Дзень маці і BOOKface-чэлендж

№ 42 (1481) 17.10.2020 - 23.10.2020 г

Нягледзячы на дождж і пахаладанне, культработнікі Беларусі працягваюць ладзіць шматлікія імпрэзы ў розных кутках краіны. Сведчаннем гэтаму — рэдакцыйная пошта “К”, якая поўніцца лістамі ад нашых чытачоў і прыхільнікаў. Такім чынам, прапануем вашай увазе наш традыцыйны агляд матэрыялаў з рэгіёнаў Беларусі.

/i/content/pi/cult/820/17542/12.jpgКаму свецяць продкі?

Пачнём з Віцебшчыны. Прэзентацыя аднадзённай выставы “Заўсёды трэба быць трохі казачнікам”, прымеркаванай да 110-годдзя з Дня нараджэння дзіцячага пісьменніка Рыгора Шакулава, адбылася 13 кастрычніка ў аддзеле дзіцячай літаратуры Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна. Юбілейная выстава казачніка была падрыхтавана сумеснымі намаганнямі супрацоўнікаў абласной кніжніцы ды абласнога краязнаўчага музея. На імпрэзе можна было ўбачыць фатаграфіі, кнігі, часопісы, газеты і мемарыяльныя рэчы сям’і пісьменніка.

З лютага па верасень бягучага года Полацкім раённым Цэнтрам культуры быў рэалізаваны раённы агляд-конкурс этнаграфічных куткоў “Свет нашых продкаў”, у якім прынялі ўдзел усе 18 клубных устаноў раёна. Як піша рэдактар Полацкага РЦК Кацярына Паўловіч, культработнікамі была праведзена карпатлівая праца па выяўленні старадаўніх прадметаў побыту, прылад працы, рамёстваў, дэкаратыўна-прыкладной творчасці і іншых этнаграфічных матэрыялаў. Вынікам стала стварэнне ва ўсіх клубных установах этнаграфічных куткоў, а ў некаторых СК — паўнавартасных этнаграфічных экспазіцый.

Першай і ўзорнай для ўсіх астатніх сталася прэзентацыя этнаграфічнай экспазіцыі з асабістай калекцыі Веры Уладзіміраўны Пісюковай — заснавальніцы ансамбля “Галасы спадчыны” і носьбіта спеўнай традыцыі выканання купальскіх і жніўных песень “у перахлёст”, унесенай летась у спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. А ўжо ў самым пачатку кастрычніка прагляд этнакуткоў з усіх клубных устаноў культуры раёна быў завершаны. Прааналізаваўшы і абмеркаваўшы вынікі агляду-конкурсу, журы аднагалосна прызнала пераможцам Зялёнкаўскі СДК. Дыпломамі II ступені ўзнагароджаны Кушлікоўскі СДК і Азінскі СДК, узнагароду III ступені атрымалі Палатоўскі СДК і Сільніцкі СДК.

Вітанні шматдзетным маці

Як і заўжды, шмат лістоў мы атрымалі з Гродзеншчыны. Напрыклад, другога кастрычніка ў Смаргоні адбыўся рэтра-канцэрт “Старая пласцінка”, прысвечаны Дню пажылых людзей. Падчас мерапрыемства прысутныя слухалі і разам выконвалі любімыя песні ў выкананні артыстаў Смаргонскага РЦК. А 10 кастрычніка ў той жа Смаргоні прайшоў традыцыйны восеньскі кірмаш “Шчодрай восені дары”, які пачаўся тэатралізаванай дзеяй, дзе галоўным персанажам стаў аграном, які прадстаўляў гаспадаркі і іх дасягненні.

Але і гэта яшчэ не ўсё. Як паведаміла нам метадыст Смаргонскага РЦК Вольга Крывянкова, у сувязі з пагаршэннем эпідэміялагічнай абстаноўкі, урачыстае мерапрыемства да Дня маці культработнікам прыйшлося, на жаль, адмяніць. Але работнікі ўстановы культуры знайшлі выйсце з гэтай няпростай сітуацыі і павіншавалі матуль святочным відэа-кліпам.

У Карэліцкай раённай бібліятэцы мерапрыемства, прысвечанае Дню маці, таксама адбылося пры дапамозе найноўшых камп’ютарных тэхналогій. Свята, да слова, атрымалася даволі змястоўным і насычаным на падзеі: анлайн майстар-клас па вырабе святочнай паштоўкі, фотазона “Мама — першае слова…”, імправізаваная дошка “Маёй любімай матулі”, прафсаюзная акцыя “Павіншуем маму разам”.

“Кожны ахвотны — і бібліятэкар, і чытач — змог сфатаграфавацца (фота на памяць адразу) і падпісаць святочную паштоўку з найлепшымі пажаданнямі сваёй матулі, — піша нам метадыст Карэліцкай раённай бібліятэкі Наталля Казарэз. — Таксама ў рамках мерапрыемства “Матуля родная — выток жыцця, калыска дабрыні” віталі шматдзетную маці, бібліятэкара Карэліцкай дзіцячай бібліятэкі Марыну Пісарык, якая ў гэтым годзе нарадзіла чацвёртую дачушку”.

Падчас свята ў дзіцячай бібліятэцы прайшла анлайн-акцыя “Радкі пра самых любімых”, дзе дзеці дарылі сваім матулям з любоўю вершаваныя радкі і кніжная выстава “Мама”. Акрамя таго, у Дзень маці супрацоўніца Карэліцкай раённай бібліятэкі Аксана Жук, якая мае пяцёра дзяцей, была ўзнагароджаная ордэнам Маці.

Завяршыць блок інфармацый з Гродзеншчыны хочацца матэрыялам пра Музей Вавёркі, што знаходзіцца ў Вялікай Бераставіцы. Сёлета, сёмага кастрычніка, установа адзначыла шостую гадавіну з дня свайго адкрыцця. Як піша нам у сваім допісе Святлана Ганчарова, сама назва музея гавораць, што галоўная “гераіня” тут — вавёрка. Пухнатая рудая прыгажуня з’яўляецца, як вядома, сімвалам Бераставіцы, пра што сведчыць герб мястэчка.

За час існавання музей наведалі каля дваццаці дзвюх тысяч чалавек з розных краін свету, сярод якіх не толькі турысты з блізкага, але і далёкага замежжа — ЗША, Вялікабрытаніі, Мальты, Францыі, Нарвегіі ды іншых. Установа актыўна пазіцыянуе сябе ў вэб-прасторы — на інтэрнэт-платформе “Музеі Беларусі” і ў большасці сацыяльных сетак. Звесткі пра Музей Вавёркі ёсць і ў энцыклапедыі “Самыя незвычайныя музеі Беларусі”, у якой прадстаўлены каля 34 музеяў нашай краіны.

У апошні час у сувязі з абмежавальнымі мерамі з-за распаўсюджвання COVID-19 у Музеі Вавёркі атрымаў развіццё сямейны турызм, актыўна ладзіцца выставачная дзейнасць. З апошніх ноў-хаў музея — адкрыццё творчай майстэрні “Вавёрчына камора” і магчымасць наведвальнікам прыняць удзел у майстар-класе па вырабе сувеніраў.

Школа дырэктараў і кніжныя “мадэлі”

А цяпер некалькі лістоў з Брэстчыны. Так, незвычайную акцыю правялі ў верасні супрацоўнікі Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Як піша нам бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу раённай кніжніцы Наталля Ефціфеева, акцыя BOOKface-чэлендж прайшла на старонках установы ў сацыяльных сетках. Каб звярнуць увагу карыстальнікаў інтэрнэта да кнігі, чытання і бібліятэкі, цягам месяца ў Сеціве змяшчаліся фотаздымкі, на якіх кніжныя вокладкі сумяшчаліся з тварамі мадэляў, у якасці якіх выступалі як самі бібліятэкары, так і чытачы. Усе “мадэлі” з запалам падбіралі кніжкі, з якімі хацелі б сфатаграфавацца. Не менш цікавым было потым вызначыць, хто насамрэч хаваецца за кніжнай вокладкай.

— Хацелася зрабіць нешта незвычайнае ў сваё прафесійнае свята, — дзеліцца сакрэтамі ідэі загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі Юлія Пракапук. — Дадам, што кожны год мы прыдумляем што-небудзь цікавае для нашых чытачоў, асабліва ў верасні: менавіта ў гэтым месяцы штогод праходзіць Тыдзень рэкламы бібліятэкі.

А ў Ганцавічах нядаўна прайшла абласная школа дырэктараў бібліятэчных сістэм Брэсцкай вобласці. Галоўнай тэмай Школы дырэктараў была краязнаўчая дзейнасць бібліятэк. Як піша нам загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ганцавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Таццяна Маляўка, мерапрыемства ладзілася два дні. У першы дзень у гарадскім Доме культуры адбылося ўзнагароджванне пераможцаў абласных тураў рэспубліканскіх конкурсаў “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” і “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання”, а таксама абласнога конкурсу па стварэнні віртуальных праектаў краязнаўчай тэматыкі.

Пасля ўдзельнікаў Школы дырэктараў чакала знаёмства з сельскімі бібліятэкамі. Так, у Кукаўскай сельскай бібліятэцы госці пазнаёміліся з краязнаўчай дзейнасцю ўстановы і, сярод іншага, наведалі музычны рэтра-пакой “Мелодыя душы”, дзе сабраны калекцыі музычных інструментаў, пласцінак, магнітафонных стужак, рукапісных песеннікаў, якія былі папулярнымі ў моладзі 70 — 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Далей госці наведалі Агарэвіцкую сельскую бібліятэку, на базе якой створаны гісторыка-краязнаўчы цэнтр “Бусліны край, мой вырай і прыстанак…” Тут змешчаны дзясяткі тэматычных дасье пра гісторыю розных устаноў, якія размяшчаліся на тэрыторыі вёскі Агарэвічы, пра людзей працы, ветэранаў вайны, воінаў-афганцаў. На аснове сабраных матэрыялаў бібліятэкарамі была створана мультымедыйная энцыклапедыя “Гісторыя вёскі Агарэвічы з бібліятэчнай паліцы ў сучасны фармат” і прадстаўлена для ўдзелу ў ХХV Рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. У намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы” работа заняла першае месца.

У другі дзень Школы дырэктараў кіраўнікі бібліятэк наведалі раённы Дом рамёстваў, завіталі ў цэнтральную раённую бібліятэку імя В. Ф. Праскурава, дзе таксама пазнаёміліся з вопытам мясцовых супрацоўнікаў у галіне краязнаўчай дзейнасці, паслухалі аповеды пра краязнаўства іншых бібліятэк, інавацыйныя формы работы ў бібліятэчнай галіне ды падвялі вынікі сваёй працы, якая атрымалася сапраўды змястоўнай і інфармацыйнай.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"