Ад “Маладзільных яблычак” да Цар-хлеба

№ 36 (1475) 05.09.2020 - 12.09.2020 г

Восень паступова ўступае ў свае правы, замяняючы сонца і цяпло на холад і дождж. Але ж, зразумела, надвор’е — не перашкода для правядзення шматлікіх акцый і мерапрыемстваў, што працягваюць ладзіцца ў розных рэгіёнах Беларусі. Балазе, менавіта цяпер самы час збіраць ураджай ці ласавацца спелымі яблыкамі, вынаходзіць рэцэпты новых страў ды рыхтавацца да зімы. Натуральна, усё гэта можна рабіць кожнаму не толькі ў сябе дома, але і ў шчыльнай звязцы з культработнікамі. Як сведчыць рэдакцыйная пошта, менавіта так, зазвычай, і робяць многія чытачы “К”.

/i/content/pi/cult/814/17449/21.jpgПарад парасонаў і песні

Наш традыцыйны агляд распачнём з лістоў, што прыйшлі з Віцебскай вобласці. Як піша нам загадчык аддзела народнай творчасці Полацкага раённага Цэнтра культуры Аляксей Зуеў, 29 жніўня ў вёсцы Фарынава адбылося чарговае, шостае па ліку, свята “Фарынаўская марка”. Падчас мерапрыемства гучалі песні ў выкананні як мясцовых калектываў, так і прыезджых гасцей — ансамбляў з Полацкага РЦК.

Працягнулі эстафету творчасці маладыя бацькі, для якіх мясцовы яслі-сад арганізаваў і правёў крэатыўны батл для татаў “ПапаSUPER-2020”. Цягам гадзіны дзеці і іх бацькі праходзілі шэраг незвычайных выпрабаванняў, давёўшы ўсім, што дружная сям’я — гэта галоўная каштоўнасць у жыцці кожнага чалавека.

Акрамя таго, упершыню на свяце прайшоў парад-конкурс парасонаў “Пад купалам добрага настрою”. А яшчэ ў Фарынаве ў гэты дзень ладзіліся шматлікія конкурсы, дэманстраваліся ўсходнія танцы, дзейнічалі спартыўныя і гульнявыя пляцоўкі для дзяцей. Завяршылася свята моладзевай дыскатэкай “Dance-вZрыв”, удзельнікі якой балявалі да глыбокай ночы.

Намеснік дырэктара Віцебскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці Андрэй Струнчанка нагадаў нам, што днямі былі падведзены вынікі творчага конкурсу праектаў зборнікаў рэпертуарных нотных выданняў для калектываў мастацкай творчасці, арганізатарам якога выступіў Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур.

Па рашэнні навукова-метадычнага савета з 12 лепшых прадстаўленых работ да публікацыі былі прыняты праекты народнага артыста Беларусі, мастацкага кіраўніка Заслужанага ансамбля народнай музыкі “Бяседа” — “Спяваем разам з “Бяседай” Леаніда Захлеўнага і віцебскага кампазітара Мікалая Галаўнёва “Беларусь — мая песня”.

Як піша Андрэй Струнчанка, згаданы пераможца конкурсу Мікалай Галаўнёў свой першы зборнік песень выдаў яшчэ ў 2004 годзе ў Віцебску пад назвай “Край мой любы, дарагі…”, а сёння ў яго творчай скарбонцы ёсць і іншыя зборнікі “А жаўрук спявае” і “Кветкі Беларусі”. Агулам кампазітар напісаў каля 100 песень.

“Песні Мікалая Галаўнёва можна пачуць у розных кутках Беларусі, бо іх спяваюць як аматарскія калектывы і выканаўцы, так і прафесійныя артысты, — адзначае Андрэй Струнчанка. — Напрыклад, ёсць яны ў рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча, ансамбля танца, музыкі і песні “Талака” Віцебскай абласной філармоніі і іншых. У некаторых творах Мікалай Галаўнёў выступае не толькі як аўтар музыкі, але і слоў. Піша Мікалай Галаўнёў музыку і на словы беларускіх паэтаў — Пімена Панчанкі, Генадзя Бураўкіна, Таісіі Бондар”.

Хлеб, гародніна, чытанне

З Віцебшчыны перанясёмся на Гродзеншчыну. Напрыклад, згодна з атрыманай намі інфармацыяй, у самім Гродна першага верасня ў культурным цэнтры “Фестывальны” адкрылася фотавыстава маладога фатографа Аляксея Аляксейчыка “Гродзенскія замалёўкі”. А ў Карэліцкім раёне, у аграгарадку Малюшычы, было нядаўна зладжана Свята хлеба.

Як пішуць супрацоўнікі Карэліцкага РЦКіНТ, падчас гэтага мерапрыемства кожны ахвотны мог пакаштаваць свежыя пірагі, сушкі ды іншыя хлебабулачныя вырабы. Найбольшую ўвагу ва ўсіх прысутных прыцягвала кампазіцыя “Цар-хлеб”, які спяклі майстрыцы на ўсе рукі Надзея Загароўская і Лілія Кудзіна.

На маляўніча аформленай зялёнай пляцоўцы перад Казлоўшчынскай гарпасялковай бібліятэкай — цэнтра агульнадаступнай інфармацыі, што ў Дзятлаўскім раёне, бібліятэкары арганізавалі кніжны пікнік пад назвай “Кошык з казкамі”.

“Хлапчукі і дзяўчынкі самі выбіралі, дзе праявіць сябе: хтосьці захапіўся настольнымі гульнямі, хтосьці з задавальненнем адказваў на пытанні гульні-віктарыны “Літаратурны рынг”, а некаторыя ўважліва слухалі выразнае чытанне бібліятэкарам вясёлых і павучальных казак ды самі з радасцю чыталі ўслых”, — напісала нам бібліятэкар Аксана Лішык.

Восеньскія вячоркі пад назвай “Лета ў банцы” для ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Пагаворым па шчырасці” прайшлі ў Малабераставіцкай інтэграванай сельскай бібліятэцы, што ў Бераставіцкім раёне. На сустрэчы гучала сапраўдная ода гародніне, а ўсе прысутныя прымалі актыўны ўдзел у гульнях, віктарынах і конкурсах “Што б гэта значыла”, “Шыварат — на выварат”, “Папялушка” ды іншыя. Кожны ўдзельнік падзяліўся сваім вопытам вырошчвання гародніны, распавядаў пра вырошчванне вінаграду на сваім участку або расказваў пра каштоўную расліну — сунічны шпінат, які лёгка можа вырасціць нават пачатковец-агароднік, а таксама абмяняўся з прысутнымі сваімі рэцэптамі арыгінальных нарыхтовак на зіму.

Чай з яблыкамі ці з травамі?

У аграгарадку Масаляны, што таксама ў Бераставіцкім раёне, зусім нядаўна прайшла забаўляльная праграма “Маладзільныя яблычкі”, падрыхтаваная бібліятэкарам мясцовай бібліятэкі для ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Ладачкі”. Спачатку ўдзельнікі даведаліся пра гісторыю ўзнікнення трох Спасаў — Мядовага, Яблычнага і Арэхавага. А пасля прысутныя з задавальненнем удзельнічалі у віктарынах, жартоўных конкурсах, загадвалі жаданні, успаміналі прыказкі і прымаўкі пра яблычны Спас, гулялі ў “яблычныя” гульні, а таксама з апетытам паспыталі розныя гатункі яблыкаў.

У аграгарадку Мілевічы, што ў Мастоўскім раёне, днямі адбылося брэндавае свята “Наш край — кветкавы рай”, падчас якога ў мясцовай установе культуры сустрэліся кветкаводы і аматары травянога чаю. Як піша нам Настасся Збераноўская, гасцям свята была прапанавана выстава кніг і бібліякавярня, а таксама тэматычныя фотазоны. На выставе “Кветкавы калейдаскоп” мясцовыя майстрыцы прадэманстравалі карціны, зробленыя з бісеру, а таксама сувеніры ў выглядзе кветак. Пазней адбыўся канцэрт, падчас якога выступалі аматарскія калектывы Шчучынскага раёна.

І апошні допіс, пра які не магу не згадаць, прыйшоў да нас з Магілёўшчыны. Як піша нам мастацкі кіраўнік Палаца культуры горада Бабруйска Наталля Шулікова, 29 і 30 жніўня ў Маладзёжным парку адбыліся канцэртныя праграмы шэрага калектываў і сольных выканаўцаў установы, а таксама выставы майстроў і гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гледачы з цікавасцю паглядзелі канцэртныя нумары і выступленні артыстаў, а таксама пазнаёміліся з разнастайнай інфармацыяй, што распавядала пра гісторыю ўстановы культуры ды яе дзейнасць на асобнай прэзентацыйнай пляцоўцы.

Як бачна, нягледзячы на сённяшнія даволі складаныя часы, восеньская палітра шматлікіх мерапрыемстваў, якія ладзяцца ў розных кутках Беларусі, па-ранейшаму стракаціць прывабнымі фарбамі ды ўражвае новымі крэатыўнымі формамі. Мяркую, так будзе і ў наступныя восеньскія месяцы. Таму заклікаю ўсіх чытачоў “К” працягваць пісаць нам пра ўсе адметныя падзеі, што адбываюцца ў вашых гарадах ці вясковых паселішчах. Сустрэнемся праз тыдзень!

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"