У кожнага ўсяго багата

№ 35 (1474) 29.08.2020 - 05.09.2020 г

У народным календары для пачатку восені ёсць спецыяльныя святы — Дажынкі, Багач, прымеркаваныя да заканчэння збору ўраджаю. Лічыцца, што “к гэтаму часу ў кожнага ўсяго багата”. Маўляў, добра папрацавалі летам — цяпер радуемся вынікам сваёй працы, ураджайнасці і багатым прысмакам. Як працяг старажытнай традыцыі — і свята яблык, і свята сыру, і свята пірагоў.

/i/content/pi/cult/813/17430/16.jpg“Яблычны маршрут”

Добрая традыцыя ёсць у Полацкім раённым Цэнтры культуры — ладзіць на Яблычны Спас адмысловае мерапрыемства-падарожжа па Полаччыне “Яблычны маршрут”. І сёлета традыцыя не парушылася — 19 жніўня палачане рушылі ў дарогу. Як расказвае загадчык аддзела народнай творчасці Аляксандр Зуеў, першай кропкай маршруту стала сядзіба Рымскіх-Корсакавых у вёсцы Бяздзедавічы — там творчыя калектывы Астроўшчынскага сельскага Дома культуры пазнаёмілі гасцей з мясцовымі традыцыямі правядзення свята: адорваннем яблыні прысмакамі, астроўшчынскімі ператрасамі, варажбой на яблыках, яблычнымі пераглядамі ды заручынамі, прыгатаваннем яблычных страў — такіх як пірагі па-астроўшчынску, бліны ды напоі.

А потым моладзь з раённага Цэнтра культуры на маляўнічым убраным полі каля аграгарадка Астроўшчына правяла два тэатралізаваныя абрады: “Праводзіны лета” і “Сустрэча восені”. Па полацкай традыцыі дзякаваць лету і сонейку за добрае надвор’е, багаты ўраджай і сытую надыходзячую зіму хлопцы і дзяўчаты прыйшлі з дарамі гэтага лета: садавінай і гароднінай, зернем і, канешне ж, першымі яблычкамі новага ўраджаю. Спявалі народныя песні, варажылі на будучы год...

Трэцім прыпынкам на “Яблычным маршруце” стаў адчынены ў гэты дзень этнаграфічны куток пры Астроўшчынскім СДК, а потым творчая моладзь з Полацкага раённага Цэнтра культуры завітала ў аграгарадок Блізніца, дзе яе гасцінна сустрэлі ўдзельнікі фальклорнага ансамбля “Блізнянка” Сільніцкага Дома культуры. У прыгожым яблыневым садзе з самага ранку завіхалася захавальніца фальклору, культарганізатар Сільніцкага СДК Вольга Чобат: яна правяла майстар-клас па прыгатаванні незвычайнай аўтэнтычнай стравы — дранікаў з яблыкамі. А першай абрадавай дзеяй, што выканала мясцовая фалькларыстка, стала падзяка самай старой яблыні, якая кожны год прыносіць неблагі ўраджай. Мясцовыя гаспадыні нагатавалі і прынеслі і дранікі з яблыкамі, і блізніцкія пірагі, і яблычныя пышкі — пачаставацца маглі ўсе. Госці свята селі за святочны стол, і тады жыхары Блізніцы пачалі свой расповед пра пана Лісоўскага, знакамітага месціча, і яго садоўніка Вальмуса Вікенція Данатовіча. Скончылася свята варажбой на яблыках, песнямі, гульнямі і хараводамі.

Загадчык аддзела народнай творчасці Полацкага раённага Цэнтра культуры Аляксандр Зуеў піша: “Удзельнікі “Яблычнага маршруту” яшчэ раз пераканаліся, што полацкая зямля багатая на народныя традыцыі і звычаі, носьбітамі якіх у большай ступені з’яўляюцца фальклорныя калектывы клубных устаноў Полацкага РЦК”.

Дарэчы, кажуць, што яблыкі і сыр — гэта вельмі смачнае і своеасаблівае спалучэнне. І мы з вамі ад яблычнага свята пераходзім да Свята сыру.

/i/content/pi/cult/813/17430/17.jpgСвята сыру ў Жупранах

Незвычайнае свята “Вясковы сыравар” 22 жніўня прайшло ў аграгарадку Жупраны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. На пляцоўцы каля мясцовага аддзела культуры было шумна і весела, бо з’ехаліся сельскія жыхары з усёй акругі. Цэнтральнай падзеяй кулінарнага свята стала ярмарка хатняй малочнай прадукцыі — і пра самыя розныя рэцэпты прыгатавання сыру можна было даведацца. Свае вырабы на ярмарку прывезлі сыравары Валянціна Горыд, Алена Зык і Таіса Чаплінская. Там жа была і выстава сырных страў — усім гасцям свята іх дэманстравалі жыхаркі Жупранаў Галіна Рапцэвіч і Вольга Айвазоўская. Каб было яшчэ смачней і радасней ласавацца сырам, работнікі культуры і фізкультурна-спартыўны клуб з Ашмянаў зладзілі забаўляльную праграму, у якой маглі паўдзельнічаць і дарослыя, і дзеці — напрыклад, у гульні “Давай наперад за сырам!” На свяце “Вясковы сыравар” зладзілі нават флэшмоб “Жывы сыр” і адкрылі сваё “Сырнае казіно”, з якога ўсе ўдзельнікі сыходзілі не з пустымі рукамі, а з сырнымі і іншымі малочнымі стравамі.

Без музыкі ніводнае свята не будзе святам — і цудоўны настрой усім дарылі ансамбль народнай песні “Жытніца” з аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Кракаўка і народны тэатр песні і танца “Імпульс”. Смачным фіналам свята стала агульная дэгустацыя гіганцкай піцы “Вясковы сыравар”.

Каравай у печы чакае сустрэчы

Яшчэ адно “смачнае свята” прайшло 22 жніўня ў аграгарадку Крупава Лідскага раёна — свята пірага “Каравай у печы чакае сустрэчы”: паспытаць можна было самыя розныя пірагі. А можна было і даведацца пра рэцэпты і звычаі выпякання ад ўмелых кухарак з аграгарадкоў Крупава, Бердаўкі і Першамайска, з вёскі Мінойты і горада Ліды.

Ганчарскі Дом культуры правёў абрад “Дажынкі”, сімвалічна паказаўшы, як хлеб спачатку быў у полі, а потым з’явіўся на стале. А на свяце ў Крупаўскім Доме культуры ён з’явіўся ў выглядзе духмяных пірагоў!

Госці маглі не толькі смачна паесці, але і весела правесці час: выставу вырабаў са скуры і лазы прапанавалі Алена и Аляксандр Войсят, а творчыя калектывы і артысты Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра, Першамайскага і Ваверскага Дамоў культуры, вакальнага ансамбля “Смерычка” Лiдскай раённай арганiзацыі “Трэмбiта” беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Ватра” напоўнілі прастору песнямі і танцамі.

Як пішуць нам з Лідскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці: “Сумна не было нікому, калі на сцэне з’явілася кіраўнік народнага тэатра “Бераг” Святлана Чайко з Мінойтаўскага культурна-дасугавага цэнтра і правяла гульнявую праграмму “Кошык з піражкамі ад Чырвонай Шапачкі”! Усім спадабалася і пляцоўка з травянымі напоямі “Ваверскi чай гасцей сустракае!” А батуты і атракцыёны сталі вясёлым заняткам для дзяцей”.

Падобных святаў з дзякаваннем за багаты ўраджай і добрую працу наперадзе будзе яшчэ многа, восень толькі пачынаецца. І, думаю, яшчэ не пра адну адметную мясцовую традыцыю мы зможам вам расказаць.