“Мае сябры”

№ 42 (1481) 17.10.2020 - 23.10.2020 г

Вось так, на першы погляд, вельмі проста назваў Сяргей Каваль сваю персанальную выставу ў Гомельскай карціннай галерэі Гаўрыіла Вашчанкі. Але калі ўлічыць, што сябрамі гэтымі ён лічыць Пабла Пікасо, Марка Шагала, Анры Русо, Амедэо Мадзільяні, Эндзі Уорхала, Сальвадора Далі, Казіміра Малевіча, Ван Гога і іншых не меней вядомых мастакоў, то таленавіта творчая дзёрзкасць Сяргея Каваля, які жыве ў вёсцы Якімаўская Слабада Светлагорскага раёна, становіцца асабліва пераканаўчай. Зрэшты, для мяне яна такой была заўсёды.

/i/content/pi/cult/820/17546/16.jpgПрыгадваю шыкоўны каталог “Святло і цені”, выдадзены міжнародным аўтамабільным холдынгам “Атлант-М”. Разглядаючы яго, зразумеў, што было б наіўным лічыць інсітнае мастацтва, якое спавядае Сяргей Каваль, абмежаваным прымітывізмам. Насуперак агульнаму меркаванню аб тым, што любімым мастаком яго павінен быць Ніка Пірасмані, Сяргей назваў такім Пабла Пікасо. І гэта пры тым, што не толькі тэматычна, але і духоўна ўсёй сваёй сутнасцю ўвасабляе народныя ўяўленні пра выяўленчае мастацтва. Нядзіўна, што яго шматлікія творы прысвечаны сялянскаму жыццю, побыту. Неяк сапраўды па-дзіцячаму шчыра перадае ён уласнае адчуванне роднай прыроды, дакладней, сваёй гармоніі з ёй. Яго вясковыя фантазіі вельмі рэалістычныя, хоць і стылізаваныя. Майстэрства вольнай, нязмушанай кампазіцыі ў кожнай з іх проста захапляе. І тым не менш, адчуваецца менавіта тая цэласнасць, якую нельга парушыць. Варта штосьці змяніць — і знікне ўся сутнасць задумы, увасаблення.

Але зараз перад намі, безумоўна, знаёмае, аднак, зусім нечаканае творчае аблічча гэтага ўжо вядомага далёка за межамі Беларусі мастака. Зрэшты, той, хто пабачыў згаданы каталог “Святло і цені”, абавязкова ўспомніць, што ўжо тады сустракаліся назвы карцін, якім ён надае адмысловую асацыятыўную значнасць: “Гутарка з прыяцелем Моцарта”, “Падарожжа ў нікуды” (інтэрпрэтацыя карціны Сальвадора Далі “Аптэкар з Фігероса, які не шукае абсалютна нічога”), “Першы снег. Сон Пірасмані ў “Райскім садзе” Босха”, “Падарожжа Хуана Міро і Пабла Пікасо ў Афрыку”. Гэта далёка не поўны пералік, бо згаданы Сар'ян, Суцін, Анры дэ Тулуз Латрэк, наш сучаснік Віктар Альшэўскі…

Сяргей Каваль піша копіі (а дакладней, свае асацыяцыі твораў Цімура Сюдзана, Масанобы, прысвячае творчыя фантазіі Анры Мацісу… Маштабнасць мастацкага дыяпазону вабіць яшчэ і тым, што ён застаецца вельмі натуральным. А гэта сведчанне сапраўднага таленту.

Так што тэматычная “нечаканасць” выставы ў Гомелі цалкам прадказальная. Карціны, прадстаўленыя на ёй, паступілі з асабістай калекцыі вядомага мецэната выяўленчага мастацтва Алега Хусаенава, з галерэі ХО (Мінск), са Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава.

Нагадаю, што ў 2018 годзе Сяргей Каваль прыняты ў Саюз мастакоў Беларусі, што яго персанальныя выставы адбыліся не толькі ў Светлагорску, але і ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі Румянцавых-Паскевічаў, у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі. Выстаўляліся таксама ў рамках арт-праекта “Zabor” у Польшчы, Францыі і Кітаі. Усё гэта красамоўна пацвярджае, што сусветна вядомыя творчыя сябры Сяргея Каваля сталі для яго надзейнымі арыенцірамі ў дзёрзкіх задумах і іх таленавітых увасабленнях.

Пра асацыятыўную маштабнасць цяперашняй экспазіцыі вельмі пераканаўча гаварылі пры яе адкрыцці галоўны захавальнік фонду Гомельскай карцінннай галерэі Гаўрыіла Вашчанкі Алег Курашоў, яе дырэктар Людміла Шымбалёва, мастакі і скульптары Валерый Кандраценка, Яфім Міневіцкі, Аляксандр Сушкоў і іншыя. Лёгка было заўважыць, з якой цікавасцю разглядалі першыя наведвальнікі выставы прасторавыя, прасякнутыя маляўнічай фантазіяй карціны “Ніка Пірасмані”, “Мой сябра Анры Русо”, “Вяртанне Шагала”, серыю аўтапартрэтаў… Многае дапамог удакладніць і сам Сяргей Мікалаевіч, адказваючы на пытанні прысутных.

І яшчэ адна цікавая дэталь: творы Сяргея Каваля экспануюцца не толькі ў сімвалічнай, хоць і адчувальнай прысутнасці яго сусветна вядомых сяброў-мастакоў, але і побач з афортамі Івана Шышкіна. Менавіта іх можна ўбачыць зараз у адной з залаў гэтай галерэі. Ці не праўда, таксама вельмі ганаровае суседства?

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

г. Светлагорск