Сяргей КРАЛЯВЕЦ:

№ 40 (858) 04.10.2008 - 10.10.2008 г

“Прадстаўленае — уражвае!”

Міжнароднае супрацоўніцтва стала стрыжнем гутаркі карэспандэнта “К” з Сяргеем Краляўцом.

 /i/content/pi/cult/177/1755/Kralyavec.jpg
— Сяргей Паўлавіч, вядома, што Кіева-Пячэрскі гісторыка-культурны запаведнік актыўна ўдзельнічае ў міжнародных праектах. Ці простая гэта справа — ажыццявіць выстаўку за мяжой?

— Кожны праект, а тым больш — міжнародны, — унікальны. Тое, што мы паказваем на выстаўцы — своеасаблівы айсберг. Справа ў тым, што для ажыццяўлення ідэі той жа выстаўкі праваслаўнай іконы ў кожным музеі — ўдзельніку акцыі — была праведзена велізарная работа.

На вялікі жаль, быў час, калі музеі Беларусі, Расіі і Украіны паміж сабой амаль што не кантактавалі, у выніку чаго наведвальнікі маглі бачыць толькі спарадычныя выстаўкі, што, безумоўна, не магло задаволіць іх эстэтычны густ. Да прыкладу, апошні раз да гэтага часу выстаўка Кіева-Пячэрскага гісторыка-культурнага запаведніка экспанавалася ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі толькі ў 2001 годзе...

Зрэшты, у кожнага музея, мусіць, ёсць жаданне супрацоўнічаць з як мага большай колькасцю ўстаноў розных краін. Таму, канешне, было б цікава ўбачыць поруч з усходнеславянскімі іконамі абразы з тых жа Сербіі, Балгарыі. Аднак і тое, што прадстаўлена, не можа не ўражваць. Калі казаць пра нашу частку выстаўкі, то ў наведвальнікаў ёсць магчымасць параўнаць адрозныя і падобныя рысы розных мастацкіх школ Украіны.

— Якія тэндэнцыі назіраюцца ў стаўленні ўкраінцаў да музейных устаноў?

— У нашай краіне, калі верыць статыстыцы, усе працэсы адбываюцца ў рэчышчы сусветных. У сярэдзіне 1990-х гадоў назіралася змяншэнне наведвальнікаў, аднак цяпер штогод, наадварот, назіраецца рост колькасці аматараў музеяў. Думаю, у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі таксама не ўзнікае вялікіх праблем з колькасцю наведвальнікаў. Пасля невялікага знаёмства з беларускімі музеямі можна шчыра сказаць: у вас сабраны цудоўныя калекцыі! І гэта, безумоўна, сведчыць пра абгрунтаванасць той іх папулярнасці, якая маецца сярод жыхароў вашай краіны і, не сумняваюся, замежных турыстаў.

— Нельга абысці пытанне спонсарскай дапамогі. Ці можна сказаць, што бізнес на Украіне мае сацыяльную арыентаванасць?

— Дапамогі ніколі не бывае зашмат, як з боку дзяржавы, так і з боку прыватных фірм. Але хочацца сказаць, што выстаўку ўкраінскіх ікон, якую мы прывезлі ў Беларусь, як і выданне альбома-каталога, цалкам фінансавалі фундатары музея-запаведніка. Зрэшты, музейная работа — гэта праца па ператварэнні інфармацыі, што захоўваецца ў экспанатах, у веды. А спосабы гэтай дзейнасці павінны быць разнастайнымі: стварэнне экспазіцыі, выданне кніг, стварэнне фільмаў, адукацыйных мультымедыйных прадуктаў — усё гэта рух інфармацыі. І праца гэтая сёння запатрабавана ў грамадстве.

— Сяргей Паўлавіч, ці варта чакаць далейшага супрацоўніцтва паміж нашымі музеямі? Што ваш гісторыка-культурны запаведнік мог бы прапанаваць беларускім аматарам мастацтва?

— Давайце гэтае пытанне адрасуем чытачам “Культуры”! Мяркую, прапановы чытачоў — аматараў мастацтва акажуцца здзяйсняльнымі!


Гутарыў Канстанцін АНТАНОВІЧ
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА