Карнавальнае сваволле беларускага вяселля

№ 42 (1481) 17.10.2020 - 23.10.2020 г

У № 39 за 26 верасня “К” пачала цыкл матэрыялаў пра традыцыйнае вяселле. Працягваем распавядаць пра завяршальны этап урачыстасці і пра паралелі з каляндарнай абраднасцю.

/i/content/pi/cult/820/17543/13.jpgПародыі на царкоўныя абрады падчас вяселля і святаў

Традыцыйнае вяселле сканчвалася суцэльнай, можна сказаць, карнавальнай весялосцю. З “падменнымі маладымі”, пра якіх мы распавядалі раней, маглі ў жартоўнай форме праходзіць амаль усе часткі вясельнага абраду, у тым ліку вянчанне. Пародыі на царкоўныя цырымоніі, як вяселле, так і адпяванне (пахаванне) часам сустракаюцца і ў якасці часткі каляндарных свят.

У Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці Масленічны тыдзень у панядзелак адкрывае абрад “пахаванне Дзеда” — ляльку ў рост чалавека жартам аплакваюць, распавядаючы, што “Дзед касцёй падавіўся, таму і памёр”, а потым “хаваюць” пад дрэўцам, засыпаючы снегам альбо саломай. Дзед сімвалізуе мясаед, які сканчваецца (у праваслаўнай традыцыі на Масленіцу ўжо нельга есці мяса). Вобраз Дзеда шматзначны, у навуковай літаратуры яго разглядаюць і як першапродка, і як увасабленне бога-грымотніка Перуна.

У “пахаванні” ўдзельнічае персанаж Поп. Адна з удзельніц абрада пераапранаецца ў чорнае доўгае адзенне, надзявае шапачку, бярэ кадзіла, зробленае з бляшанкі з-пад кансерваў і “адпявае” Дзеда. Па ўспамінах старэйшых жыхароў раёна раней ад Папа падчас такой “паніхіды” можна было пачуць і ненарматыўную лексіку. Масленіца завяршалася “пахаваннем Бабы” — лялькі ў вобразе жанчыны — у першы панядзелак Вялікага посту. Невядома дакладна, ці ўдзельнічаў у абрадзе Поп. Жыхары раёна кажуць “Бабу “хавалі” так жа, як Дзеда”.

Пародыі на царкоўныя цырымоніі дазвалялі ўдзельнікам, з аднаго боку, больш рэалістычна адлюстраваць абрады, якія выяўляліся ў жартоўнай форме, а з другога боку, персанаж Поп выступаў як пасрэднік між прафанным (штодзённым) і сакральным (святочным), такім чынам надаючы рытуалу глыбінны сэнс.

Рытуальныя бясчынствы

Як мы распавядалі ў мінулым матэрыяле, пераапранутыя персанажы, “цыганы”, маглі літаральна перавярнуць хату, дзе праходзіла вяселле, дагары нагамі. Але для гэтага гасцям не абавязкова было пераапранацца. Яны маглі проста “граць” на хатнім начынні, ствараючы какафонію, гучна крычаць ці ламаць рэчы. Часта ў канцы вяселля ламалі лаву. Падавалася б, проста хуліганства, як і бойкі на вяселлі, калі разагрэтыя спіртнымі напоямі маладыя людзі хочуць кудысьці падзець лішак энергіі. Але ламанне лавы сімвалізуе хаос абраду пераходу, якім з’яўляецца вяселле. Ламаецца старое, каб утварылася новае: новая сям’я, новы статус маладых.

Вясельныя рытуальныя бясчынствы маюць паралелі ў каляндарных абрадах — на Купалле, Каляды і Масленіцу моладзь разбірала штыкетнік у платах, здымала і пераносіла з месца на месца весніцы ды брамы, падпірала гаспадарам, якія мелі ў вёсцы нядобрую славу, дзверы ў хату, каб складана было выйсці. Маглі закрыць шклом комін, і тады дым з печы ішоў у хату, пакуль гаспадар не здагадваўся прыбраць перашкоду.

Паралелі з вясельнай абраднасцю можна заўважыць і ў такім відзе каляндарных бясчынстваў: калі вясковая моладзь ведала аб узаемнай сімпатыі нейкай пары, то між хатамі дзяўчыны і хлопца высыпалі “дарожку” якімі-небудзь падручнымі матэрыяламі: саломай, кастрыцай (рэшткі ад апрацоўкі льну). Агулам, такія дзеянні ўспрымаліся парай пазітыўна, для дзяўчыны гэта быў гонар.

І на вяселлі, і падчас каляндарных святаў здараўся рытуальны крадзёж. Як мы распавядалі ў папярэднім матэрыяле, вясельныя “цыганы” найчасцей кралі кур. На Масленіцу моладзь крала сані, на якіх потым каталася з гары. Маглі красці дровы для купальскага вогнішча. У абрадзе завяршэння каляднага перыяду “цягнуць Каляду на дуб” у якасці падстаўкі для “Каляды” (кола, гаршка з кашай, снапа, нават жывой жанчыны) магла фігураваць скрадзеная барана.

Вясельная “рагатка”

“Хуліганіць” маглі не толькі госці, запрошаныя на вяселле. Стварэнне новай сям’і было ў некаторай ступені справай не толькі дзвюх сем’яў, якія радніліся, але і ўсёй вёскі: жанчыны нават без запрашэння прыходзілі спяваць, дзеці прыбягалі па пачастункі (“шышкі” з каравая ці, пазней, цукеркі), а старыя ішлі “глядзець маладую”. Але гэта ўсё часцей адбывалася, калі жаніх з нявестай ужо вярнуліся з царквы (ці, у савецкі час, — з ЗАГСа). А па дарозе вясельнаму поезду рабілі “рагатку” — шлях перагароджвалі вяроўкай, выносілі адрынец, на які маладыя ці дружкі павінны былі паставіць пачастунак, пакласці грошы, “выкупіўшы” такім чынам новай сям’і добрую долю. Лічылася, чым больш разоў спыняць маладых, тым шчаслівейшым будзе іх жыццё ў шлюбе.

Алена ЛЯШКЕВІЧ, супрацоўніца Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі