Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля — класік беларускага выяўленчага мастацтва, шанаваны таксама і ў Расіі. Нават пленэры ў ягоны гонар ладзяцца супольна двума дзяржавамі і робяцца з двух частак, каб мастакі маглі папрацаваць і ў Расіі, і ў Беларусі. І такім чынам прасякнуцца ідэяй, што мастацтва не мае межаў, а культурніцкая спадчына яднае народы.
Вітольд Бялыніцкі-Біруля прысвяціў жыццё пейзажнаму жывапісу. Пейзаж, краявід — бадай, самы дэмакратычны жанр выяўленчага мастацтва. У тым сэнсе, што ён усім даспадобы. І вытанчаны эстэт, спрактыкаваны ў стылях і плынях сусветнай культуры, і паспаліты глядач, які не адрозніць ракако ад барока і блытае Edourd Manet з Claude Monet, не адмовіцца ўпрыгожыць сваё жытло ці офіс нейкім кранальным пейзажам. Бо калі на карціне няма чалавека (з чалавекам гэта ўжо сюжэтны жывапіс), дык няма і праблемы, як мастацкі твор трактаваць. Прыроду Аляксандр Пушкін слушна называў “равнодушной”, абыякавай да чалавечых жарсцяў, а тым больш — да сацыяльных катаклізмаў. Гэта мы, людзі, спрабуем глядзецца ў яе як у люстэрка і бачыць у прыродных з’явах адбітак нашага душэўнага стану. Праўда, сёння пануе думка, што прырода жорстка рэагуе не толькі на варварскую гаспадарчую дзейнасць чалавека, у выніку якой спусташаюцца нетры, высыхаюць рэкі, зводзіцца расліннасць, але і на небяспечную канцэнтрацыю чалавечых эмоцый. Мяркуюць, што землятрусы, цунамі, ураганы здараюцца менавіта там, дзе ў грамадскай прасторы пануе агрэсія.
Дык вось Бялыніцкі-Біруля ўсёй сваёй творчасцю, якая сутнасна грунтавалася на адвечных каштоўнасцях, незалежных ад зменлівай сацыяльнай кан’юнктуры, фактычна спавядаў мір і гармонію — на жаль, у рэчаснасці недасягальныя. Менавіта так можна трактаваць ягоную жыццёвую філасофію і творчую канцэпцыю.
У прыродзе мастак любіў памежныя станы. Калі ўжо не зіма, але яшчэ і не вясна; ужо не ноч, яшчэ не раніца. Ён пазбягаў яркіх, кідкіх фарбаў, эфектных фактур. І, здаецца, гэта ішло ад разумення, што найбольш важныя з’явы выспяваюць у цішыні, і лёсавызначальныя працэсы не надта кідаюцца ў вочы. У альбоме сабраныя творы, якія даюць уяўленне і пра творчы метад майстра, стылістыку і выяўленчыя прыярытэты.
Ва ўступным артыкуле распавядаецца пра жыццёвыя варункі Бялыніцкага-Бірулі, што сфармавалі яго як асобу і творцу. Бадай, упершыню акцэнтуецца ўвага на ягоным сацыяльным паходжанні. Вітольд Каэтанавіч — беларускі шляхціц герба “Бялыня”. Гэтая акалічнасць па-новаму асвятляе пэўныя факты ягонай біяграфіі і чынніка творчасці. Шляхетнасць — вось самае дакладнае вызначэнне ягонага мастацтва. Можа і сюжэтны жывапіс ён ігнараваў не толькі праз вялікую любоў да краявіду — ні на што іншае ў ягоным сэрцы месца не заставалася, але і каб максімальна дыстанцыянавацца ад ідэалогіі і рэалій “сацыялістычнага рэалізму”. У карцінах Бялыніцкага-Бірулі прысутнічае Бог. Прычым, не толькі ў кравявідах з храмамі.
Гэта не першае выданне, прысвечанае творчасці Бялыніцкага-Бірулі. Але яно на сённяшні момант найбольш грунтоўнае. Я бы раіў яго не толькі мастакам і мастацтвазнаўцам, але і сацыёлагам. Бо фактычна гэта ілюстраваны даведнік па беларускім менталітэце — грунтоўным і ўчэпістым. А яшчэ — сціплым, таму што беларус суадносіць сябе з Богам. А перад Богам не варта фанабэрыцца.