Хроніка цвіцення папараці

№ 41 (1480) 10.10.2020 - 16.10.2020 г

Мне вельмі даспадобы два мінскія помнікі, пра якія мала хто ведае. Кажу “мала хто”, бо знаходзяцца яны ўбаку ад галоўных магістраляў і кропак грамадскага прыцягнення. Адпаведна, трапляюць яны на вока толькі тым, хто побач жыве ці працуе. Першы — “Жанчына на зубры” перад Палацам культуры Мінскага аўтазавода. Аўтар скульптуры Лаўрэат Ленінскай прэміі Валянцін Занковіч. Напачатку скульптурная група мусіла вянчаць манумент партызанскай славы, але потым праз дыскусіі ў мастакоўскім асяроддзі і ва ўладных структурах, “Жанчыну на зубры” вырашылі ўсталяваць там, дзе яна зараз і знаходзіцца. Другі помнік — “Еўфрасіння Полацкая” — перад будынкам прадпрыемства “АГАТ”. Яго стварыў Анатоль Арцімовіч. Чаму такі шэдэўральны твор стаіць не перад храмам ці на гарадской плошчы, не зусім зразумела. Кажуць, што ААТ “АГАТ” мела намер зрабіць гораду падарунак, але мясцовая філія РПЦ не ўхваліла стылістыку скульптуры, недастаткова кананічную. Вось і давялося “АГАТу” покінуць скульптуру сабе. Мо і добра. Святая заступніца Беларусі не любіла гарадскога тлуму і мітусні, яна абрала домам манастырскую келлю, а суразмоўцам Бога. Тут у адноснай цішыні, хай і побач з галоўным праспектам сталіцы, ёй утульней.

/i/content/pi/cult/819/17524/06.jpgАўтару сталічнага помніка Святой Еўфрасінні скульптару Анатолю Арцімовічу сёлета споўнілася 80 гадоў. Я даўно заўважыў, што людзям, якім ёсць дзеля чаго жыць, якія маюць творчы імпэт і процьму планаў на заўтра, паслязаўтра, бліжэйшае дзесяцігоддзе і значна далей, няма калі старэць. І нават у вельмі паважаным узросце яны захоўваюць разважлівасць, зухаватасць, годнасць. Гэткі сінтэз мудрасці і сілы, якая немаведама адкуль бярэцца, калі ведаць, колькі гэтаму чалавеку гадоў.

“И если можешь сердце, нервы, жилы так завести, чтобы вперёд нестись, когда с годами изменяют силы и только воля говорит : “Держись!” Гэтымі словамі пра такіх людзей сказаў Кіплінг. І гэтыя радкі цалкам пасуюць асобе нашага скульптара. У гэтым маглі пераканацца тыя, хто наведаў ягоныя персанальныя выставы, прымеркаваныя да юбілею. Адна — у галерэі Міхаіла Савіцкага, другая — у мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура.

На маю думку, творчасць Анатоля Яфімавіча ў гісторыі мастацтва нашай краіны рэальна мае такі ж пачэсны статус, як зробленае тым жа Заірам Азгурам, Анатолем Анікейчыкам, Сяргеем Селіханавым. Для мяне нават дзіўна, што ён не мае звання народнага мастака Беларусі. Можа таму, што ў свой час атрымаць не паспеў, а, магчыма, і па нейкай іншай прычыне. Як бы там ні было, але спадару Анатолю заўжды было шкада марнаваць час, калі гаворка заходзіла пра адстойванне нейкіх асабістых прывілеяў. Таму ён толькі лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, а з урадавых узнагарод мае медаль Францыска Скарыны. Але падсумуем: тое, што зрабіў за жыццё скульптар Анатоль Арцімовіч — гэта наш залаты фонд.

Ён прычыніўся да стварэння такіх знакавых помнікаў як мемарыял “Брэсцкая крэпасць-герой” і Курган славы пад Мінскам. Ягонага аўтарства помнік княгіне Рагнедзе ў Заслаўі; князю Барысу — заснавальніку горада, у Барысаве; Францыску Скарыне ў Калінінградзе; салдатам Напалеона, палеглым на Беразіне, героям-панфілаўцам у Алма-Аце, абаронцам Айчыны ў Першую сусветную вайну і ахвярам тае вайны ў Смаргоні, помнік воінам-“афганцам” у Барысаве. Гэта свайго роду вялікія літары творчага летапісу, але ёсць яшчэ “тэкст” напісаны літарамі меншымі, але ад гэтага ён не менш выразны і кранальны.

Анатоль Арцімовіч мастак, безумоўна, пафасны. А пафас — рэч небяспечная. Тут вельмі лёгка перайсці мяжу і ўбіцца ў фальш — калі, нібыта, і прыгожа, а не верыш. Бо адчуваеш, што гэта не жыццё, а сцэна, а на сцэне — не прафесіяналы, а дылетанты-аматары. Манументаў і станковай скульптуры такога роду процьма. І ў нас, і ў свеце.

Дык вось у Арцімовіча пафас праўдзівы. “Тэатральны” жэст Рагнеды, якім яна здымае з галавы карону, і тое, як закрывае сабой маці маленькі Ізяслаў, выразна адлюстроўвае не сцэнічную дзею, а рэальную гістарычную і чалавечую драму, якая баліць нам, беларусам — нашчадкам Рагнеды, і дагэтуль.

Тая ж “тэатральнасць” і ў павароце галавы і жэсце салдата, што азірнуўся на афганскія горы за сваёй спінай. Але яно так адпавядае пранікнёным словам песні: “До свиданья, Афган, это призрачный мир, не пристало добром вспоминать тебя вроде, но о чём-то грустит боевой командир: мы уходим, уходим, уходим, уходим”. Адносна гэтай вайны і сёння яшчэ шмат пытанняў. Дзе той Афганістан, дзе мы… Перамогу ці паразу мы там напаткалі. Што нам да тых гор, а вось стала ж яна часткай нашай уласнай гісторыі, чыннікам нашай свядомасці.

Складаную гаму пачуццяў выклікае і помнік палеглым на Беразіне. Высокамастацкі твор пастаўлены тым, хто былі для нас ворагамі, акупантамі. Але з другога боку — вайна тая была для нас грамадзянскай, беларускія хлопцы ваявалі па абодвы бакі — і за Расійскую імперыю, і за Напалеона. Скульптар, як мне падаецца, знайшоў правільную танальнасць. Ён паказаў драму пагібелі войска, якое амаль, як па паркеце, прайшло ўсю Еўропу, а тут напаткала такую паразу… Гэтым помнікам творца зацвердзіў важную для нашага душэўнага стану тэзу: мы пераможцы, таму мы не ваюем з мёртвымі. Толькі пераможца можа быць высокародным.

Памятаю пасля з’яўлення гэтага помніка я запытаўся ў Анатоля Яфімавіча, ці мог бы ён зрабіць помнік палеглым на нашай зямлі альбо памерлым у палоне немцам? Зрабіць такі вось знак прымірэння? Ён адказаў: “Не ведаю. Вялікая Айчынная і тое, што яны тут рабілі — гэта мая асабістая памяць. Каб зрабіць такі помнік, мне давялося б змяніць штосьці ў сваім светаўспрыманні, у свядомасці. Хаця, калі б канкрэтна да мяне з такой прапановай у дзверы пагрукаліся, я б падумаў. У мастацтве ёсць балючыя тэмы, але няма закрытых. Зрэшты, салдат, у тым ліку і салдат ворага — таксама ахвяра вайны”.

Анатоль Арцімоваіч так часта і плённа звяртаўся ў сваёй творчасці да тэм драматычных і трагічных, што магло падацца, што менавіта такое бачанне свету вызначае ягоную свядомасць. Дык не! Абодвы выставы сведчаць пра ягоны лірычны талент і глыбокую пачуццёвасць пры ўспрыманні светлых бакоў жыцця. Мабыць нездарма Папараць-кветка (да гэтага вобраза таксама звяртаўся скульптар) цвіце глыбокай ноччу ў лясным гушчары, дзе сноўдаюць крыважэрныя драпежнікі. Нездарма гэта кветка — стрыжнявы вобраз нашай нацыянальнай міфалогіі і сімвал нашай гісторыі.

Я чамусьці ўпэўнены, што скульптар яшчэ зробіць для краіны манумент, тэмай якога будзе цвіценне папараці. Цвіценне насуперак усім нягодам нашага гістарычнага лёсу. Таму што творчасць Анатоля Арцімовіча — гэта хроніка цвіцення папараці. Заўважце, ёсць папараць і на помніку Святой Еўфрасінні.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"