З караваем новага ўраджаю

№ 35 (1474) 29.08.2020 - 05.09.2020 г

Як развітваліся з летам, як радаваліся багатаму ўраджаю, як творчыя калектывы і артысты Дамоў культуры ушаноўвалі аграрыяў і якімі новымі прыдумкамі і праектамі адзначыліся бібліятэкі з раёнаў — пра такія падзеі мы пагаворым на сённяшнім “Людным месцы” і зазірнём у розныя куткі Беларусі.

/i/content/pi/cult/813/17431/18.jpgБудзе хлеб — будзе і песня

Народнае свята “Дажынкі” можна назваць галоўным святам аграрыяў. Яго адзначылі ў гаспадарках Ваўкавыскага раёна пры ўдзеле і з дапамогай Ваўкавыскага раённага Цэнтра культуры. Як гэта было, нам расказала загадчыца аддзела па правядзенні культурных мерапрыемстваў Цэнтра культуры Ларыса Ланіна.

Хлебаробаў КСУП “Заря и К” усхвалялі супрацоўнікі Субацкага Дома культуры: сярод іншага, яны ўручылі кіраўніку прадпрыемства вялікі смачны каравай. У зале Дома культуры сабраліся і героі жніва, і простыя жыхары. Работнікаў ААТ “Хацькаўцы” ўшаноўваў Рупейкаўскі Дом культуры: былі і песні, і падараваны сімвалічны сноп дырэктару прадпрыемства, і салодкія торты. Гнезнаўскі Дом культуры віншаваў КСУП “Гнезна”. “Хлеб — усяму галава” — такі надпіс быў на караваі з мукі новага ўраджаю, які ўручылі аграрыям. Натуральна, да месца прыйшлася і яскравая канцэртная праграма.

“Калі ёсць хлеб — будзе і песня” — сцвярджаюць супрацоўнікі Ізабэлінскага і Мацвееўскага Дамоў культуры: яны арганізавалі свята для КСУП “Мацвееўцы”. Традыцыйны дажыначны каравай быў асвечаны настаяцелем царквы святога архангела Міхаіла іерэем Сергіем Песняком. Першы намеснік Ваўкавыскага райвыканкама Дзмітрый Захарчук падзякаваў аграрыям за цяжкую, але высакародную працу.

Народны ансамбль беларускай песні “Медуніца” з праграмай “А ў нас сёння свята” прыехаў да работнікаў СВК “Няверавічы”. “Хлеб — гэта сімвал сялянскай працы, таму ён так клапатліва зберагаецца і так паважаецца народам”, — сказаў намеснік старшыні Ваўкавыскага райвыканкама Сяргей Галавач.

Заключным дажыначным мерапрыемствам у Ваўкавыскім раёне стала свята “Дажынкі ў Россі”. Усіх удзельнікаў і гасцей сваімі талентамі радавалі артысты з Росскага Дома культуры. А шанаваліся супрацоўнікі КСУП “Племзавод Рось”. Адметна, што не проста песні гучалі — напрыклад, герояў жніва сустракалі вясёлыя мімы, суправаджалі кожнага на пачэснае месца ў імправізаванай зале і дарылі ўсім гасцям свята шарыкі як сімвал добрага настрою. Натуральна, і ў Росі не абыйшлося без караваяў з новага ўраджаю.

/i/content/pi/cult/813/17431/19.jpgБабруйскае лета

Заканчваецца лета, прыходзіць не толькі восень, але і новы навучальны год для школьнікаў. Палац мастацтваў горада Бабруйска на заканчэнне канікулаў правёў серыю тэатралізаваных гульнявых праграм “Летні настрой” для наведнікаў школьных лагераў сярэдніх школ №№ 28, 34, 16 і 17. Метадыст сектара па рабоце сярод дзяцей Кацярына Крылова піша: “Школьнікі акунуліся ў мора весялосці і пазітыву разам з двума вясёлымі клоўнамі Кэт і Натай. У танцавальных конкурсах кожны ўдзельнік праграмы змог праявіць сваю індывідуальнасць і паказаць усім унікальныя танцавальныя рухі, а спартыўныя эстафеты згуртавалі дзятву, калі яна актыўна заўзела за кожнага іграка. Тэатралізавана-гульнявая праграма дапамагла дзецям успомніць самыя яскравыя моманты адыходзячага лета і зарадзіцца энергіяй перад новым навучальным годам”.

Яшчэ адну цікавую акцыю бабруйскага Палаца мастацтваў варта згадаць — творчыя калектывы Палаца падрыхтавалі анлайн-канцэрт “На абароне неба”, якім павіншавалі авіятараў і ветэранаў ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны з іх прафесійным святам 16 жніўня. Анлайн-канцэрт ішоў у жывым эфіры ў інстаграм-акаўнце Палаца мастацтваў. Авіятарам і ветэранам Паветраных войскаў былі адрасаваныя віншаванні і словы ўдзячнасці, а музычныя падарункі прагучалі ад Ігара Шацілы і Наталлі Румянцавай — салістаў народнага хора народнай песні імя В. Балаханава, ад кіраўніка ўзорнага музычнага тэатра “Слугі трох муз” Сяргея Васіленкі, салістак народнага камернага хора Кацярыны Якавенка і Анастасіі Цімушавай, ансамбля танца “Чабарок” і харэаграфічнага калектыву “Крынічка”. Працытую віншаванне ад імя Палаца мастацтваў: “Паважаныя авіятары, дарагія ветэраны Ваенна-паветранага флоту! Яшчэ раз сардэчна віншуем вас з прафесійным святам. І жадаем вам, працаўнікам “пятага акіяна”, моцнага здароўя, шчасця вашым сем’ям, міру і даўгалецця. Чыстага неба!”

Агульная справа яднае бібліятэку і падлеткаў

З Гомельскай вобласці піша нам Валянціна Расошанка, галоўны бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Светлагорскай раённай бібліятэкі: “Вось і надышоў канец лета. Як заўсёды, яно праляцела так хутка, што мы і не заўважылі. Чытачам светлагорскіх бібліятэк лета запомніцца не толькі цяплом, сонейкам, марамі, якія здзейсніліся, але і карыснымі справамі”.

Бібліятэкі Светлагорскай раённай сеткі летам ажыццяўлялі праект “Арганізацыя працоўнай занятасці навучэнскай моладзі ў вольны ад вучобы час” — гэтак жа, як і ў папярэднія 12 гадоў. Жадаючых на канікулах папрацаваць у бібліятэцы і дапамагчы ёй з “рамонтам” кніг было дастаткова, прыходзілі нават і “не чытачы”… Дарэчы, за ўвесь час у праекце прынялі ўдзел звыш 500 падлеткаў, а на яго рэалізацыю сёлета раённым Упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне было выдзелена звыш 6 000 рублёў. Частка грошай пайшла на набыццё паперы, скотча, клея, іншых матэрыялаў, неабходных для рамонта кніг, а другая частка — на аплату працы ўдзельнікаў праекта, якія, несумненна, былі радыя самі зарабіць грошы на ўласныя патрэбы, а не прасіць у бацькоў.

Куратарам праекта на працягу ўсіх гадоў з’яўляецца дзіцячая раённая бібліятэка на чале з яе загадчыкам Людмілай Градуленка. У гэтыя канікулы ў бібліятэках папрацавалі 40 падлеткаў ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў: да праекта далучыліся сем гарадскіх бібліятэк, Парыцкая гарпасялковая бібліятэка, а таксама Чыркавіцкая, Печышчанская і Давыдаўская сельскія бібліятэкі. У выніку за 8 рабочых дзён хлопцы і дзяўчаты прывялі ў парадак 3 200 выданняў і тым самым працягнулі цікавым кнігам жыццё.

Валянціна Расошанка гаворыць: “Бібліятэкам сёння трэба шукаць новыя фарматы зносін з чытачамі, выпрабоўваць самыя розныя ідэі і выбіраць самыя ўдалыя — у гэтым залог поспеху любой сучаснай бібліятэкі. Згаданы праект — адна са спроб у дадзеным накірунку. А светлагорскія бібліятэкары ўжо гатовыя да новых подзвігаў у верасні!”

Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Браслаўскага раёна пасля пэўнага перапынку, звязанага з пандэміяй каранавіруса, аднавіла сваю работу па павышэнні кваліфікацыі бібліятэчных спецыялістаў у звыклым стацыянарным фармаце: 20 жніўня ў Цэнтральнай бібліятэцы прайшоў семінар на тэму “Роля і месца бібліятэкі ў адзінай інфармацыйнай і сацыякультурнай прасторы па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення” — тэма была абраная ў гонар святкавання 75-годдзя Перамогі. У традыцыйнай рубрыцы “Пляцоўка экспертных сустрэч” выступіла педагог-псіхолаг Опсаўскай яслі-сад-сярэдняй школы Ганна Бейнар і падзялілася ўласным досведам працы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні школьнікаў. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Цэнтральнай бібліятэкі Ірына Макарэвіч пракансультавала ўдзельнікаў семінара па сучасных формах работы бібліятэкі з гэтай тэмай, а сваімі напрацоўкамі падзяліліся бібліятэкары Алена Далецкая з Ахрэмаўскай бібліятэкі, Алена Пухальская са Слабодкаўскай, Людміла Бялюн з Мяжанскай і Жанна Анісімовіч з Дрысвяцкай бібліятэк. У рубрыцы “Творчая майстэрня” бібліятэкары пракаментавалі свае наглядныя і друкаваныя матэрыялы, прадстаўленыя на “Стале інавацый”, і найбольш актыўнымі былі Марыя Лукша, Ганна Маслякова, Ірына Лясюк. Завяршыўся семінар рубрыкай “Трыбуна дырэктара”, у якой дырэктар установы Вольга Ляснеўская падвяла вынікі і акрэсліла злабадзённыя пытанні бібліятэчнай работы.

Стралецкая сельская бібліятэка ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка” ў рамках раённай бібліятэчнай праграмы “Узрост жыццю не перашкода” ў госці да сваіх актыўных чытачоў з клуба людзей сталага веку “Сустрэчы” запрасіла паэта-земляка, члена Гродзенскага абласнога аддзялення “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Мікалая Іваноўскага. На пачатку мерапрыемства бібліятэкар Ніна Марчык расказала аб знакамітых людзях Мастоўшчыны, а затым Мікалай Пятровіч пазнаёміў прысутных са сваім жыццём і творчасцю. Ніна Марчык расказвае: “З душэўнай цеплынёй паэт прачытаў вершы аб роднай вёсцы Пачуйкі, дзе ён нарадзіўся і жыве, вершы пра маці, пра родных і блізкіх. З усмешкамі прысутныя паслухалі гумарыстычныя творы Мікалая Іваноўскага. А таксама прагучалі вершы, прысвечаныя 75-годдзю Вялікай Перамогі”.

Колькі мы жывем, мы маем адчуванне, што актыўная, сур’ёзная, напружаная праца пачынаецца з 1 верасня. Мабыць, усё гэта ідзе з дзяцінства, яшчэ са школы. Але сапраўды — скончыліся і канікулы, і пара адпускоў, і час узяцца за працу на карысць добрым людзям і нашай вольнай Беларусі.