Сонечная восень мадэрнізму

№ 39 (1478) 26.09.2020 - 02.10.2020 г

Пражыўшы на свеце пэўную колькасць гадоў, ты разумееш, што сонечны восеньскі дзянёк — кожнага года прыблізна такі самы. Аднак гэта не перашкаджае яму цябе радаваць — хай сабе, і ўжо не ўпершыню. І акурат у такі дзень прыемна было збочыць з мінскага праспекта ў выставачную залу Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, дзе акурат цяпер дэманструецца беларуска-аўстрыйскі праект “Музыка і святло”. Там усё таксама нешта аддалена нагадвае — прынамсі, на ўзроўні алюзій. Але пры гэтым не пазбаўлена самабытнасці і ўнікальнасці. Такая вось дылектыка.

/i/content/pi/cult/817/17501/018.jpgГадоў сто і нават трохі меней таму мадэрністы і авангардысты лічыліся сапраўднымі наватарамі ў мастацтве. Яны навыперадкі шукалі сцяжыны да тых тэрыторый, якія на картах пазначаліся белымі плямамі або і наогул адсутнічалі. Аднак такое не магло трываць вечна. Рана ці позна белыя плямы сканчаюцца, а карты, намаляваныя натхнёнай рукой першаадкрывальнікаў, становяцца асновай для папулярных турыстычных атласаў.

Што, зрэшты, таксама някепска. Пагатоў, калі ты адкрываеш для сябе цікавую мясціну, табе не так ужо істотна, колькі мільярдаў людзей дагэтуль тут пабывала. Ты кіруешся сваімі суб’ектыўнымі ўражаннямі і набываеш уласны эмацыйны ды інтэлектуальны досвед — а ў мастацтве такая асабовасць значыць вельмі многае. Вось і атрымліваецца, што Вільня або Венецыя — у кожнага свая. Як і Кандзінскі з Пікаса.

Тэма выставы — настолькі ж неарыгінальная, наколькі і неўміручая: пошукі лучнасці паміж рознымі відамі мастацтва: музычным і выяўленчым. “Здольнасць успрымаць музыку ў колеры — рэдкі дар, — піша куратар Алена Цагельская. — Тое, што нараджае ў нашых сэрцах тая ці іншая мелодыя — перадаць складана. Няўлоўную зменлівасць сонечнага святла таксама цяжка захаваць. Гармонія, невымоўная ў словах, раскрываецца іншымі відамі мастацтва больш тонка і даступна. У работах, прадстаўленых у экспазіцыі, гукавыя і візуальныя вобразы аб’ядноўваюцца ў новую стыхію, якая, згодна з законам сінергіі, з’яўляецца нечым большым, чым сумай частак”. А аўстрыйскі куратар Хуберт Турнхофер у сваёй аўтарскай экскурсіі параўнаў прадстаўленыя палотны з аркестрам. З гэтым можна пагадзіцца — але толькі калі партытура напісаная, напрыклад, Штакгаўзэнам. То бок, калі фармальная суладнасць апрыёры не ставіцца за мэту. Бо мэта — агульны настрой.

/i/content/pi/cult/817/17501/019.jpgПадыход да тэмы ў кожнага розны: у кагосьці наўпроставы, амаль літаральны, а нехта і сапраўды імкнецца выявіць на халсціне гукі. Розныя і тэхнікі. А вось, што лучыць гэтыя амаль трыццаць аўтараў сярэдняга і старэйшага пакаленняў, дык гэта акурат асабістая далучанасць да культурнага поля мадэрнізму ў самых розных яго праявах. Часам такія рэмінісцэнцыі наўпроставыя: пра іх прамым тэстам гаворыцца ў біяграфіях мастакоў. Часам прытоеныя і трохі менш відавочныя. Часам аўтары дапасоўваюць і іншыя тэмы — як, напрыклад, Сільвія Эрэнрэйх у сваёй выкшталцонай серыі “Танцоркі супраць раку”, якая падаецца цалкам фармалістычнай толькі на першы погляд.

Паколькі гэтае поле даўно ўжо стала для ўсяго свету агульным, падзел на аўстрыйскую і беларускую часткі экспазіцыі атрымаўся бадай незаўважным. Прынамсі, ён такім будзе для старонняга вока — бо хто ж у нас не пазнае аўтарскую манеру Ганны Сілівончык або не зразумее метафар Марыі Барысенка, якая выказваецца на актуальныя сёння тэмы з дапамогай архаічных тэхнік дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

З іншага боку, здараюцца і кур’ёзы. Пабачыўшы ў працах аднаго аўтара водгулле айчыннай акадэмічнай традыцыі, ты са здзівам даведваешся, што завуць яго Данэль Стастны, і вучыўся ён, адпаведна, у акадэміі венскай.

Але шматлікіх аўтараў выставы найперш абагульняюць нават не мастацкія арыенціры, але тое, што бадай кожны з іх “абумоўлівае” свае палотны грунтоўным асобасным пошукам — асобасным і асабістым. Гэта відаць у творах кожнага з аўстрыйскіх гасцей. І, што асабліва радуе, гэта выразна прасочваецца ў творах суайчыннікаў.

Асаблівую ўвагу ў экспазіцыі прыцягвае даволі вялікае для такой камернай выставы палатно Івана Сяемілетава “Зачараваны лес”. Гэты аўтар, як ужо не раз раней, паспяхова балансуе на мяжы фігуратыўнасці і абстракцыі. У мінулых яго працах антрапаморфныя рысы набывалі рэчы, а цяпер расліны там-сям напаўпераўвасабляюцца ў чалавечыя твары. І нараджаецца сапраўдная жывапісная містэрыя, натхнёная Штраўсам.

Прамаўляючы мовай інтэлектуальна-насычанай абстракцыі, Сяргей Крыштаповіч выўляе сваё бачанне горада. Краявід абагулены, геаметрычна вывераны, мінімалістычны. Горад як горад. Але перакулены паўмесяц у самым цэнтры твора пакідае надзеі на тое, што цуды і таемствы магчымыя і ў звыклым для нас антуражы. Свежыя (сёлетнія) афорты прызнанага майстра гэтай справы Сяргея Балянка дэманструюць не толькі звыклую для яго віртуозную тэхніку, але і пэўную аўтарскую эвалюцыю: ад фантастыкі да змрочнай фантасмагорыі.

Адным словам, завітаўшы на гэтую выставу, вы наўрад ці пашкадуеце пра страчаныя час ды грошы на квіток. Просты глядач атрымае прыемныя эмоцыі — нават калі ён не прыхільнік мадэрнізму, бо тут ён “з чалавечым тварам”. А глядач, схільны да рэфлексій, паразважае пра лёс ідэй у мастацтве. Ды іх неўміручасць.

Так, гэтая выстава — не раптоўнае вяртанне ў тыя часы, калі сонца мадэрнізму сапраўды прыпякала. Пра бабіна лета, з яго нечакана яркім, але хуткаплынным усплёскам эмоцый, казаць тут, пэўна, не выпадае. Гэта проста пагодны дзень. Зрэшты, мала хто паспрачаецца з тым, што яно ўжо само па сабе — зусім някепска. Паболей бы такіх дзён у нашым календары!