Тэатр без межаў

№ 37 (1476) 12.09.2020 - 19.09.2020 г

18 верасня Гомельскі абласны драматычны тэатр адкрывае свой 82-гі сезон. А напярэдадні адбыліся даўно запланаваныя і перанесеныя на восень гастролі калектыву ў Мінску — са спектаклем “Гогаль. Fatum”, зладжаныя Цэнтрам культурных ініцыятыў “Артс КіТ”. Супрацоўніцтва аказалася плённым.

Дык Гогаль ці Fatum?

Спектакль “Гогаль. Fatum” з’явіўся ў Гомелі два гады таму, але ў сталіцу патрапіў упершыню — і сабраў аншлаг. Прыхільнікі тэатра ішлі не столькі на назву спектакля ці пэўных артыстаў — найперш на маладога рэжысёра Юрыя Дзівакова. Яго пастаноўкі, якія ён выпускае з зайздроснай актыўнасцю і ўсё новымі ідэямі, могуць узрушыць, збянтэжыць, кагосьці нават напужаць сваім авангардным пасылам і “незразумеласцю”. Адзінае, чаго яны не могуць апрыёры — не зачапіць, пакінуць гледача абыякавым. Гэта пацвердзіў і цяперашні паказ: некалькі чалавек пакінулі залу, не дачакаўшыся фіналу (пры тым, што працягласць дзеі — усяго каля гадзіны), а многія засталіся яшчэ і на творчую сустрэчу з рэжысёрам і артыстамі. Задавалі пытанні, імкнуліся “дакапацца” да сутнасці, да самога паходжання рэжысёрскіх задумак, шчыра дзячылі за незвычайны падыход.

/i/content/pi/cult/815/17463/9_1.jpg

З багатай дзіўна-дзівакоўскай спадчыны “Гогаль. Fatum” па матывах гогалеўскага “Шыняля” — адзін з маіх улюбёных спектакляў, які я глядзела ў Гомелі адразу пасля прэм’еры (гл. “К” № 28 за 2018 год). Тым больш было цікава, якім жа ён паўстане праз даволі адлеглы час ды на іншай сцэне — Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра. Што ж, спектакль цалкам адпавядаў гэтай назве, быццам нагадваючы, якім павінен быць тэатр маладзёжнага напрамку. Але ад “летаргіі”, як жанрава пазначаны “Гогаль. Fatum”, амаль нічога не засталося. Замест затарможана-хваравітага знаходжання на мяжы явы і сну мы ўбачылі імклівую па тэмпарытме фантасмагорыю, поўную прамых спасылак на рэчаіснасць. Але ж спектакль не змяніўся! Так, крыху скараціўся адзін фрагмент, часткова змяніўся склад артыстаў, але склалася ўражанне яшчэ большай упэўненасці, заўзятасці ўдзельнікаў, большай інтэнсіўнасці іх рухаў (асабліва ў Юрыя Зайцава і Андрэя Шыдлоўскага), што ў выніку зрабіла спектакль, складзены з асобных сцэн-карцін, яшчэ больш цэласным, знітаваным імпульсіўнасцю развіцця.

Але самае галоўнае — тое, што раней успрымалася пошукамі ў галіне формы і сродкаў выразнасці, стала надзвычай актуальным сэнсавым пасылам, яркім, сціслым мэсэджам, скіраваным у сённяшні дзень, менавіта да сучаснай беларускай публікі. Тыя ж самыя сцэнічныя дзеянні чыталіся цяпер іначай, выклікалі іншыя асацыяцыі, звязаныя не столькі з самой асобай Гогаля, жыццём і смерцю гэтага пісьменніка, перыпетыямі лёсу яго літаратурных герояў, колькі з яшчэ больш шырокімі філасофскімі абагульненнямі, якія кожны можа трактаваць па-свойму. Іншымі словамі, калі раней сама назва спектакля ўспрымалася з акцэнтам на першым слове, дык цяпер — на другім, прычым з новым асэнсаваннем фатальнасці як гістарычнай непазбежнасці.

Такая шматзначнасць спектакля як твора мастацтва — паказальнік і таленту пастаноўшчыкаў, і гогалеўскіх вобразаў, якія ў розныя часы паўстаюць сваімі рознымі гранямі. Бо тэма, на якой пабудавана творчасць класіка і цяперашні спектакль, таксама належыць да вечнай праблематыкі, заяўленай яшчэ ў эпоху антычнасці: жыццё “маленькага чалавека” на фоне катаклізмаў, ружовыя мары ў абліччы фламінга і іх скажэнне ў абліччы Жанчыны ў ружовым (Наталля Задорына). А над усім — выратавальны смех у абліччы двух блазнаў (Павел Салаўёў і Дзмітрый Байкоў), бы візуалізацыя знакамітай крыху перайначанай цытаты Карла Маркса: чалавецтва смеючыся развітваецца са сваім мінулым. Праз гэта змянілася агульная атмасфера спектакля, больш ярка выявілася яго смехавая культура, разуменне таго, што смех можа быць не толькі выкрывальным (як у тым жа, да прыкладу, гогалеўскім “Рэвізоры”), але і выратавальным — асабліва ў складаныя моманты на мяжы жыцця і смерці.

Праз “Вішнёвы сад” да “Лесвіцы славы”

На стацыянарнай сцэне Гомельскі драмтэатр адкрывае сезон “Вішнёвым садам” А.Чэхава. Прэм’ера, запланаваная на май, адбылася ў ліпені. Але тады спектакль прайшоў толькі два разы, цяперашні паказ — трэці. Праз некалькі дзён, а менавіта 23 верасня, — прэм’ера “чорнай камедыі” сучаснага іспанскага драматурга Хауна Хасэ Алонса Мільяна “Цыяністы калій… з малаком ці без?” Пра гэтыя і далейшыя планы тэатра распавёў яго мастацкі кіраўнік Сяргей Лагуценка:

/i/content/pi/cult/815/17463/9_2.jpg

— “Вішнёвы сад” на нашай сцэне пастаўлены ўпершыню. Чэхаўская “Чайка” — была. А да гэтай п’есы мы раней не звярталіся. У час леташняга фестывалю “Славянскія тэатральныя сустрэчы”, што праходзіў у нас у снежні, размаўлялі з заслужаным артыстам Расіі Зурабам Нанабашвілі: што ён бы мог у нас паставіць? Абмяркоўвалі “Сон у летнюю ноч” Шэкспіра, “Навальніцу” Астроўскага — і спыніліся на “Вішнёвым садзе”. Рэпетыцыі прыпалі на эпідэмію каронавіруса, мы вельмі хваляваліся за артыстаў, асабліва старэйшага пакалення, гаварылі ім: прыходзьце толькі да свайго эпізоду. А яны: не, мы з усімі. Такі ва ўсіх быў запал! Вельмі хочам зрабіць сумесна-абменныя паказы з Таганрогскім тэатрам. Там, на радзіме Чэхава, таксама ідзе “Вішнёвы сад” у пастаноўцы гэтага рэжысёра, нават дэкарацыі ў чымсьці падобныя. Вось і ўзнікла ідэя такога абмену артыстамі: частка нашых — частка тамтэйшых. Так, як мы ладзілі з Чарнігаўскім тэатрам у “Вячэры па-французску”. Дарэчы, у канцы кастрычніка мы запрошаны ў Чарнігаў на фестываль — з маладзёжным спектаклем “Рыба маёй мары”, які пастаўлены маладым рэжысёрам Данілам Філіповічам і выйшаў у фінал Нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі. Калі не накрые другая хваля захворванняў, дык хацелі б паказаць у Чарнігаве і “Цыяністы калій”, які ставіць леташняя выпускніца нашай Акадэміі мастацтваў Марыя Матах — вучаніца заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Сяргея Кавальчыка. Яе дыпломны спектакль “АбломOFF” паводле п’есы Міхаіла Угарава быў пастаўлены ў Нацыянальным драмтэатры імя Горкага, паказваўся ва Ульянаўску — на радзіме Івана Ганчарова, у рамках V Міжнароднага фестывалю “Гісторыя дзяржавы расійскай. Айчына і лёсы”. Пасля гэтага нашу 22-гадовую рэжысёрку запрасілі паставіць “Абломава” там. Прэм’ера адбылася днямі, акурат на адкрыццё 235-га сезона Ульянаўскага тэатра, спектакль збіраюцца везці ў Францыю, на Міжнародны праект “Дні Ганчарова ў Еўропе”. А Марыя хуценька вярнулася да нас і працягвае рэпетыцыі “Цыяністага калія” — спектакль практычна гатовы. Яна прыходзіла на нашы колішнія гастролі ў ТЮГу, таму ведала многіх нашых акцёраў і прыехала на пастаноўку добра падрыхтаваная, з дакладным разуменнем, што каму рабіць. Трэба даваць моладзі магчымасць рэалізоўваць свае памкненні! Я ім заўсёды кажу: ёсць жаданне — стаўце. Не абавязкова на вялікай сцэне — можна і ў фае на лесвіцы, гэта толькі дадасць імпэту. Дагэтуль усе згадваюць колішні начны паказ спектакля “Гогаль. Fatum” — з экскурсіяй па тэатральным “падзямеллі”, з рассаджваннем гледачоў у цёмнай зале пад святло ліхтарыкаў. З моладдзю цікава працаваць: яны мысляць хутчэй за нас, і гэта стымулюе. Тэатр — справа жывая, ён павінен развівацца і рухацца наперад. А яшчэ тэатр і ўвогуле мастацтва — папраўдзе ўсеабдымныя. Месца хопіць усім пакаленням — класікам і сучаснікам, прызнаным майстрам сталага ўзросту і пачаткоўцам. Мы ні на кога не забываемся! Аднавілі спектакль “Забыць? Герастрата”, які калісьці ставіўся ў 1980-х (я сам памятаю, як глядзеў яго падлеткам). Наперадзе — “Бэзавая сукенка Веранікі” Франсуазы Саган, якая планавалася на закрыццё мінулага сезона, “Візіт старой дамы” Фрыдрыха Дзюрэнмата, якім павінен быў адкрывацца гэты сезон, “Лесвіца славы” Эжэна Скрыба. Але ж вы самі разумееце: сёння цяжка штосьці загадваць. Але ж будзем працаваць!

У чалавечым космасе

Арганізатарам цяперашніх сталічных гастроляў Гомельскага абласнога драмтэатра выступіў Цэнтр культурных ініцыятыў “Артс КіТ” сумесна з Незалежнай тэатральнай кампаніяй HomoCosmos. Апошняя пакуль не мае сваёй пляцоўкі, але стала “прапісалася” ў свядомасці прыхільнікаў сучаснага мастацтва такімі заўважнымі пастаноўкамі, як “Камера, якую дала мне маці”, “Бог козыту”, “Дора”, “Раскрыццё”, “Убачыць ружовага слана”. Гомельскія спектаклі “Гогаль. Fatum” і “Рыба маёй мары”, што будзе паказана ў Мінску ў лістападзе, былі абраны невыпадкова.

/i/content/pi/cult/815/17463/9_3.jpg

— Мы спыняемся на тых праектах, якія блізкія нам канцэпцыйна, — гаворыць тэатральны прадзюсар, дырэктар “Артс КіТ”, кіраўнік HomoCosmos Кацярына Саладуха. — Сярод тых гастрольных калектываў, якія былі запланаваны на бліжэйшы час, ёсць і замежныя госці. Так, ужо 1 кастрычніка павінен прыехаць Тэатр адэскага разліву “ЛанжеронЪ” — з трагікамедыяй “Моня” па творы нашага сусветнавядомага земляка, бабруйчаніна Эфраіма Севелы “Моня Цацкес — сцяганосец”. Гэты спектакль паказваўся на леташнім VII Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі імя Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску, але ў Мінску ён будзе ўпершыню. У цэнтры — лёс простага цырульніка-яўрэя, які ў самыя страшныя моманты не страчвае ўмення жартаваць над сабой і акалічнасцямі свайго жыцця. Вельмі хочам, каб да нас завітаў Кіеўскі дзяржаўны акадэмічны тэатр драмы і камедыі на левым беразе Дняпра, якім кіруе Стас Жыркоў. Вядома, эпідэміялагічная сітуацыя змяніла планы, але трэба спадзявацца, што паступова ўсё наладзіцца. Бо ў нас шмат не толькі гастрольных, але і ўласна пастаноўчых планаў. Так, зноў пераносіцца чытка п’есы Дзмітрыя Багаслаўскага “#НічогаСвятога” ў пастаноўцы Аляксандра Марчанкі. Але, магчыма, адразу будзе спектакль. Летась у снежні была чытка п’есы Міхала Шыманяка “Ясь і Малгося”. Спектакль, які паставяць паводле яе Кацярына Аверкава разам з Палінай Дабравольскай, будзе называцца “Спальнік”, прычым мастаком-сцэнографам выступае польскі майстра Мірэк Качмарык. У час каранавіруса мы вымушаны былі сысці ў анлайн, паказалі такім чынам амаль усе свае ранейшыя спектаклі. Але новыя ўмовы існавання ў віртуальнай тэатральнай прасторы падштурхнулі творцаў да новых ідэй. Так знакаміты расійскі рэжысёр Алег Хрысталюбскі павінен быў ставіць у нас “Цынкавых хлопчыкаў” Святланы Алексіевіч. Але ў яго таксама перасунуліся ўсе тэрміны. У выніку ён прапанаваў спыніцца на рамане “Скажы, Чырвоная Шапачка” пра дзяўчынку-падлетка, які напісала сучасная нямецкая пісьменніца Беаце Тэрэза Ханікі. Гэта будзе не зусім спектакль у звыклым разуменні слова — хутчэй анлайн-паказ, гэткая тэатральная гульня з выкарыстаннем сучасных прыёмаў, нязвыклых для сцэнічнага аповеду. Каб паглыбіцца ў няпросты ўнутраны свет галоўнай гераіні, якая зведвае гвалт ад блізкага чалавека, гледачы павінны будуць узаемадзейнічаць з мабільным дадаткам, весці праз яго своеасаблівы дыялог. Тэатральнае мастацтва папраўдзе не ведае межаў і шукае новыя формы.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"