І традыцыя, і перспектыва

№ 40 (1479) 03.10.2020 - 10.10.2020 г

Творчасць — магчыма, адзіная сфера чалавечай дзейнасці, дзе не мае значэння, хто твае бацькі, заступнікі і апекуны, нарадзіўся ты ў вёсцы ці ў горадзе, маеш пачатковы капітал ці вымушаны цяжка працаваць, зарабляючы на самае неабходнае. “Хоць у турму пасадзі, а мастак мастаком стане” — любіў паўтараць геніяльны жывапісец Куінджы, які ў дзяцінстве авечак пасвіў. Ну а калі ты прадстаўнік творчай дынастыі, і бацька твой — выдатная асоба, дык гэта дадатковы цяжар. Бо трэба і статусу адпавядаць, а таксама даводзіць самому і грамадзе, што ты ўсяго дасягнуў не дзякуючы пратэкцыі, але праз уласныя талент і працу. Гэта я кажу пра Маргарыту Леанідаўну Шчамялёву — слыннага мастака і педагога. Пра такіх гавораць, “self-made man” — той, хто сам сябе зрабіў.

/i/content/pi/cult/818/17519/28.jpgУ Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва працуе выстава мастацкага тэкстылю. На ёй экспануюцца творы дачкі нашага мэтра і яе вучаніцы Хрысціны Высоцкай. Я памятаю спадарыню Маргарыту студэнткай, увогуле ўвесь яе курс памятаю. Усе ў большай ці меншай ступепі рэалізавалі сябе як мастакі. Кожнаму не сорамна азірнуцца на пройдзены шлях.

Тады, у 70-я гады, габелен, на якім спецыялізавалася Маргарыта, разглядаўся як нейкае падабенства станковай сюжэтнай карціны, хіба што выкананай у іншай стылыстыцы. І такім было не толькі мастацтва дэкаратыўнае, але і манументальнае. Да таго ж надзвычай важнае значэнне надавалася ідэалагічнаму чынніку. Яскравы прыклад такога мастацтва — габелены геніяльнага Аляксандра Кішчанкі, які, дарэчы, умеў заставацца самім сабой у любых прапанаваных замоўцам абставінах. Уплыў гэтага творцы адчувала на сабе ўся студэнцкая моладзь, задзейнічаная ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Не абмінула гэта хваля і Маргарыту. Тым больш, што творчасць Аляксандра Міхайлавіча яна ведала лепш за іншых — з ім блізка сябраваў яе бацька.

Я гэта згадваю, каб давесці, які вялікі эвалюцыйны шлях прайшла ў творчасці спадарыня Маргарыта, каб засяродзіцца на асабістым і суб’ектыўным. Выстава называецца “Надзея, любоў і вера”. Гэта трыяда вызначальная ў хрысціянскім светаўспрыманні. Ды і паспаліты чалавек, не надта дасведчаны ў царкоўным

каноне, усведамляе, наколькі важна мець у жыцці надзею, любоў і веру. Стылёва творы Маргарыты Шчамялёвай на гэтай выставе можна аднесці да негеаметрычнага абстракцыянізму. Але толькі ўмоўна. Бо ў адрозненне, скажам, ад жывапісу, дзе патрэбнага эфекту можна дасягнуць некалькімі трапнымі мазкамі, каб зрабіць тое ж у габелене, трэба некалькі дзён карпатлівай працы на ткацкім станку. Іншая тэхналогія — адпаведна, і псіхалогія творчасці іншая.

Гледзячы на сённяшнія творы спадарыні Маргарыты я думаю пра тое, што ў кожнага мастака, якому даводзілася доўга працаваць у фігуратыўным фармаце, на прагназуемым асацыятыўным шэрагу, аднойчы ўзнікае жаданне намаляваць (у дадзеным выпадку, выткаць) нешта ні на што непадобнае. Інакш кажучы, выйсці за кола звыклых рэалій. Той жа логікай, як мне падаецца, кіравалася і мастачка, робячы прадстаўленыя ў экспазіцыі габелены.

У якасці эпіграфа да выставы скарыстаны словы самой спадарыні Маргарыты: “Надзея дае нам сілу, вера — шлях, а любоў — жыццё”. Трэба мець грунтоўны жыццёвы і творчы досвед, каб так сцісла і трапна вызначыць сваё мастакоўскае крэда.

Адносна спадарыні Маргарыты Хрысціна Высоцкая — маладое пакаленне. Памятаю, што яшчэ калі Хрысціна была студэнткай, Маргарыта Шчамялёва прасіла мяне як крытыка звярнуць увагу на яе работы, высока ацэньвала творчы патэнцыял вучаніцы. Маладая мастачка мае за плячыма не толькі ўласны досвед, але і досвед сваіх настаўнікаў. Скажам так, яны сваёй творчасцю падрыхтавалі тое, што Хрысціна здолела здзейсніць. Хрысціна засяродзілася на аб’ёмным тэкстылі. Фактычна гэта тканыя абстрактныя скульптуры, дзе спалучаны розныя тэхнікі ручнога ткацтва, як традыцыйныя, так і ўласныя тэхналагічныя вынаходніцтвы. У адрозненне ад габелена, які прывязаны да сцяны і падпарадкаваныя прасторы, такія аб’ёмныя кампазіцыі могуць арганізоўваць прастору і па эстэтычнай функцыі бліжэй да дэкаратыўнай пластыкі.

Тое, што Маргарыта Шчамялёва “малюе” ніткамі на плоскасці, Хрысціна Высоцкая выводзіць у аб’ём. Такое мастацтва мае нямала прыхільнікаў сярод творчай моладзі, але пакуль не выходзіць за межы выставачных залаў. Яно ўсё яшчэ трактуецца як творчы эксперымент. У аздобе грамадскіх інтэр’ераў аб’ёмны тэкстыль не задзейнічаны. Можа, не толькі з прычыны натуральнага кансерватызму шырокай грамады ў галіне эстэтыкі. Але і таму, што гэтаму супраціўляюцца прадстаўнікі іншых творчых цэхаў, якія баяцца, што мастакі па тэкстылю могуць адабраць у іх хлеб. Тканая пластыка адносна танная, а можа замяніць, да прыкладу, дарагую скульптуру. Або стаць стымулам да пошуку новых выяўленчых сродкаў сярод мастакоў і дызайнераў, што працуюць з прасторай.

Сабраныя ў адной экспазіцыі творы настаўніцы і вучаніцы ментальна знітаваныя. Па іх бачна, што ў нашым дэкаратыўна-прыкладным мастацтве лучацца звёны пераемнасці. Есць і традыцыя, і перспектыва.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"