Страсці па Купалаўскім

№ 36 (1475) 05.09.2020 - 12.09.2020 г

І сёння гэтыя страсці кіпяць не толькі ў душы знакамітай трупы, якая, на вялікі жаль, знаходзіцца ў роспачы — і тыя артысты, хто пайшоў з тэатра, і тыя, хто застаўся. У роспачы і мы, розныя пакаленні адданых гледачоў, выхаваных на ўзорах супервысокага мастацтва нашага Нацыянальнага акадэмічнага, нашага Купалаўскага, да стагоддзя якога рыхтаваліся, як кажуць, “усім мірам”… Недарэмна і выпісаўся загаловак у гэтай прэамбуле менавіта такім, бо як тут не згадаць спектакль “Страсці па Аўдзею”, народную драму з евангелісцкай назвай п’есы, пастаўленую паводле Уладзіміра Бутрамеева. Гісторыю, — яе яшчэ называюць “ачышчальнай пакуты галоўнага героя” — распавёў з Купалаўскай сцэны Павел Кармунін, які выйшаў на яе амаль сляпым, але выйшаў і іграў, нягледзячы на двайныя пакуты — свае фізічныя, а таксама і духоўныя, бо прапускаў праз сэрца страшны лёс беларуса — бацькі Аўдзея.

Ролю самога Аўдзея на той час выконваў народны артыст СССР Генадзь Аўсянікаў. У дадзенай канфліктнай сітуацыі карыфей сцэны вырашыў з тэатрам не развітвацца. Мы стэлефанаваліся з Генадзем Сцяпанавічам, каб задаць пытанне, якое ўсіх хвалюе — як можна адрадзіць жыццё тэатра, не рэжучы лязом па жывым яшчэ арганізме? На вялікі жаль, артыст не стаў каментаваць сітуацыю, спаслаўшыся на тое, што кепска адчувае сябе пасля хваробы, і яму цяжка фармуляваць адказ. І гэта нам зразумела…

І зноў пра “Страсці па…” Амаль шэсць дзясяткаў гадоў служыць у тэатры народны мастак Беларусі Барыс Герлаван. Сорак чатыры з іх — у іпастасі галоўнага мастака Купалаўскага. Мы не маглі абысці ўвагай думку на сітуацыю Барыса Федасеевіча, дзякуючы якому дзясяткі найярчэйшых пастановак набылі непаўторнае сцэнаграфічнае аблічча. Вось што ён прагаварыў журналісту “К”:

— Цяжка цяпер штосьці сказаць: тэатр пакуль на прастоі. Што тычыцца мяне, дык я застаўся.Так, мне таксама абсалютна зразумелае тое непрыняцце нашым калектывам насілля над мірнымі дэманстрантамі, за якое трэба адказваць па законе. Але радыкалізм… Мо гэтага не варта было рабіць, разбураць трупу. Урэшце, кожны вырашае за сябе. Асабіста мне давялося працаваць столькі дзесяцігоддзяў, і было на маёй памяці і такое, што людзі сыходзілі, змяняўся склад трупы, адміністрацыя. Але Купалаўскі жыў творчым жыццём у розных абставінах. Тэатр не можа існаваць бадай толькі без гледача! Я вось пра што цяпер думаў: уявіце сабе, калі б Глебаў, Платонаў, Станюта, Ржэцкая зараз “прачнуліся”, дык ці сышлі б яны з роднага дома, з родных сцен? Упэўнены, што не, ніколі! Цяпер трэба ўсім супакоіцца. Я асабіста ведаю людзей, якія хацелі б вярнуцца. І каб не згубіць “твар”, нам проста неабходна шукаць кампраміснае рашэнне. Урэшце, са сцэны можна многае сказаць, закцэнтаваць, бо матэрыял спектакляў гэта дазваляе.

…Наўрад ці наш выбітны драматург, старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў мог сабе ўявіць, што гэты маналітны механізм “Купалаўскі” можа ў прамым сэнсе спыніцца. П’есы Дударава заўсёды, вобразна кажучы, мелі права “першай ночы” ў справе здзяйснення пастановак у гэтым легендарным тэатры. У выкананні артыстаў-купалаўцаў спектаклі “Радавыя”, “Парог”, “Вечар”, “Князь Вітаўт” і самі таксама станавіліся легендарнымі, іграліся у многіх краінах свету.

І вось ён, лаканічны каментар Аляксея Ануфрыевіча:

—У гэтай сітуацыі я — і за тых, хто застаўся, і за тых, хто сышоў. І я — супраць тых, хто застаўся, і супраць тых, хто сышоў.

У апошнім шэрагу акцёраў, хто напісаў заяву аб звальненні з Купалаўскага тэатра, быў народны артыст Беларусі Віктар Манаеў. Гэта адбылося літаральна на днях. Яго кароткі адказ на наша пытанне завяршае распачатую ў гэтым нумары тэму, да якой мы яшчэ не аднойчы будзем звяртацца:

— Якім я бачу адраджэнне тэатра? Не ведаю, пакуль “зацішша”. Спадзяемся, што ўсё вернецца — з Божай дапамогай. Жывем надзеямі…