Прывітальнае слова міністра культуры Рэспублікі Беларусь Юрыя Бондара

№ 41 (1480) 10.10.2020 - 16.10.2020 г


 

Дарагія сябры!

Ад усёй душы віншую вас з прафесійным святам — Днём работнікаў культуры!

Сённяшні дзень — гэта, перш за ўсё, добрая магчымасць выказаць словы падзякі тым, хто выбраў сваім пакліканнем служэнне культуры, захаванне і прымнажэнне яе багатых традыцый. Ваша праца дорыць людзям асаблівыя эмоцыі, выхоўвае ў маладым пакаленні добры мастацкі густ, дапамагае раскрыць і рэалізаваць творчы патэнцыял.

І незалежна ад таго, працуеце вы ў бібліятэцы або ў музеі, доме культуры або ў тэатры, вы з’яўляецеся носьбітамі і захавальнікамі духоўных каштоўнасцяў, спрыяеце ўмацаванню маральных асноў грамадства, а ў цяперашніх умовах, без перабольшання — умацоўваеце падмурак нашай дзяржаўнасці.

Мы па праву ганарымся сваёй багатай культурнай спадчынай, імёнамі выдатных дзеячаў культуры і мастацтва, якія ўпісалі яркія старонкі ў летапіс нацыянальнай і сусветнай культуры. І гэтым пачуццём гонару працятая ўся наша дзейнасць.

Мы працягнем рабіць усё для таго, каб ўмацоўвалася матэрыяльная база ўстаноў культуры, працягваліся работы па рэканструкцыі і будаўніцтве аб’ектаў, каб было яшчэ больш магчымасцяў для творчасці і стварэння, для першых крокаў маладых талентаў, каб дзверы ў свет мастацтва шырэй адчыняліся для ўсіх беларусаў.

Дарагія сябры! Я хачу ад усяго сэрца падзякаваць кожнаму са шматтысячнай каманды работнікаў культуры, нашых паважаных ветэранаў галіны, за шчырую вернасць Беларусі і адданасць прафесіі, за натхнёную працу, за асабісты ўклад у выхаванне маладога пакалення і нястомны энтузіязм. Ад усёй душы зычу вам моцнага здароўя, аптымізму ў працы, новых творчых ідэй, магчымасцяў і задавальнення ад сваёй працы. Са святам, дарагія калегі!