Шляхціц беларускага жывапісу

№ 40 (1479) 03.10.2020 - 10.10.2020 г

У Нацынальным мастацкім музеі адбылася прэзентацыя альбома твораў Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Працу над выданнем ініцыяваў Нацыянальны мастацкі музей. Аўтар тэксту і складальнік — генеральны дырэктар НММ Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў. Фотаздымкі для выдання прадаставілі акрамя галоўнага мастацкага музея нашай краіны Магілеўскі абласны мастацкі музей імя Паўла Масленікава, Бялыніцкі раённы мастацкі музей імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, а таксама музей Расійскай Федэрацыі — Дзяржаўная Траццякоўская галерэя і Цвярская абласная карцінная галерэя. Кніга выйшла з друку ў выдавецтве “Беларусь”.

/i/content/pi/cult/818/17520/29.jpgВітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля — класік беларускага выяўленчага мастацтва, шанаваны таксама і ў Расіі. Нават пленэры ў ягоны гонар ладзяцца супольна двума дзяржавамі і робяцца з двух частак, каб мастакі маглі папрацаваць і ў Расіі, і ў Беларусі. І такім чынам прасякнуцца ідэяй, што мастацтва не мае межаў, а культурніцкая спадчына яднае народы.

Вітольд Бялыніцкі-Біруля прысвяціў жыццё пейзажнаму жывапісу. Пейзаж, краявід — бадай, самы дэмакратычны жанр выяўленчага мастацтва. У тым сэнсе, што ён усім даспадобы. І вытанчаны эстэт, спрактыкаваны ў стылях і плынях сусветнай культуры, і паспаліты глядач, які не адрозніць ракако ад барока і блытае Edourd Manet з Claude Monet, не адмовіцца ўпрыгожыць сваё жытло ці офіс нейкім кранальным пейзажам. Бо калі на карціне няма чалавека (з чалавекам гэта ўжо сюжэтны жывапіс), дык няма і праблемы, як мастацкі твор трактаваць. Прыроду Аляксандр Пушкін слушна называў “равнодушной”, абыякавай да чалавечых жарсцяў, а тым больш — да сацыяльных катаклізмаў. Гэта мы, людзі, спрабуем глядзецца ў яе як у люстэрка і бачыць у прыродных з’явах адбітак нашага душэўнага стану. Праўда, сёння пануе думка, што прырода жорстка рэагуе не толькі на варварскую гаспадарчую дзейнасць чалавека, у выніку якой спусташаюцца нетры, высыхаюць рэкі, зводзіцца расліннасць, але і на небяспечную канцэнтрацыю чалавечых эмоцый. Мяркуюць, што землятрусы, цунамі, ураганы здараюцца менавіта там, дзе ў грамадскай прасторы пануе агрэсія.

Дык вось Бялыніцкі-Біруля ўсёй сваёй творчасцю, якая сутнасна грунтавалася на адвечных каштоўнасцях, незалежных ад зменлівай сацыяльнай кан’юнктуры, фактычна спавядаў мір і гармонію — на жаль, у рэчаснасці недасягальныя. Менавіта так можна трактаваць ягоную жыццёвую філасофію і творчую канцэпцыю.

У прыродзе мастак любіў памежныя станы. Калі ўжо не зіма, але яшчэ і не вясна; ужо не ноч, яшчэ не раніца. Ён пазбягаў яркіх, кідкіх фарбаў, эфектных фактур. І, здаецца, гэта ішло ад разумення, што найбольш важныя з’явы выспяваюць у цішыні, і лёсавызначальныя працэсы не надта кідаюцца ў вочы. У альбоме сабраныя творы, якія даюць уяўленне і пра творчы метад майстра, стылістыку і выяўленчыя прыярытэты.

Ва ўступным артыкуле распавядаецца пра жыццёвыя варункі Бялыніцкага-Бірулі, што сфармавалі яго як асобу і творцу. Бадай, упершыню акцэнтуецца ўвага на ягоным сацыяльным паходжанні. Вітольд Каэтанавіч — беларускі шляхціц герба “Бялыня”. Гэтая акалічнасць па-новаму асвятляе пэўныя факты ягонай біяграфіі і чынніка творчасці. Шляхетнасць — вось самае дакладнае вызначэнне ягонага мастацтва. Можа і сюжэтны жывапіс ён ігнараваў не толькі праз вялікую любоў да краявіду — ні на што іншае ў ягоным сэрцы месца не заставалася, але і каб максімальна дыстанцыянавацца ад ідэалогіі і рэалій “сацыялістычнага рэалізму”. У карцінах Бялыніцкага-Бірулі прысутнічае Бог. Прычым, не толькі ў кравявідах з храмамі.

Гэта не першае выданне, прысвечанае творчасці Бялыніцкага-Бірулі. Але яно на сённяшні момант найбольш грунтоўнае. Я бы раіў яго не толькі мастакам і мастацтвазнаўцам, але і сацыёлагам. Бо фактычна гэта ілюстраваны даведнік па беларускім менталітэце — грунтоўным і ўчэпістым. А яшчэ — сціплым, таму што беларус суадносіць сябе з Богам. А перад Богам не варта фанабэрыцца.