Тэатр эстрады: новы сезон, “Яблычны фэст”

№ 39 (1478) 26.09.2020 - 02.10.2020 г

Ужо некалькі гадоў запар Тэатр эстрады адкрывае тэатральны сезон старой добрай традыцыяй — збіраецца на “Яблачны фэст”. Некалі ўсталяваная традыцыя адбылася і гэтым годам, але ж да яе яшчэ дадаўся яркі гала-канцэрт “Адкрыццё сезона”.

/i/content/pi/cult/817/17502/020.jpgУся творчая сям’я тэатра сабралася, каб абмеркаваць планы на надыходзячы сезон, падзяліцца яркімі момантамі, на жаль, ужо скончанага лета і, вядома, сумесна пачаставацца самаробнымі кулінарнымі шэдэўрамі.

Яблык абраны сімвалам пачатку новага сезона невыпадкова, а як зборны вобраз багатага ўраджаю, які абавязкова прывядзе да новых ідэяў і іх яркага ўвасаблення.

У гэтым годзе прыхільнікаў тэатра чакае вельмі насычаны год: прэм’еры пастановак для дарослых і дзяцей, новыя нумары ад зорак беларускай эстрады, вялікія праграмы да святаў. Дарэчы, афіша тэатра для тых, хто любіць планаваць загадзя, вядомая ўжо да студзеня.

Папоўніўся і склад артыстаў тэатра, з цяплом прынялі новых выканаўцаў — папулярную групу LAS VEGAS, якую зараз можна будзе ўбачыць у праграмах тэатра.

Першая доўгачаканая сустрэча з гледачом, якая адкрыла 24-ты сезон, прайшла ў Тэатры эстрады 17 і 18 верасня. Сезон распачаўся традыцыйным гала-канцэртам “Адкрыццё сезона”, дзе гледачы пачулі даўно любімыя хіты і прэм’еры песень беларускіх артыстаў. Канцэпцыя шоу была пабудавана на паказе лепшых нумароў з мюзіклаў, прэм’еры якіх адбыліся ў мінулым годзе. Такім чынам, глядач атрымаў агляд навінак і магчымасць адразу зразумець, што хочацца паглядзець у новым сезоне.

Акрамя гэтага вядучыя пастаянна прапаноўвалі гледачам падставы пацешыцца і прыняць удзел у інтэрактыве: адчуць сябе сапраўднай зоркай мюзікла і станцаваць разам з балетам Fusion, паспрабаваць адгадаць песні артыстаў і выйграць падарункі ад Тэатра эстрады. Цёплая атмасфера ў канцэртнай зале і бурныя апладысменты гледачоў — яшчэ адзін паказчык, што пачатак сезона пакладзены, і пакладзены ярка. А яркі пачатак — залог поспеху ўсяго сезона. Тым больш, што ён абяцае быць вельмі насычаным.

Неўзабаве Тэатр эстрады прадставіць у Палацы Рэспублікі адзін з вялікіх святочных канцэртаў. 14 кастрычніка адбудзецца трыб’ют-шоу Mama mia, якое прысвецяць Дню маці. А 26 лістапада гледачы пабачаць прэм’еру незвычайнага мюзікла-дэтэктыва “Джэк патрашыцель”. Ужо цяпер ідзе плённая падрыхтоўка, бо музыка і ўсе вакальныя і харэаграфічныя нумары ў шоу будуць аўтарскімі.

Паводле інфармацыі Тэатра эстрады