“Любоў да роднага краю — сэнс майго жыцця”

№ 41 (1480) 10.10.2020 - 16.10.2020 г

У кожнага чалавека ёсць у жыцці нешта асабліва прыгожае, шчаслівае, запамінальнае. У маім жыцці гэтым адмечаны дзяцінства, юнацтва. Уся мая маладосць была насычаная рознымі цікавымі справамі, падзеямі, сустрэчамі. Жылося вельмі весела.

/i/content/pi/cult/819/17528/011.jpgЯ нарадзілася на хутары вёскі Шылькі Докшыцкага раёна. Мой тата Літвін Юльян Феліксавіч быў вельмі таленавітым музыкантам, хоць не меў аніякай адукацыі. Ён іграў і на Мядзельшчыне, і ў Глыбоцкім, Пастаўскім, Докшыцкім раёнах. Да нас ішлі і ішлі людзі. Гэта быў як нейкі цэнтр нашай самабытнай шылькаўскай культуры. Ніякае свята не абыходзілася без “татуськавага” гармоніка. Вечарыны, вяселлі, прыгоды калядоўшчыкаў, валачобнікаў — усё адбывалася на нашых вачах. Наша сям’я была ў гушчы ўсіх вясковых падзей. Мой татуська (я заўсёды так звала свайго тату) іграў і сваю “Шылькаўскую польку”. Яе прыходзілі слухаць многія. Гэта была як бы візітная картка.

Мы з сястрой Аняй раслі сярод людзей, якія ўмелі ад душы працаваць і весяліцца. Мы жылі ў вельмі працавітай творчай сям’і, дзе гучала музыка, ткаліся перабіраныя прыгожыя дываны, засцілаліся саматканыя дарожкі ў хаце, на лузе адбельвалася саматканае палатно. Мама пякла вельмі-вельмі смачны хлеб. У хаце пахла і аірам, і кляновым лістом. Усё ішло з глыбінь векавечнага жыцця і ўсюды вітаў Дух продкаў.

Зараз маме ідзе 97-мы год. Яна вельмі старэнькая. А я памятаю, як мама, Яніна Ігнатаўна, гасцінна прымала ўсіх за сваім сталом. У нас заўсёды былі людзі. Раней вёска Шылькі была мнагалюднай, гаманлівай і вельмі вясёлай. Вяскоўцы жылі як адна сям’я. І род Літвінаў вылучаўся тым, што тут усе спявалі.

У чалавека нічога не было, няма і не будзе даражэй за радзіму, за сваю зямлю, за ўсіх сваіх родных, за сваіх дзяцей, унукаў, праўнукаў і г. д. Шмат цудоўных хвілін было перажыта і мной ў родных мясцінах. Шмат звязана са школай і той дарогай, па якой прыходзілася хадзіць. Гэта былі цудоўныя, незабыўныя часіны і імгненні, насычаныя сонцам.

Доўгі час я працавала з дзецьмі ў Мінску, але вярнулася на малую радзіму. Многае засталося ў памяці, а сціплая мая творчасць пачалася амаль што з фотаздымка, які зрабіў мой сын. Аднойчы ён сфатаграфаваў Шылькаўскую дарогу, займаючыся фотамастацтвам. Фотаздымак сына як бы сканцэнтраваў у сябе ўсе мае думкі, ускалыхнуў усе мае пачуцці, звязаныя з роднымі мясцінамі, бацькамі, усімі родзічамі і са школай. Я доўга ўглядалася ў фотаздымак, а потым неяк непрадказальна высвеціўся вобраз і я амаль за пяць хвілін напісала верш “Шылькаўская дарога”. Верш быў надрукаваны ў раённай газеце. Потым у мяне з’явіліся іншыя вершы, а далей і песні, якія былі надрукаваныя ў некаторых газетах, часопісе “Роднае слова.”

Я вельмі ўдзячна свайму сыну Шульгату Юрыю за майстэрства, якое ён дорыць людзям і якое мяне натхніла на стварэнне вобразаў. Я ўдзячна ўсім сваім родным, сваім бацькам, бо яны стваралі для мяне такія ўмовы, каб я жыла ў радасці. Праз шмат гадоў мае пачуцці выліліся ў песні, а любоў да роднага краю сталася сэнсам майго жыцця.

Лілія ЛІТВІН

Докшыцкі р-н.

Кампазіцыя з архіва аўтара.

Жыватворчая энергія.

Шильковский вальс

Слова и музыка Литвин Лилии Юльяновны

Поднялись журавли над родными полями,

Тоскливо кричат над родной стороной:

«Земля дорогая, не прощайся ты с нами,

К тебя мы вернёмся все ранней весной. (2 раза)

Будем видеть твои золотые рассветы

В чужих необжитых, но тёплых краях.

С тоской вспоминая, что нас ждёшь вдалеке ты

На тихих болотах, любимых полях”. (2 раза)

Только слышит Земля отстающего в стае

И смотрит на крылья росинками слёз:

“Хоть матери сердце ждать вовек не устанем,

Но пусть вам помогут все Звёзды Небес.

Возвратиться весной светлой дальней дорогой

Не всем суждено в дом, родные края,

Лишь знайте, что всех вас, вас всю жизнь у порога

Ждёт мать одиноко — родная Земля”. (2 раза)

Ле-е-тят журавли над родными полями,

Тоскливо кричат над родной стороной:

“Ле-ле-ле…, А-а-а-а…

А-а-а-а-…

Земля дорогая, не прощайся ты с нами,

К тебе мы вернёмся все ранней весной,

К тебе мы вернёмся все ранней весной.

К тебе мы вернёмся весенней порой.”