“Я здымаю кіно — 2020”

№ 39 (1478) 26.09.2020 - 02.10.2020 г

Рэспубліканскі адкрыты конкурс аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча “Я здымаю кіно” пачынае прыём заявак, паведамляе аддзел культуры Полацкага райвыканкама. Сёлета фестываль праводзіцца сёмы раз. Заяўкі можна падаваць да 10 лістапада.

/i/content/pi/cult/817/17500/opt.jpegЮрый Тарыч — ураджэнец Полацка, знакаміты кінарэжысёр і сцэнарыст, які лічыцца адным з заснавальнікаў беларускага кінематографа: у 1926 годзе ён зняў першы беларускі ігравы фільм “Лясная быль”. 10 гадоў таму ў Полацку перад кінатэатрам “Радзіма” быў пастаўлены помнік-бюст гэтага выдатнага майстра кіно, а праз некалькі гадоў з’явіўся і фэст яго імені. Конкурс аматарскіх фільмаў мае на мэце папулярызацыю кінавідэатворчасці і выяўленне новых імёнаў. “Запрашаем удзельнічаць усіх — для каго кіно проста захапленне ці нешта большае, усіх нерашучых, хто яшчэ сумняваецца”, — напісана на афіцыйнай старонцы фестывалю.

З кожным годам фестываль набывае ўсё большую папулярнасць у Беларусі і ў суседніх краінах. Так, летась у конкурсе спаборнічалі 215 прац ад 110 удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі і Германіі.

Да ўдзелу запрашаюцца як студыі і самадзейныя творчыя калектывы, так і асобныя творцы без абмежаванняў па ўзросце. Заяўкі прымаюцца да 10 лістапада. А падсумаванне вынікаў і ўзнагароджванне пераможцаў плануецца правесці з 1 па 14 студзеня ў два этапы: на першым — майстар-класы творчых супрацоўнікаў кінастудый і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, на другім — сама ўрачыстая цырымонія падвядзення вынікаў конкурсу. Сёлета арганізатары вылучаюць тры розныя катэгорыі для конкурсных фільмаў: “Дэбют” — у ёй змогуць удзельнічаць работы аўтараў ва ўзросце да 18 гадоў; “Аматар” — для аўтараў, старэйшых за 18 гадоў; “Майстар” — у гэтую катэгорыю патрапяць стужкі аўтараў, якія сваёй прафесіяй звязаныя з кінавытворчасцю (гэта могуць быць супрацоўнікі кінастудый, тэлебачання, іншых СМІ, студэнты спецыялізаваных устаноў адукацыі, і гэтак далей).

Пераможцы вызначаюцца ў наступных намінацыях: “Ігравы фільм”, “Дакументальны фільм”, “Анімацыйны фільм”, “Сацыяльны кліп”, “Тэматычная тэлевізійная праграма”, “Эсэ”, “75-годдзю Перамогі прысвячаецца”, “Мая малая радзіма”.

Акрамя прафесійнага журы ацэнку конкурсным фільмам змогуць даць і аматары кіно праз інтэрнэт-галасаванне.

Усе, хто адчувае ў сабе здольнасць зняць на сваю камеру — прафесійную ці камеру смартфона — нешта цікавае, і мае жаданне паўдзельнічаць у спаборніцтве, за дадатковай інфармацыяй аб умовах могуць звяртацца на афіцыйны сайт Рэспубліканскага адкрытага конкурсу аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча “Я здымаю кіно” — snimaukino.ru <http://snimaukino.ru/>.