На чатырох сталічных тэатральных пляцоўках — у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек, Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Максіма Горкага і Рэспубліканскім тэатры юнага гледача — сваё мастацтва прадстаўляюць тэатральныя калектывы з Беларусі, Велікабрытаніі, Германіі, Літвы, Польшчы, Славеніі, Расіі, Чэхіі. У праграме мінскага фэсту — спектаклі, якія ўжо атрымалі прэстыжныя ўзнагароды на буйных міжнародных фестывалях.
А побач з імі — і беларускія калектывы, якія таксама выносяць на суд гледачоў свае тэатральныя работы. І, як зазначыў пад час прэс-канферэнцыі дырэктар Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Яўген Клімакоў, арганізатары фестывалю свядома запрасілі ў Мінск вельмі моцныя, славутыя пастаноўкі замежных калектываў — для таго, каб і гледачы, і самі беларускія лялечнікі маглі ацаніць, што ўяўляе сабой беларускі тэатр лялек у параўнанні з тэатрам еўрапейскім.
Конкурсная праграма фестывалю, дзе будуць паказаны 20 спектакляў, разлічана не толькі на дзіцячую аўдыторыю, але і на дарослага, “спакушанага” тэатрам гледача. Так што аматараў лялечнага мастацтва чакаюць як традыцыйныя спектаклі гэтага жанру, так і разнастайныя яго “адгалінаванні” і эксперыменты.