Легендарны край — у падарунак дзецям

№ 36 (1475) 05.09.2020 - 12.09.2020 г

1 верасня ва Ушачах адбылося ўрачыстае адкрыццё новага будынка Дзіцячай школы мастацтваў.

/i/content/pi/cult/814/17443/10.jpgКалі пад’язджаеш да Ушачаў, дык найперш звяртаеш увагу на магутныя сосны і дубы, на дзівосны лес, які атачае навакольныя краявіды. Мясціны тыя і сапраўды адрознівае не толькі прыгажосць ландшафту. Спашлемся, да прыкладу, на энцыклапедычныя звесткі. Як яны сведчаць, існуюць старажытныя мапы, у прыватнасці, швейцарская карта мінеральных вод Еўропы ХУI стагоддзя, дзе зафіксавана: у тыя векапомныя часіны тут білі з-пад зямлі ўнікальныя жыватворныя крыніцы, якія лячылі людей… Ушаччына — край легендарны. Хто з нашых сучаснікаў не ведае пра гэты партызанскі “блок-пост”! І дасюль у лясах, дзе захаваліся рэшткі зямлянак, можна нібы пачуць рэха кравапралітных баёў Вялікай Айчыннай вайны…

Але вось ён, дзень сённяшні Ушаччыны. Прынамсі Дзень ведаў, у які адбылася яркая падзея для дзетак у самім райцэнтры: ўрачыстае адкрыццё новага будынка Дзіцячай школы мастацтваў.

Пра яго нам распавёў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ушацкага райвыканкама Пётр Алексеёнак.

“Трэба нагадаць, што школа мастацтваў існавала і дагэтуль — летась яна адзначыла юбілей: 50 год з дня свайго заснавання, — адзначае ён. — Але ж ўвесь гэты час установа працавала ў прыстасаваных памяшканнях, не заўсёды зручных і утульных.

/i/content/pi/cult/814/17443/11.jpgІ вось Ушацкая дзіцячая школа мастацтваў, як кажуць у народзе “музыкалка”, нарэшце справіла доўгачаканае наваселле. Якраз да Дня ведаў, пасля некалькіх год рэканструкцыі, ва Ушачах з’явіўся абноўлены будынак, які стаў яшчэ адным упрыгожваннем раённага цэнтра ды сапраўдным храмам мастацтваў, якому пазайздросцяць і буйныя гарады.

Чарговым знакавым падарункам ушачанам ад дзяржавы назваў гэты аб’ект старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка. Ён быў сярод ганаровых гасцей мерапрыемства і, шчыра кажучы, дзякуючы яго падтрымцы, стала магчымым кардынальная рэканструкцыя аднаго з карпусоў сярэдняй школы, а фактычна — новая будоўля.

Безумоўна, калектыў педагогаў і юныя выхаванцы атрымалі цудоўныя ўмовы для працы і навучання.

Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што, магчыма, не ўсе выпускнікі школы мастацтваў звяжуць з творчасцю далейшае жыццё, свае працу і лёс. Але ж галоўнае, як падкрэсліў спікер беларускага парламента, каб выхаванцы Ушацкай школы сталі дзейнымі патрыётамі сваёй радзімы, развівалі і прымнажалі культуру нашага народа, свята захоўвалі беларускія традыцыі і мову. І, вядома, неслі родную культуру іншым народам, знаёмілі праз яе свет з нашай непаўторнай Бацькаўшчынай.

Сімвалічную чырвоную стужку перарэзалі Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і старшыня Ушацкага райвыканкама Уладзімір Аўдошка. Госці, сярод якіх былі прадстаўнікі будаўнічых і праектных арганізацый, кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў Ушаччыны, жыхары гарода, прайшлі з экскурсіяй па калідорах і кабінетах школы, а заключным акордам урачыстасці адкрыцця стаў канцэрт у новай зале”.

Здаецца, пра такую залу калісьці мог толькі марыць наш славуты сусветнавядомы пісьменнік Васіль Быкаў, які нарадзіўся на Ушаччыне, і юнаком пайшоў адсюль у свой творчы шлях.

Таму ёсць безумоўная ўпэўненасць у тым, што Ушацкая дзіцячая школа мастацтваў не спыніць традыцый і паспрыяе развіццю і станаўленню будучых бліскучых беларускіх творцаў. А настаўнікі і музы ім у гэтым дапамогуць.