць свае класікі, але ж іх імёны і творы прызабытыя. І сёння, калі дзяржава выдаткоўвае столькі сродкаў на мадэрнізацыю кінагаліны, вельмі важна, каб прысутнасць знакавых айчынных кінатвораў былых часоў у актуальнай культурнай прасторы не толькі спрыяла прэстыжу беларускага кіно як такога, але і станавілася стымулам прафесійнага росту для сучасных творцаў. Кожны з іх атрымае лішнюю магчымасць задумацца: ці можна будзе паставіць яго фільм на адну палічку з той жа “Альпійскай баладай”?

Нельга абмінуць увагай таксама і іміджавы фактар. Трапляючы ў музычную краму і бачачы там стэлажы з беларускімі дыскамі розных стыляў і напрамкаў, замежныя турысты пераконваюцца ў тым, што свая музыка ў нас ёсць. А якое ўражанне ў іх будзе пасля наведвання відэааддзела той самай крамы?

Тым болей, наша кіно — ці, дакладней, лепшыя яго ўзоры — здатнае годна прадставіць краіну. Даводзілася сустракаць аўстралійца, усе веды якога пра Беларусь вычэрпваліся толькі трыма словамі: “Ідзі і глядзі”.

І, бадай, самае галоўнае. Само паняцце “кінематаграфія” ўключае ў сябе некалькі складнікаў — гэта і культурная практыка, і бізнес-індустрыя. З аднаго боку, кіно прапаноў ае нам пэўны міф, гісторыю, якой мы мусім паверыць, знайсці ў ёй штосьці няўмольна блізкае, — кіно як прадукт культуры, з іншага — кінастужка з’яўляецца вынікам працэсу (кіна-) вытворчасці, вынікам, які разыходзіцца масавым накладам, а значыць — кіно выступае і прадуктам прамысловым. Прырода кінематографа такая, што яго ўладальнікі здольныя кіраваць светам, прапаноўваючы людзям рознакаляровыя міфы ў вялікай колькасці, плённа распаўсюджваючы іх па ўсіх кантынентах. Але перш чым мы становімся аб’ектам уздзеяння кінамастацтва, мы мусім купіць кіно. І вось тут, на жаль, ва ўмоўнай краме сусветнай кінематаграфіі мы не знойдзем паліцы з найменнямі беларускіх кінаміфаў — добрых, дрэнных, якіх заўгодна, — а значыць, мы, беларускія гледачы, як суб’екты гісторыі не цікавыя кінавытворцам. Нашы кінагісторыі пра саміх сябе “асядаюць” на паліцах пасля беглага пракату ў кінатэатрах. Можа, нягледзячы на іх сціплы патэнцыял, ім трэба даць шанц?


Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ 
Ілля СВІРЫН