Яго імя — сінонім слова “патрыёт”

№ 35 (1474) 29.08.2020 - 05.09.2020 г

8 жніўня выпалі 240-я ўгодкі смерці вялікага ліцьвіна Тадэвуша Рэйтана. Напярэдадні “круглай” гадавіны з дня яго нараджэння, якую мы адсвяткуем у кастрычніку, варта паразважаць пра ролю гэтай постаці ў нашай гісторыі. І яе ўспрыманне як у мінулым, так і цяпер.

/i/content/pi/cult/813/17435/25.jpgВыйсце з ценю

У 1993 годзе ў газеце “Культура” выйшла першая ў гісторыі незалежнай Беларусі публікацыя, прысвечаная Тадэвушу Рэйтану. Яе аўтарам быў светлай памяці Уладзімір Емяльянчык — гісторык, які горача папулярызаваў імя Рэйтана сярод сваіх студэнтаў.

Пра той артыкул з цягам часу забыліся. І імя Рэйтана зноў вярнулася ў цень. У наступныя два дзесяцігоддзі гэтая асоба хіба лічаныя разы станавілася аб’ектам цікавасці СМІ. Больш за тое, нават у пару незалежнай Беларусі за Рэйтанам працягвала замацоўвацца рэпутацыя “вялікага паляка”. Скажам, у Баранавічах адкрылася польская школа, якая носіць яго імя.

Вуліцы Рэйтана (а таксама вуліцы, названыя ў гонар іншых выбітных беларусаў) ёсць ледзь не ў кожным польскім горадзе. На жаль, ні ў адным з беларускіх гарадоў вуліцы Рэйтана пакуль няма. Дзіўны парадокс — асабліва калі ўлічыць, што ніякія шчыльныя повязі гэтага героя з Польшчай не лучаць.

Пра гэта сведчаць крыніцы. Ды, на жаль, знаходзяцца людзі, якія адмаўляюць беларусам у законным праве на свайго нацыянальнага героя. Каб не быць галаслоўным, пройдземся па фактах.

/i/content/pi/cult/813/17435/26.jpgЖыццярыс у тры радкі

Прачытаўшы найбольш поўную біяграфію Тадэвуша Рэйтана, апублікаваную ў “Польскім біяграфічным слоўніку”, я здзівіўся: як выявілася, польскім гісторыкам абсалютна невядомы ягоны жыццярыс — хаця ніхто не забараняў ім цікавіцца. 39 гадоў жыцця Рэйтана ім ледзь удалося запоўніць некалькімі сціплымі звесткамі. Асноўная ўвага, вядома, нададзеная падзеям векапомнага сойму 1773 — 1775 гадоў.

Ды што тут казаць, калі ў польскай гістарыяграфіі можна сустрэць мінімум чатыры даты нараджэння Тадэвуша Рэйтана (1741, 1742, 1746 і 1752)! Прычым дата “1746” нават увекавечаная на помніку Рэйтану ў Кракаве. Але ў выніку даследаванняў удалося высветліць, што насамрэч Рэйтан нарадзіўся напрыканцы 1740 года блізу дня святога Тадэвуша (28 кастрычніка). У “К” я ўжо пра гэта пісаў, цяпер жа нагадаю: зараз самы час як мага больш шырока адзначыць 280-ю гадавіну ягонага нараджэння!

Ды і самагубства Рэйтана, якое энцыклапедыі падавалі бы неабвержны факт, на паверку аказалася недарэчным міфам. Тадэвуш Рэйтан памёр 8 жніўня 1780-га як узорны хрысціянін — паспавядаўшыся і трымаючы ксяндза за руку. Хаця менавіта праз міфічны характар яго смерці ў Ляхавічах ужо ў наш час не з’явілася вуліца ў гонар вялікага земляка: нехта з грамадзян быў супраць. Зрэшты, у Польшчы, дзе гэты міф прыжыўся таксама, ён зусім не шкодзіць ушаноўваць памяць героя.

Планамернае вяртанне імя Рэйтана ў Беларусі пачалося ў красавіку 2013 года — з моманту заснавання Арт-суполкі яго імя, куды ўвайшлі творцы і навукоўцы самага рознага профілю. Дзякуючы фэстам, выставам, вечарынам, канферэнцыям, публікацыям, летнікам і суботнікам “цягнік Рэйтана”, які дзесяцігоддзямі іржавеў на запасным шляху, разагрэўся і пайшоў. І можна не сумнявацца, што збочыць у тупік яму ўжо не дадуць.

Варта адзначыць, што менавіта сёлета, у 280-ю гадавіну Тадэвуша Рэйтана, у сядзібе роду ў Грушаўцы пачаліся аднаўленчыя працы. І вельмі важна, каб экспазіцыя музея не атрымала “старую хваробу”. Спадзяемся, што архіўныя напрацоўкі Арт-суполкі апынуцца запатрабаванымі пры стварэнні музея.

Разблытванне шматлікіх радаводных таямніц дала адказ на галоўнае пытанне — ці можна казаць пра беларускае паходжанне Тадэвуша Рэйтана? І сапраўды, яго продак прыбыў сюды здалёк. Аднак мы ведаем, што пачынаючы ўжо ад прапрадзеда Яна-Фрыдрыха Рэйтана, які памер у 1639 годзе, усе прадстаўнікі роду бралі шлюб з прадстаўніцамі старых беларускіх фамілій. Скажам, маці Тадэвуша Тарэза — з менскіх Валадковічаў, вядомых з XV стагоддзя.

Як удалося выявіць, Тадэвуш Рэйтан з’яўляецца сваяком (рознай ступені блізкасці) такім вядомым беларусам, як Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка, Станіслаў Манюшка, а Тадэвушу Касцюшку ён увогуле даводзіцца траюрадным братам. Дарэчы, дзядзька апошняга Марцін Ратамскі быў асістэнтам на дапаўненні хросту малога Тадэвуша.

Як можна меркаваць па ўскосных звестках, вучыўся Тадэвуш Рэйтан у Нясвіжскім езуіцкім калегіуме. Адначасова хлопец быў запісаны ў склад адной з самых пачэсных адзінак войска ВКЛ — гусарскай харугвы Польнай булавы. Аб гэтым парупіўся бацька — Дамінік Рэйтан, які быў там харужым (другой па значнасці асобай). Пазней шэф харугвы Міхал Радзівіл “Рыбанька” стаў Вялікім гетманам Літоўскім, і яе статус таксама ўзняўся. Тобок, Тадэвуш служыў у элітным спецпадраздзяленні войска ВКЛ.

Лёс юнага Рэйтана быў непарыўна знітаваны з лёсам сына князя Міхала Радзівіла — Каралем “Пане Каханку”. Тым самым, памяць пра якога засталася не найлепшая. Пасля бітвы з расійскімі войскамі пад Слонімам яны абодва былі вымушаныя разам выехаць за межы ВКЛ. Так у Тадэвуша пачалося “дарослае жыццё”.

Неўзабаве, атрымаўшы соймавую амністыю, ён вярнуўся ў ВКЛ. І тут пачалося… Спярша Радамская канфедэрацыя (1767), якую можна лічыць суперкамбінацыяй Кацярыны ІІ з мэтай утрымаць пад сваім уплывам караля Рэчы Паспалітай Станіслава Панятоўскага. Потым — адразу новая канфедэрацыя, Барская (1768 — 1772). Насуперак пашыранаму меркаванню, нібы Рэйтан быў зацятым яе ўдзельнікам, фактычна ўвесь гэты час ён правёў у спакойнай Грушаўцы — пра што сведчаць згадкі ягонага імя ў розных дакументах. Хаця, безумоўна, напачатку ён, як і ягоны бацька, далучыўся да гэтага руху беларусаў, украінцаў і палякаў. Але ненадоўга.

Пасля смерці бацькі (1769) Тадэвуш, як найстарэйшы з сыноў, узяў на сябе ягоную ролю. Клопатаў было шмат — сямейных і гаспадарчых. Менавіта ў гэты час Рэйтан набыў у Наваградку дом на Жыдоўскай вуліцы. Такім чынам, ён можа лічыцца ганаровым наваградчанінам не толькі праз свой удзел у сойме ў якасці пасла Наваградскага ваяводства.

Чатыры дні супраціву

Але далей надышоў чорны 1772 год. 5 верасня расійскія войскі ўварваліся ў межы ВКЛ. Гарады Полацк, Невель, Віцебск, Магілёў, Гомель былі страчаныя. Каля 1 500 000 грамадзянаў Княства былі вымушаныя прысягаць новай уладзе.

Відавочна, што гэта ўспрымалася як гвалтоўная анексія тэрыторыі незалежнай дзяржавы — хоць акупанты парупіліся загадзя выдаць брашуркі “пра спрадвечную прыналежнасць” гэтых земляў да іх краіны.

Каб пазбавіць ВКЛ магчымасці вяртання сваёй тэрыторыі, у Санкт-Пецярбурзе быў прыдуманы план легітымізацыі захопленага — праз сойм Рэчы Паспалітай. Карумпаваныя паслы, сенатары і міністры павінны былі самі прызнаць акупацыю сваёй зямлі.

Сойм распачаўся 19 красавіка 1773 года ў Варшаве. Згодна з законамі Рэчы Паспалітай, ён меўся адбыцца ў ВКЛ — як і кожны трэці па ліку сойм. Гэтага права Княства дабівалася ад палякаў амаль сто гадоў, ад часоў Люблінскай уніі — і свайго дамаглося. Ізноў жа, паводле закону, маршалак сойму выбіраўся з прысутных паслоў ВКЛ ці Польшчы цягам першых трох дзён ад яго пачатку. Але ў момант адкрыцця першага пасяджэння ў Пасольскай ізбе стала вядома, што маршалак ужо кімсьці абраны — ім стаў паляк Адам Паніньскі, вядомы прайдзісвет і даўні паслугач расійскага двара. Прызначылі яго на гэтую ролю ў Санкт-Пецярбузе, адкуль ён ледзь паспеў своечасова дабрацца да Варшавы.

Як толькі аб гэтым было абвешчана, са свайго месца падняўся “велізарнага росту ліцьвін” і выказаў сваю нязгоду. Апелюючы да права ВКЛ мець кожны трэці сойм на сваіх землях, Рэйтан заявіў, што маршалка ліцьвіны абяруць з ліку прысутных паслоў ад ВКЛ. Дарэчы, ад Княства было толькі 24 са 111 паслоў, і з іх усяго сем сталі на бок здрады. У той час, як большасць польскіх паслоў зганьбіла сваё імя.

Чатыры дні доўжыўся супраціў наваградцаў Тадэвуша Рэйтана і Самуэля Корсака, менчука Станіслава Багушэвіча-Мінькоўскага ды іншых паслоў з беларускіх земляў ВКЛ. Цягам гэтага часу нашы героі патрабавалі праводзіць сойм згодна з каралеўскім універсалам, пасольскімі інструкцыямі і законамі краіны. Прамаўлялі і заклікалі адступіцца да здрады польскіх паслоў. Не пакідалі ізбы ні ўдзень, ні ўначы, каб не даць магчымасці Паніньскаму правесці там фармальнае паседжанне, на якім бы здрадніцкая бальшыня абвясціла б яго законным маршалкам сойму. Нічога не елі і не пілі.

Вядомы ўсім жэст роспачы і адчаю, калі Тадэвуш Рэйтан засланіў сваім распрасцёртым целам выхад здраднікам з пасолькай ізбы, адбыўся 21 красавіка. Гэты момант у 1866 годзе адлюстраваў мастак Ян Матэйка на сваёй знакамітай карціне “Тадэвуш Рэйтан на варшаўскім сойме 1773 года”, якая больш вядомая пад памылковай назвай “Рэйтан. Заняпад Польшчы”.

Гэтая барацьба хоць і не змяніла ход падзей, але прывяла да таго, што першы падзел Рэчы Паспалітай ва ўсім свеце быў успрыняты як акт агрэсіі і выкручванне рук пацярпелым. І ў гэтым велізарная заслуга перш за ўсё нашага земляка, які гатовы быў пакласці сябе на алтар Незалежнасці — бо, як ён казаў “салодка за Айчыну паміраць”. І ўжо падчас сойму нават ворагі прызналі яго сапраўдным героям!

Але сапраўдны культ нарадзіўся ўжо пасля смерці. Ён быў створаны перш за ўсё землякамі героя — Францішкам Князьніным, Юльянам Нямцэвічам, Адамам Міцкевічам, Генрыкам Жавускім, Францішкам Смуглевічам, Людвікам Горватам ды іншымі. Далей далучыліся і палякі, якія на той час знаходзіліся пад аўстрыйскай або прускай акупацыяй (у іх ліку быў і Матэйка). І калі на нашых землях згадка імя Рэйтана магла быць прыроўненая да дзяржздрады і падбухторвання да непадпарадкавання расійскай уладзе, то на польскай тэрыторыі парадкі былі куды больш ліберальнымі. Таму з цягам часу, пра ліцьвінства Рэйтана пачалі забывацца — як і пра тое, што на сойме ён фактычна быў у пэўнай апазіцыі палякам. Урэшце, як і пра тое, што ВКЛ было адным з паўнапраўных складнікаў Рэчы Паспалітай.

Вось таму адзін наш сусед не так даўно напісаў: маўляў, няма падстаў ускладаць клопат над грушаўскай “Мураванкай”, дзе памёр Тадэвуш Рэйтан, на плечы “беларусінаў” — бо “гэта не іх клопат, а клопат палякаў”.

Не, шаноўныя, пра нашага земляка найперш будзем клапаціцца менавіта мы! Тадэвуш Рэйтан у пантэоне Нацыянальных герояў Беларусі мусіць заняць пачэснае месца. Менавіта на ягоным прыкладзе выхоўваліся паўстанцы 1794, 1831, 1863 гадоў. Менавіта ягонае прозвішча стала з цягам часу сінонімам слова “Патрыёт”, прычым у самым шчырым значэнні гэтага слова. І, як пісаў Адам Міцкевіч — вялікі прыхільнік і актыўны папулярызатар імя свайго земляка, — менавіта “народ прызнаў яго вялікім!”

Зміцер ЮРКЕВІЧ, гісторык-архівіст