“Авантура” без авантур

№ 38 (1477) 19.09.2020 - 26.09.2020 г

Ніна Чайчыц нарадзілася ў Адэскай вобласці. Неўзабаве сям’я пераехала на радзіму бацькі ў Брэсцкую вобласць, бо там пачалося будаўніцтва Бярозаўскай ГРЭС і горада Белаазёрска. Бацька Васіль Міхайлавіч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны — беларус, маці Ганна Мікалаеўна — малдаванка, вельмі гасцінная жанчына, у доме якой не пераводзіліся сваякі і сябры. Мама любіла чытаць. Бацька хадзіў падчас камандзіровак у Траццякоўскую галерэю, потым з захапленнем распавядаў пра гэта дзецям. Неўзабаве ў доме з’явілася шмат зробленых мясцовым мастаком копій шэдэўраў сусветнага жывапісу. Так і расла Ніна сярод карцін і кніг у дружнай сям’і.

Пад’есці няма часу

/i/content/pi/cult/816/17483/13_1.jpgУ школе дзяўчынка хадзіла ў гурткі: танцавальны і “Юны карэспандэнт”, пісала сцэнарыі для школьных вечароў і сама ў іх удзельнічала. Акрамя таго, вучылася ў музычнай школе па класе акардэона. Маленькай пяцікласніцы даводзілася цягнуць цяжкі інструмент на заняткі, зімой брат падвозіў ёй акардэон на саначках. Было ў Ніны столькі спраў, што часам не паспявала пад’есці. За гэта яе ўшчувалі бацькі. Дзяўчынка вельмі любіла чытаць, спаборнічала з братам, хто першым захопіць цікавую кніжку. Часцяком чытала ноччу, схаваўшыся пад коўдру з ліхтарыкам, а часам прымудралася чытаць нават падчас урокаў.

Акцёрскія, рэжысёрскія і арганізатарскія здольнасці ды ўменне стварыць касцюмы з падручнага матэрыялу выявіліся ўжо ў дзяцінстве. У піянерскім лагеры юны рэжысёр паставіла казку “Папялушка” і сама выканала галоўную ролю. Касцюм Папялушкі зрабілі з сукенкі важатай, туфлікі абгарнулі фальгой, а касцюмы прыдворным дамам стварылі з пакрывалаў.

Вучоба, шлюб і дзеці

Як і многія дзяўчаты, у юнацтве Ніна марыла стаць актрысай, але не адважылася. Увогуле ў першы год пасля заканчэння школы паступіць у ВНУ не атрымалася. Працавала кіроўцам электракара ў трактарным цэху на заводзе БРМЗ у родным горадзе. За гэты год Ніна пасталела, зносіны ў працоўным калектыве сталі добрай школай жыцця. На сямейнай нарадзе вырашылі, што паступаць ёй трэба ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, дзе ўжо вучыўся старэйшы брат.

У Акадэмію дзяўчына паступіла, і цяпер успамінае студэнцкае жыццё як вясёлы і радасны час у коле сяброў. У студэнцкія гады Ніна пазнаёмілася з Васілём Друзікам, выйшла за яго замуж. Першага сына Дзяніса нарадзіла студэнткай 4 курса. Маладыя бацькі хадзілі на лекцыі па чарзе, разам даглядалі дзіцятка і пры гэтым прымудраліся здаваць экзамены на “выдатна”.

Дапамагала “Бурда”

Пасля заканчэння акадэміі Ніна Друзік працавала ў Светлагорскім БТІ геадэзістам, меліяратарам у вёсцы Баравікі. У маладой сям’і з’явілася папаўненне: нарадзіўся сын Барыс. Мужа прызначылі дырэктарам саўгаса “Горкі”. Працы па спецыяльнасці не было. Вось тут і спатрэбіліся навыкі, атрыманыя за гады актыўнага ўдзелу ў мастацкай самадзейнасці ў школе, падчас летняга адпачынку ў піянерскім лагеры “Электрон”, працы на заводзе, і ў студэнцкія гады. Ніна Васільеўна спачатку была бібліятэкарам у гарпасёлку Сасновы Бор, а потым яе прызначылі дырэктарам Дома культуры, у якім яна прапрацавала дзесяць гадоў.

Я памятаю, як у васьмідзясятыя адна з маіх калегаў кожнае свята з мужам ездзіла адзначаць да бацькоў у Сасновы Бор. Яна з захапленнем расказвала: “Там Домам культуры кіруе таленавітая жанчына. Яна праводзіць такія цікавыя мерапрыемствы, на якія збіраецца ўвесь пасёлак і многа прыезджых.” Сапраўды, Ніна Друзік працавала з энтузіязмам, вынікова: паставіла спектакль па казцы Леаніда Філатава “Пра Фядота-стральца”, праводзіла вечары і “агеньчыкі” з цікавымі конкурснымі праграмамі, шоу, канцэрты, кіравала тэатрам эстрадных мініяцюр, вяла танцавальны гурток.

Дырэктар музычнай школы Алена Шыманская дапамагала праводзіць святы, харэограф Маргарыта Коўтун — ставіць танцавальныя нумары. Усе творчыя пачынанні заўсёды падтрымліваў Уладзімір Палын, дырэктар завода “Светлагорсккорммаш”. Да кожнага вечара Ніна Васільеўна рыхтавала арыгінальны ўбор для сябе. Дзейнічала як адна з гераінь фільма “Самая абаяльная і прывабная”: “Часопіс “Бурда” кожны месяц праглядаем!” Па начах з суседкай Лідзіяй Сетун па лякалах таго часопіса шылі модныя ўборы. У той час быў суцэльны дэфіцыт на ўсё, так што аднойчы нават выканкам прыняў рашэнне: “Выдаткаваць Н. В. Друзік 2,5 метра чорнага аксаміту”. А слава пра Ніну Васільеўну жыве ў Сасновым Бары і па сёння.

Прыдумала рок-фестываль

У 1996 годзе Друзік была прызначаная кіраўніком аддзела па справах моладзі Светлагорскага выканкама, з 2002 па 2011 гады была вядучым спецыялістам аддзела культуры. Працавала з натхненнем, ініцыявала шматлікія праекты: рок-фестывалі супраць ВІЧ/СНІД, гарадскія спаборніцтвы па камп’ютарных гульнях “DOOM”, танцавальны марафон “Супер-СТАР”, КВНаўскі рух, турыстычныя злёты, стварыла маладзёжную тэлестудыю, пісала сцэнарыі культурна-забаўляльных мерапрыемстваў, творчых конкурсаў.

/i/content/pi/cult/816/17483/13_2.jpg

З творчай трупай спектакля “Лізістрата”.

Песня У. Асадчага на словы Ніны Друзік “Мой Светлагорск” гучыць на ўсіх урачыстых мерапрыемствах. Як сказана ў яе творчай характарыстыцы: “Мае добрую здольнасць: прымаць рашэнні ў нестандартных сітуацыях, крэатыўна думаць”.

Трэцяе “дзіця” — самадзейны тэатр

Усе гады працы ў аддзеле культуры жыла ў душы Ніны Васільеўны мара пра тэатр. У 2008 годзе яна на базе Светлагорскага Цэнтра культуры (СЦК) стварыла самадзейны тэатр “Авантура”, які стаў, па сутнасці, яе трэцім любімым дзіцём. У трупе пануе творчая душэўная атмасфера. За дванаццаць гадоў калектыўнай сумеснай творчасці рэжысёра і самадзейных акцёраў пастаўлены два спектаклі па п’есах Л.Філатава “Лізістрата” і “Эліксір кахання”, усёй трупай напісалі п’есу і паставілі мюзікл, сельскі вадэвіль (дарэчы, інсцэніроўку зрабіла сама рэжысёр) і музыкальную феерыю, рэалізавалі праграму “Форум-тэатр”.

“Авантурысты” ўдзельнічалі ў многіх відэапраектах, флэш-мобах, ва ўсіх святах горада, з поспехам выступалі на тэатральных фестывалях у Віцебску. 30 жніўня 2018 года тэатру “Авантура” прысвоена найменне “народны”.

Маці і бабуля

Так здарылася, што Ніне Васільеўне прыйшлося сыноў з падлеткавага ўзросту гадаваць без бацькі. Ні разу не падвысіла голас на сваіх хлапчукоў, але выхавала іх годнымі людзьмі. Зараз у іх ужо свае сем’і. Друзік сцвярджае: “Мне пашанцавала з нявесткамі: яны добрыя гаспадыні, выдатныя жонкі, клапатлівыя мамы”. Яна, можна сказаць, “багатая бабуля”: у яе тры ўнучкі Уладзіслава, Яраслава, Ксенія і ўнук Давід. Наколькі я ведаю, унукі яе вельмі любяць. Унучкі ахвотна прымаюць удзел у спектаклях.

Футболка бабулі падыходзіць унучцы

Некалькі гадоў таму ад адной знаёмай (не без ноткі зайздрасці ў яе голасе) я пачула: “Ніна Друзік заўсёды маладая!” Сакрэту тут, натуральна, няма: уся справа ў пастаянным творчым натхненні і добразычлівым стаўленні да людзей.

Нядаўна сямнаццацігадовая ўнучка Улада “прыватызавала” сабе пару футболак з гардэробу Ніны Васільеўны, пры гэтым заявіла: “А ці шмат ты цяпер знойдзеш бабуль, у якіх унучка “прысабечвае” футболкі?” Так што вызначэнне “заўсёды маладая” ў дачыненні да Ніны Друзік па-ранейшаму актуальна. Застаецца пажадаць нашай гераіні такога ж творчага гарэння і маладой натхнёнай энергіі на многія гады!

Галіна КАПЕЦКАЯ

Светлагорск

Фатаграфіі з архіва Ніны Друзік