“Тэатральная вясна” і яблыкі на любы густ

№ 41 (1480) 10.10.2020 - 16.10.2020 г

Наша рэдакцыйная пошта працягвае поўніцца лістамі з розных рэгіёнаў Беларусі. Таму прапануем чытачам “К” наш традыцыйны агляд найбольш цікавых паведамленняў ад нашых падпісчыкаў, прыхільнікаў і пазаштатных карэспандэнтаў.

/i/content/pi/cult/819/17527/09.jpgБібліятэкі “на колах” і міні-канцэрт

/i/content/pi/cult/819/17527/010.jpg“Ужо некалькі гадоў у Ашмянскім раёне выкарыстоўваецца перасоўная сістэма абслугоўвання чытачоў з аддаленых вёсак”, — так распачынае свой допіс у газету Святлана Галінская, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ашмянскай раённай бібліятэкі. А далей падрабязна распавядае пра працу “бібліятэкі на колах”, якая “калясіць” па 15 маршрутах і з’яўляецца доўгачаканым госцем у 42 населеных пунктах раёна. Натуральна, бібліятэчнае абслугоўванне з дапамогай мабільнай бібліятэкі ў раёне арганізавана так, каб ахапіць максімальную колькасць жыхароў розных узростаў. Напрыклад, у Міжнародны дзень сталых людзей, які адзначаецца 1 кастрычніка, супрацоўнікі аддзела правялі акцыю “Бібліятэка едзе да вас”, падчас якой наведалі сваіх чытачоў, павіншавалі іх са святам, прапанавалі абмяняць кнігі і перыёдыку.

А ў саміх Ашмянах 5 кастрычніка прайшоў дзень інфармацыі “Ашмяншчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Дзея, як піша Людміла Зарэцкая, загадчык гарадской бібліятэкі Ашмянаў, ладзілася ў самой установе, дзе бібліятэкары прапанавалі наведвальнікам паслухаць расказ пра ветэранаў раёна, паглядзець прэзентацыю, а таксама пазнаёміцца з выставай-інсталяцыяй “Вялікая вайна праз сэрцы пакаленняў”. На выставе, да слова, былі паказаны сапраўдныя артэфакты: раённая газета “Красная звезда” за 10 мая 1945 года, вайсковая каска, палявая сумка-планшэт і кавалак металічнага дроту.

А ў аграгарадках Бераставіцкагага раёна працягваецца праграма міні-канцэртаў, якія ўжо адбыліся ў Алекшыцах, Масалянах, Пагранічным, Старым Дворцы і Пархімаўцах. Падчас імпрэзаў выступае народны ансамбль народнай песні “Бераставіцкія музыкі” і ўдзельнікі аматарскай творчасці, працуе продаж паветраных шароў, папкорну і салодкай ваты, а таксама ладзіцца выстава дэкаратыўных вырабаў.

Святы, фестывалі і “Бітва розумаў”

2 кастрычніка цэнтральная гарадская бібліятэка імя К. Маркса ў Магілёве правяла Дзень рускай культуры “Шматаблічная душа Расіі”. Удзел у мерапрыемстве прынялі чытачы бібліятэкі, навучэнцы школ, каледжаў і ліцэяў Магілёва, студэнты і магістранты Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова. Дзея прайшла ў рамках рэалізацыі праекта “Гарады-пабрацімы Магілёва з Расійскай Федэрацыі: культура нас аб’ядноўвае”.

І яшчэ адна навіна з Магілёва. Тут 25 верасня ў сценах “Магілёўскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы” прайшоў міжнародны фестываль-конкурс тэатральнага мастацтва “Тэатральная вясна”. У конкурсе прынялі ўдзел каля 40 удзельнікаў з Магілёўскай і Віцебскай абласцей, Магілёва і Мінска, а таксама з Расіі, якія прадстаўлялі аматарскія тэатры, тэатральныя гурткі, студыі ўстаноў культуры і адукацыі. У рамках конкурсу былі паказаны ўрыўкі са спектакляў, інсцэніроўкі, маналогі, балады, вершы, байкі ды многае іншае. Па выніках конкурсу, як піша вядучы рэдактар установы культуры Крысціна Башарымава, удзельнікі атрымалі Дыпломы Лаўрэатаў I, II і III ступеняў, а таксама Дыпломы ўдзельнікаў фэсту.

Таксама некалькі лістоў прыйшло да нас з Палаца мастацтваў горада Бабруйска. Так, 30 верасня ва ўстанове адбыўся вечар пытанняў і адказаў “Міністэрства аховы здароўя папярэджвае”. Як піша метадыст культурна-масавага сектара ўстановы культуры Ірына Аўсяннікава, у мерапрыемстве ўзялі ўдзел студэнты першага курса мясцовага будаўнічага каледжа.

А 1 кастрычніка ў Палацы мастацтваў Бабруйска адбыўся вечар віншаванняў удзельнікаў народнага хору ветэранаў працы. Акцыя была зладжана з нагоды Міжнароднага дня сталых людзей. Акрамя таго, у гэты ж дзень для ўсіх ахвотных была прэзентаваная канцэртная праграма “Пад ціхі шолах лістападу”, падчас якой гучалі віншаванні, спяваліся песні, дэманстраваліся танцавальныя нумары.

Падобныя мерапрыемствы з нагоды Міжнароднага дня сталых людзей, дарэчы, ладзіліся і ў іншых гарадах Беларусі. Так, у Палацы культуры горада Ліды адбыўся арт-фестываль “Каб восень была залатой”, дзе ўдзельнікі прадэманстравалі свае шматлікія таленты ў розных відах аматарскай творчасці. Да слова, усім фіналістам былі ўручаны дыпломы фестывалю і падарункавыя сертыфікаты ад фундатараў.

Але гэта яшчэ не ўсё. Пазней на сцэне ўстановы культуры прайшла інтэлектуальная гульня-імправізацыя “Бітва розумаў, ці 60+”. Вядучым выступіў кіраўнік раённага клуба інтэлектуальных гульняў “Стальная крыса” і ўдзельнік беларускага тэлевізійнага клуба “Што? Дзе? Калі?” Сяргей Вераціла. А завяршылася свята танцавальна-забаўляльнай праграмай.

Чыя бабуля лепшая?

У Ваўкавыскім раёне, у Роскім доме культуры, 4 кастрычніка прайшоў конкурс “Супер-бабуля 2020”. У імпрэзе, як піша загадчыца аддзела метадычнай работы Ваўкавыскага РЦК Вольга Урбановіч, узялі ўдзел чатыры канкурсанткі. Пачалося свята ў фае Дома культуры, дзе ўсе ахвотныя маглі ацаніць на смак кулінарныя і фірмовыя стравы ўдзельніц конкурсу, хатнія нарыхтоўкі і нават эксклюзіўны рэцэпт травянога чаю.

Барацьба за перамогу была няпростай. Конкурсная праграма складалася з пяці выпрабаванняў, падчас якіх бабулі здзіўлялі журы і гледачоў сваімі талентамі. Галоўны тытул конкурсу і званне самай лепшай гаспадыні дасталіся Галіне Буяк.

Падобны конкурс зладзілі, да слова, і ў Мастах, што на Гродзеншчыне. Тут, як піша нам Настасся Збераноўская, прайшоў фінал конкурсу “Мудрасцю вы будзеце дзяліцца”, у якім узялі ўдзел сталыя жыхаркі з аграгарадкоў і вёсак Мастоўскага раёна. Усе яны змагаліся за тытул лепшай бабулі раёна. А для таго, каб стаць пераможцам, удзельніцам трэба было расказаць пра сябе і сваю працоўную дзейнасць, а пазней і праспяваць музычныя кампазіцыі. Перамогу святкавала Валянціна Мармыш з аграгарадка Вялікія Азёркі. Ёй, а таксама ўсім удзельніцам конкурсу, былі ўручаны памятныя падарункі.

Шоу-конкурс “Ледзі элегантнага веку” зладзілі і ў аграгарадку Кальчуны, што ў Ашмянскім раёне. Шэсць жанчын удзельнічалі ў конкурсах, угадвалі песні, дзяліліся кулінарнымі рэцэптамі. І, натуральна, ніхто не сышоў са свята без прызоў і сувеніраў. А ў вёсцы Міхайлоўшчына таго ж раёна 30 верасня была зладжана канцэртная праграма “Мудрасці святло”, падчас якой жыхары сталага веку паслухалі са сцэны свае ўлюбёныя песні. Падобную праграму артысты Ашмяншчыны прадэманстравалі і жыхарам вёскі Доргішкі.

Але гэта не ўсе навіны з Ашмянскага раёна. 27 верасня ў аграгарадку Гальшаны зладзілі ўжо традыцыйны вясковы кірмаш. Тут можна было і зрабіць харчовыя запасы на зіму, і набыць вырабы народных майстроў, і паслухаць спевы ад самадзейных аматарскіх калектываў. А ў вёсцы Агароднікі ўжо згаданага Ашмянскага раёна днямі прайшоў “Дзявочнік на Нявесціным камені”. Вядучыя свята нагадалі прысутным, як называюцца родзічы маладых, успомнілі прымаўкі пра сумеснае замужняе жыццё, зладзілі традыцыйныя беларускія абрады.

Ад бульбы да е-mail

А ў Свіслацкім раёне зладзілі іншае свята, прысвечанае бульбе. Дзея пад назвай “Бульбяная карусель” прайшла ў Вялікасельскім СК. Тут можна было пабачыць разнастайныя стравы з бульбы, сярод якіх былі нават бульбяныя эклеры! А яшчэ на свяце дэманстраваліся вырабы з бульбы, працавала “Бульбяная кавярня”, дзе можна было не толькі папіць чаю, але і пачаставацца дранікамі ды іншымі бульбянымі стравамі, і, натуральна, спяваліся песні і ладзіліся танцы з удзелам творчых калектываў Свіслацкага і Ваўкавыскага раёнаў.

У Шчучынскім раёне, у гарадскім пасёлку Астрына, нядаўна зладзілі Свята Восені. Як піша вядучы метадыст Шчучынскага РЦКіНТ Наталля Гардзейчык, у фае Астрынскага ДК была аформлена выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Натхненне” і выстава з прыродных матэрыялаў “Восеньскія пераўтварэнні”, працавала фотазона, спяваліся песні і чыталіся аўтарскія байкі.

А ў Жодзіна вырашылі адсвяткаваць дзень нараджэння электроннай пошты (!), які ва ўсім свеце святкуюць 2 кастрычніка. Менавіта ў гэты дзень у 1971 годзе быў адпраўлены першы ў свеце ліст праз камп’ютарную сетку.

Электронную пошту ў народзе, як вядома, называюць “мыла”. Таму на свяце ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы Жодзіна, як піша бібліятэкар установы Ірына Хілюціч, можна было ўбачыць рознакаляровыя кавалкі лавандавага, рамонкавага, мятнага мыла ў падарункавых пакунках, як і мыльныя бурбалкі. А яшчэ тут, натуральна, ладзілі шматлікія конкурсы: вызначалі аўтара лістоў па вершах, расказвалі пра этыкетныя адносіны, якія варта захоўваць у перапісцы (скажам, пісаць ліст з захаваннем усіх знакаў прыпынку, пра што многія сёння забываюць), перадавалі розныя эмоцыі з дапамогай смайлікаў, расказвалі пра творы, дзе інтэрнэт з’яўляецца неад’емнай часткай сюжэту. Што і сказаць, свята цікавае. Так трымаць, бібліятэкары Жодзіна!

Шарлоткі, выцінанкі і “Суперпані”

Лілія Кішкель, загадчык аддзела метадычнай работы Іўеўскага Цэнтра культуры і вольнага часу напісала нам пра свята “Яблычны водар”, якое прайшло 4 кастрычніка ў аграгарадку Геранёны. Месца для правядзення свята было абрана не выпадкова: менавіта ў гэтым паселішчы знаходзіцца самы малады і самы вялікі ў раёне яблыневы сад, а смак і водар геранёнскіх яблыкаў ведаюць далёка за межамі Іўеўскага раёна і нават Беларусі. На самім свяце госці былі ўражаны шэсцем на чале з гераіняй дзеі — шчодрай Яблыняй з наліўнымі яблыкамі. Акрамя таго, падчас мерапрыемства ўшаноўваліся лепшыя садаводы і, канешне, адбывалася дэгустацыя сёлетняга ўраджаю яблык, а таксама шматлікіх шарлотак ды пірагоў з яблыкамі.

Работы па выцінанцы майстра, актыўнага ўдзельніка раённых і абласных выстаў, майстар-класаў і фестываляў, члена аматарскага аб’яднання “Карэліцкія вытокі” Таццяны Маклюк можна апісваць бясконца. Аднак, вядома, лепш адзін раз пабачыць, чым сто разоў чытаць пра цікавае. Пазнаёміцца з работамі майстра можна было на персанальнай выставе “Ажурныя фантазіі”, адкрыццё якой адбылося ў фае Карэліцкай раённай бібліятэкі 30 верасня.

А ў Першамайскім Доме культуры Лідскага раёна 27 верасня прайшла конкурсная шоу-праграма “Суперпані 2020”. Дзевяць чалавек змагаліся за гэты тытул і кожная хацела атрымаць карону пераможцы. Усе ўдзельніцы лёгка круціліся ў вальсе, здзіўлялі ўсіх разнастайнасцю капялюшыкаў, сукенак і ўпрыгожанняў, спявалі, чыталі вершы, так што выбраць каралеву вечара было задачай не зусім простай. Але пасля доўгіх разважанняў журы ўсё ж абрала “Суперпані 2020” — ёю была абвешчана Станіслава Анацка. Рэдакцыя “К” далучаецца да віншаванняў і зычыць Станіславе новых творчых перамог!

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"