Непарушная пячатка векавога аўтарытэту

№ 37 (1476) 12.09.2020 - 19.09.2020 г

Гонар беларускай культуры — Купалаўскі тэатр. Гонар і ў мінулым часе, і ў цяперашнім. Газета “Культура” — інфармацыйны партнёр нашага старэйшага тэатра — не толькі па абавязку, а і са шчырым захапленнем і задавальненнем пісала і пра прэм’еры, і пра ўсе іншыя падзеі, на якія асабліва багатым быў мінулы, соты юбілейны сезон. Багатым на падзеі павінны быў стаць увесь гэты 2020-ты, юбілейны год, — 14 верасня тэатру імя Янкі Купалы спаўняецца 100 гадоў.

Падзей, праўда, ужо адбылося нямала, ды такіх, што і ў п’есе не прыдумаеш: у верасні юбілей, на адкрыццё сезона рыхтуецца новая версія легендарнага спектакля “Тутэйшыя” — а ён у 1990 годзе стаў сімвалам перамен, сімвалам беларускага Адраджэння і вынес на цэнтральнае месца тэатральнай і дзяржаўнай дзеі наш гістарычны сцяг, рыхтуецца і гучны юбілейны вечар, Нацбанк выпускае памятныя манеты ў гонар 100-годдзя Купалаўскага, здымаюцца дакументальныя фільмы, пішуцца кнігі… А тут ізноў — пераломны момант гісторыі, час выбару шляху, час выбару паміж сумленнем і выгодай, паміж дабром і злом. І на юбілей сцэна засталася пустой.

Не толькі пра падзеі і спектаклі, але і пра людзей тэатра, пра акцёраў і рэжысёраў пісала газета “Культура”. За першую палову юбілейнага года і я асабіста падрыхтавала нямала інтэрв’ю з купалаўцамі. У планах было яшчэ больш сустрэч і размоў… Веру, што яны адбудуцца, што нічога не знікне. А зараз у гонар юбілейнай даты хочацца ўспомніць нядаўніх герояў нашых газетных старонак, герояў тэатральнай сцэны, успомніць інтэрв’ю і артыкулы юбілейнай пары.

“Не трэба мне іншых тэатраў, я працую ў найлепшым!”

Пад такім загалоўкам напярэдадні Новага года выйшаў артыкул пра народную артыстку Беларусі Зою Белахвосцік, якая свой 60-/i/content/pi/cult/815/17460/6_1.jpgгадовы юбілей адсвяткавала творчым вечарам на роднай купалаўскай сцэне. І для яе гэтая сцэна менавіта родная. Як я пісала: “Зоі Белахвосцік належыць не толькі дзень сённяшні гэтага тэатра, але і яго мінуўшчына і будучыня, бо і продкі, і нашчадкі непарыўна з ім звязаныя. Дзед Глеб Глебаў, народны артыст СССР, і бабуля Надзея Сарокіна яшчэ ў 20-я гады мінулага стагоддзя сталі артыстамі 1-га Беларускага драматычнага тэатра (цяпер імя Я. Купалы), бацька Валянцін Белахвосцік — народны артыст Беларусі, усё жыццё аддаў гэтай сцэне, муж Аляксандр Гарцуеў — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, акцёр і рэжысёр многіх выдатных пастановак Купалаўскага, дачка Валянціна Гарцуева — актрыса тэатра. Свой юбілейны творчы вечар Зоя Белахвосцік прысвяціла менавіта сям’і і тэатру, бо гісторыя ў іх — агульная”. Зоя Белахвосцік — купалаўка ў трэцім пакаленні, Валянціна Гарцуева — у чацвёртым. Нялёгка думаць, што перарвецца амаль стогадовая купалаўская сямейная гісторыя.

“— Калі мне прапанавалі зрабіць творчы вечар, я спачатку жахнулася, таму што звычайна гэта вельмі складаная і адказная справа. А я не той чалавек, які пойдзе па простым шляху. Мне заўсёды трэба нечым уражваць, адкрываць нейкія Амерыкі для людзей. І мяне асяніла: 100-годдзе Купалаўскага — гэта цудоўная нагода ўспомніць і пакланіцца маім родным, якія і ёсць гісторыяй гэтага тэатра, якія яго падымалі і стваралі яго неверагодную атмасферу. Я хацела, каб гледачы не проста з цікавасцю паслухалі, а адчулі гонар за тое, што існавалі ў нас такія моцныя людзі, такія магутныя дрэвы, на якіх усё трымалася, і дзякуючы якім мы зараз працуем тут на сцэне.

— Вас часта называюць прымай тэатра. Як вам у гэтай ролі?

— Насамрэч няма ў мяне ніякай ролі. Несумненна, мяне паважаюць, мабыць, я чалавек з аўтарытэтам. Але наш тэатр па-чалавечы такі вельмі правільны, ніякай залішняй субардынацыі ў нас няма. Не хочацца паўтараць банальную фразу пра адну сям’ю, але ў нас сапраўды добрыя стасункі, мы адзін аднаго паважаем, трываем. Даруем. Маючы адну любімую справу — тэатр, заўсёды можам паразумецца”.

Новы 2020 год для тэатра пачаўся з шэрагу ўзнагарод, атрыманных акцёрамі. У трупе стала на адну заслужаную артыстку болей.

“Мне падабаецца такая магія лічбаў і супадзенняў — у 2000-м я прыйшла ў Купалаўскі тэатр,
у 2020-м пачаўся мой 20-ты сезон, і як падарунак да дня нараджэння, што быў 17 студзеня, я атрымала пачэснае званне заслужанай артысткі Беларусі”, — сказала актрыса Юлія Шпілеўская.

“ — Ваша першая роля ў тэатры — Паўлінка, і ігралі вы яе многа гадоў. Ці адчулі летась, што ўвайшлі ў гісторыю, калі/i/content/pi/cult/815/17460/6_2.jpgдаведаліся, што спектакль прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі?

— Сапраўды, я падумала, што “ўвайшла ў гісторыю”! У гісторыю ўвайшлі, мне падаецца, усе, хто іграў Паўлінку. Роля перадавалася ад актрысы да актрысы: я, напрыклад, атрымала яе з рук Зоі Белахвосцік — нязменнай Паўлінкі на працягу 20-ці з нечым гадоў, і сама потым адыграла больш за дзесяць гадоў. Такая пераемнасць, такая традыцыйнасць вельмі каштоўныя, і гэта ж адна з прычын таго, што спектакль прызналі нашай культурнай спадчынай.

— Ці не марыце вы пра нешта большае, чым быць вядомай артысткай толькі ў Беларусі?

— Справа ў тым, што я вельмі люблю тое, чым зараз займаюся. Я лічу, што мне вельмі пашанцавала, я 20 гадоў у адным тэатры. Я ўвогуле вельмі беларускі чалавек, мне добра менавіта тут, на сваёй культурнай, ментальнай беларускай тэрыторыі, дзе жылі мае продкі. Гэта не пафас, а такія глыбінныя ў мяне адчуванні”.

“Каралеў я не іграла…”

“Знамянальна, што так супалі даты: 100 гадоў Купалаўскаму тэатру, 100 гадоў з дня нараджэння Галіны Макаравай, 110 гадоў з дня нараджэння Паўла Пекура. Пра гэта абавязкова трэба было згадаць”, — звярнуўся да публікі вядучы творчай вечарыны “Каралеў я не іграла”, заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Падабед.

У юбілейны 2020 год Купалаўскі ўвайшоў з новым цыклам “Легенды Купалаўскага тэатра”, які адкрыўся вечарынай у гонар 100-годдзя з дня нараджэння народнай артысткі Беларусі, народнай артысткі СССР Галіны Макаравай.

“У мяне ёсць яскравы ўспамін з дзяцінства: калі я бачыў па тэлевізары які фільм з Галінай Кліменцьеўнай, то думаў, што гэта мая прабабуля — такое было падабенства, — расказаў рэжысёр Дзмітрый Цішко. — І толькі тады, калі ў якасці рэжысёра пачаў працаваць над праграмай, па-сапраўднаму даведаўся пра гэтага чалавека. Насамрэч, як неаднойчы гучала ва ўспамінах гасцей вечара, нельга сказаць, што яна іграла — яна жыла. І я нават не ўяўляў сапраўднай велічыні і маштабнасці гэтай артысткі”.

/i/content/pi/cult/815/17460/6_3.jpg“Людзі павінны збірацца і ўспамінаць, і мы сёння ўспамінаем не столькі саму актрысу, колькі пэўны прамежак часу, эпоху з жыцця Купалаўскага тэатра, якую немагчыма ўявіць без Галіны Макаравай ды іншых, каму мы яшчэ прысвяцім сустрэчы ў межах цыкла “Легенды…”, — сказаў галоўны рэжысёр тэатра, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай Пінігін. — Вось мая маці глядзіць тэлевізар: “Ой, такі геній памёр! І гэтага генія ўжо няма”. А я тых артыстаў практычна не ведаю, я іх не бачыў на сцэне. Яны куміры і героі маёй мамы, а не мае. Бо тэатральны артыст як матылёк — ён жыве ў сваім часе і са сваім часам сыходзіць. І таму вельмі каштоўна, што зусім маладыя людзі, зусім маладыя акцёры вось хаця б такім чынам могуць даведацца пра папярэднікаў, якія былі гонарам адыйшоўшай
тэатральнай эпохі”.

Па розных абставінах цыкл “Легенды Купалаўскага тэатра” яшчэ толькі аднойчы меў працяг, калі ў лютым свой 70-гадовы юбілей святкавала заслужаная артыстка Беларусі Тамара Міронава. Святкавала творчым вечарам, складзеным з урыўкаў яе зорных спектакляў. Адзін з якіх — “Вечар” па п’есе Аляксея Дударава, у якім Тамара Міронава на працягу мноства гадоў выходзіць разам з народным артыстам Беларусі, народным артыстам СССР Генадзем Аўсяннікавым.

Тамара Міронава ўспомніла часы, калі напрыканцы 90-х яна яшчэ не была актрысай Купалаўскага, а працавала з рэжысёрам Валерыем Мазынскім пад эгідай Саюза тэатральных дзеячаў:

“ — Вы ажно расквітнелі, як згадалі Аўсяннікава!

— Таму што гэта мой любімы партнёр, з якім мы пастаянна іграем мужа і жонку. (смех) А пачалося наша знаёмства, дарэчы, з канфлікту. Ён прыйшоў да нас іграць у “Трыбунале”, ужо адыграўшы гэтага Цярэшку на купалаўскай сцэне разоў 600. А мы, астатнія артысты, ігралі ўпершыню, і нам трэба было засвоіць ролю, паспрабаваць і так і гэтак. А ён калоціць тэкст і калоціць! У нейкі момант я не вытрымала і спыніла рэпетыцыю: “Ну немагчыма ж так працаваць!” Генадзь псіхануў і ўвогуле сышоў. Я потым так перажывала: “Народны артыст, а я на яго рот раскрыла! Не прыйдзе больш да нас, застанемся мы без Цярэшкі...” Але нічога — на наступны дзень рэпетыцыі прадоўжыліся, і мы неяк прыцерліся адзін да аднаго: і ён да мяне з сімпатыяй, і я да яго. У Купалаўскім мы столькі спектакляў разам адыгрылі — “Вечар”, “Людзі на балоце”, “Паўлінка” і гэтак далей! Нават у новай пастаноўцы — “Шляхціц Завальня” — ізноў мы муж і жонка”.

/i/content/pi/cult/815/17460/6_4.jpg

У красавіку 60-годдзе адзначаў акцёр Вячаслаў Паўлюць, які ў тэатры імя Янкі Купалы працуе 33 гады. А яшчэ ён іпаспяховыкінаакцёр, і загадчык кафедры майстэрства акцёра ў Акадэміі мастацтваў. З-за пандэміі гучных святкаванняў на тэатральнай сцэне не адбылося. Затое мы ў газеце “Культура” не прайшлі міма прыгожай даты. Артыст многа працуе ў кіно, шчыльна заняты ў Акадэміі, гэтыя абставіны і выклікалі такое маё пытанне:

“ — На тое, што вы з галавой акунуліся ў выкладанне, можа, паўплывала нейкая неспрыяльная для вас сітуацыя ў тэатры? Напрыклад, адсутнасць роляў?

— Для мяне сітуацыя ў тэатры заўсёды была спрыяльнай, я ніколі не быў абдзелены ролямі — а было іх у мяне каля 50-ці. У найбольш актыўныя часы я іграў па чатыры новыя спектаклі за сезон! І мой родны Купалаўскі я проста абажаю, я да апошняга свайго пазногціка купалавец, захапляюся і нашымі старымі акцёрамі, і нашымі маладымі, якія ўсе вельмі яскравыя індывідуальнасці. Рэспект і Мікалаю Пінігіну — я разумею яго тэатральную палітыку, падтрымліваю яе, лічу, што Пінігін лепшы рэжысёр у Беларусі на гэты момант. Так што гэта мой тэатр, і я там застануся назаўсёды, пакуль мне гэта будзе дазволена.

— З якім настроем сустракаеце юбілей, пра што думаеце?

— Я неаднойчы лаўлю сябе на думцы — мы жывем у вельмі цікавыя часы, мне цікава жыць! Я не стамляюся здзіўляцца, як бы гэта пафасна ні гучала: і таму, напрыклад, што на дрэвах распускаюцца пупышкі, і таму, што так многа маладых людзей усё яшчэ хочуць стаць акцёрамі… Вось пра што я думаю апошнім часам — як цікава жыць!”

“Пасля “Радзіва “Прудок” ад мяне ізноў чакаюць сенсацыі”

Нават далёкі ад тэатра чалавек чуў пра спектакль “Радзіва “Прудок”, прэм’ера якога адбылася ў Купалаўскім два гады таму. Як для

/i/content/pi/cult/815/17460/6_5.jpg

 многіх любімай стала аднайменная кніга Андруся Горвата, так любімым стаў і спектакль Рамана Падалякі, рэжысёра і аўтара інсцэніроўкі. Але ў якасці рэжысёра акцёр Раман Падаляка тады толькі дэбютаваў, сёлета ж адбылася ўжо другая прэм’ера — спектакля “Першы”, рыхтуецца трэцяя. Як я пісала ўлетку, калі выйшла маё інтэрв’ю з Раманам: “Ужо зразумела, што і новая пастаноўка трапіць у цэнтр увагі публікі”. Спадзяюся, яна ўсё ж з’явіцца, нават калі і не на гэтай сцэне.

“ — Вы працуеце над трэцяй пастаноўкай, і па вашай ужо традыцыі — няма ні п’есы, ні жанру, і нават цяжка ўявіць, у якой форме мы ўбачым вынік.

— З Міхаілам Зуем як сааўтары мы думаем над праектам “Колер Беларусі” паводле жыцця і творчасці паэта і мастака Міхала Анемпадыстава, хочам стварыць спектакль-успамін пра гэтага выдатнага творцу. І нам трэба неяк аб’яднаць усё — яго вялікую напаўдаследчую працу з мноствам фатаграфій “Колер Беларусі”, яго вершы, тэксты песень і ўвесь “Народны альбом”, яго лекцыі. Хочам выкарыстаць і ўспаміны пра Міхала — неўзабаве выйдзе цэлая кніга. Гэтая асоба мне падаецца вельмі значнай і знакавай для нашай краіны, таму я стаўлю нават і асветніцкую задачу, хаця вельмі не люблю падобныя словы. Вось усё гэта павінна стаць асновай нашага арт-праекта, а які ён будзе па форме — складана сказаць. Але мы да такога ўжо прызвычаіліся, нам
падабаецца. (смех)

— Вас хапае не толькі на тэатр, вы і ў іншых сферах адзначаецеся…

— Сваёй камандай з Міхаілам Зуем і аператарам Ксеніяй Васілеўкінай яшчэ да спектакля “Радзіва “Прудок” мы знялі фільм “Ягор”, зараз знялі відэа ад імя Купалаўскага “Мы яшчэ вернемся”. Робім анлайн-праекты, напрыклад “Чытаць я хацеў” — акцёры чыталі творы беларускай літаратуры. На пачатку сезона я заяўляў праект, які аб’яднаў бы тэатр і літаратуру: каб ва ўмовах сур’ёзнага недахопу добрай сучаснай драматургіі на беларускай мове рэжысёры звярталіся да сучаснай літаратуры. Хацелася б рэалізаваць і праект Лабараторыі для маладых рэжысёраў. Ужо падышлі мы да ідэі экранізацыі “Радзіва “Прудок” і думаем, як гэта зрабіць і з “Прэм’ерай” — другой кнігай Андруся Горвата”.

/i/content/pi/cult/815/17460/6_6.jpgСамы аншлагавы, самы папулярны спектакль купалаўскага тэатра ў апошнія гады — менавіта “Радзіва “Прудок”. Мастаком-пастаноўшчыкам гэтай яскравай дзеі была Кацярына Шымановіч. Сёлета яе трэці год запар прызналі лепшым сцэнографам Беларусі: у 2018 годзе прэмія імя Івана Ушакова, першага мастака Купалаўскага тэатра, дасталася ёй за дэбютны спектакль “Запалкі”, летась Кацярыну адзначылі за “Радзіва “Прудок”, а ў 2020-м прэмію вырашылі ўручыць за спектакль “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”. Усе тры пастаноўкі — Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы. Толькі некалькі гадоў, як Кацярына Шымановіч выпусцілася з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, а спіс яе прац ужо можна назваць бліскучым — нядаўна ён папоўніўся “Каралём Лірам” на купалаўскай сцэне. І над новай версіяй “Тутэйшых”, якая павінна была стаць “цвіком сезона”, працавала таксама Кацярына Шымановіч.

“ — Ці можна казаць, што вы прадстаўляеце нейкую новую плынь у беларускай сцэнаграфіі, што ў вас іншыя падыходы?

— Так катэгарычна я не магу сцвярджаць. Канешне, сцэнаграфія трансфармуецца, як і ўсё іншае. Напрыклад, Барыс Федасеевіч Герлаван, мой настаўнік і галоўны мастак Купалаўскага тэатра, у свой час быў сапраўдным наватарам. Ён першы пачаў звяртацца да стылізацый, да абвастрэння вобразаў — а да таго канонам лічыліся бытавыя, рэалістычныя дэкарацыі. І менавіта ён здзейсніў не тое што рэвалюцыю, але дакладна нейкі прарыў для Купалаўскага тэатра і для ўсёй беларускай сцэнаграфіі. Сцэнографаў у Акадэмію мастацтваў набіраюць раз у шэсць гадоў, і ў прынцыпе кожны новы курс ужо адрозніваецца ад папярэдняга, прыносіць нешта новае.

— Мабыць, самая чаканая прэм’ера гэтага года — вяртанне на сцэну спектакля “Тутэйшыя”. Мастаком-пастаноўшчыкам тых культавых “Тутэйшых” быў Барыс Герлаван, сёлета — вы. Будзеце здзіўляць?

— Мы з рэжысёрам Мікалаем Пінігіным сумесна знайшлі рашэнне, і яно даволі нетрадыцыйнае. Магу толькі сказаць, што не варта чакаць тых “Тутэйшых”, што былі 20 ці 30 гадоў таму. Канешне, будзе некаторая прывязка да таго гістарычнага перыяду, але не наўпрост”.

“Забыць Купалаўскі тэатр немагчыма!”

/i/content/pi/cult/815/17460/6_7.jpg

Так называлася ліпеньскае інтэрв’ю з Ганнай Хітрык, якая ўжо два гады не працуе ў тэатры імя Янкі Купалы, жыве ў іншай краіне. Але напярэдадні святкавання 100-гадовага юбілею тэатра, у якім Аня адпрацавала 17 гадоў, мы пагутарылі з ёй пра любімую і незабыўную сцэну.

“ — Канешне, я цікаўлюся і падзеямі, і прэм’ерамі, з кім сябравала, з тым і зараз на сувязі — вось нядаўна Мікалай Мікалаевіч Пінігін тэлефанаваў і віншаваў з днём нараджэння. А як можна забыцца — я ж адпрацавала там 17 гадоў! На Купалаўскую сцэну я трапіла дзякуючы Аляксандру Гарцуеву, за што яму вельмі ўдзячная дагэтуль, — у яго спектаклі “Брат мой, Сіман” у мяне была дэбютная роля. Для мяне гэта было больш, чым проста работа, я, можна сказаць, жыла тэатрам — акрамя хіба што апошніх гадоў, калі пачаліся сямейныя праблемы. Там было вельмі многа шчаслівых момантаў, і з Пінігіным я нямала папрацавала — дагэтуль яго абажаю-абажаю, люблю-люблю. І няхай гэта пачытаюць тыя людзі, ад якіх у свой час даводзілася чуць, што я так кажу, бо працую ў тэатры. Але зараз не працую і ўсё роўна люблю. (смех) Я заўсёды захаплялася яго пачуццём гумару, самаіроніяй, адукаванасцю, яго гіганцкай любоўю менавіта да Купалаўскага тэатра.

Усіх хачу павіншаваць са 100-гадовым юбілеем Купалаўскага! Няхай у вас і далей будзе многа творчасці, многа свабоды і многа выдатных спектакляў. І, канешне, усім здароўя і трываласці!”

Такімі пажаданнямі Ані Хітрык, выказанымі яшчэ ў ліпені, і я скончу гэты святочны агляд. Упэўнена — працяг будзе. І ў нашых газетных сустрэч з купалаўцамі, і ў тэатра, і ў трупы. Новае стагоддзе абавязкова стане яшчэ лепшым! Са святам!

Фота Таццяны Матусевіч, Алены Алешка, Паліны Хадорык, Яўгена Ярчака і з уласных архіваў акцёраў