Традыцыйная культура — для сваіх і для гасцей

№ 41 (1480) 10.10.2020 - 16.10.2020 г

Апошнім часам у свеце ўсё большую папулярнасць набывае культурны турызм. Паводле ацэнкі Сусветнай турыстычнай арганізацыі, такія турысты таксама і трацяць на траціну болей, дазваляючы культурным установам, якія яны наведваюць, болей зарабляць і ўстойліва развівацца. Усё больш прыхільнікаў знаходзіць таксама творчы турызм, што прадугледжвае актыўны ўдзел падарожнікаў, якія навучаюцца розным мастацкім ці рамесным практыкам, а ў выніку могуць, напрыклад, стварыць сувеніры ўласнымі рукамі.

/i/content/pi/cult/819/17521/01.jpgСпробы і перспектывы развіцця такога адпачынку ў нашай краіне абмяркоўваліся падчас круглага стала, нядаўна зладжанага Інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Мерапрыемства было прысвечанае праблемам выкарыстання элементаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны ў мэтах развіцця ўнутранага і ўязнога турызму. Удзельнікі круглага стала, сярод якіх былі спецыялісты раённых і абласных устаноў культуры, спрабавалі знайсці адказы на пытанні, якія формы ўключэння нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў у турыстычную дзейнасць спрыяюць іх лепшаму захаванню, і якім чынам магчыма пазбегнуць пагроз для жыццядзейнасці нематэрыяльнай культурнай спадчыны пры яе выкарыстанні ў мэтах развіцця турызму.

Беларусь вядзе актыўную дзейнасць у межах Канвенцыі UNESCO аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, прынятай у 2003 годзе. Тры беларускія нематэрыяльныя каштоўнасці ўключаныя ў Спіс Сусветнай спадчыны UNESCO — гэта абрады “Калядныя цары” і “Юраўскі карагод”, а таксама ўрачыстасць у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай. Яшчэ дзве айчынныя нематэрыяльныя каштоўнасці маюць быць разгледжаныя да ўключэння ў спіс неўзабаве.

Дырэктар Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУКіМ Ірына Лапцёнак звярнула ўвагу спецыялістаў з розных куткоў краіны, што ў адпаведнасці з планам мерапрыемстваў Міністэрства культуры па развіцці культурна-пазнавальнага турызму, Інстытут упаўнаважаны на правядзенне на пастаяннай аснове маніторынгу дзейнасці па захаванні нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў, якія выкарыстоўваюцца ў турыстычнай дзейнасці, а таксама на ажыццяўленне шэрагу мерапрыемстваў па актуалізацыі гэтага напрамку ва ўстановах культуры. Для вывучэння такога кшталту дзейнасці ў згаданых установах было праведзенае анкетаванне, вынікі якога будуць прадстаўленыя на рэспубліканскім семінары, які мае адбыцца ўжо ў гэтым месяцы.

/i/content/pi/cult/819/17521/02.jpgВагомая статыстыка неасязальнага

Папярэднія вынікі аналізу дзейнасці па захаванні нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў, якія выкарыстоўваюцца ў турыстычнай дзейнасці, прадставіла вядучы спецыяліст аддзела інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння дадатковай адукацыі дарослых Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУКіМ Алена Каліноўская. Яна адзначыла, што сёлета ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь ужо былі ўключаныя пятнаццаць нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў — гэты паказчык даволі высокі ў параўнанні з мінулымі гадамі, калі ў сярэднім штогод спіс папаўняўся ўдвая меншай колькасцю такога кшталту элементаў. Сёлета таксама па ініцыятыве Міністэрства культуры ўпершыню была падрыхтаваная і ўключаная ў спіс комплексная нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць “Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення” — у выніку, кожная вобласць краіны была прадстаўленая ў спісе ўласнымі рэгіянальнымі практыкамі пляцення з саломкі.

Закранаючы статыстыку нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў, Алена Каліноўская звярнула ўвагу спецыялістаў, што дзве катэгорыі, на якія падзяляюцца каштоўнасці такога кшталту, не маюць іерархічнага значэння. Рэч жа ў тым, што да катэгорыі А належаць гісторыка-культурныя каштоўнасці, поўная аўтэнтычнасць і дакладнасць якіх безумоўныя і нязменныя, а да катэгорыі Б — тыя, якія поўнасцю або часткова адноўленыя, але ўсе яны маюць роўную значнасць. Агулам на гэты момант Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў налічвае дзевяноста два элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Найбольш шырока прадстаўленыя ў спісе такія катэгорыі, як традыцыйныя рамёствы, выканальніцкія мастацтвы, традыцыйныя цырымоніі і абрады, актыўна пашыраецца апошнім часам катэгорыя традыцыйнай ежы.

Прыклады для пераймання

/i/content/pi/cult/819/17521/03.jpgАналізуючы ўдалыя практыкі па выкарыстанні нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў у турыстычнай дзейнасці, між мерапрыемстваў абласнога ўзроўню варта адзначыць фестываль “Скарбы Гродзеншчыны”, канкрэтна прысвечаны нематэрыяльнай культурнай спадчыне. Перад кожным раёнам вобласці была пастаўленая задача адшукаць і даследаваць узоры жывой народнай культуры, і па выніках гэты фестываль адбываецца раз на два гады ў розных раёнах вобласці, што дазваляе ўключыць у яго правядзенне большую колькасць прадстаўнікоў мясцовых супольнасцяў.

Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”, які кожныя два гады ладзіцца ў гарадскім пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці — таксама добры прыклад работы па захаванні пераемнасці традыцыйнай народнай культуры, але, на жаль, ён у меншай ступені інтэграваны ў турыстычныя працэсы, і таму амаль не мае гледачоў, акрамя жыхароў раёна. Цікавым прыкладам з’яўляецца і абрад “Бразгун” у Чэрыкаўскім раёне, падчас якога таксама адбываецца фальклорны фестываль — але ў гэтым выпадку праблема палягае ў тым, што сам абрад пачынае знікаць, бо ў вёсцы папросту няма ўжо каму ўдзельнічаць у традыцыйным шэсці да крыніцы. У Слаўгарадскім раёне адбываецца даволі масавае свята на “Блакітнай крыніцы” — але тут, у сваю чаргу, паўстае праблема непажаданай камерцыялізацыі спадчыны і нават узнікаюць пагрозы экалогіі, што ўжо неаднаразова адзначалася.

На ўзроўні раёнаў добрай формай па выкарыстанні нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны ў сферы турызму з’яўляюцца летнікі традыцыйнай культуры, якія спрыяюць засваенню народных традыцый, рамёстваў і ўменняў. Праўда, іх правядзенне патрабуе значнай падрыхтоўкі — доўгатэрміновае знаходжанне турыстаў у вёсцы і праграму іх побыту арганізаваць складаней, чым разавае мерапрыемства. Добрым прыкладам дзяржаўна-прыватнага партнёрства па арганізацыі такога кшталту летнікаў з’яўляецца фестываль традыцыйнай культуры “Пятровіца” ў Любанскім раёне — пры яго правядзенні культурную частку ладзяць спецыялісты ўстаноў культуры, гурты і носьбіты традыцый, а арганізацыйную частку забяспечваюць мясцовыя жыхары, пераемнікі гэтых традыцый, на сваіх асабістых падворках.

У выніку сюды, каб пазнаёміцца з традыцыйнай культурай раёна, прыязджаюць госці з усёй Беларусі, а таксама з Расіі, Украіны і краінаў Балтыі.

У Веткаўскім і Мастоўскім раёнах ладзяцца летнікі па стварэнні вырабаў на кроснах. Хоць гэта не масавыя і не надта публічныя мерапрыемствы, але надзейнасць прыцягнення турыстаў у такім выпадку забяспечваецца яшчэ лепш, бо асноўным крытэрыем якасці паслугі ў турызме з’яўляецца жаданне чалавека звярнуцца па яе яшчэ раз — і сюды госці насамрэч прыязджаюць неаднаразова. Варта звярнуць увагу таксама на арганізацыю летнікаў, якія ладзяцца паўсюдна ў школах — пры іх правядзенні таксама можна прапаноўваць для выкарыстання рэсурсы нематэрыяльнай спадчыны. Што ж тычыцца міжнародных ініцыятываў — тут як прыклад паспяховай дзейнасці працы з нематэрыяльнай спадчынай у турызме можна згадаць праграму конкурсаў народных мастацкіх рамёстваў ды выканальніцкіх мастацтваў, а таксама турнір народных танцаў, якія штогод адбываюцца ў межах фестываля “Славянскі базар у Віцебску”.

Актуальныя выклікі

Старшы выкладчык кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ і стваральніца інтэрнэт-рэсурса “Жывая спадчына” Ала Сташкевіч паразважала аб пытаннях уплыву турызму на ахову нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў святле патрабаванняў аператыўнага кіраўніцтва па выкананні Канвенцыі аб ахове 2003 года. Яна падкрэсліла, што Сусветная турыстычная арганізацыя яшчэ ў 2012 годзе ў дакладзе “Нематэрыяльная культурная спадчына і турызм” перадусім звяртала ўвагу на небяспеку камерцыялізацыі турызму.

У якасці прыкладу можна згадаць Італію, дзе сканцэнтраваныя больш за паўсотні аб’ектаў са Спісу Сусветнай спадчыны UNESCO, у выніку чаго з-за вялікага прытоку цікаўных італьянскія гарады страчваюць сваё непаўторнае аблічча і пераўтвараюцца ў суцэльную інфраструктуру для турыстаў. З іншага боку, сёлетняя сітуацыя ў свеце ставіць новыя выклікі — каля 40 працэнтаў унутранага валавага прадукту Італіі забяспечваў менавіта турызм, а ў выніку пандэміі гэтая сфера зазнала істотную страту працоўных месцаў. Падзеі гэтага года пераканаўча паказалі, што неабходны перагляд маркетынгавых стратэгій, каб асновай і мэтай працы музейных устаноў не было выключна павелічэнне аўдыторыі — бо нават адкрыўшыся, яны сёння мусяць забяспечваць наведвальнікам пэўную дыстанцыю.

Што і як захоўваць, ад чаго аберагаць

Канвенцыя аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, прынятая ў 2003 годзе, нездарма прадугледжвае выкарыстанне тэрміна “элемент”, а не “аб’ект”, бо ў гэтым выпадку мы маем справу не з аб’ектнасцю, а з комплекснасцю: сукупнасцю саміх нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека, артэфактаў як прадуктаў гэтай творчасці, культурнай прасторы ды саміх людзей — і захавання патрабуе кожны з гэтых аспектаў. Асноўны фактар зберажэння жывой спадчыны палягае ў яе перадачы з пакалення ў пакаленне, яна існуе ў традыцыйным кантэксце, знішчэнне якога вядзе і да знікнення самога элемента. Нематэрыяльная спадчына мусіць пастаянна аднаўляцца супольнасцямі і фарміраваць пачуццё самабытнасці ды гонару. Таму так неабходна падтрымліваць лакальную ідэнтычнасць, якая забяспечвае кансалідацыю супольнасці і захаванне спадчыны, дапамагае падкрэсліць адрознасць ад іншых і зберагчы свае карані.

Інфармаванне пра спадчыну — важны аспект захавання, але турызм можа не толькі спрыяць яму, але і ствараць пагрозы. Паводле Канвенцыі, дзяржавы-ўдзельніцы мусяць забяспечыць доступ да нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў, але толькі пры захаванні прынятай практыкі, якая вызначае парадак доступу — а яго мусяць акрэсліваць тыя, каму спадчына належыць, то-бок, яе носьбіты. Таму яны маюць права нават абмежаваць такі доступ нават для ўсіх, акрамя ўдзельнікаў сваёй супольнасці. У адпаведнасці з міжнароднымі канвенцыямі, можа быць складзены пратакол супольнасці, дзе прапісваюцца абмежаванні, што можна, а што нельга рабіць турыстам на пэўнай тэрыторыі, пералічваюцца ўмовы пражывання і правілы паводзін.

Такім чынам, пры выкарыстанні нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў турызме перадусім важная арыентацыя на інтарэсы супольнасці, а таксама яе згода на ўдзел у турыстычных праграмах, што гарантуе ўзаемную павагу носьбітаў спадчыны і турыстаў. Выгады ад выкарыстання спадчыны ў турыстычнай дзейнасці мусяць атрымліваць перадусім самі носьбіты. Неабходна таксама ўлічваць пагрозы, якія стварае турызм для захавання спадчыны — гэта і страта кантэксту пры камерцыялізацыі, і парушэнне экалогіі, і некарэктнае ўмяшальніцтва сродкаў масавай інфармацыі ў выкананне абрадаў. Нельга дапускаць незаконнага прысваення ці несумленнага выкарыстання спадчыны, а для ўстойлівага развіцця супольнасці неабходна праводзіць адукацыю, навучаць членаў супольнасці маркетынгу, вытворчасці сувеніраў і іншым удалым практыкам працы са спадчынай.

Міфалогія патрабуе канкрэтыкі

Аб праблемах выкарыстання ў турыстычнай дзейнасці спадчыны, звязанай з традыцыйным светапоглядам і міфалогіяй, распавёў даследчык, арганізатар тураў і экскурсавод Зміцер Скварчэўскі, які, між іншага, удзельнічаў у праекце па стварэнні цэнтра экалагічнага турызму ў Бярэзінскім біясферным запаведніку. Перадусім ён адзначыў, што турызм такога кшталту не можа быць масавым, бо традыцыйныя цырымоніі, абрады і святы, праз якія выяўляюцца міфалагічныя ўяўленні і светапогляд, заўжды былі абмежаваныя пэўнай колькасцю ўдзельнікаў.

Прытым важна ўсведамляць, што ў традыцыйнай культуры фактычна адсутнічае падзел на ўдзельнікаў і гледачоў — удзельнікамі абраду з’яўляюцца ўсе прысутныя. Разам з тым, магчымыя пэўныя полавыя, узроставыя альбо іншыя абмежаванні па ўдзелу — напрыклад, у некаторых абрадах, у адпаведнасці з традыцыяй, маглі ўдзельнічаць толькі мужчыны, альбо выключна жыхары пэўнай вёскі ці нават вуліцы — але з цягам часу такія патрабаванні змякчаюцца, перадусім з той прычыны, што ў той ці іншай мясцовасці ўжо не стае людзей, якія адпавядалі б такім патрабаванням.

Іншая праблема палягае ў тым, што турыстычныя комплексы, аграсядзібы і музеі часам не надта ўдала спрабуюць рэканструяваць і ўключыць у сваю турыстычную дзейнасць легенды, паданні, традыцыйныя ўяўленні, вобразы персанажаў міфалогіі, духаў, багоў і багінь. На жаль, тое, што выходзіць у выніку, часта не мае абсалютна ніякага дачынення да аўтэнтычнай беларускай традыцыі і тутэйшай міфалогіі, і не абапіраецца на гістарычныя крыніцы. Адсутнасць камунікацыі з супольнасцямі і экспертамі прыводзіць да стварэння “міфа пра міфы”, выкарыстання вобразаў кабінетнай міфалогіі, абстрактных агульнаславянскіх ці скандынаўскіх персанажаў, механічна перанесеных на беларускую глебу. Для пераадолення такой з’явы неабходнае стварэнне асяродку кампетэнтнай экспертнай супольнасці і развіццё культуры стварэння турыстычнага прадукту.

Яднанне дзеля выніку

У якасці станоўчага прыкладу выкарыстання элементаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны ў сферы турызму была згаданая дзейнасць Браслаўскага раённага Цэнтра культуры. Тут, між іншага, праводзіцца праца з прадстаўнікамі аграсядзібаў раёна, якія ўжо сёння прапаноўваюць сваім гасцям мясцовую страву, унесеную ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў — клёцкі з душамі. Каб пазбегчы прафанацыі ў выкарыстанні вобразаў традыцыйнай міфалогіі, арганізаванае выданне зборнікаў мясцовых ляегенд, запісаных ад мясцовых жыхароў, фальклорныя калектывы робяць тэатралізацыі паводле паданняў на мясцовым матэрыяле. Наладжанае супрацоўніцтва між раённым Цэнтрам культуры і музейнымі ўстановамі, супольнымі намаганнямі праводзяцца выставы, экскурсіі і майстар-класы, паказваюцца мясцовыя танцы, гульні, стравы. Сёлета мерапрыемствы такога кшталту ладзіліся на адкрытым паветры ў гістарычным цэнтры горада — у выніку і ў музея, і ў Дома культуры выручка аказалася не горшай, чым летась. Удзельнікі круглага стала сышліся ў думцы, што ў сваёй працы з турыстамі ўстановы культуры мусяць не канкурыраваць, а грунтоўна супрацоўнічаць.

Алена Каліноўская звярнула ўвагу прысутных, што нематэрыяльная спадчына Віцебскай вобласці шырока прадстаўленая ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў не ў апошнюю чаргу з той прычыны, што Абласны метадычны цэнтр вядзе сістэматычную работу па выяўленні такога кшталту каштоўнасцяў на ўсёй тэрыторыі вобласці. Таму ў выніку да разгляду на ўключэнне ў спіс падаецца абагуленая прапанова, якая можа ахопліваць некалькі раёнаў. Так адбылося ў выпадку з такімі элементамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны, як клёцкі з душамі і інсітнае мастацтва Віцебшчыны.

Апошнія тэндэнцыі сведчаць, што даследчыя асяродкі па вывучэнні нематэрыяльнай спадчыны ўсё часцей канцэнтруюцца ў рэгіёнах. Рэгіянальныя цэнтры робяцца месцамі акумуляцыі сельскіх традыцый, бо жыхарства вёсак, на жаль, скарачаецца, а восемдзясят працэнтаў насельніцтва краіны жыве ў гарадах. Але ёсць у гэтай сітуацыі і пэўныя станоўчыя бакі — нематэрыяльная спадчына паступова робіцца часткай гарадской культуры. Таму так важна сёння зацікавіць ёю моладзь, забяспечыць пераемнасць пакаленняў, развіць інтарэс да засваення практык, уменняў і традыцый, якія непазбежна адыходзяць. Праца ў гэтым кірунку неабходная і на агульнанацыянальным узроўні — але яна немагчымая перадусім без актыўнасці мясцовых супольнасцяў. Ці здолеюць яны ўмацаваць свае карані, пусціць парасткі ў будучыню і зацікавіць гасцей  — пакажа час.