Жыццё з хуткасцю гадзіна ў хвіліну

№ 36 (1475) 05.09.2020 - 12.09.2020 г

Тканіна ў гарошак і піянерлагер “Артэк”
Бацьку Валя памятае дрэнна. Засталася памяць аб ласкавых і дужых бацькавых руках, калі бацька нёс яе кудысьці. Валя выглядвала з-за бацькавага пляча. Малой здавалася, што яна знаходзіцца вельмі-вельмі высока над зямлёй, але страшна не было: тата побач. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Атрошчыкаў памёр ад наступстваў цяжкага ранення. У Валюшы захаваліся цёплыя ўспаміны пра бабулю і дзядулю. За сталом у іх збіралася ўся сям’я, строгі дзядуля сачыў, каб усе дзеці добра сябе паводзілі, а добрая бабуля падкладала ўнукам на талеркі смачныя кавалачкі. Колькі сябе памятае Валя, яна ўвесь час спявала. Зусім малой яна ўзбіралася на зэдлік і гучна спявала... “Інтэрнацыянал”.

/i/content/pi/cult/814/17444/12.jpgУжо ў дзіцячым садку дзяўчынка актыўна ўдзельнічала ў канцэртах і конкурсах мастацкай самадзейнасці, на якіх пастаянна атрымлівала прызы. Запомніўся першы падарунак на конкурсе — адрэз чырвонай тканіны ў белы гарошак. Мама пашыла з гэтай тканіны сваёй юнай артыстцы прыгожую сукеначку, у якой дзяўчынка ні адзін раз выступала на сцэне. У школе ўдзел у конкурсах працягваўся. Пры выкананні песні пра ляльку малая рухамі яе адлюстроўвала. Радаснай падзеяй у жыцці стала і вельмі важная для савецкіх дзяцей узнагарода — пуцёўка ў галоўны піянерскі лагер “Артэк” за выкананне песні “Крэйсер “Аўрора”. Школьныя гады ўспамінаюцца як шчаслівы час, напоўнены апладысментамі гледачоў і радасцю творчасці. Музычны кіраўнік настойліва раіў Валянціне паступаць у кансерваторыю, але, на жаль, такой магчымасці ў дзяўчынкі не было.

/i/content/pi/cult/814/17444/13.jpg25 гадзін у сутках

Адразу пасля заканчэння школы Валянціна пайшла працаваць. Неўзабаве сустрэўся на яе шляху прыгажун Канстанцін Завадскі і, як спявалася ў старой песні: “Мяне мілы перавёў на сваё прозвішча”. У 1968 годзе Валя з мужам пераехалі ў Светлагорск. Жанчына ўладкавалася на Светлагорскую ЦЭЦ спачатку стрэлачніцай, а потым была дзяжурнай трэцяга паста, адсочвала падачу торфу і вугалю.

Аднойчы бегла яна на працу і, што называецца, ад радасці быцця, спявала “Здалёк доўга, цячэ рака Волга”. “Пачакайце, дзяўчына! — спыніў яе нейкі мужчына. — Чакаю вас сёння на рэпетыцыі а 19 гадзіне”. Аказалася, гэта быў кіраўнік мастацкай самадзейнасці Палаца культуры энергетыкаў Уладзімір Савіч. Зноў у Валянціны перапляліся жыццё і песня. Так склаліся абставіны, што траіх дзяцей ёй давялося адной гадаваць. Усё паспявала ўдава: і дзетак абыходзіць, і ў грамадскай працы актыўна ўдзельнічаць, і вучыцца на вячэрнім аддзяленні тэхнікума. Дыплом атрымала ў 34 гады. Стала маляром-тынкоўшчыкам 5 разраду, потым майстрам будаўнічай брыгады. Каб у дзетак быў і смачны стол, і сучасныя ўборы пасля працы займалася рамонтам кватэр. Песня па-ранейшаму была верным спадарожнікам яе жыцця. Пастаянна спявала на канцэртах і на сцэне мясцовага Палаца культуры, і ў шматлікіх гастрольных паездках, і з поспехам выступала на конкурсах мастацкай самадзейнасці. Да таго ж яшчэ і шыла, і вязала, і вышывала. “Калі ты ўсё паспяваеш зрабіць?” — дзівіліся сяброўкі. “А ў мяне ў сутках дваццаць пяць гадзін: я ўстаю на гадзіну раней”, — смяялася Валянціна.

Хор “Спявай, душа!” і народны тэатр “Спадчына”

Бяда прыйшла нечакана. У выніку вытворчай траўмы і перанесенай аперацыі ў 54 гады спяваць Валянціна Рыгораўна ўжо не магла. Адступаць перад цяжкасцямі — не ў яе характары. Стала вядучай у хоры “Спявай, душа!” і пачала выступаць у размоўным жанры. З дапамогай кіраўніка хору Валянціны Карабанавай стала паволі працаваць над аднаўленнем голасу. Дырэктар Наталля Багданік запрасіла яе на працу ў ЦД “Тандэм”. Нарэшце нерэалізаваная мара юнацтва аб сцэне ўвасобілася ў жыццё. Пастаянна выступала Завадская на ранішніках і карпаратывах. Часта для сваіх герояў прыдумляла і сама шыла сцэнічныя касцюмы. Каго толькі не даводзілася іграць: зайчыкаў, малпаў, жукоў, кратоў, мядзведзяў, спадарыню Беладону, Бабу-Ягу, Шахеразаду... Паглядзела на яе выступленні рэжысёр народнага тэатра “Спадчына” Ада Кузьмянкова і запрасіла ў трупу. Першая роля апынулася вельмі складанай — місіс Пэді ў п’есе Д. Патрыка “Дзіўная місіс Сэвідж”. Справа ў тым, што гераіня дала зарок маўчання. Трэба было стварыць ролю з дапамогай мімікі і пластыкі, а галоўнае — трымаць у сабе ўнутраны стан да смерці абражанай жанчыны. Артыстцы гэта ўдалося! Калі ў канцы місіс Пэді прамаўляе некалькі слоў, у многіх гледачоў наварочваліся слёзы суперажывання. Аднойчы на гастролях у санаторыі “Сярэбраныя ключы” пасля спектакля на сцэну паднялася прафесійны рэжысёр і спытала ў Завадскай, які тэатральны інстытут яна скончыла. Вельмі здзівілася, што роля выканана непрафесіяналкай: “У нас у тэатры акцёрка згуляла гэтую ролю горш, чым вы”. У вадэвілі В. Салагуба “Бяда ад далікатнага сэрца” з бляскам выканала Валянціна камедыйную ролю “тамбоўскай ваўчыцы” спадарыні Кубыркінай. У спектаклі “Сёстры” па п’есе М. Латышава “Старыя з другога паверха” актыўная і дзейная Валянціна змагла стварыць вобраз поўнай сваёй супрацьлегласці — нясмелай і пакорлівай Мані. Спектакль гэты атрымаў I дыплом на Гомельскім абласным конкурсе. Журы апладзіравала стоячы. У спектаклі па п’есе В. Кучкінай “Сотавы” ў Завадскай толькі адна сцэна — дыялог з дачкой. Але ў кароткай сцэне актрысе ўдаецца стварыць вобраз маці, якая і лае сваю шалапутную дачку, і спачувае ёй, і любіць яе. І зноў пасля спектакля прыйшла за кулісы на гэты раз рэжысёр Котласкага тэатра, захоплена адгукнулася аб акцёрскай працы Валянціны і сказала: “Вы зможаце іграць у п’есах Чэхава і Астроўскага”.

Намеснік старшыні Савета ветэранаў

Валянціна Рыгораўна ўжо больш за дваццаць гадоў з’яўляецца намеснікам старшыні Савета ветэранаў Светлагорскай ЦЭС. Яна адказвае за арганізацыю культурна-масавай работы. Пастаянна праводзяцца экскурсіі па горадзе, ветэраны неаднаразова наведвалі карцінную галерэю “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава, гісторыка-краязнаўчы музей, Дом рамёстваў, канцэрты вядомых выканаўцаў. Акрамя таго, Валянціна Завадская часта арганізоўвае экскурсійныя паездкі для былых работнікаў ЦЭС. Экскурсіі праводзяцца як на прадпрыемствах горада Светлагорска, так і на прадпрыемствах і ў памятных месцах па ўсёй Беларусі. Ветэраны пабывалі ў Мінску, Брэсце, Гомелі, Мазыры, Жлобіне, Рэчыцы, Рагачове, Калінкавічах, Чырвоным Беразе і іншых гарадах. Такія паездкі даюць магчымасць ветэранам даведацца пра нешта новае, з карысцю культурна правесці вольны час, ды і проста пагутарыць адзін з адным.

Гаспадыня клуба “Натхненне”

Дырэктар ЦД “Тандэм” прапанавала Валянціне Рыгораўне стварыць клуб для пажылых людзей. Валянціна адважна ўзялася за новую для сябе справу. Нарэшце, яна змагла здзейсніць сваю мару — працаваць у галіне культуры. На першае пасяджэнне клуба прыйшло ўсяго сем чалавек. Але гаспадыня клуба не ўпадала ў адчай: сама развешвала аб’явы на афішных тумбах, хадзіла ў прафкамы прадпрыемстваў горада, прасіла паведамляць ветэранаў пра новы клуб. У кастрычніку 2004 года на вечар сабралася 33 чалавекі. Гэты дзень і лічыць Валянціна Завадская Днём нараджэння, вобразна кажучы, свайго “чацвёртага дзіцяці” — клуба “Натхненне”. Яна сама піша сцэнарыі і праводзіць вечары адзін раз у два тыдні. Заўсёды ўсё робіць з любоўю да людзей і вялікім стараннем зрабіць вольны час гасцей клуба займальным. Вечар у гонар Раства Хрыстова абавязкова праводзіцца 7 студзеня. Таксама кожны год праходзяць вечары, прысвечаныя Дню Перамогі, Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, “Дзень ураджаю”, “Дзень нараджэння клуба і іншыя. Традыцыйным стала правядзенне выстаў: “Умелыя ручкі”, “Выстава кветак”, “Я ўсё магу”, “Велікодныя кулічы”. Доўга і старанна рыхтуецца вечар да Новага года: падводзіцца вынік працы клуба за год, прадумваецца і складаецца сцэнарый з элементамі казкі, карнавальнымі касцюмамі, конкурсамі, сюрпрызамі і прызамі. Неаднаразова праводзіліся творчыя вечары “натхненцаў”. Заўсёды выконваецца і не менш важная традыцыя: віншаванне госця з днём нараджэння. Гаспадыня клуба абавязкова цёпла і душэўна віншуе імянінніка, затым для яго спаўняецца песня. Валянціна Рыгораўна прымудраецца надаць увагу кожнаму госцю (а іх часам бывае і больш за сто). Абавязкова падыдзе да кожнага століка, скажа добрыя словы, пацікавіцца меркаваннем аб праграме вечара і спытае аб пажаданнях на будучыню, з кім пажартуе, кагосьці падбадзёрыць, запросіць прыйсці яшчэ. У клубе пануе прыязная атмасфера, добразычлівае і паважлівае стаўленне да людзей, што спрыяе таму, што госці клуба атрымліваюць станоўчыя эмоцыі і зарад бадзёрасці. Наведваюць клуб не толькі светлагорцы, але і госці з розных краін: Расіі, Балгарыі, Украіны, Малдовы, Германіі. У кнізе водгукаў госці клуба называюць яго “востравам адпачынку”, дзякуюць гаспадыні клуба за стварэнне атмасферы цяпла і дабрыні.

Энергічная Валянціна Рыгораўна правяла некалькі вечароў “Алё, мы шукаем таленты!”, выбрала сярод членаў клуба адораных людзей і стварыла канцэртную брыгаду клуба “Натхненне”. Асноўны склад брыгады: Таццяна Бачура, Валерый Бераснеў, Наталля Кузьменка, Мікалай Марцюшэнка, Тамара Стрэльчанка. Калектыў прымае ўдзел у гарадскіх культурна-масавых мерапрыемствах і актыўна з поспехам гастралюе па аграгарадках раёна і мясцовых прадпрыемствах. Голас Валянціны Завадскай аднавіўся, і цяпер спявачка з душэўнай цеплынёй шчодра дорыць гледачам свой талент, ператварае кожную песню ў маленькі спектакль. На гастролях яна выступае як чалавек-аркестр: арганізатар паездкі, кіраўнік канцэртнай брыгады, канферансье, спявачка і майстар гутарковага жанру.

Крыніца энергіі

Жыццё Валянціны Рыгораўны не была выслана ружамі, некалькі разоў здаралася такое гора, што і ворагу не пажадаеш, бывала і здрада людзей, якім давярала, як сабе. Але яна мужна збірала ўсе сілы і, нікому не жадаючы зла, ішла далей. Валянціна Завадская — пастаянны ўдзельнік усіх гарадскіх культурна-масавых мерапрыемстваў і актыўная ўдзельніца ў грамадскім жыцці. Яна ўжо даўно страціла кошт грамат і дыпломаў, атрыманых на конкурсах і фестывалях мастацкай самадзейнасці рознага ўзроўню. На пытанне аб тым, як у яе, клапатлівай і любячай маці трох дзяцей, бабулі дзевяці ўнукаў, прабабулі пяці праўнукаў, атрымоўваецца знаходзіць сілы на ўсе шматлікія справы і абавязкі, яна заўсёды адказвае: “Ёсць такая прафесія — любіць людзей”.

Галіна КАПЕЦКАЯ

Фота з архіва Валянціны Завадскай