Як скрозь ваенныя гады...

№ 40 (858) 04.10.2008 - 10.10.2008 г

Да свайго 65-гадовага юбілею Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прапанаваў сваім наведвальнікам выстаўку “Іду скрозь залы, як скрозь гады”, складзеную з каштоўных прадметаў, знойдзеных пад час першых экспедыцый супрацоўнікаў установы, а таксама перададзеных з ваенных падраздзяленняў яшчэ ў дні правядзення наступальнай аперацыі “Багратыён”.

Літаральна адразу пасля вызвалення першых населеных пунктаў нашай рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў каля горада Навабеліцы пачала стварацца экспазіцыя першага ў свеце музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У асноўным, папаўненню фондаў спрыяў Беларускі штаб партызанскага руху, а таксама шматлікія атрады і брыгады. Экспанаты калекцыі істотна ўзбагаціліся пасля стварэння Галоўнага трафейнага ўпраўлення Чырвонай арміі ў 1945 годзе.

Па словах навуковага сакратара Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Галіны Багусенка, упершыню за доўгі час у наведвальнікаў з’явілася магчымасць убачыць унікальныя рукапісныя франтавыя і партызанскія баявыя лісткі, сатырычныя плакаты “Франтавой цырульні” і “Раздавім фашысцкую гадзіну!”, іншыя каштоўныя дакументы. Прадстаўлены таксама і архіўныя фотаматэрыялы, сярод якіх можна вылучыць апошнія здымкі Героя Савецкага Саюза Льва Даватара.

Ёсць і прадметы, якімі карыстаўся Герой Савецкага Саюза Канстанцін Заслонаў: шахматная дошка, лыжка, медыцынская сумка.

Экспануюцца на выстаўцы рэчы салдат нямецкай арміі, знойдзеныя ў першых экспедыцыях у 1944 годзе: форма, карты, зброя. Дарэчы, у музеі захоўваецца кіцель ад’ютанта Герынга, партфель Рыбентропа.

Пераканацца ў надзвычайнай сакрэтнасці вядзення падпольнай барацьбы дазваляюць партызанскія разведвальныя данясенні, выкананыя на тканіне, што падшывалася да вопраткі і тым самым не выклікала падазрэння пры вобысках.

Многіх наведвальнікаў уразілі ўзоры зброі, прадстаўленай на выстаўцы. Справа ў тым, што “народныя майстры” стваралі з сапсаванай тэхнікі унікальныя пісталеты і вінтоўкі, удасканальвалі знойдзеныя трафейныя аўтаматы, а гэта, безумоўна, істотна дапамагала ў партызанскім змаганні з ворагам.

Выклікаюць цікавасць і першыя афіцыйныя дакументы музейнага справаводства, у тым ліку “Кніга ўражанняў і прапаноў”, дзе пакінулі свае запісы вядомыя грамадскія дзеячы і пісьменнікі. Сярод тых асоб, якія першымі пакінулі свае водгукі, быў і вядомы беларускі пісьменнік, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Піліп Пестрак.


К.А.