Сімфонія камп’ютарнай гульні

№ 39 (1478) 26.09.2020 - 02.10.2020 г

Гэта крута ці жахліва?
16 кастрычніка ў Цэнтральным Доме афіцэраў — канцэрт Video Game Symphony, пазначаны як “Музыка камп’ютарных гульняў”. Толькі не думайце, што вас чакае дзіджэй з сумессю трэкаў як гэткая “прэлюдыя” да віртуальна-гульнёвага батла. Сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі, хор Polifonica, а за дырыжорскім пультам не кіраўнікі гэтых калектываў (Аляксандр Сасноўскі ці Павел Шэпелеў адпаведна), а малады музыкант Андрусь ЯКУШАЎ, які працягвае навучанне за мяжой у дзвюх розных ВНУ адначасова — як дырыжор і кампазітар. І паспявае наведваць Беларусь з новымі творчымі праектамі, якіх у яго — заўжды безліч.

/i/content/pi/cult/817/17497/013.jpgЛетась, да прыкладу, у Віцебску, Гомелі, Брэсце ў рамках цыкла “Класіка ля Ратушы” ён дырыжыраваў канцэртамі “Viva Штраус”. І тады ж пачаў абмяркоўваць далейшыя планы, што ўключалі Video Game Symphony.

Пачынаю размову з самага простага, што ляжыць на паверхні. Бо ў гульнёвых якасцях натуры майго суразмоўцы сумнявацца не даводзіцца: гульня ў шырокім сэнсе слова — неад’емная частка творчага працэсу. Да таго ж, памятаю Андруся ў шматлікіх оперных спектаклях. Некалькі гадоў запар паралельна з навучаннем у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ён працаваў артыстам нашага Вялікага тэатра. Не проста спяваў у хоры — штораз іграў ускладзеную на яго ролю. Іграў настолькі заўзята, па-акцёрску каларытна, што заўжды вылучаўся з агульнай масы, выходзіў на першы план хору, ствараў надзвычай яркіх, запамінальных персанажаў, асабліва ў сцэнах оперных гулянак. Што можа быць бліжэй да такой апантанасці, як не камп’ютарныя гульні? У віртуальным свеце можна куды прасцей прымяраць абліччы таго ці іншага герояў. Таму без ваганняў абіраю

1-шы ўзровень — тэатральна-гульнёвы:

— Андрусь, якая з камп’ютарных гульняў ваша любімая?

— Я ў іх увогуле не гуляю. Камп’ютар у мяне — выключна для працы і пашырэння прафесійных ведаў: набраць ноты, паслухаць запісы, знайсці неабходную інфармацыю — нарэшце, пагутарыць па скайпе з роднымі і сябрамі.

— Як жа вы гэты праект здзяйснялі? І чаму музыка менавіта камп’ютарных гульняў, а не кіно, напрыклад.

— Калі я не геймер, дык гэта не значыць, што гульнямі зусім не цікаўлюся. Для кагосьці гэта забава, адпачынак, баўленне вольнага часу. Для некаторых — ужо нават спорт, для распрацоўшчыкаў — праца. Для мяне ж гэта — новы музычны жанр, які хочацца засвоіць. Некаторы вопыт быў. Два гады таму ў Варшаве праходзіў фэст камп’ютарных гульняў і адна з залаў была аддадзена музыцы. Патрабаваліся інструментоўкі, і арганізатары выйшлі на мяне. Другі такі праект быў для віяланчэлі і фартэпіяна — таксама гучала шмат цікавай музыкі, да якой хацелася звярнуцца. Але ж я шукаў і штосьці новае. Кансультаваўся, прасіў парады, усё гэта слухаў і абіраў. Увогуле, мяне ж вабяць не толькі акадэмічныя кірункі, але і рок, поп (адным часам я нават у некалькіх гуртах граў на гітары хэві-мэтал), так званая прыкладная музыка — для тэатра і кіно. Трэба быць адкрытым да ўсяго, каб мець магчымасць гэта аб’ядноўваць.

— Можна сказаць, вы ў трэндзе: падзел на “сур’ёзныя” і “лёгкія” жанры становіцца сёння ўсё больш умоўным, узнікаюць самыя розныя тыпы мікстаў.

— Так, паблажлівае стаўленне да музыкі гульняў даўно засталося ў мінулым — па меншай меры, у заходніх краінах. Паглядзіце, як імкліва рушыла наперад уся гульнявая індустрыя! Гэта не прымітыўныя відэаабрысы ваўка, што збірае ў кошык яйкі, а працяглыя прыгоды герояў, абліччы якіх бывае цяжка адрозніць ад натурных здымак, паслядоўнае разгортванне сюжэтнай лініі, паўплываць на якую мы ў стане. Ці ж не да такога інтэрактыву імкнуцца сёння розныя віды мастацтва? Усё больш паралеляў з тэатрам, кіно. Гульні ствараюцца паводле рэальных гістарычных падзей, нашумелых літаратурных твораў. Што ж да музыкі, дык у гэтай галіне пачынаюць працаваць не проста “камп’ютаршчыкі”, а высокапрафесійныя музыканты. Для запісу аўдыятрэкаў звяртаюцца да жывога харавога, аркестравага гучання. Нарэшце, ствараюцца магутныя сімфанічныя партытуры! Так, там ёсць свае ўмоўнасці, правілы, але важна знайсці залатую сярэдзіну між надта складаным, “завумным” і банальна-прымітыўным.

Тут я разумею, што размова выйшла на наступны

2-гі ўзровень — дырыжорска-музычны:

— Што вы рабілі з музычнымі фрагментамі, на якіх спыніліся? Іх жа трэба неяк аб’ядноўваць, выбудоўваць драматургію, лагічнае развіццё. Ёсць трывалыя традыцыі звароту да фальклору, калі народныя тэмы кладуцца ў аснову сімфоніі, іншых буйных твораў. У вас той жа прынцып, хіба мелодыі іншага кшталту?

— Існуюць і больш кардынальныя падыходы, калі пачатковы матэрыял добра апрацоўваецца, дасачыняецца, да яго дадаюцца авангардныя моманты. Але, на маю думку, трэба быць вельмі асцярожным, каб не сапсаваць арыгінал.

— І што рабіць? Музыка ў гульнях часта змяняецца: матыўчык можа працягвацца, як тыя песенныя стандарты, тры — пяць хвілін, а можа — усяго трыццаць секунд. Потым — новы, ізноў новы, новы і гэтак далей. Што рабіць?

— Вядома, у канцэртнай версіі, пазбаўленай гульні, такая пярэстасць хутка надакучыць: чым меншыя кавалачкі мігцяць, тым большая верагоднасць мазаічнасці, што будзе ўспрымацца аднастайна. Калі матыўчык зусім маленечкі, паўтараю яго некалькі разоў запар і тым самым быццам “пашыраю”. Скарыстоўваю і паўторы на часавай адлегласці, звяртаюся да тэмбравага вар’іравання. Іншымі словамі, знаходжу найбольш яркія фрагменты і паўтараю іх з новай інструментоўкай, дадаю падгалоскі. У выніку часам узнікае штосьці падобнае да ронда. А з музыкі да гульні “Героі — 3” зрабіў чатырохчасткавую сюіту.

— Усе аркестроўкі — вашыя?

— У 16-ці нумарах — мае ўласныя. Яшчэ ў трох — майго польскага сябра Гжэгажа Урана. Дарэчы, у яго глыбокія беларускія карані: дзядуля — родам з Ашмянаў.

— З аўтарскімі правамі таксама ён разбіраўся?

— Не, Андрэй Сіраштан — артыст балета нашага Вялікага тэатра і адначасова менеджар гэтага праекта. Мне пашчасціла, што я магу займацца не арганізацыйнымі пытаннямі, а творчасцю.

І гэта значыць, што ў нашай размове дасягнуты

3-ці ўзровень — кампазітарска-асабісты,

бо толькі дырыжыраваннем ды аркестроўкай-апрацоўкай чужога музычнага матэрыялу Андрусь Якушаў не абыходзіцца. У творчым партфелі музыканта, якому ўлетку споўнілася 30, — дзве пакуль не пастаўленыя оперы, шматлікія камерныя і аркестравыя творы, некаторыя з якіх атрымалі канцэртнае і нават фестывальнае выкананне. Невыпадкова іх аўтар летась быў прыняты ў Беларускі саюз кампазітараў.

— Жаданне стаць кампазітарам выспявала спакваля?

— Проста яно ніколі не было адзіным. Мне яшчэ і салістам хацелася стаць, ды з кампазітарскай працай, без якой я сябе не ўяўляю, гэта зусім не спалучаецца. Спевакі павінны вытрымліваць рэжым, добра высыпацца. А калі музыка ў галаве нараджаецца, яе хочацца адразу занатаваць — не заўважыш, як ноч міне. Які тут рэжым? А вось дырыжыраванне дапаўняе прафесію кампазітара як нельга лепей.

— Можна самому напісаць і потым выканаць?

— Не толькі. Дырыжыраванне дапамагае зрабіць музыку больш практычнай для выканання. Гэта як нейкія побытавыя лайфхакі. Бо аднаго і таго ж эфекту можна дасягнуць рознымі сродкамі. Ведаючы іх, можна спрасціць выканальніцкія задачы — не на шкоду агульнай задуме. Яшчэ на другім курсе Мінскага музычнага каледжа я склаў сабе праграму, якія партытуры трэба вывучыць, каб зразумець аркестр. Спіс атрымаўся ўнушальным, ды такая самаадукацыя яшчэ нікому не перашкаджала. Сімфанічнаму дырыжыраванню вучыўся ў Пятра Вандзілоўскага, які так заўчасна сышоў ад нас сёлета (ён выконваў два мае творы), потым — у Аляксандра Сасноўскага, які днямі справіць юбілейную вечарыну ў Брэсцкім тэатры драмы, аркестрам якога ён кіруе (дарэчы, Аляксандр Пятровіч узначальвае і аркестр Белтэлерадыёкампаніі, і я ўдзячны, што ён даверыў мне свой калектыў для цяперашняга выканання музыкі камп’ютарных гульняў). Ну а знанага кампазітара Віктара Войціка, у якога я займаўся па кампазіцыі, увогуле лічу сваім духоўным настаўнікам, захапляюся ягонай мудрасцю, уменнем выводзіць асобныя, здавалася б, з’явы ў рэчышча філасофскіх і агульнамузычных тэм.

— Чаму ж тады для працягу адукацыі вы ў Польшчы апынуліся?

— А ў нас навошта так многа замежнікаў вучыцца? Веды павінны быць рознабаковымі. Да таго ж, гэта была вымушаная мера. У той год, як я паступіў у Беларускую акадэмію музыкі другі раз — ужо не па харавым дырыжыраванні, а ў клас кампазіцыі, раптоўна адмянілі спецыялізацыю “дырыжор камернага аркестра”, якую я імкнуўся атрымаць. Хацеў здаць іспыты экстэрнам, каб перавесціся на курс вышэй, дзе яна яшчэ захоўвалася і дзе, дарэчы, былі вакантныя месцы, але не дазволілі. Вось і давялося шукаць іншыя навучальныя базы. Патрапіў на стажыроўку ў Польшчу і высветліў, што там можна вучыцца хоць у трох ВНУ адначасова — галоўнае, каб паспяваў здаваць сесіі. У Польшчы — з дзесятак акадэмій музыкі, і ўсе янырозныя, са сваімі праграмамі і наборам спецыяльных дысцыплін (я, дапрыкладу, паралельна вывучаю джаз). Спыніўся на дзвюх акадэміях, бо адзін з прафесараў, у якога я хацеў вучыцца, працуе ў Познані, другі — у Варшаве.

— Дык паміж гарадамі — адлегласць у 400 кіламетраў. Як пераадольваеце? На сваім аўто?

— У мяне яго няма. А калі б і было, гэта нязручна. Саджуся ў цягнік — і чатыры гадзіны займаюся, нават аркестроўкі там пішу. Склаў індывідуальны расклад заняткаў, якога і трымаюся. Дый творчыя праекты стымулююць. Мае творы прайшлі адбор на фестываль “Музыка нашага часу”, дзе ўвесну павінны былі адбыцца 14 канцэртаў па ўсёй Польшчы. У адным з замкаў Познані дырыжыраваў украінскай операй, дзе акрамя жывых інструментаў была электроніка.

— А ваша другая опера? Чула, яна пра Заходнюю Беларусь 1920 — 1930-х гадоў, пра кантрабандыстаў.

— Неяк завітаў у родную вёску, і тамтэйшы фермер распавёў мне пра кнігу Сяргея Пясецкага “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”. Прачытаў гэты раман — і стаў пісаць паводле яго оперу на ўласнае лібрэта. Пакуль завершана першая дзея.

Сапраўды, далейшыя ўзроўні Андруся Якушава — наперадзе.

Фота прадастаўлены аутарам.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"