Фрагменты Вавілонскай вежы Віктара Альшэўскага

№ 42 (1481) 17.10.2020 - 23.10.2020 г

У Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь праходзіць персанальная выстава жывапісца Віктара Альшэўскага. Выстава мае назву “Фрагменты Вавілонскай вежы”.

/i/content/pi/cult/820/17538/4.jpgЯк кожны чалавек, які мае пэўны досвед, я суадношу тое, што бачу, з тым, што ведаю. Памятая першыя паспяховыя творчыя вопыты Віктара Альшэўскага, магу больш-менш дакладна прасачыць эвалюцыю стылістыкі, тэматычных прыярытэтаў, трансфармацыю ментальнага ладу мастака — усё тое, што на сённяшні дзень выкрышталізавалася ў пэўную канцэпцыю яго светапогляду. Але, канешне, такім, як сёння, мастак быў не заўсёды.

Спачатку спадар Віктар імкнуўся спраўдзіцца ў межах дамінуючага ў тым часе сацыялістычнага рэалізму, ягонай пафаснай плыні; пазней — у нацыянальнай рамантыцы, яшчэ спрабаваў гарманічна спалучаць звыклы рэалістычны жывапіс з элементамі сюррэалізму і дэкаратыўнай умоўнасцю, што мае карані ў мастацтве Мадэрну мяжы XIX і XX стагоддзяў. Ягоныя даволі эфектныя партрэты падпадаюць пад вызначэнне “салон”, але мяжу, калі мастацтва пераходзіць у сваю супрацьлегласць, а творчы пошук змяняецца ўсталяванай, угрунтаванай завядзёнкай, Віктар Альшэўскі, здаецца, ніколі не пераходзіў. Мастак умее пабачыць у звыклым, што ўжо паспела і вока намуліць, з’яву ўнікальную, для свайго часава-прасторавага сегменту непаўторную. А ў чымьсці для беларускага вока нязвыклым і экзатычным мастак здолее раскрыць праяву ўніверсальнасці.

Вось і тая Вавілонская вежа… Колькі ўжо разоў нават на нашай памяці яе разбуралі, а потым — разгарнуўшы сярод руін транспарант з лозунгам кшталту “Мы наш, мы новы свет збудуем!” (хто не памятае, нагадаю: з гэтай песняй у кастрычніку 17-га штурмавалі Зімні), пачыналі ўзводзіць падабенства знішчанага імі ж гмаху. На гэтай выставе аўтар прадставіў карціны, якія ў роўнай ступені можна было б лічыць вобразнымі ілюстрацыямі да Спісу сусветнай спадчыны UNESCO і фрагментамі шматлікіх “вавілонскіх вежаў”, што ў розныя часы паўставалі на розных кантынентах. Паўставалі, як помнікі чалавечай гардыні, каб быць зруйнаванымі наступным пакаленнем будаўнікоў, якім для самасцвярджэння, для рэалізацыі ўласных глабальных амбіцый была патрэбна свабодная прастора.

Але ж будуючы дамы, гарады, утвараючы супольнасці, дзяржавы — інакш кажучы, ствараючы сегменты чарговай “вавілонскай вежы”, людзі, нават дасведчаныя ў гісторыі, думаюць не пра будучыя і амаль напазбежныя катаклізмы, а пра тое, што менавіта яны здолеюць здзейсніць тое, што не атрымалася ў іх папярэднікаў. Праўда, нязломныя аптымісты ёсць нават сярод тых, каму давялося пабачыць разбурэнне таго, што яны пабудавалі. У такіх выпадках кажуць, крызіс — гэта досвед і, адпаведна, магчымасць зноў пачаць з больш выгоднай пазіцыі. Мне запомніўся такі, ужо гістарычны, фотаздымак: пасля разбурэння Берлінскага муру і ўз’яднання Германіі ва Усходнім Берліне дэмантуюць помнік галоўным завадатарам камунізму Марксу і Энгельсу, а на пастаменце нехта напісаў белай фарбай “У наступны раз атрымаецца!” Гэта да прыкладу.

Асабіста мне творчасць Віктара Альшэўскага даспадобы ў малых дозах. На ягоных вялікіх выставах (а бадай у кожнай ягонай персаналіі прысутнічае гэткая “вавілоністасць”) у мяне стамляюцца вочы ад перыстых фарбаў і эфектных дысанансаў. А яшчэ мне становіцца сумна. Фрагменты, фрагменты, фрагменты…

Канцэптуальна Віктар Альшэўскі блізкі знакамітаму расіяніну Ільі Глагунову. Той у сваіх найбольш вядомых творах спалучае вялікую колькасць артэфактаў і асоб, нібыта ствараючы панараму гісторыі краіны, народа, чалавецтва. Але пры гэтым чагосьці ў гэтым шэрагу заўжды не стае, а штосьці падаецца залішнім. Тое ж і ў спадара Віктара. Больш плённым мне падаецца шлях пошуку чагосьці ўніверсальнага, што, можа, і не мела б канкрэтнай часавай і геаграфічнай прывязкі, але было б нам блізка. Ментальна блізка.

Мне гэтая выстава цікавая самім прынцыпам адбору аб’ектаў творчага асэнсавання з процьмы помнікаў гісторыі і культуры. Важныя не артэфакты, а ідэі, якія яны сімвалічна ўвасабляюць. Рэальная Вавілонская вежа будавалася непадалёк ад тых мясцін, дзе адбылася самая вядомая ў гісторыі крымінальна-тэалагічная драма. І мяне абсалютна не хвалявалі б падзеі больш як двухтысячагадовай даўніны на адлегласці трох з паловай тысяч кіламетраў ад майго дома (столькі ад Мінска да Іерусаліма) сярод людзей з іншых зямель, калі б Хрыстовыя жарсці не былі б у вобразным сэнсе дакладным адбіткам гісторыі і маёй, менавіта маёй, Айчыны. Дык вось на выставе “Фрагменты Вавілонскай вежы” мне не хапае такой беларускасці. Ні Спаская вежа Маскоўскага Крамля, ні статуі вострава Пасхі, ні Сфінкс — вартаўнік Пірамід у прапанаванай мастаком версіі — не ўспрымаюцца мной як сваё, датычнае мяне і маёй краіны. Кажу гэта не як крытык творчасці таленавітага майстра Віктара Альшэўскашга, а як звычайны глядач.

Як крытык я знайшоў у згаданых работах шмат станоўчых чыннікаў.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"