Мастацтва без “спецэфектаў”

№ 36 (1475) 05.09.2020 - 12.09.2020 г

У Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва працуе выстава жывапісу і графікі Міхаіла Андрэевіча Карпука (1930 — 2018). Сёлета мастаку споўнілася б 90 гадоў.

/i/content/pi/cult/814/17447/18.jpgВыстава мае пафасную назву “Да Неба ішоў”. Гэта словы з верша Леаніда Дайнэкі. Пры ўсёй пафаснасці, якая ў творчасці Міхаіла Карпука адсутнічае цалкам, эпіграф аказаўся трапны. Рэч у тым, што большая частка творчай спадчыны Карпука краявіды, а ў тых краявідах галоўны чыннік — неба.

Міхаіл Карпук нарадзіўся на вясковай Берасцейшчыне, як прынята казаць, “за польскім часам”. Як на сённяшняе гледзішча, да мастацтва спрычыніўся даволі позна: Мінскую мастацкую вучэльню скончыў у 32 гады. Потым быў факультэт графікі Маскоўскага паліграфічнага інстытута. Усё жыццё, а таксама творчасць Аляксея Андрэевіча — звязана з Мінскам. Цікава, аднак, тое, што гарадскі краявід яго абсалютна не вабіў. Маляваў ён выключна вёску і не кранутую ўрбанізацыяй прыроду. Ментальна, гэты — высокай культуры — мастак заставаўся чалавекам ад зямлі, у жыцці і творчасці трымаўся каштоўнасцяў, якія называюць старасвецкімі і патрыярхальнымі. Народжаны ў заходняй частцы Беларусі, ён захаваў у свядомасці такія якасці, што на ўсходзе калі не былі страчаны канчаткова, дык моцна дэфармаваныя.

/i/content/pi/cult/814/17447/19.jpgНемалую частку творчага імпэту мастак аддаў тэлебачанню і кінематографу. Досыць даўно мне давялося бачыць ягоную персанальную выставу, дзе было шмат твораў, звязаных з гэтай іпастассю творчасці Карпука. Мяне тады вельмі ўразіла грунтоўнасць падыходу мастака да справы, якая ў кантэксце стварэння фільма з’яўляецца падрыхтоўчай. Ягоныя раскадроўкі, ці як гэта правільна назваць, былі не эскізамі і накідамі, а паўнавартаснымі жывапіснымі творамі, здольнымі ўпрыгожыць які заўгодна музей.

Я кажу пра тэлебачанне і кіно, але з ягонай грунтоўнасцю, сумленнасцю і цягавітасцю ён бы дасягнуў поспеху ў якой заўгодна творчай сферы.

Калісьці дасведчаны чалавек тлумачыў мне, што жывапісцы падзяляюцца на “цветовиков” і “колористов”. Калі з гэтым пагадзіцца, дык Міхаіл Карпук, безумоўна, трапляе ў другую намінацыю. Ён — каларыст, творца, які ўсё жыццё імкнуўся да гармоніі. Але я падзяляю жывапісцаў, ды і ўвогуле мастакоў, на тых, хто маляваць умее і каму гэта не дадзена. Па мне — навучыся маляваць, а потым самасцвярджайся хоць праз лінію і пляму, хоць праз колер і каларыт. Міхаіл Карпук маляваў майстэрскі. Уражвае ў ягоных творах якраз тое, што там цалкам адсутнічаюць “спецэфекты” і стылізатарства. Як ёсць, так і намалявана. Прынамсі, намалявана так, што так і ёсць.

Не дзіва, што выставы ягоныя з поспехам праходзілі ў Беларусі і за яе межамі — у Літве, Польшчы, Швецыі, а творы ягоныя захоўваюцца ў музейных зборах і прыватных калекцыях шмат якіх краін амаль усіх кантынентаў.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"